Зяленскі прасіў Байдэна не ўводзіць санкцыі супраць Рамана Абрамовіча. Ён можа яшчэ спатрэбіцца
Паводле інфармацыі The Wall Street Journal, ЗША не сталі ўводзіць санкцыі супраць Рамана Абрамовіча на просьбу Уладзіміра Зяленскага. Лічыцца, што алігарх можа быць важным пасярэднікам у перамовах з Расіяй.
Зяленскі нібыта папрасіў пра гэта прэзідэнта ЗША Джо Байдэна падчас тэлефоннай размовы.
Раней СМІ паведамлялі, што Абрамовіч наведваў Беларусь, калі там праходзілі расійска-ўкраінскія перамовы.
Таксама ў пачатку сакавіка паведамлялася, што надта просіць амерыканцаў не караць Абрамовіча ізраільскі музей Халакоста «Яд Вашэм».
Адпаведны ліст нібыта быў накіраваны амбасадару ЗША ў Ізраілі яшчэ 6 лютага, неўзабаве пасля таго, як з'явіліся паведамленні, што краіны Захаду гатовыя ўвесці персанальныя санкцыі супраць буйных расійскіх бізнэсменаў у выпадку ўварвання ва Украіну.
Аўтары гэтага ліста высока ацанілі ўклад Абрамовіча ў дабрачыннасць у Ізраілі і выказалі меркаванне, што ўключэнне яго ў санкцыйныя спісы «негатыўна паўплывае на Ізраіль і яўрэйскі свет».
«Наколькі мне вядома, у Абрамовіча няма ніякіх сувязяў з Пуціным», — пракаментаваў ліст кіраўнік «Яд Вашэм» Дані Даян.
Каментары