Спецпраект
Разбіраемся ў праўладных партыях:
ёсць жывыя, а ёсць зусім мёртвыя
Ліберал-дэмакраты, патрыёты, рэспубліканцы, камуністы...
Кожная арганізацыя хоча быць адзінай і непаўторнай, таму ні з кім не аб'ядноўваецца.
 
У першых дзвюх частках нашага спецпраекта мы апісалі дзейнасць апазіцыйных партый з правага і левага флангаў. Агулам было згадана сем з пятнаццаці зарэгістраваных Мінюстам партый. У гэтым аглядзе будзе яшчэ пяць партый.

Чаму пяць, а не восем? Так, Зарэгістраваных у Беларусі палітычных партый сёння пятнаццаць, аднак адразу тры арганізацыі не з'яўляюцца жывымі – гэта Аграрная партыя (нават нягледзячы на прысутнасць у парламенце дэпутаткі Ніжэвіч), Сацыяльна-спартыўная і Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды. Так, гэтыя партыі існуюць у розных спісах, яны маюць нават нейкіх членаў, але не бяруць ніякага ўдзелу ў палітычным жыцці краіны. Яны патрэбныя найперш, каб вылучаць праўладных прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Такім чынам, тры арганізацыі існуюць проста на паперы. І ніякай цікавасці для нашага агляду не ўяўляюць.
ЛДПБ
ЛДПБ
Ліберальна-дэмакратычная партыя паўстала ў лютым 1994 і ўжо цягам трох наступных тыдняў была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі.
Алег Гайдукевіч,
лідар партыі.
Фота Волі Афіцэравай
Першым лідарам арганізацыі стаў заатэхнік Васіль Крывенка. Гэтага чалавека звязвала цёплае сяброўства з лідарам ЛДПР Уладзімірам Жырыноўскім, фактычна першапачаткова беларускія ліберал-дэмакраты былі філіяй расійскіх. У сваёй праграме яны таксама цалкам арыентаваліся на Расію, выступалі за інтэграцыю краін з захаваннем «культурнай і моўнай незалежнасці» жыхароў Беларусі. У тагачаснай прэсе пісалі, што сябры ЛДПБ забяспечвалі ахову рынкаў.

На выбарах 1994 года ЛДПБ мэтанакіравана падтрымлівала Вячаслава Кебіча.

У сваёй праграме партыя была зусім не ліберальнай, хутчэй сацыял-дэмакратычнай. Выступала за бясплатную медыцыну і адукацыю, захаванне льготаў, моцную армію. Пасля распаду левага Народнага руху Беларусі ў ЛДПБ прыйшоў былы вайсковец Сяргей Гайдукевіч, які адразу стаў намеснікам старшыні арганізацыі.

На парламенцкіх выбарах 1995 года ЛДПБ не змагло здабыць ніводнага мандата. Большасць кандыдатаў займалі па сваіх акругах апошнія месцы. Менавіта таму частка кіраўніцтва пайшла на змену кіраўніка. І хоць Крывенка шукаў дапамогі ў Жырыноўскага, упэўненую перамогу здабыў Сяргей Гайдукевіч – ён стаў новым старшынёй ліберал-дэмакратаў.
Пры Гайдукевічу адбыўся адыход партыі ад расійскага ЛДПР, а за кошт былых сілавікоў і дробных бізнэсменаў партыя стала па паперах самай масавай у Беларусі. Таксама ЛДПБ адышла ад панславізму. Партыя стала выступаць за рыначную эканоміку з мінімальным дзяржаўным рэгуляваннем.

Сяргей Гайдукевіч (у цэнтры) з сынам Алегам Гайдукевічам. Фота Ірыны Арахоўскай
У той час ЛДПБ абвесціла сябе «канструктыўнай апазіцыяй". Фактычна гэты статус застаецца за ёй па сёння. У 2000-м годзе ЛДПБ нават брала ўдзел ва Усебеларускім з'ездзе за незалежнасць, арганізаваны Радзімам Гарэцкім, Генадзем Бураўкіным і Рыгорам Барадуліным.

Сяргей Гайдукевіч браў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2001, 2006 і 2015 гадоў. Толькі ў 2010-м ён заявіў, што выбары з'яўляюцца «фарсам» і зняў сваю кандыдатуру. У 2019 годзе старшынёй партыі быў абраны сын Сяргея Гайдукевіча – Алег. У свой час ён узначальваў РУУС Фрунзенскага раёна Мінска.

На сёння ЛДПБ – гэта папулісцкая партыя, якая з'яўляецца спарынг-партнёрам на ўсемагчымых выбарах.

У беларускім парламенце ніколі не было больш за аднаго прадстаўніка партыі. Сёлета ў Палату прадстаўнікоў трапіў Алег Гайдукевіч.

Вядомыя сябры арганізацыі – гумарыст Яўген Крыжаноўскі, хакеіст Віталь Коваль, волат Кірыл Шымко.
Агулам у партыі 200-250 больш-менш актыўных сяброў. Астатнія выглядаюць залётнымі гасцямі, часам нават ідуць у кандыдаты без аніякіх шанцаў на перамогу, а пасля знікаюць у нікуды.
КПБ
КПБ
Дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі была прыпыненая Вярхоўныя Саветам Беларусі ў 1991 годзе. Тады маладыя камуністы сталі ствараць сваю арганізацыю, якая атрымала назву Партыя камуністаў Беларусі (ПКБ).
Прыхільнікі камуністычнай ідэалогіі ўшаноўваюць 102-я ўгодкі Кастрычніцкага перавароту, 2019 год. Фота Сяргея Гудзіліна
У 1993 годзе прыпыненне дзейнасці КПБ было скасаванае, лідарам партыі заставаўся Анатоль Малафееў. Утварылася дзве камуністычныя партыі, праграмы якіх фактычна нічым між сабой не розніліся. На аб'яднаным з'ездзе было вырашана, што КПБ стане часткай ПКБ. Цікава, што на тым жа з'ездзе камуністы, як і БНФ, выступілі рашуча супраць увядзення пасады прэзідэнта. Але ў самім Вярхоўным Савеце камуністы чамусьці галасавалі за прэзідэнцкую рэспубліку.
Першапачаткова ПКБ нават падтрымала абранне Лукашэнкі, абяцала дапамогу ў барацьбе з карупцыяй. Аднак сітуацыя змянілася ў 1996 годзе. Тады большасць дэпутатаў-камуністаў паставілі свае подпісы пад імпічментам Лукашэнкі і адмовіліся іх адклікаць. Рэферэндум 1996 года яны назвалі «канстытуцыйным пераваротам». У гэты час група камуністаў, якія не былі ў апазіцыі да Лукашэнкі, заявілі аб стварэнні аргкамітэта Камуністычнай партыі Беларусі. Гэта былі Анатоль Малафееў, Віктар Чыкін, Аляксей Камай і іншыя. Чыкін і ўзначаліў новую партыю, а ў хуткім часе стаў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. Зіц-старшынёй стаў Яфрэм Сакалоў, які ўзначальваў ЦК КПБ яшчэ за савецкім часам.

Ад моманту стварэння КПБ актыўна падтрымлівала Аляксандра Лукашэнку і ягоную палітыку. Актыўна супрацоўнічае з КПРФ. У Палаце прадстаўнікоў дэпутатаў ад КПБ заўсёды найбольш, чым ад любой іншай палітычнай сілы. У 2012–2016 гадах КПБ узначальваў цяперашні міністр адукацыі Ігар Карпенка. Цяпер шмат камуністаў працуе якраз у яго ведамстве.
У цэнтры – самы вядомы камуніст Беларусі Ігар Карпенка. Фота Сяргея Гудзіліна
Цяпер лідарам КПБ з'яўляецца 46-гадовы Аляксей Сокал. Ён эканаміст па адукацыі, працаваў намеснікам гендырэктара ЦУМа, быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Намеснікам у яго Георгій Атаманаў, а таксама Аляксей Камай, які быў яшчэ ў кампартыі СССР. У КПБ актыўнічае малады публіцыст Андрэй Лазуткін.
У партыі каля 250–300 актывістаў. КПБ сутыкаецца з той жа праблемай, што і «Справядлівы свет», – сябры партыі няспынна старэюць.
ППС
ППС
Партыя працы і справядлівасці паўстала ў 1993 годзе на базе Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Лідарам арганізацыі таксама стаў старшыня БелТІЗ Анатоль Нятылькін. Ён быў сляпым.
Сябры партыі. Фота rpts.by
Сярод заснавальнікаў Партыі працы і справядлівасці было дастаткова шмат вядомых людзей. Напрыклад, акцёр Уладзімір Гасцюхін, дыпламат Іван Антановіч, кампазітар Ігар Лучанок, філосаф Яўген Бабосаў і іншыя. Гэта былі па-прарасійску настроеныя дзеячы, якія бачылі будучыню нашай краіны толькі ў саюзе з Расіяй.

Першапачаткова партыя засноўвалася для абароны правоў інвалідаў, а таксама іншых катэгорый грамадзян, якім патрабуецца сацыяльная абарона. З часам ППС адмовілася ад гэтых падыходаў. Нятылькін памёр у 2002 годзе. У 2005 годзе ў арганізацыю прыйшоў вайсковы лётчык Васіль Задняпраны, ён узначальвае партыю да гэтага часу.
Задняпраны – ураджэнец Украіны, браў удзел у афганскай вайне. У першыя гады незалежнасці займаўся аўтаперавозкамі, быў адным з лідараў Форуму сацыялістаў СНД. Пры Задняпраным ППС набыла яшчэ больш выразны прарасійскі характар. Напрыклад, партыя падтрымала ў 2014 годзе анексію Крыма. Нават лідар Патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч называў Задняпранага прадстаўніком «рускага свету».

Васіль Задняпраны. Фота Улада Швядовіча
ППС актыўна супрацоўнічае з прарасійскай «Грамадзянскай згодай» Арцёма Агафонава. На гэтых парламенцкіх выбарах ад Партыі працы і справядлівасці па Віцебску нават была вылучаная Эльвіра Мірсалімава, сталіністка і адна з найбольш адыёзных прыхільніц «рускага свету» ў Беларусі. Актыўную прарасійскую пазіцыю займае намеснік старшыні арганізацыі Аляксандр Лукашок з Віцебска.

Што тычыцца праграмы, то ППС выступае за рэгуляваную эканоміку, прыватызацыю. «Зямля павінна належаць тым, хто яе апрацоўвае», – гаворыцца ў праграме.
У гэтае скліканне Палаты прадстаўнікоў ад ППС былі абраны шэсць чалавек: Ігар Камароўскі і Аксана Гайдук у Мінску, Жанна Стаціўка ў Камянцы, Святлана Барташ у Драгічыне, Андрэй Злотнікаў у Гомелі і Андрэй Струнеўскі ў Салігорску. Партыя працы і справядлівасці мэтанакіравана падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах.
ППС налічвае каля сотні актывістаў.
Патрыятычная партыя
Патрыятычная партыя
Першапачаткова арганізацыя называлася Беларускі патрыятычны рух. Заснаваны ён быў у 1994 годзе, каб падтрымаць вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта. Лідарам партыі стаў генерал-маёр, заслужаны лётчык СССР Анатоль Баранкевіч. На той момант ён быў намеснікам старшыні Саюза афіцэраў Беларусі.
Мікалай Улаховіч. Фота Сяргея Гудзіліна
Партыя першапачаткова мела дастаткова чарнасоценскія погляды. Адно са сведчанняў гэтага ў тым, што генерал Баранкевіч быў намеснікам галоўнага рэдактара выдання «Славянскі набат». Цяперашні лідар арганізацыі Мікалай Улаховіч казаў:
Была ідэя камуністычная – усе верылі ў камунізм. Няма гэтай ідэі – верым у праваслаўе. А што застаецца? Трэба ж у нешта верыць.
Партыя была перакананай прыхільніцай інтэграцыі Беларусі і Расіі. Сярод праграмных пунктаў БПП значылася нават скасаванне Белавежскіх пагадненняў.

У верасні 2000 года Баранкевіча прызначылі членам ЦВК, але праз месца ён памёр. Пасля гэтага партыю ўзначаліў ягоны паплечнік Мікалай Улаховіч. Гэта былы вайсковец, палкоўнік у адстаўцы. Хаця сам сябе ён называе «народным генералам». У 1995 годзе Улаховіч узначаліў «Беларускае казацтва». Сярод усіх казацкіх арганізацый краіны – гэта найменш звязаная з Расіяй, а больш з беларускай дзяржавай. У сярэдзіне 1990-х выдаваў дастаткова ксенафобную газету «Лічность».
Патрыятычная партыя, якая ўяўляе сабой дзіўны мікс камуністычных і панславянскіх ідэй, доўгі час была амаль у поўным забыцці. Мінюст нават выносіў арганізацыі папярэджанні. Пэўны імпульс партыі быў дадзены ў 2015 годзе, калі Мікалай Улаховіч паклікалі паўдзельнічаць у якасці кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах.
Цікава, што Улаховіч, нават будучы кандыдатам, умудраўся падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку.

Варта адзначыць, што з часам, а найперш з трансфармацыяй поглядаў кіраўніка Беларусі Патрыятычная партыя таксама яшчэ менш прарасійскай. Цяпер Улаховіч лічыць за ганьбу, калі яго далучаюць да так званага «рускага свету».

На выбарах 2019 года ў Палату прадстаўнікоў трапілі два члены Патрыятычнай партыі: Леанід Брыч у Брэсце і Таццяна Сайганава ў Мінску.

А Улаховічу, які пайшоў на пераабранне ў парламент, не атрымаўшы дазвол зверху, камісіі далі прынізлівыя 6%.

Перадвыбарчы выступ кандыдата Улаховіча.
Агулам у партыі каля 50 актыўных сяброў.
Рэспубліканская партыя
Рэспубліканская партыя
Яшчэ б год назад мы б далучылі Рэспубліканскую партыю да спісу мёртвых арганізацый, кшталту Аграрнай партыі ці Сацыяльна-спартыўнай. Аднак на гэтых парламенцкіх выбарах яна ажыла. Найперш дзякуючы моладзі, якая прыйшла ў шэрагі арганізацыі з «Гавары праўду».
Арганізацыя заснаваная ў 1994 годзе, з таго часу ёй нязменна кіруе 71-гадовы Уладзімір Белазор. У савецкі час ён быў камсамольскім работнікам. Па развале СССР працаваў эканамістам у Дзяржкампрацы. Сёлета Белазор даў інтэрв'ю «Беларускаму партызану», дзе назваў сваю арганізацыю апазіцыйнай.

Юрый Белазор. Фота rprb.narod.ru
У выбарах РП практычна не ўдзельнічала, толькі вылучала сваіх назіральнікаў. Нават на выбарах 2019 года ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ўвайшло больш за 160 прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі. Гэта прытым, што кандыдаты ад партыі дазвалялі сабе крытыку ўладаў.

Сама партыя называе сябе цэнтрысцкай і адносіць сябе да "канструктыўнай апазіцыі". У задачах партыі – інтэграцыя Беларусі не толькі з Расіяй, але і з краінамі Захаду, а таксама выхад нашай краіны з эканамічнага крызісу. Канчатковая мэта – забеспячэнне высокага стандарту і якасці жыцця грамадзян нашай краіны.
Як мы ўжо пісалі, сёлета ў партыю прыйшла моладзь з «Гавары праўду». Напрыклад, кандыдатамі па Мінску сталі Андрэй Бажко, Яўген Казлоўскі, Мікалай Шыбека. Ніхто з іх не стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а выбарчыя камісіі напісалі ім мізэрныя лічбы. Тым не менш партыя выйшла з анабіёзу. Запрацавалі старонкі ў сацыяльных сетках, сталі з'яўляцца згадкі ў СМІ.
Колькасць актыўных сяброў Рэспубліканскай партыі вагаецца ў межах некалькіх дзясяткаў.
Якія партыі сябруюць, а якія – не
Чытайце табліцу зверху ўніз па слупках па прынцыпе гульні «Марскі бой»,
і вы даведаецеся, што ў лідараў ЛДПБ і КПБ прыязныя адносіны, а паміж ЛДПБ і Патрыятычнай партыяй ніякіх адносін няма.
  • Аўтар спецпраекта: Зміцер Панкавец
    Палітычны аглядальнік «Нашай Нівы»

© «Наша Ніва» / NN.by. Усе правы абароненыя