Пра расліну, якая дзякуючы паэтычнаму генію Уладзіміра Дубоўкі часам успрымаецца як адзін з сімвалаў Беларусі, піша доктар гісторыі Алесь Белы.
На замчышчах,
Каля забытых двароў,
Дзе хмыз вырастае няхлынна,
Нявесціцца
Хутаранка шыпшына —
Калючы позірк,
Зялёная кроў.
Рыгор Барадулін
Навуковая лацінская назва шыпшыны Rosa canina (даслоўна «сабачая ружа»), якую можна сустрэць таксама ў народных гаворках розных моў, звязаная нібыта з тым, што ў Сярэднявеччы гэтую расліну доўгі час выкарыстоўвалі як сродак для лячэння сабачых укусаў і прафілактыкі шаленства. Але гэта толькі адна з версій. Іншая, больш простая, тлумачыць назву тым, што сціплай шыпшыне далёка да прыгажосці вытанчаных садовых ружаў. І праз такую назву адмыслова падкрэслівалася яе невысакароднасць.
Шыпшына (лац. Rosa) — род кветкавых раслін сямейства ружавых, у якім афіцыйна налічваецца 366 асобных відаў, а ў некаторых класіфікацыях выдзяляюць аж да 500.
Уласна кажучы, шыпшына — агульная беларуская назва дзікарослых відаў і формаў ружы, бо ўсе яны маюць характэрныя абарончыя шыпы.
Усе культурныя ружы таксама адносяцца да гэтага роду, і правесці дакладную мяжу паміж акультуранымі і дзікімі формамі на падставе аб’ектыўных біялагічных крытэрыяў складана.
У Беларусі вядомыя прынамсі 9 дзікарослых відаў гэтага роду. Найбольш вядомыя з іх — ружа сабачая, ружа майская, ці карычная, ружа ржава-чырвоная, ружа Жэрара, ружа мяккая, ружа скурысталістая, ружа Юндзіла. Апошні з гэтых відаў, дарэчы, названы ў гонар Станіслава Баніфацыя Юндзіла (1761—1847), ураджэнца Лідскага павета, рэктара піярскага калегіума ў Шчучыне і аднаго з заснавальнікаў сучаснай навуковай батанікі на тэрыторыі Беларусі.
Гаворачы пра шыпшыну ў гэтым артыкуле, мы маем на ўвазе перадусім «ружу сабачую». Іншыя ж віды маюць вельмі блізкія да яе знешні выгляд і ўласцівасці, а таму ў масавай свядомасці, як правіла, за асобныя не ўспрымаюцца. Адрозніваюць іх толькі вучоныя-батанікі.
Ружа сабачая — лістападны куст, які дасягае ў вышыню ад 1,5 да 2,5 м. Парасткі ў яго тоўстыя, дугападобна выгнутыя, кара зялёная, з сонечнага боку чырванее. На парастках маюцца серпападобныя шыпы, заўсёды кручкападобна выгнутыя.
Кветкі ў гэтай расліны — без паху, адзіночныя або сабраныя па тры-пяць у верхавінныя шчыткападобныя суквецці, колеру ў дыяпазоне ад белага да ярка-ружовага.
Плады шыпшыны, якія даспяваюць у жніўні, — авальнай формы, гладкія і льсняныя, аранжава-чырвонага колеру. Унутры яны ўтрымліваюць насенне — шмат варсістых арэшкаў.
Дзеці і падлеткі з гэтымі арэшкамі часта даволі жорстка забаўляюцца: раздзіраюць плод шыпшыны і ягонае змесціва кідаюць, ці то жадаючы за нешта адпомсціць, ці то проста жартуючы, камусьці за каўнер. Варсінкі, расцёртыя паміж целам і адзеннем, пачынаюць пячы і свярбець, а пазбыцца іх не так проста.
Сімвал кахання і носьбіт таямніц
Надзяляць шыпшыну разнастайнымі цудоўнымі ўласцівасцямі і атрыбутамі розных бостваў пачалі яшчэ ў глыбокай старажытнасці.
У антычнай міфалогіі шыпшына — яскравы сімвал кахання. Яна адназначна асацыюецца з Афрадытай (Венерай), багіняй прыгажосці і кахання, якую часта малююць з вянком з шыпшынаў вакол галавы.
Чырвоныя кветкі шыпшыны (або ружы) быццам бы атрымалі свой колер ад яе крыві. Калі яна ўбачыла сваё адзінае каханне, Адоніса, смяротна параненым, то імкліва пабегла да яго і неасцярожна ўкалолася аб шыпы. А пасля вяселля Эраса, нязменнага спадарожніка і памочніка Афрадыты, з Псіхеяй, багіняй Душы, уся зямля заззяла ружамі, раскіданымі трыма грацыямі, каб адсвяткаваць вечны саюз кахання і душы.
Дарэчы, і славянскі бог кахання Палель, сын багіні Лады, насіў вянок, у які былі ўплеценыя ружовыя кветкі шыпшыны.
Рымляне пайшлі яшчэ далей, стварыўшы сапраўдны культ (дзікай) ружы. Кветкі прыносілі ў ахвяру багам, пялёсткі клалі ў падушкі, імі асыпалі падлогі падчас рэлігійных і грамадзянскіх цырымоній.
Таксама для рымлян шыпшына-ружа стала сімвалічным носьбітам таямніц. Над месцамі, дзе вяліся перамовы (у прыватнасці, над сталамі), часта вешалі дзікія ружы як напамін удзельнікам, што ўсё, што сказана «пад ружай», ніколі не павінна паўтарацца ў іншым месцы.
Тэрмін sub rosa dictum («пад ружай сказана») быў для старажытных рымлян, а потым і для немцаў, якія перанялі гэты сімвалізм, своеасаблівым «грыфам строгай сакрэтнасці».
У Германіі ружа працягвала заставацца знакам таемных таварыстваў і таямніцы наогул.
Ва ўласна ж германскай міфалогіі добра вядомы такі сюжэт. Дзевы-валькірыі, якія пераносілі душы памерлых ваяроў у рай Вальхалу пры палацы бога Одзіна, ніколі не павінны былі ўмешвацца ў ход падзей. Але адна з іх, Брунхільда, аднойчы дапамагла атрымаць перамогу аднаму з сапернікаў у бітве двух каралёў. І менавіта таму з іх, хто па загадзе бога вайны Вотана павінен быў загінуць. Угневаны бог у пакаранне паклаў пад галаву спячай Брунхільды галінку дзікай ружы з атручанымі шыпамі. Дзева пагрузілася ў вечны сон, і абудзіць яе мог толькі прынц, які пакахаў бы яе. Прытым і шлях да спячай дзевы ахоўваў шыпшыннік. Гэты сюжэт з рознымі варыяцыямі даў пачатак многім народным і літаратурным казкам.
Нячыстая расліна на мяжы розных светаў
У славянскай, у тым ліку ў беларускай, міфалогіі шыпшына праз свае шыпы надзяляецца пераважна негатыўнымі ўласцівасцямі, лічыцца «нячыстай» раслінай. Праўда, як і ў іншых калючых раслінаў, небяспека ад яе шыпоў — двухбаковая. Яна можа выкарыстоўвацца і як абярэг ад дэманаў, для нейтралізацыі шкоданоснай магіі, пры лячэнні хваробаў. І такім чынам шыпшына расце на мяжы свайго і чужога свету.
У вядомай баладзе спевакоў з Аўстраліі Ніка Кэйва і Кайлі Міноўг «Where the Wild Roses Grow» (1996) пра фатальнае каханне і падступнае забойства зараснік шыпшыны стварае той жа самы антураж — смяротна небяспечнай мяжы нашага нармальнага і незямнога свету.
У знахарскіх замовах шыпшына, як, дарэчы, і асіна, сімвалізавала іншасвет, куды імкнуліся пераслаць хваробы ці сурокі з людзей: «Урокі, вы ўрокі, калі вы надуманы, калі вы нагаданы, ці вы жаноцкія, ці вы парабоцкія, ці вы бабскія, ці вы дзецкія? То ідзеце вы на шыпшыну, на горку асіну. Там вам прабываць, рабе божай (імя) урокаў не бываць, касцей не ламаць…»
Для падмацавання гэтай магічнай формулы пад шыпшыну вылівалі і рэшткі гаючых адвараў, якімі лячылі хворага. А балгары і македонцы, дарэчы, тлумачылі раптоўную хваробу чалавека тым, што ён «дзесьці ўлез пад шыпшыну».
На Усходнім Палессі шыпшыну з яе калючкамі засоўвалі ў шчыліны хаты на Купальскую ноч, баронячыся ад ведзьмаў.
У адной чарадзейнай казцы душа памерлага ў выглядзе карліка аддзячвае каралевічу за дапамогу тым, што дае яму дзевяць дубцоў з шыпшыны, якія дзевяць дзён неабходна ламаць над галавой пані-прыгажуні — палюбоўніцы чорта, каб з яе выйшлі ўсе нячыстыя духі.
Чырвоная ружа, не стой на дарозе
У народных баладах свякроўка садзіць на магіле атручанай ёй нявесткі шыпшыну, у той час як на магіле любімага сына — чырвоную каліну (ці явар):
Пахаваю сына ў вішнёвым садочку,
А чужу нявесту ў цёмненькім лясочку.
Пасаджу на сынку чырвону калінку,
А чужой нявесце — чорную шыпшынку.
Шыпшынай (або горкім асіннікам, сухім ельнікам) зарастаюць сцежкі-дарожкі, якія злучалі калісьці родных людзей. Заўважце, шыпшына ў баладзе называецца «чорнай» — але гэта не рэальны колер расліны або нейкай яе часткі, а сімвалічны, колер «чорнай» долі.
Шырокую вядомасць у апрацоўцы Уладзіміра Мулявіна атрымала іншая народная песня:
Чырвоная ружа, не стой на дарозе!
Не стой на шырокай, хто йдзе, той ламае.
Жанаты ламае — дзяцям на забаву,
Халасты ламае — дзеўкам на спадману.
За што, за што, якое дзіва?
За тое, за тое, як ты красіва.
Але гэта не светлая, не радасная, але фатальная прыгажосць. Магчыма, невыпадкова гэтая песня змяшчае дзікую ружу менавіта пры дарозе?
Адна з удзельніц суполкі «Сімвалічны свет беларускіх раслінаў» падзялілася вось такім назіраннем: «Быў час, калі я шмат хадзіла пехатою ў розных мясцінах Беларусі. Дык вось што заўважыла: уздоўж брукаванак ці старых дарог вельмі часта расце шыпшына». Ці гэта сама расліна любіць такія ўзбочыны, ці яе даўней адмыслова высаджвалі ўздоўж дарог?
Атрыбут Панны Марыі
У хрысціянстве сімвалізм шыпшыны таксама дваісты. З аднаго боку, паводле старога падання, зрынуты Богам з неба Сатана задумаў быў ізноў падняцца туды. Для гэтага ён абраў шыпшыну, чые некалі прамыя ствалы з шыпамі мусілі паслужыць яму гэткай «драбінай». Але Усявышні разгадаў ягоны план і сагнуў і галінкі, і калючкі шыпшыны ўніз. З таго часу яны выгнутыя дадолу і чапляюцца за ўсё, што да іх дакранаецца. Але, з іншага боку, гэтыя ж самыя калючкі сімвалізуюць і цярновы вянец Хрыста, які праз пакуты прынёс збаўленне ўсяму чалавецтву. Народная беларуская назва цёрну, дарэчы, таксама «шыпшына».
Перадусім жа шыпшына ў хрысціянстве — атрыбут Панны Марыі, асабліва праз сімвалізм ліку 5, а менавіта столькі пялёсткаў у гэтай кветкі. У каталіцкай традыцыі Ружанец — і адмысловы комплекс малітваў, і прылада, накшталт пацерак, для іх адлічвання. Ружанец — гэта малітоўны роздум пра пяць радасных, пяць балесных і пяць слаўных таямніцаў жыцця Марыі.
Літаратурнае пераасэнсаванне
У рамантычнай паэзіі XIX стагоддзя ўспрыманне дзікай ружы пачынае кантраставаць з глыбіннай народнай паэтыкай. Гэты імпульс, магчыма, пайшоў ад верша Ёгана Вольфганга фон Гётэ «Heidenröslein» («Польная ружачка», 1771), які аказаў прыкметны ўплыў на фармаванне мастацкіх густаў новай эпохі па ўсёй Еўропе. У тым ліку ў перакладзе Юзафа Грайнэрта на польскую верш быў пакладзены на музыку нашым славутым кампазітарам Станіславам Манюшкам.
Дзікая ружа ў гэтым вершы — метафара прыгожай, але і годнай, незалежнай дзяўчыны, якая не даецца так проста сябе «сарваць», а патрабуе далікатнага, пяшчотнага абыходжання. Толькі калі закаханы хлопец узяў яе з «дзікага» лугу ў дом, дзе абыходзіўся з ёй як з каралевай, яна адказала яму ўзаемнасцю. Гэтая змена ў сімвалізме шыпшыны адлюстроўвала паступовы рост статусу жанчыны ў буржуазным грамадстве ў параўнанні з феадальным, але, відаць, была і зваротам да больш жыццярадаснага, светлага сімвалізму шыпшыны ў антычнай міфалогіі. А магчыма, ёсць у гэтым і ўплыў хрысціянскай Марыйнай вобразнасці.
А ад сімвалізму каханай дзяўчыны недалёка і да сімвалізму Радзімы. Такая сувязь пачынае прасочвацца з нараджэннем нацыянальных пачуццяў. Магчыма, менавіта такі падвойны сэнс хацеў укласці ў назву свайго нявыдадзенага паэтычнага зборніка Максім Багдановіч.
За паўгода да смерці, у верасні 1916 года, ён пісаў Вандзе Лявіцкай, дачцэ пісьменніка Ядвігіна Ш., з Яраслаўля: «… Праглядаю гэтымі днямі свой «Вянок». Недахватаў рожных — гібель, ды і кніжка гэта зусім маладая: вершы яе пісаліся з паловы 1909 да паловы 1912 года, калі мне было 17— 20 год. Але ў ёй усё ж такі ёсць і творчасць, і натхненне, і сур’ёзная праца. Узяў я карандаш, палавіну вершаў выкасаваў зусім, другую прабую абгладзіць. Дадам да гэтай другой палавіны лепшыя з вершаў 1912—15 гадоў, і выйдзе зборнік «Маладзік» або «Красавік»… У 1913 годзе я асабліва ахвотна пісаў, кажучы велікарускае слова, «изящные» вершы; з іх бадай што ні адзін друку не бачыў. Выйдзе яшчэ адзін зборнік «Пярсцёнак». А з вершаў апошняга часу і трэці — «Шыпшына». Укласці гэтыя кніжачкі, пэўна, не паспею, але думаць аб іх прыемна…»
Ці ведаў пра гэты намер Багдановіча малады Пятро Глебка, ці не, але свой першы паэтычны зборнік 1927 года ён назваў таксама «Шыпшына» — і дамінантны матыў зборніка гэта менавіта каханне.
Ну а найбольш, бадай, вядомыя ў беларускай літаратуры — два вобразы шыпшыны. Першы — з верша Уладзіміра Дубоўкі (1925):
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш.
Чарнобыль — адзін з відаў палыну. Гэты вобраз нечакана набыў новае, містычна-прароцкае гучанне пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 года.
А другі — з казачнай аповесці Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя роспачы». Яе галоўны герой — небагаты і дужа задзірысты рагачоўскі шляхціч Гервасій Bылiвaxa, нарэшце пакліканы да адказу за сваё разгульнае жыццё самой Смерцю. Адыxoдзячы ў cвeт цeняў, ён зaxaпiў з caбoю квeткy шыпшыны як сімвал тoй зямлi, якyю ямy бaлючa пaкiдaць i якaя дa aпoшнix дзён жыцця зacтaнeццa з iм. Менавіта яна дазволіла яму захаваць на тым свеце трываласць духу і выйграць у Смерці прапанаваную ёй партыю ў шахматы, нa двaццaць гaдoў жыцця ўcix тыx людзeй, якiя пpыйшлi дa яe paзaм з iм.
Дай кветку, браце
Людзей меншала і меншала, бо яны ішлі ўпрочкі і рабіліся ўрэшце толькі жывымі кропкамі на лоне зямным.
І ўрэшце Выліваха з дзяўчынай і Палачанін засталіся ўтраіх.
— Чаму ты адказаў «да скорай сустрэчы», а сам усміхаўся, Выліваха?
— Наўрад ці сустрэча апошняга майго нашчадка і яе адбудзецца скора.
— Твая праўда, — сказаў Палачанін.
— Дый ці вымруць яны наогул, такія гарластыя?.. Дай кветку, брат.
Ён узяў трохі прывялую кветку і пасадзіў яе, як мятлушку, на шыпшынавыя хмызы. І дзіўна, астатнія кветкі адразу сталі цямнейшыя.
І з таго самага часу над Дняпром расце цёмная шыпшына, якая цвіце ўсё лета, каб ніхто не застаўся без роднай кветкі, калі прыйдзе час адыходзіць з нашай добрай зямлі, каб у кожнага была кветка.
Уладзімір Караткевіч. «Ладдзя роспачы»
«Тысячагадовая ружа»
Ці не самы славуты куст шыпшыны ў свеце, а афіцыйна — і самы стары, расце на ўсходняй апсідзе каталіцкага кафедральнага сабора ў нямецкім горадзе Хільдэсхайм (зямля Ніжняя Саксонія). Ён дасягае вышыні каля 10 метраў. Катэдра асвечаная ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а шыпшына, правобраз ружанца, — яе агульнапрызнаны сімвал. Дакументальна пацверджаны ўзрост куста — амаль 700 гадоў, з 1323 года. Але легенда кажа, што ён рос ужо ў момант стварэння мясцовай дыяцэзіі каралём Людовікам Пабожным у 815-м.
Таму яго часта называюць «тысячагадовай ружай». Будынак катэдры быў разбураны бамбавікамі саюзнікаў у 1945 годзе, але па вайне адноўлены. Карані ж куста захаваліся, і ён праз пэўны час зноў заквітнеў сярод руін. Паводле легенды, пакуль квітнее куст, будзе квітнець і Хільдэсхайм.
Сушаная шыпшына (паводле «Літоўскай гаспадыні» Ганны Цюндзявіцкай)
Разрэзаныя напалам ягады старанна ачышчаюць ад калючых валокнаў, потым нанізваюць на ніткі альбо кладуць на рашоты ці бляхі, злёгку засланыя саломай. Сушаць некалькі разоў у цеплаватай печы або на сонцы і вольным паветры. Захоўваюць у сухім памяшканні ў гаршках ці мяшках. Шыпшынай упрыгожваюць мясныя і рыбныя стравы.
Варэнне з шыпшыны (паводле «Літоўскай гаспадыні»)
У спелых, але не пераспелых i не перамерзлых ягадах неабходна зрабіць невялікія дзірачкі, праз якія дастаць насенне i калючыя валокны, што напаўняюць шыпшыну. Потым старым палатном, надзетым на пруток, выцерці плады ўнутры з усіх бакоў, каб гэткім чынам ix старанна ачысціць. Пасля спаласнуць у некалькіх водах, яшчэ раз выцерці ўсярэдзіне i кінуць у вар. Калі закіпяць, адразу працадзіць праз сіта i, абліўшы халоднай вадой, разлажыць на палатне дзірачкамі ўніз, каб вада сцякла. Потым адважыць два фунты цукру на адзін фунт шыпшыны i дадаць паўкварты вады. Ягады кідаць у гарачы сіроп i варыць звычайным спосабам: спачатку на моцным агні, а потым на меншым.
Каментары