Год разнообразия. Театральные результаты от Алексея Стрельникова
2019 год зрабіўся для беларускага тэатра годам разнастайнасці. Нават пад адным тэатральным дахам часам суседнічаюць спектаклі абсалютна розныя па філасофіі і духу, але, здаецца, тэатральная публіка ад гэтага толькі выйграе. Я прапаную дзясятку спектакляў, куды трапілі і традыцыйныя трагедыя, і сучасны праблемны тэкст, і бульварная камедыя. Нават у такі лонг-ліст не трапілі многія цікавыя спектаклі, што толькі пацвярджае, наколькі беларускае тэатральнае жыццё апошнім часам віруе.
«Доля ліўня» паводле С.Бэкета — Беларускі свабодны тэатр. Рэжысёр Валянцін Мапацэк.
Спектакль незвычайна пачынаецца, незвычайна працягваецца і сканчаецца таксама знянацку. Увесь час глядач можа аказацца збітым з панталыку, і гэтым такая рэжысура здаецца такой выдатнай. Яна не разбурае сцены паміж сцэнай і залам, але раптам сцяна аказваецца неадчувальнай, і гэта вельмі цікавае і трывожнае адчуванне.
Наколькі я зразумеў, за аснову тэксту ўзялі «Чаканне на Гадо» Бэкета, і сучасным гэты тэкст атрымаўся не праз нейкія вобразы, якія мы можам пазнаць у жыцці, а ў паглыбленасці гледача ў само перажыванне чакання. Так атрымаўся, на маю думку, адзін з найлепшых спектакляў Свабоднага тэатра апошніх год.
«З жыцця выкапняў» Ф.Стропэля — Новы драматычны тэатр. Рэжысёр Дзмітрый Багаслаўскі.
Задача перад рэжысёрам стаяла вельмі простая: зрабіць камедыю. Дзмітрый Багаслаўскі знайшоў небанальны тэкст, які складаецца з некалькіх гісторый (сярод іх ёсць рэдкая для Беларусі тэма халакосту), разам з мастачкай Лідзіяй Малашэнка былі прыдуманы прыгожыя візуальныя хады, для акцёраў створаны цікавыя задачы (Як сыграць сталага чалавека? У спектаклі пабачыце самыя розныя падыходы). У выніку атрымаўся адзін з самых цікавых і недаацэненых спектакляў Мінска з цудоўнымі акцёрскімі работамі.
«Кароль Лір» У. Шэкспіра — Купалаўскі тэатр. Рэжысёр Мікалай Пінігін.
Мікалай Пінігін, здаецца, рабіў спектакль пра крохкі баланс любові і смерці, даўно парушаны на карысць цёмнага. Сцэнаграфія і музыка ў выдатным выкананні Кацярыны Шымановіч і Андрэя Зубрыча, ствараюць прынамсі вось такую ўзнёслую карціну, якой артысты імкнуцца адпавядаць. Лепш за ўсіх атрымліваецца Віктару Манаеву і Івану Трусу.
Тэма пакаленняў для Тэатра імя Янкі Купалы зрабілася асноўнай. Я думаю, яе шмат асэнсоўваюць унутры тэатра, і тое «выплюхваецца» ў рэпертуар. Тым цікавей, што гэтая тэма вельмі важная і для нашага грамадства, што сталее.
Вельмі цікава пасля спектакля абмяркоўваюць уяўнае спаборніцтва Віктара Манаева і Івана Труса, а на маю думку, яны працуюць на адзін вобраз. Шкада, што ў п’есе і спектаклі няма наўпроставага супрацьстаяння Ліра і Эдмунда… Хто ведае, можа, менавіта так, як Эдмунд, у свой час Лір ірваўся да ўлады?..
«Левыя дысідэнты» А.Шпака, А.Дзічэнкі — Hunch-Theatre. Рэжысёр Уладзімір Шчэрбань.
Спектакль аказаўся бенефісам цудоўнай актрысы Яны Русакевіч, якая вельмі эмацыйна і разам з тым дакладна ўвасобіла гіпербалізаваны персанаж п'есы Андрэя Дзічэнкі і Алены Шпак. Абсурдная пʼеса, дзе шмат падрабязнасцяў пра аднаполыя стасункі ў турмах перадаюцца праз успрыманне маладой дзяўчынкі-настаўніцы, што прыехала па размеркаванні, зроблены ў жанры музычна-танцавальнага перформансу. Ён лёгка глядзіцца, у спектаклі жывы рытм і цудоўны акцёрскі ансамбль. Але выкананне Яны Русакевіч, жывёльнае і разам з тым магнетычнае, задае спектаклю мастацкае вымярэнне рэлігійнага акту.
«М». паводле вершаў В.Морт — Оk16. Рэжысёр Мікіта Ільінчык.
Малады рэжысёр беларускага паходжання разам з куратаркай Анастасіяй Васілевіч рэалізавалі праект задуманы яшчэ ў мінулым годзе. На падставе некалькіх вершаў Вальжыны Морт была прыдумана гісторыя, якая аб'ядноўвае тры пакаленні жанчын. Мастак Саша Адамаў развярнуў сцэнаграфію такім чынам, што час і прастора аб'ядналіся тут і цяпер.
Візуальны, эмацыйны спектакль, зроблены маладымі сіламі беларускіх творцаў, зрабіўся для мяне такой мадэллю тэатра будучыні. Філасофскія развагі над быццём зроблены на падставе падрабязнага вывучэння рэчаіснасці.
«Пакой памірае» М.Ільінчыка — Незалежны тэатральны праект. Рэжысёр Паліна Дабравольская.
У постапакаліптычным сюжэце Ільінчыка-драматурга ў Беларусі не адчуваецца межаў, і раптам гэта аказваецца вельмі трапнай характарыстыкай для разумення таго, як адчуваюць жыццё сённяшнія 20-годнія. З аднаго боку, ты адчуваеш сябе больш свабодным, няма адданасці да месца і каранёў, але і глабальныя пагрозы вытрымаць яшчэ цяжэй.
Найбольш эмацыйна моцнай мне падалася першая частка спектакля, дзе Аляксандр Малчанаў выдатна іграе дзеда галоўнай гераіні. Пранізліва да невыноснасці. І разам з тым у спектаклі адчуваецца маладая прага да жыцця.
«Песнь песняў» паводле Бібліі — АРТ Карпарэйшн. Рэжысёр Юрка Дзівакоў.
Ці не самы аскетычны спектакль Юркі Дзівакова, больш паловы якога мізансцэна не змяняецца зусім. Біблейскі тэкст выкарыстаны як літаратурны, у выніку атрымаўся спектакль пра каханне, якое чыніць шкоду.
Цудоўнае выкананне артысткі Купалаўскага тэатра Марты Голубевай, якая вымушана трымаць увагу досыць доўгі час абсалютна без рухаў, і ў яе цудоўна атрымліваецца.
«Стражы Тадж-Махала» Р.Джозэфа — АРТ Карпарэйшн. Рэжысёр Аляксандр Янушкевіч.
Рэжысёр Аляксандр Янушкевіч паказаў на сталічнай сцэне звышактуальную амерыканскую пʼесу, у якой вачыма простых удзельнікаў расказваецца пра легенду аб разні пры будаўніцтве знакамітага Тадж-Махала. Гэтаксама як у часы Шэкспіра немагчыма было сабе ўявіць п'есу не пра каралёў, так і сёння важным аказваецца менавіта погляд самых простых удзельнікаў на гэтую гісторыю. Вялікую трагедыю нельга спыніць, проста сказаўшы «Не!»
Спектакль цудоўна аформлены, гэта незвычайны акцёрскі досвед для выканаўцаў Івана Кушнерука і Аляксандра Рацькова, у выніку спектакль фігуруе ў шматлікіх спісах найлепшых вынікаў года.
«Шкура» А.Іванюшанка — Незалежны тэатральны праект. Рэжысёр Яўгенія Давідзенка.
Адразу павінен заўважыць, што вымушаны ўключыць у пералік спектакляў таксама і гэты, які зроблены паводле тэксту маёй жонкі. Але праігнараваць цудоўную работу маладой рэжысёркі Яўгеніі Давідзенка было бы злачынствам. Яна шмат зрабіла эксперыментальных работ і чытаннняў сёлета, але ў гэтай рабоце выявілася яе здольнасць да працы з простым афармленнем, уменне пакласці тэмпарытм спектакля на музычны шэраг, а таксама знайсці небанальнае гучанне рэплік п'есы, выкарыстаўшы непрафесійную актрысу. Спектакль быў паказаны некалькі разоў у рамках праекту Community Centre, суправаджаўся дыскусіямі наконт гвалту сярод падлеткаў. Тое, што размовы гэтыя былі прадметнымі, заслуга рэжысёркі.
«Шлюб з ветрам» — Тэатр беларускай драматургіі. Рэжысёр Яўген Карняг.
Вядомы харэограф Яўген Карняг і Кацярына Аверкава, якая ў гэтым спектаклі выступіла ў якасці кампазітара, нібыта хацелі зрабіць паэтычны спектакль пра вяселле і ўвогуле адносіны каханкаў з бацькамі і між сабой. У аснове ляжаць традыцыйныя беларускія спевы і спектакль атрымаўся пра жыццё, смерць, каханне і ўвогуле высокія матэрыі.
Дэталёва разабрацца ў спектаклі пасля першага прагляду складана. Але гэтым і прывабліваюць спектаклі Карняга. Яны візуальна прыгожыя і няпроста зробленыя, таму на іх цікава хадзіць яшчэ і яшчэ.
-
В Гомельском драматическом театре — кадровые чистки. Снова из-за «политики»
-
«Будет смешно и горько»: «Купаловцы» презентуют завтра новый спектакль. В главных ролях — Манаев, Белохвостик, Гарцуева
-
«Решение пришло извне». Что происходит в витебском театре, где в спектакле прозвучало «Жыве Фландрыя!» и началась череда увольнений?
Комментарии