«Настоящая еда — это симфония». Магистр философии, а теперь сельчанин Николай Матрунчик о том, почему фляк без муската — не фляк и почему от одуванчика гонит слюну
Калі б праводзіўся конкурс на самую смачную старонку ў фэйсбуку, старонка магістра філасофіі, гісторыка, культуролага, публіцыста, царкоўнага і грамадскага дзеяча, а цяпер селяніна Міколы Матрунчыка была б безумоўным пераможцам. Хатнія кілбасы, флякі, паляндвіца, мачанка, «капусняк» на агурковым расоле ды гарохавы суп — якіх толькі страў не гатуе спадар Мікола! І ўсё свойскае, натуральнае, сапраўднае, «квасна-абвостранае, духмяна-фрывольнае», як кажа сам Мікола. «Нашай Ніве» ён расказаў, калі стаў гурманам, чаму трэба вырошчваць агарод на падваконні і піць сырыя яйкі.
«Напэўна, гэта гены, — разважае спадар Мікола. — Вяскоўцы, якія памяталі маю бабулю, расказвалі, што заўсёды ўсё самае смачнае было ў Зосі, так звалі маю бабулю. Я таксама ў дзяцінстве яшчэ заспеў яе дамашнія хлябы з печы. Яе ўменні перадаліся маёй маці і маёй старэйшай сястры Галіне».
Спадар Мікола ўзгадвае, што нават калі сям’я ў 70-х гадах жыла ў Мінску на вуліцы Жукоўскага, яго бацькі ў двары двухпавярховай хрушчоўкі ў хляве трымалі і курэй, і парасят.
«Я, калі быў яшчэ школьнікам, захапіўся гадоўляй трусоў. Шапку тады прэстыжна было такую мець. А ўсё астатняе ўжывалі ў ежу. Памятаю таксама, як падчас сямейных і суседскіх застолляў абмяркоўвалася, што з чаго гатавалі, што дадавалі. Закаткі моднымі сталі. У кожнай гаспадыні была кніжка, куды перапісваліся рэцэпты», — успамінае спадар Мікола.
Гатаваць па рэцэпце — тое самае, што ездзіць на ровары па інструкцыі
Пры гэтым, сцвярджае кухар з традыцыйным вясковым досведам, па рэцэптах ён не гатуе, а падключае сваю інтуіцыю і згадвае смакі дзяцінства.
«Гатаваць па рэцэпце — тое ж, што вучыцца ездзіць на ровары па кнізе. Можна 100 разоў перачытаць інструкцыю, але пакуль не сядзеш і не паспрабуеш, нічога не атрымаецца», — кажа спадар Мікола.
Гатаванне, якім займаецца Мікола, ён называе інтуітыўным.
«Мая матуля, якой 87 гадоў, эксперт у гэтым. Яна часта расказвае, што яны елі ў дзяцінстве. Прыгадвала, што мая бабуля кожны дзень гатавала свежы суп. Маці кажа: «Жур, памятаю, смачны быў». І я пачынаю рэканструяваць гэтую ежу, — кажа Мікола. — Шукаю рэцэпты, абдумваю, натхняюся, вару. Даю маці паспрабаваць. Калі яна скажа, што падобна да смаку дзяцінства, радуюся. Калі не, то працягваю шукаць той самы смак».
Спадар Мікола Матрунчык сцвярджае, што сапраўдны смак ежы падобны да класічнай музыкі. Толькі калі ўдумліва ставіцца да яе, можна раскрыць усю яе прыгажосць, усё багацце.
«Фаст-фуд, напрыклад, — гэта папса. Мы слухаем папсу, як фон па радыё, так і з хуткай ежай. Можна перакусіць на бягу, але задавальнення гэта не прынясе. А вось калі ежа прыгатавана з душой, яе можна параўнаць з сімфоніяй. Глядзіце: сімфонія — гэта шмат інструментаў. І ў залежнасці ад таго, як іх спалучыць, атрымаецца мелодыя. Гэта будзе або какафонія, або шэдэўр», — разважае спадар Мікола.
Напрыклад, калі ўзяць сальцісон, трэба ўлічыць, што без свіной шчакавіны сальцісон не будзе мець таго смаку.
«Ці флякі, — працягвае спадар Мікола, — лепш у флякі дадаваць мускатны арэх не ў парашку, бо тады не раскрыецца смак, а браць цэлы і церці яго на тарку перад самым прыгатаваннем. Альбо калі гатуеш кіслую капусту, лепш не наразаць туды бульбу кубікамі, бо не так смачна атрымаецца».
Спадар Мікола кажа, што калі б ён выдаваў сваю кнігу рэцэптаў, то там не было б: «Вазьміце 15 грамаў чагосьці», а былі б такія парады, хітрыкі, пра якія адразу і не падумаеш.
«Таксама мару напісаць кнігу пра тое, як можна гатаваць у печцы. Гэта, ведаеце, таксама навука не простая. Як распаліць у печы, у які момант паставіць туды гаршчок. Я неяк паскардзіўся суседцы, што тушонка, якую я гатую у печы, не стаіць. Суседка кажа: «А калі ты мяса ў печку ставіш?» Я пачынаю распавядаць: калі печка вытапіцца, калі вугельчыкі застаюцца. Па логіцы ж так. А яна: «О не, так ніколі не атрымаецца.
Мяса трэба ставіць, калі ў печцы самы агонь, тады яно прапячэцца і будзе стаяць закатанае». Вось адкуль жа ведаць такія нюансы? — кажа Мікола.
Экафанія — гаспадарка, якая гучыць, як сімфонія
Мікола Матрунчык кажа, што ў краму ходзіць толькі для таго, каб купіць крупаў ды алею. Усё астатняе яны з жонкай вырошчваюць на сваёй уласнай сядзібе.
«Ежа, якую мы ядзім, павінна расці на адлегласці 30—50 кіламетраў. Тады яна ідзе на карысць. Нават калі вы жывяце ў горадзе, пасадзіце на падваконні свой міні-агародзік. Гэта ўжо будзе добрым дадаткам. Тое, што есць мая сям’я, расце за 30 метраў», — расказвае Мікола.
Прыватная гаспадарка сям’і Матрунчыкаў непадалёк ад Мінска займае прыкладна палову гектара. Там яны вырошчваюць гародніну, садавіну, больш за дзясятак найменняў розных зёлак, якія ідуць у прыправы. Тут жа гадуюцца качкі, індыкі, перапёлкі, куры, гусі, трусы.
«Мы назвалі сваю гаспадарку «Экафанія». Бо ўсе модулі ў нас узаемадзейнічаюць адзін з адным, гучаць. Малако ж і мяса мы бяром у суседзяў. Мы ім трусоў — яны нам свініну. Я раю так рабіць усім. Знайдзіце паблізу фермера, які будзе дзяліцца з вамі лішкамі і харчуйцеся правільна», — дае параду Мікола Матрунчык.
«Мяне вельмі цешыць, — працягвае спадар Мікола, — што мае сыны, унучка таксама ацанілі каштоўнасць натуральнай ежы. Унучка з задавальненнем п’е сырыя яйкі».
Яйкі, кажа Мікола Матрунчык, гэта таксама не простая рэч:
«Гэта здаецца, што яны аднолькавыя і ў прыватнай гаспадарцы, і ў краме. А калі разабрацца? Я гадую ўсіх птушак разам. Яны разнаполыя, а значыць, яйкі ў іх аплодненыя. Там закладзена жыццё, яны жывыя. І калі ты выпіваеш такое яйка, яно аднаўляе твой арганізм. А ў крамах жа прадаюцца нежывыя, неаплодненыя яйкі».
Хутка вясна, і Мікола прызнаецца, што ён у чаканні першай зеляніны.
«Калі першая крапіва толькі вылезе, які з яе смачны боршч! Або салата з дзьмухаўца. Матуля мая таксама кажа, што толькі падумае пра першую зялёную салату з дзьмухаўца, крапівы і сніткі, дык у яе аж слінку гоніць. Так хочацца хутчэй адчуць гэты збалансаваны, тонкі, з прыемнай гарчынкай смак, — расказвае Мікола. — А яшчэ з дзяцінства памятаю, як жанчыны ў вёсцы бралі мяхі за плечы і ішлі збіраць дзікае шчаўе».
Ёсць у гаспадара і кухара запаветная мара, якую Мікола хоча здзейсніць ужо сёлета.
«Хачу ладзіць у сябе «аўторкавыя прысмакі». Аўторак у мяне дзень, калі я адносна вольны. Вось хачу збіраць усіх ахвочых у сваёй сядзібе з самай раніцы. Мы запалім у печы, назбіраем зеляніны, падрыхтуем патрэбныя прадукты і будзем разам гатаваць па тых рэцэптах, якія не вычытаеш у кнігах. Потым сядзем за вялікі вясковы стол, пакаштуем усё гэта, пагамонім, абмяркуем. І кожны яшчэ са слоікам смакаты паедзе дадому, каб пачаставаць сваіх родных сапраўднай, традыцыйнай ежай», — марыць услых Мікола Матрунчык і шчыра ўсміхаецца…
Комментарии