Меркаванні22

Дырэктарка «Імагуру» адносна магчымага візавага бану: Я ўсё яшчэ спадзяюся, што ёсць шанец пазбегнуць гэтага рашэння

Таццяна Марыніч, дырэктарка стартап-хаба «Імагуру», які быў вымушаны з-за дзяржаўных рэпрэсій перабрацца з Мінска ў Вільню, выказалася ў фэйсбуку адносна планаў Еўрасаюза адмяніць магчымасць атрымання шэнгенскіх віз беларусамі. І тлумачыць, чаму ад гэтага кроку страцяць не толькі беларусы, але і Еўропа.

Таццяна Марыніч. Фота: Фэйсбук

«Напярэдадні прыняцця ЕС рашэнняў важных візавых пытанняў, у тым ліку ў дачыненні да беларусаў, не магу маўчаць. Пытанне свабоднага перамяшчэння па свеце хвалюе мяне вельмі даўно. Шмат гадоў я актыўна падарожнічаю па працы, бізнэсе, сямейных і асабістых справах.

Магу сказаць, што не раз адчувала на сабе асабіста дыскрымінацыю па нацыянальнай прыкмеце, нягледзячы на наяўнасць усіх фармальных дакументаў у той час, калі, здавалася б, праблемы візаў не існавала.

Сёння ЕС плануе зрабіць візавы рэжым для беларусаў яшчэ больш суровым.

Я ўсё яшчэ спадзяюся, што ёсць шанец пазбегнуць гэтага рашэння.

Як прадстаўнік Каардынацыйнай рады па бізнэсе і член беларускай бізнэс-супольнасці, я кожны дзень сутыкаюся з дзясяткамі просьбаў аб дапамозе ў атрыманні шэнгенскай візы і назіраю за тым, як краіны-суседзі адмяняюць стартап-візы для беларусаў, як прадпрымальнікі замест таго, каб займацца сваёй справай і развіваць бізнэс, вымушаныя вырашаць візавыя пытанні.

Я не буду казаць пра тое, чаму сёння дадатковыя візавыя бар'еры для беларусаў, людзей, якія вымушана дзесяцігоддзямі былі ізаляваныя ад сусветнай супольнасці — абсурднае і памылковае рашэнне. Я скажу пра тое, чаму адмена шэнгенскіх віз для беларусаў і ўсталяванне бязвізавай прасторы былі б менавіта тым крокам, які сёння важны як ніколі.

Па-першае, таму, што Еўропе патрэбна Еўрапейская Беларусь.

Па-другое, існуе велізарная розніца паміж тымі, хто з'язджае з Беларусі, і традыцыйнымі бежанцамі з зонаў канфліктаў, на ўтрыманне якіх Еўропа выдаткоўвае мільярды еўра.

— З'язджае дэмакратычна настроенае насельніцтва.

Сістэматычнае ўцісканне правоў чалавека і задушэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі вымусіла многіх беларусаў пераехаць і асталявацца за мяжой. Гэта новая форма пратэсту высокакваліфікаваных, самастойных беларусаў, чые навыкі і вопыт запатрабаваныя на сусветным рынку.

— З'язджаюць маладыя і таленавітыя.

Яны атрымліваюць адукацыю або дадатковую адукацыю ў Еўропе, становяцца прафесіяналамі сваёй справы, інтэграванымі ў міжнародную прастору.

— З'язджаюць IT-прафесіяналы і стартапы, людзі, якія сёння найбольш запатрабаваныя ў Еўропе.

Паводле апошняга даследавання IMAGURU Startup HUB, у тэхналагічным сектары 78% з'ехала і яшчэ 20% плануе рэлакавацца ў найбліжэйшы час.

Гэта людзі, якія не просяць фінансавай дапамогі ў Еўропе, а ствараюць дадатковую вартасць, інавацыйны прадукт і рашэнні, за якія сёння канкуруюць усе краіны свету. Яны таксама сутыкаюцца з візавымі бар'ерамі.

— З'язджаюць прадпрымальнікі з іншых сектараў, якія не заўсёды могуць вывезці свой бізнэс, але здольныя пачаць яго з нуля

і ўключыцца ў ланцужок стварэння дадатковай вартасці ў Еўропе, плаціць падаткі і ствараць працоўныя месцы для сябе і еўрапейцаў.

— З'язджаюць тыя, хто не мае магчымасці выказваць сваю пазіцыю ў Беларусі, хто супраць вайны.

Яны не заслугоўваюць пакарання за тое, што не здзейснілі. Яны ўжо сто разоў пакараныя беларускім рэжымам.

— Нас адносна няшмат. Беларусь — даволі невялікая краіна з насельніцтвам усяго 9 мільёнаў чалавек.

І так, велізарная частка беларускага грамадства рэлакуецца, але гэтыя плыні не параўнальныя з патокамі рэлакантаў з Украіны ці Расіі.

Што атрымлівае Еўропа?

— Увесь той чалавечы капітал, які апісаны вышэй.

Тут можна было б паставіць кропку. Гэта само па сабе з'яўляецца найкаштоўнейшым набыткам.

— Эканамічную выгаду

ад удзелу гэтых людзей у стварэнні дадатковай вартасці і выплаты падаткаў у бюджэт еўрапейскіх дзяржаў.

— Новы клас беларускага бізнэсу,

які разумее еўрапейскі бізнэс-менталітэт і актыўна ўдзельнічае ў камерцыйнай кааперацыі і ўсталяванні дзелавых кантактаў паміж краінамі.

— Лаяльна настроенае беларускае грамадства, якое з удзячнасцю ставіцца да еўрапейскіх краін.

Людзі, якія з'язджаюць, становяцца носьбітамі еўрапейскай культуры і каштоўнасцяў.

— Еўрапейскую Беларусь,

таму што тыя, хто з'язджае, мае значна больш магчымасцяў актыўна ўдзельнічаць у грамадзянскіх ініцыятывах па дэмакратызацыі Беларусі, чым тыя, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі.

Што атрымлівае Беларусь?

— Прызнанне намаганняў беларусаў, якія рызыкуюць сваім жыццём у барацьбе за дэмакратыю, знак даверу да выбару беларусаў, якія аддалі свой голас у 2020 годзе на карысць дэмакратыі, і не згодных з вайной з Украінай у 2022-м.

— Пазітыўнае пасланне для беларускага грамадства аб тым, што існуюць грамадствы, дзе пакаранне — гэта не адзіны інструмент заахвочвання да дзеяння.

— Магчымасць нарэшце хоць нешта рабіць свабодна — падарожнічаць, знаёміцца з еўрапейскай культурай, ствараць бізнэсы, усталёўваць дзелавыя кантакты. Свабодна, не прыніжаючыся!

Адчуць нарэшце, што твае планы па паездцы ў Еўропу, або рашэнні вучыцца ў еўрапейскім універсітэце, або рашэнні пераехаць жыць у Еўропу кантралюеш толькі ты, а не адміністрацыйная візавая машына. Гэта нечуваная раскоша для беларуса, пра якую нават не задумваецца сярэднестатыстычны еўрапеец. Раскоша быць свабодным і прымаць уласныя рашэнні.

— Шанец на перамены, таму што значна больш актыўнага насельніцтва ўдзельнічае ў працэсах дэмакратызацыі і бачыць у рэальным жыцці перавагі дэмакратычнага грамадства.

Які мэсэдж чуе беларускае грамадства ад Еўропы сёння?

«Мы бачым у беларусах пагрозу, мы не хочам бачыць Беларусь у Еўропе».

На фоне вырашэння надзённых пытанняў атрымання віз і легалізацыі тут і цяпер, заява аб падтрымцы 3 млрд даляраў у будучыні калі і чуецца, то далёка не ўсімі, і выглядае далёкай нязбытнай марай.

Пакуль палітыкі маніпулююць візавымі пытаннямі і ствараюць адміністрацыйныя бар'еры, прадпрымальнікі, нягледзячы ні на што, спрабуюць уявіць лепшую будучыню без межаў і віз, дзе права на перамяшчэнне — гэта права, а не прывілей.

У гэтыя дні ў Imaguru Startup HUB Vilnius праходзіць Hackathon People on the Move, які як ніколі лепш адлюстроўвае сённяшнія рэаліі. І я ўпэўненая, што прадпрымальнікі абавязкова што-небудзь прыдумаюць для будучага грамадства без межаў. Палітыкі, падцягвайцеся!»

Каментары2

  • Сава
    28.08.2022
    Вот и вызов Комитету спасения! Пора Ковалевскому и Вечерко поднапрячся. Подключите Байпол для верификации приезжающих. Вот поле для деятельности: помочь беларусам , а не планировать операции вторжения на бумаге
  • Rusin
    29.08.2022

На свабоду выйшла былая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына2

На свабоду выйшла былая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына

Усе навіны →
Усе навіны

«Гэта ўжо і ёсць прывабнасць». Стала вядома, колькі зарабляюць чыноўнікі-кіраўнікі ў рэгіёнах3

«Прыехалі на нашы КПП, стралялі ў паветра». Расійскія базы ў Сірыі цалкам ізаляваныя паўстанцамі11

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак37

«Лукашэнка — яснавідзец!» Што за серыял ідзе на СТБ17

У Мазыры хлопец трапіў у жудасную пастку, калі спаў: спружына матраца ўпілася яму ў нагу2

Не Skarnik. Які беларускі анлайнавы слоўнік сёння найлепшы17

Ці можа быць у палітвязня Сцяпана Латыпава цынга? Адказвае былы турэмны доктар3

Ізраіль нанёс авіяўдары па Дамаску. І заняў частку тэрыторыі Сірыі на Галанскіх вышынях14

ЦВК анансаваў настольную гульню пра беларускія выбары6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На свабоду выйшла былая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына2

На свабоду выйшла былая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына

Галоўнае
Усе навіны →