Гісторыя6767

Канчатковае рашэнне праваслаўнага пытання

Піша Андрэй Дынько.

У 1938 годзе на ўсю БССР засталіся 3 — тры — адкрытыя царквы: у Бабруйску, Оршы і Мазыры. У іх служылі, з амаль поўнай імавернасцю можна меркаваць, завербаваныя НКВД агенты, у задачу якіх уваходзіла выяўляць вернікаў­-актывістаў.

Выяўленых — арыштоўвалі, «судзілі» па артыкулах аб «антысавецкай дзейнасці». Гэта значыць, забівалі або адпраўлялі на 10—25 гадоў у канцлагеры. НКВД БССР лічыла, што гэтага мала для збору інфармацыі, і наркам Наседкін* накіраваў у ЦК ВКП(б) прапанову адкрыць яшчэ 10—12 цэркваў, у якіх бы служылі агенты або такія святары, якія б сваімі паводзінамі дыскрэдытавалі царкву: «Для быстрого нанесения оперативного удара по антисоветскому церковному активу и для антирелигиозного разложения отсталых религиозных масс считаем необходимым допустить возобновление служб в ряде церквей (10—12), которые функционируют и вопрос о которых не поднимался», — цытуецца ў кнізе дакумент.

Кадры з ліку агентуры? На ўліку органаў унутраных справаў па стане на 1938 стаялі 15 святароў, 13 з якіх былі зняўшы з сябе сан. 15 — на цэлую краіну.

Кніга Андрэя Заеркі «Поруганное православіе» — адна з самых страшных кніг, якую мне давялося чытаць.

Страшных нават не тым, што там апісваюцца забойствы, катаванні, перадаванне арыштаваных святароў і епіскапаў на расцярзанне уркам у блатныя камеры — уркам, якія сівых бацюшак мачалі ў парашу. Не, яна найбольш страшная тым, што Заерка паказвае механізм дзеяння няўмольнай машыны, савецкіх спецслужбаў, якой не было як супраціўляцца. Ані кампраміснасць мітрапаліта Мелхісэдэка, ані гарачнасць епіскапа Іаана (Пашына), ані маладушнасць — такім яго лічыла ГПУ ў даступных Заерку дакументах — Філарэта (Раменскага), нічога з гэтага не ратавала ані царквы, ані жыцця. Ніхто з іх не выжыве, а царкву знішчаць.

Гэта пасля Царкву дастануць з архіваў у 1943 годзе, калі Сталіну спатрэбіцца закалыхаць пільнасць Рузвельта і заходняй грамадскай думкі. Легалізаваную Царкву ўкамплектуюць, пераважна, з ліку ацалелых святароў-­інфарматараў НКВД. Іх выпусцяць з лагераў і вернуць да служэння. Гэтыя і стануць яе епіскапамі.

Заерка, дарэчы, слаба раскрывае лёсы святароў-­агентаў. Іхныя лёсы было б цікава прасачыць.

Доўгая праца па развале

Кніга Заеркі паказвае — праз дакументы з архіваў КГБ, — як ГПУ раздзімала канфлікты ў царкоўным асяроддзі, спрыяла ім, як старанна працавала над тым, каб у кожнай епархіі зарадзілася некалькі плыняў, кожная з якіх спадзявалася, што гэта яна выжыве, што гэта яна захаваецца, а належнасць да іншых смяротна небяспечная для душы ці для цела.

Заерка ўскрывае механізмы паслядоўнай, метадычнай, шматгадовай працы ГПУ і НКВД па знішчэнні царквы. Спачатку падтрымлівалі слабых супраць моцных, амбітных супраць ціхмяных. Не давалі ўзмацніцца ніводнай групе, трымаючы раўнавагу сілаў, каб ні вакол каго не магло адбыцца аб’яднанне.

Заерка піша, як ГПУ прымусіла мітрапаліта Сяргея пад пагрозай забойства ўсіх святароў царквы абвяргаць заявы замежных цэркваў пра пераслед вернікаў у СССР.

Як пасля суда над мітр. Мелхісэдэкам распаўсюджвала чуткі, быццам ён разам з усімі прысутнымі спяваў «Інтэрнацыянал». Праўда, аўтар не ставіць пад сумнеў праўдзівасць звестак з дакументаў ГПУ.

Заеркава кніга ўяўляе сабой хаос дакументаў, хаос цытат. Ён глядзіць на тую царкву толькі вачыма катаў. Гэта вялікая загана кнігі. Яна перадае той страх, але не перадае таго гераізму, які таксама быў.

Ці шмат было юдаў?

Па стане на 1928 год — пасля ўсіх першых хваляў рэпрэсій, калі ўжо была арыштавана большая частка епіскапаў, калі многія адышлі ад царквы або пакінулі краіну, бачачы, куды ўсё каціцца, — у Беларусі заставалася каля 1080 праваслаўных святароў.

Тады, па звестках ГПУ, у БССР дзейнічала каля 340 святароў, што адносілі сябе да Аўтакефальнай праваслаўнай царквы, каля 430 святароў, верных «ціханаўскай царкве», і каля 310 «абнаўленцаў».

А ў 1938-м, як вышэй адзначалася, на свабодзе з іх заставалася ўсяго 15. Выходзіць, толькі 1,5% з іх апусціліся да такой ступені, што іх пакінуць на свабодзе да 1938.

Астатнія да гэтага моманту будуць або забітыя, або адпраўленыя ў канцлагеры. За што? За публічнае чытанне евангелля, за правядзенне хросту дзяцей… За што хочаш.

Уладыкі спрабавалі розныя тактыкі. Мітрапаліт Мелхісэдэк, да прыкладу, усе 1920­-я шукаў кампрамісаў, спадзеючыся захаваць царкву ў новай сістэме.

Можа, трэ было супраціўляцца?

Ці спраўджваюцца знакамітыя словы Салжаніцына пра памылку тых, хто не супраціўляўся? Што каб супраціўляліся НКВДыстам са зброяй, то і тыя баяліся б?

Не, акурат кампраміс даваў шанец выжыць ці прынамсі пражыць даўжэй. А гэта давала хоць прывідны, але шанец дажыць да смерці тырана або змены міжнароднай сітуацыі, што магло спыніць крывавую мясарубку.

Тых, што супраціўляліся адкрыта, забівалі адразу.

Больш таленавітых, найбольш здатных арыштоўвалі першымі. Менш таленавітых, непапулярных пакідалі на свабодзе.

Царква ў гета

Спачатку, у першай палове 20-­х, арыштоўвалі тых, хто ўдзельнічаў у нейкіх акцыях супраць савецкай улады. У другой палове 20-­х арыштоўвалі тых, хто выступаў супраць савецкай улады на словах. Але гэта не перашкаджала судзіць і тых, каго проста лічылі занадта папулярным — суд над крайне стрыманым мітр. Мелхісэдэкам адбыўся ў 1925.

Ад 1929 сталі арыштоўваць тых, супраць каго і доказаў не было, але ў прыходах якіх адбываліся бунты супраць савецкай улады.

Пасля, у 1930­-х сталі арыштоўваць і высылаць усіх запар — проста па плане разгрому.

Нарэшце, надышоў 1937 год, калі было прынята рашэнне пра канчатковае рашэнне царкоўнага пытання. Сталі пагалоўна расстрэльваць усіх — не толькі тых, хто быў святаром, але і тых, хто быў святаром калісьці.

15 гадоў царква дзейнічала ў гета, па ўсіх законах гета. Страшны спектакль: апускаецца рука, выхоплівае чалавека. Астатнія застаюцца. Што хто робіць? Гэтая сартраўская, быкаўская безвыходнасць — вось што страшнае ў гісторыі Усходняй Еўропы.

Жахае і тое, што ўсё гэта заставалася практычна незаўважным звонку. Захад даведаўся пра маштабы савецкіх злачынстваў супраць чалавецтва толькі ад эмігрантаў, якія аказаліся на Захадзе. А паверыў па­-сапраўднаму толькі пасля публікацыі высокамастацкага «Архіпелага ГуЛАГ».

Пад корань былі вынішчаны патомныя беларускія святарскія роды Кульчыцкіх, Кіркевічаў, Ясінскіх, Рубановічаў, Плышэўскіх, Мацкевічаў, Навіцкіх, Свірскіх, Пастарнацкіх… Дарэчы, многія з іх актыўна падтрымалі ў 20-­я ідэю беларускай аўтакефаліі, якая ў цяжкія гады з’яднала прыкладна трэцюю частку ўсходнебеларускіх праваслаўных прыходаў.

56%

Што датычыць літаратурнага і навуковага боку кнігі, то канечне, там не ўсё гладка. Не было ні рэдактара, ні карэктара, ні тым больш навуковага рэдактара. Памылак, збояў маса. Што ж, хай будуць перавыданні, з навуковай рэдактурай.

Што найгорш — ёсць спіс крыніц, але няма спасылак на канкрэтныя крыніцы пасля цытат. У выніку цяжка крытычна ацэньваць цытаты.

Такое ўражанне, што аўтар спяшаўся выдаць зробленае, баючыся, што не паспее.

Вывады Заеркі часам абсалютна нелагічныя. Ён піша, што «беларускае грамадства, у большасці сваёй, на добраахвотных пачатках і нават з адценнем задавальнення паддалося на дзяржаўны атэізм». Але хіба прыведзеныя ім факты пасіўнага і актыўнага супраціву не сведчаць пра адваротнае? Сам факт, што на перапісе ў крывавым 1937 годзе 56% савецкага насельніцтва ўпарта назвалі сябе вернікамі, пярэчыць выснове аўтара.

Напрошваецца іншая выснова: савецкі рэжым быў дыктатурай меншасці, а дыктатура не лічыцца з думкай большасці. Мае значэнне толькі падтрымка ўзброеных апрычнікаў.

Апошні жэст Філарэта

…Увесну 1937 года, епіскап Філарэт (Раменскі), якога ГПУ, а пасля НКВД пакінула на свабодзе апошнім, бо лічыла слабавольным і баязлівым, зрабіў сімвалічны жэст: ён дазволіў вернікам­-каталікам маліцца ў апошняй адкрытай праваслаўнай царкве Святой Марыі Магдаліны ў Мінску на Старажоўцы. Усе каталіцкія царквы на той момант былі закрытыя, а апошняя праваслаўная працягвала дзейнічаць. Філарэт загадаў святарам хрысціць дзяцей-­каталікоў, даючы ім каталіцкія імёны, па каталіцкім календары. У даступных аўтару архівах няма сведчання, што еп.Філарэт быў агентам НКВД. Значыць, яго жэст быў зроблены не па зладзейскім загадзе, а ад душы. Усе адзіныя сталі.

Праз тры месяцы будзе арыштаваны і Філарэт, разам з апошняй групай самых маўклівых мінскіх святароў. І расстраляны.

Дзе ляжаць? Прыгавораныя да «ВМН» — высшей меры наказанія — у Курапатах. Тых самых Курапатах, дзе цяперашнія праваслаўныя епіскапы не служаць. І гэты факт, што не служаць, многае пра іх кажа.

(* Аляксей Наседкін да прызначэння ў БССР у 1938 годзе — начальнік УНКВД СССР па Смаленскай вобласці. У 1938 годзе быў арыштаваны, у 1940 — расстраляны і не рэабілітаваны.)

Каментары67

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

Оксфардскі слоўнік назваў словам года «засмечванне мозгу»

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель13

Трагічная сутычка на футбольным матчы ў Гвінеі забрала жыцці каля 100 чалавек

Светлавы аб'ект у выглядзе НЛА з'явіцца ў Мінску да навагодніх святаў

Паліцыя зноў разагнала акцыю ў цэнтры Тбілісі1

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

Джо Байдэн памілаваў свайго сына28

На тэрыторыі Польшчы пашкоджаны нафтаправод «Дружба»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Галоўнае
Усе навіны →