Толькі 4% беларусаў бачаць краіну ў складзе Расіі. Да Пуціна стаўленне — неадназначнае
Большасць беларусаў лічаць, што нашай краіне лепш быць па-за геапалітычнымі саюзамі ці мець саюз з Расіяй і ЕС адначасова. Гэта вынікі сацыялагічнага даследавання Chatham House, што былі прэзентаваны сёння.
«Прыхільнікі пратэсту значна часцей імкнуцца да ўваходжання ў Еўрасаюз (27%), а прыхільнікі ўлады — да саюза з Расіяй (65%)», — адзначае кіраўнік беларускага праекта Chatham House Рыгор Астапеня.
Падчас сацыялагічнага даследавання ў беларусаў асобна пыталіся, які варыянт саюза з Расіяй найбольш прывабны.
Большасць хацелі б мець з РФ зону свабоднага гандлю (27%) ці адзіную эканамічную прастору (41%). У меншасці тыя, хто бачыць прастору з адзінай знешней палітыкай і арміяй (12%) альбо выступае за ўваход у склад Расіі (4%). Нямала апытаных выбралі варыянт «Ні адзін з пералічаных».
Да Пуціна ў беларускім грамадстве досыць палярнае стаўленне. Прыхільнікі пратэсту ўспрымаюць яго дрэнна ці вельмі дрэнна (69%), прыхільнікі ўлады — добра ці вельмі добра (90%). А ў нейтральнай часткі стаўленне схіляецца да добрага — больш за 60% ставяцца да прэзідэнта Расіі хутчэй станоўча.
«Важна разумець, што ўвогуле беларусы добра ставяцца да ўсіх краін, — адзначае кіраўнік беларускага праекта Chatham House Рыгор Астапеня. — Антырасійскасць ці антыамерыканізм — вельмі нішавыя з’явы, яны непапулярныя ў беларускім грамадстве».
Каментары