Наста і Зміцер Дашкевічы чакаюць трэцяе дзіця. Пра гэта Зміцер паведаміў у сваім навагоднім звароце, які ён змясціў у сябе ў фэйсбуку.
«Адкрыццё года — чалавек, якога носіць пад сэрцам каханая мая жоначка, — напісаў Зміцер Дашкевіч. — Паводле папярэдніх дадзеных, гэта дзяўчынка, і мы з Давыдам, пакуль што, у трымценні ад думкі: як нам быць з трымя паненкамі ў адной хаце. Інфармацыя сакрэтная, але чакаем ад вас падтрымкі і, хто мае досвед, рэкамендацый», — піша Дашкевіч у поўным гумару тэксце.
Сярод іншага ён адзначае, што «Развод(ка) года — Аляксандр І і ягоныя 4 мяхі бульбы, якімі ён разлічыўся са зводным сваім братам за смактаную цэлы год нафту».
Прадпрымальнікі і грамадскія лідары Дашкевічы гадуюць Мару, якой 4 гады і 6 месяцаў, і Давыда, якому два гады і 10 месяцаў. Іх фірма па вырабе мэблі «Цесляры» была адным з галоўных фундатараў канцэрта на 100-годдзе БНР і вырабіла 70 крыжоў для мемарыялу ў Курапатах.
«Дзякуй Госпаду за гэты дзівосны, поўны выпрабаванняў і перамог 2018 год! Няхай 2019-ты будзе яшчэ прыгажэйшым і слаўнейшым», — піша Дашкевіч.
Каментары