Ізраіль падтрымлівае імкненне курдскага народа стварыць уласную нацыянальную дзяржаву, заявіў прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху.
На 25 верасня ў Іракскім Курдыстане прызначаны рэферэндум аб незалежнасці, паведамляе ВВС.
«Ізраіль падтрымлівае законныя намаганні курдскага народа па здабыцці дзяржаўнасці», — сказаў Нетаньяху.
Ізраіль падтрымлівае ваенныя і дзелавыя сувязі з курдамі з 1960-х гадоў, разглядаючы гэтую этнічную групу, прадстаўнікі якой пражываюць у Іраку, Турцыі, Сірыі і Іране, як буфер ў адносінах з арабамі, піша агенцтва Ройтэрз.
Напярэдадні лідар іракскага курдскага парламента Масуд Барзані заявіў, што будзе настойваць на правядзенні рэферэндуму 25 верасня, нягледзячы на тое, што ў Багдадзе настойваюць на яго незаконнасці.
Прадстаўнікі заходніх краін занепакоеныя тым, што плебісцыт у самаабвешчаным іракскім Курдыстане, які ўключае ў сябе нафтавы Кіркук, можа адцягнуць увагу ад барацьбы з баевікамі групоўкі «Ісламская дзяржава».
Нетаньяху заўважыў, зрэшты, што Рабочую партыю Курдыстана (Турцыя) Ізраіль лічыць тэрарыстычнай групоўкай — у гэтым сэнсе пазіцыя Ізраіля супадае з пазіцыяй Турцыі, ЗША і Еўрапейскага саюза.
У той жа час адзін з прадстаўнікоў ізраільскага ваеннага камандавання заявіў на мінулым тыдні, што асабіста ён не лічыць РПК тэрарыстамі.
Нетаньяху казаў аб сваёй падтрымцы курдскага суверэнітэту яшчэ ў 2014 годзе. Цяперашнія яго выказванні можна расцэньваць як больш канкрэтны доказ падтрымкі Ізраілем стварэння дзяржавы курдаў.
Аднак наўрад ці яго новая заява растопіць лёд у Багдадзе, які не мае дыпламатычных адносін з Ізраілем і падтрымлівае блізкія адносіны з Іранам.
Суседзі Ірака — Турцыя, Іран і Сірыя — выступаюць супраць курдскага рэферэндуму аб суверэнітэце, асцерагаючыся росту сепаратысцкіх настрояў сярод курдаў, якія жывуць на сваёй тэрыторыі.
Курды выступаюць за стварэнне ўласнай дзяржавы з канца Першай сусветнай вайны і распаду Асманскай імперыі.
Каментары