Культура66

Как Быков стал Быковым: что сделало его таким, каким он был — биография

Сегодня 100 лет со дня рождения писателя. Что сделало Быкова великим писателем? Безусловно, война, смерть, которой он смотрел в глаза. Но судя по воспоминаниям, решающими оказались длительная, чуждая его душе, служба в армии в послевоенное время, а также «котел свободомыслия» — Гродно. 

Графіці ў Віцебску. Мастакі Глеб Каштанаў і Ян Кузьмін. Фота: Павел Вур, sputnik.by.

Эрнест Хэмінгуэй казаў, што найлепшая школа для пісьменніка — нешчаслівае дзяцінства, маючы на ўвазе сябе. Цікава, якое азначэнне гэты сын доктара і опернай спявачкі з Оўк-Парка, штат Ілінойс, знайшоў бы для дзяцінства ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна ў 1930-я? Тут трэба быў бы, хутчэй, талент Гарыет Бічэр-Стоу.

Уявім, што маленькі Гары з «Хаціны дзядзькі Тома», сын бяспраўных рабоў, вырастае і робіцца Хэмінгуэем. Падобны да гэтага шлях прайшоў Васіль Быкаў — пісьменнік, які апісваў стан непазбежнасці і цяжкога выбару. Стану, у якім ён і яго краіна пражылі доўгія гады. Але сялянскіх дзяцей былі мільёны, а Быкаў такі адзін.

Я стаю на мяжы, я іду па нажы

Божа, дапамажы

Захаваць раўнавагу.

Быкаў і нарадзіўся на мяжы — беларуска-беларускай. Да 1939-га мяжа ішла за два кіламетры ад яго Бычкоў. А маці Ганна Рыгораўна нават паходзіла з вёскі Завулак, што пасля Рыжскага міру 1921-га засталася на польскай тэрыторыі. (Там дагэтуль існуюць побач Завулак-Літоўскі, дзе жылі каталікі, і Завулак-Рускі, дзе жылі праваслаўныя.)Там жыў яе брат, з якім дваццаць даваенных гадоў не было ніякай сувязі. І Ганна ўсё бедавала, наслухаўшыся агітатараў пра цяжкое жыццё ў Заходняй Беларусі. Толькі пасля «вызвольнага паходу», калі мяжа перасунулася за Беласток, маці наважылася адведаць брата. Вярнуўшыся, прынесла ад яго гасцінцы: торбачку мукі і баранову лапатку. Васіль Быкаў на ўсё жыццё запомніў гэта: удалося сытна паесці. Беларускія калгаснікі месяцамі не бачылі хлеба, з вясны, пакуль бульба не вырасце, елі мякіну з травой.

Рэканструяваная хата Быкавых у Бычках, Ушацкі раён.

Негаваркога бацькі Васіль у дзяцінстве пабойваўся. Толькі пасталеўшы, змог вытлумачыць сабе прычыны надзвычайнай бацькавай панурасці: гэта быў настрой селяніна, загнанага ў кут калектывізацыяй, які зарабляе за год паўторбы жыта.

Але менавіта Уладзімір Хведаравіч прачытаў малому Васілю апавяданне Лынькова «Гой» — і Лынькоў назаўсёды стаў для Быкава літаратурным аўтарытэтам. Гэта бацька адвёў Васіля раней часу ў школу, каб шасцігадовы малы не нудзіўся дома адзін.

З бацькамі Ганнай Рыгораўнай і Уладзімірам Хведаравічам, сястрой Валянцінай і яе мужам Аляксандрам Шамуком. Вёска Бычкі, 1966 год. Фота з хатняга архіву Васіля Быкава.

Уладзімір быў суровы, упарты селянін, які пабачыў і свету, і гора на рабоце ў Латвіі, на франтах Першай сусветнай, у нямецкім палоне. І ён, і жонка былі жанатыя другім шлюбам: у першым бацька рана аўдавеў, а мацерын муж прапаў без следу ў Пецярбургу. Яна прачакала колькі гадоў, схадзіла пешкі ў Полацк да мошчаў святой Еўфрасінні і выйшла за ўдаўца.

6 з 12

Васіль рос ненахабным кніжнікам, наколькі гэта было магчыма ў тых умовах. Драў кару і здаваў у нарыхткантору, каб купіць «Дрыгву» Коласа, асвойваў куфар з рускай класікай і дарэвалюцыйным маскультам, што застаўся аднакласніку ад дзеда, царскага настаўніка. «Душэўнае фармаванне», якое давалі кнігі, было важнейшае за «ўплывы рэальнага свету». Яны ўзмацнялі суперажыванне, чуласць да болю іншых, успадкаваныя ад мяккай характарам маці. Без суперажывання ж не бывае вялікага пісьменніка.

А болю вакол хапала:

з дванаццаці бычкоўскіх сем’яў шэсць раскулачылі і выслалі на павольную смерць. Яго малы сябрук, калі іх рэчы пакавалі на падводу, яшчэ хваліўся: «А мы цягніком паедзем!»

Васілю таксама хацелася пабачыць цягнік… Атмасферу таго часу Быкаў апісаў пасля ў «Знаку бяды».

Ужо змалку Быкаў без лішніх ілюзіяў ставіўся да савецкіх актывістаў, пазнаючы пасля гэтую пароду ў смершаўцах, партыйных і літаратурных начальніках. Успамінаў, як малы «дапамог» сельсавецкім актывістам. Тыя прыйшлі шукаць лён, які бацька схаваў ад здачы дзяржаве. Васіль і падказаў, каб зірнулі на істопцы. Актывіст палез і грымнуўся праз замаскіраваную дзірку ў столі…

Гарбачоў і «Знак бяды»

Кіраўнік КГБ СССР Віктар Чэбрыкаў скардзіўся генеральнаму сакратару ЦК КПСС Міхаілу Гарбачову на «Знак бяды», у якім аўтар «ачарняў калектывізацыю». Калектывізацыя была спісаная з натуры, пабачанай дзіцячымі вачыма ў Бычках, дзе з 12-ці сем’яў 6 раскулачылі.

За Быкава заступіўся «архітэктар» перабудовы сакратар ЦК КПСС Аляксандр Якаўлеў: «Можна не друкаваць, — казаў ён. — Але нельга не друкаваць». Гэта і вырашыла лёс аповесці: Гарбачоў быў настроены ліберальна, і «Знак бяды» быў не толькі апублікаваны — за яго Быкаву далі Ленінскую прэмію.

«Пашанцавала» з эпохай

Быкаў пачаў усур’ёз пісаць позна — у 31 год. З войска дэмабілізавалі, грашовай працы не было — затое з’явіўся час задумацца пра ўласнае месца ў свеце і прызначэнне. Ён аддаў амаль дзесяць год жыцця вайсковай навуцы, непрыдатнай для мірнага жыцця і антаганістычнай яго натуры. Яго школамі маладога пісьменніка і творчымі стажыроўкамі былі фронт, шпіталь, вайсковыя часткі на Курылах і Сахаліне, дзе давялося паслужыць афіцэрам у першай палове 1950-х.

Вайна ж заспела яго ва Украіне. Выпускнік фабрычна-заводскага вучылішча, Быкаў ехаў на практыку ў горад Шостка Сумскай вобласці, маючы таемны план: там жыў яго дзядзька, які мог дапамагчы ўладкавацца ў індустрыяльны тэхнікум. Але нават знайсці дзядзьку не паспеў — мабілізавалі. Спачатку паставілі капаць процітанкавыя рвы, а пасля пагналі калонамі на ўсход.

Камандзір узвода лейтэнант Васіль Быкаў. Фота з хатняга архіву Васіля Быкава.

Пісьменніку «пашанцавала» з эпохай. Мала якія сюжэты давялося прыдумляць: дастаткова было апрацаваць пабачанае, пачутае і перажытае на ўласнай скуры ў вялізным людскім віры на вайне.

Напрыклад, у познім апавяданні «Палкаводзец» з натуры «запечатлён» маршал Жукаў, які ездзіў па фронце з машынай аўтаматчыкаў і трыбуналам. Ледзь адступленне — адбываўся расстрэл «вінаватых», а трыбунал пасля афармляў прысуды, павымаўшы дакументы з кішэняў забітых.

У Румыніі. Восень 1944 года. Фота з хатняга архіву Васіля Быкава.

Быкаў іранізаваў, што самы аўтабіяграфічны яго твор, «Мёртвым не баліць», дзе ўсё апісана даслоўна так, як было ў рэальнасці, выклікаў найбольшы гнеў апалагетаў «сацыялістычнага рэалізму».

Выжыванне як латарэя

Чытаючы яго ўспаміны ваеннай пары, пераконваешся, якой латарэяй, ланцугом выпадковасцяў было тады выжыванне. Першы раз яшчэ не мабілізаванага Быкава ледзь не расстралялі ў Белгарадзе ўлетку 1941-га — адстаў ад калоны і заснуў у руінах, дзе і адшукаў яго каменданцкі патруль. Знайшлі ў кішэні крамзолі ў блакноце (дадумаўся пазначаць рух фронту) — і ў каталажку.

Раніцай, перад нямецкім наступам, вывелі расстрэльваць, а Васіль заплакаў. Канваір, гукнуўшы «пацан, бяжы!», стрэліў угару.

Кожны іначай зроблены крок мог прывесці да пагібелі. Не выпаўз бы на дарогу, не падабрала б фурманка — і загінуў бы ў хаце з іншымі параненымі, якую ў наступныя хвіліны разнёс з гарматы нямецкі танк; спыніўся б бензавоз, якому галасаваў на дарозе, — і згарэў бы ў ім за паваротам, падарваўшыся на міне; ляжаў паранены на танкавай брані пад бамбёжкай, не меўшы сілаў спаўзці ўніз, — суседнія танкі згарэлі, а ў яго не трапіла; заснуў, змучаны прыступам малярыі, — а калі прачнуўся, побач былі немцы… «У пяхоце такіх негераічных выпадкаў хапала, — адзначаў Быкаў. — Але напісана пра гэта мала». Бо амаль ніхто не прыйшоў у літаратуру з пакутніцы-пяхоты: 97% яе засталося ляжаць у брацкіх магілах ад Масквы да Эльбы.

Усё жыццё Быкаў помніў, як сам несвядома адправіў на смерць падначаленага: загадаў ссекчы куст перад гарматай, што закрываў агляд. Пад тым кустом салдата і забіла.

Адшукаўшы сваё падраздзяленне пасля шпіталя, Быкаў не пазнаў яго: там не было ніводнага знаёмага твару.

За некалькі месяцаў склад цалкам змяніўся. Нездарма ў «Мёртвым не баліць» псіхаваны ротны штрафнікоў называе сябе камандзірам дывізіі — яго рота зазнала 12 папаўненняў, ён бачыў смерць 2400 чалавек.

Перажыўшы такое, чаго можна ў жыцці баяцца?

Крыўда Сямічаснага

А страх на фронце быў не толькі перад немцам. Ад немца, можа, і выйдзеш жывым, а вось ад сваіх — не, кажа Быкаў вуснамі герояў. «Свае» — гэта карныя органы. НКВД, смерш.

Адной з прычын цэнзурных праблемаў Быкава, якога ў другой палове 1960-х не толькі спрабавалі прымусіць перапісваць аповесці, але і запалохвалі па тэлефоне ды збівалі на гродзенскай вуліцы, была асабістая крыўда кіраўніка КГБ СССР Уладзіміра Сямічаснага.

Генералы КГБ у той час чыталі сучасную літаратуру і не маглі прапусціць вобраз капітана Сахно — бязлітаснага, нялюдскага да сваіх, які перад немцамі ў фінале выявіўся халуём і здраднікам. Пра належнасць Сахно да спецслужбаў у падцэнзурнай версіі аповесці няма ні слова — яго пасаду параіў змяніць Пімен Панчанка, рэдактар часопіса «Маладосць», дзе твор друкаваўся. Сахно названы проста афіцэрам штаба, але ветэраны ўсё разумелі.

«Літаратура — не авангарднае мастацтва, якое звычайна ацэньваецца заўтра.

Літаратура важная для сёння. Калі сёння яна не спатрэбілася, дык наўрад ці калі спатрэбіцца ў будучыні», — пісаў Быкаў.

Яго проза нараджалася ў час. Апявалі «органы» — Быкаў пісаў «Мёртвым не баліць», трубілі пра піянераў-герояў — Быкаў адказваў «Круглянскім мостам», лічылі інтэрнацыяналізацыю беларусаў завершанай — атрымлівалі «Знак бяды»…

Былі са смершам і асабістыя рахункі — адзін капітан, карыстаючыся службовым становішчам, спрабаваў адбіць у лейтэнанта Быкава дзяўчыну, радыстку Тосю, першае юнацкае каханне. Яе перавялі на іншы ўчастак фронту, яны перапісваліся, пасля след згубіўся.

А раз у Аўстрыі, у часе зацішша, Быкаў вучыўся ездзіць на ровары (у дзяцінстве не давялося — адкуль было ўзяцца ровару ў Бычках). Разагнаўшыся з горкі, ён на павароце збіў з ног упаўнаважанага контрразведкі — у таго аж штаны разадраліся. Смершавец зароў, але не помсціў. Так што не ўсё толькі дрэннае было звязана, як той казаў.

Сахно

Быкаў успамінаў, як доўга выбіраў прозвішча смершаўцу ў «Мёртвым не баліць»: рускае не прапусціла б цэнзура, сярэднеазіяцкае было нерэалістычным — абраў нейтральна-славянскае. Пасля выявілася, што такое самае прозвішча меў адзін з паліцаяў, які паліў Хатынь. Ён пасля ваяваў на савецкім баку і меў узнагароды. «Яго б выкрылі раней, каб уважліва чыталі Быкава», — жартаваў Алесь Адамовіч.

«Вася, пакайся»

Пасля публікацыі «Мёртвым не баліць» аўтара з падачы галоўнага ідэолага СССР Міхаіла Суслава і кіраўніка КГБ Уладзіміра Сямічаснага шальмавалі ў прэсе, агенты пабілі вокны ў яго кватэры, а раз Быкава і яго сябра, гісторыка Барыса Клейна, збілі ў цэнтры Гродна трое невядомых.

Быкаву намякалі, каб ён публічна пакаяўся. Пра «пакаянне» прасіла і яго жонка Надзея, чаго ён ёй не дараваў.

Але Быкаў не пакаяўся і не адступіўся.

Гродна як месца нараджэння

У сучасным кіно пра вайну часта паказваюць, як грымяць апошнія залпы — і салдаты ў той самы момант едуць расквечанымі эшалонамі дахаты. У рэальнасці так хутка не адпускалі, асабліва афіцэраў. Бо ім на змену краіна, якая зазнала страшэнныя людскія страты, проста не мела каго мабілізаваць. Пасляваенны год Быкаў адслужыў у Балгарыі, пасля — ва ўкраінскім Мікалаеве. Усё гэта давала веданне жыцця розных краёў і разуменне розных народаў, розных людзей.

Хто іншы, замацаваўшыся ў войску, і не жадаў бы сабе іншага жыцця. Але Быкава зоркі на пагонах не цікавілі: ён хацеў «у бедную сваю Беларусь», хацеў вучыцца. Бацька адгаворваў вяртацца: у войску хоць кормяць, а ў калгасе голад, як і да вайны.

На Замкавай гары ў Гродне. 1973 год. Фота Аркадзя Перахода.

Калі ўдалося нарэшце дэмабілізавацца, Быкаў прыехаў у разбомблены Мінск. З другога заходу паспрабаваў ажыццявіць мару стаць мастаком. (Перадваенная вучоба — Віцебск, Мекка беларускага мастацтва — скончылася ў 1940-м, калі зрабілі платнымі падручнікі і адмянілі стыпендыю. Быкаў не меў чым плаціць, вярнуўся тады ў школу.)

Іван Ахрэмчык, дырэктар вучэльні, якому дэмабілізаваны Быкаў дазваніўся, сказаў, што навучання пакуль няма, і параіў уладкоўвацца ў Гродне ці Брэсце, дзе былі моцныя мастакоўскія калектывы. Быкаў выбраў Гродна. Спадабалася старая архітэктура, замкі, пакручастыя вулачкі.

Грошай з афарміцельскага занятку хапала толькі на аплату найманага пакоя і халасцяцкую выпіўку ў вясёлай мастакоўскай кампаніі.

Хтосьці за кухлем раз падказаў: у газеце «Гродзенская праўда» з’явілася беларуская версія. Нібы мова беларуская Быкава паклікала: у газеце ён зрабіўся сабой. Тут пазнаёміўся з гродзенскімі і мінскімі пісьменнікамі, знайшоў сяброў, тут сустрэў будучую жонку — а пасля і другую.

Мова, дарэчы, была для Быкава аб’ектыўнай жыццёвай каштоўнасцю.

Наведаўшы Мінск, ён абавязкова заходзіў да Ніла Гілевіча, з якім, піша Быкаў, можна было «нагаварыцца па-беларуску».

З марай пра кар’еру прафесійнага мастака ў «Гродзенскай праўдзе» давялося развітацца. Хоць Быкаў усё жыццё рабіў графічныя замалёўкі: прырода, архітэктура, коміксы з сямейнага жыцця. Кухню свайго лецішча ў Ждановічах ён упрыгожыў «фрэскамі» на садавінна-гароднінную тэму. А галоўнае, сама проза яго візуалістычная. Чытаючы, ясна ўяўляеш кожную сцэну: дзе стажок, дзе Цімошкін з Блішчынскім, дзе немцы капаюць умацаванні.

У «Гродзенскай праўдзе» Васіль пазнаёміўся з прыгажуняй Надзеяй Кулагінай, студэнткай педінстытута, якая падпрацоўвала ў рэдакцыі на карэктуры. Адносіны развіваліся хутка. Яны пажаніліся пад восень, знайшлі кватэру ў прыватным дамку ля Каложы. Праўда, прыходзілі туды толькі начаваць, працуючы з ранку да ночы — «жылі як на вакзале».

Салдат халоднай вайны

Неўзабаве Васіля загрэблі на чарговыя вайсковыя зборы. Экзамены па іх выніку старанны Быкаў здаў на выдатна. Гэта паспрыяла таму, што яго нечакана, не спытаўшы згоды, залічылі ў кадры Савецкай Арміі. Пачыналася супрацьстаянне з ЗША, халодная вайна, Савецкі Саюз ізноў нарошчваў войска.

Служыць паслалі аж на Курылы, жонка, вядома, паехала за ім. На востраве Кунашыр у іх нарадзіўся сын Сярожа — і здолеў выжыць у дашчаным бараку, каля жалезнай печкі. Жонка працавала ў школе, Быкаў прападаў на службе, а малы Сярожа бавіў час ды грэўся ў кампаніі вялізнага пухнатага ката.

Васіль Быкаў з жонкай Надзеяй і сынам Сярожам. Далёкі Усход, 1954 год. Фота з хатняга архіву Васіля Быкава, малодшага сына пісьменніка.

На Курылах спецслужбы лютавалі горш як на вайне: афіцэр праспаў службу і мацюкнуўся, назваўшы свой няспраўны будзільнік «стаханаўскім праізводствам». Сусед за фанернай сценкай пачуў і данёс «куды трэба» — афіцэр назаўтра ж паехаў у лагер.

Адтрубіўшы пяць гадоў без водпуску на Курылах і Сахаліне, Быкаў нарэшце дамогся пераводу ў Беларусь, пад Асіповічы. А тут якраз Хрушчоў скараціў войска на 55 тысяч чалавек, і Быкава дэмабілізавалі.

Быў праз нейкі час і трэці раз, калі Быкава хацелі загрэбсці ў войска. Але ён, падпаіўшы знаёмага ваенкама, атрымаў ад таго карысную параду. Напісаў у анкеце, што мае сваяка за мяжой: стрыечны брат Мікола жыве ў Заходняй Германіі. Насамрэч, Мікола знік без вестак на фронце. Але ніхто не правяраў, і больш да Быкава не чапляліся.

Камсамол і партыя

«Хацеў быць камуністам і сумленным чалавекам. Толькі не ведаў, як такое магчыма», — пісаў Быкаў пра свайго сябра, шчырага, гарачага і няўрымслівага гарадзенца Аляксея Карпюка. Сам Быкаў так і застаўся беспартыйным, бо лічыў членства ў камуністычнай партыі рабствам душы.

Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк зрабілі вялізны ўплыў адзін на аднаго. Можна сказаць, што яны разам мяняліся. Мінск, 1962 год. Фота Уладзіміра Крука.

Камсамольцам у войску быць давялося, і камсамол стамляў Быкава паказухай і фальшам, за падтрыманнем якіх сачылі палітрукі. Прызначылі Васіля камсоргам (камсамольскім арганізатарам) палка ў Сафіі пасля вайны, а гэтая пасада прадугледжвала партыйнасць. Але наваспечаны камсорг прагуляў з сябрамі ў рэстаране сабраныя напярэдадні камсамольскія ўнёскі. Разлічвалі атрымаць зарплату назаўтра і кампенсаваць, але зарплату якраз затрымалі…

Пра выпадак хтосьці (з пяці сяброў-аднапалчанаў, з якімі і кроў лілі, і ў рэстаране гулялі) данёс. Быкаў у знак пратэсту выпіў, не па-куляшоўску спаліў у грубцы камсамольскі білет — і з тае пары ўсё жыццё быў беспартыйны. І не ён адзін — беспартыйнымі, напрыклад, усё жыццё прынцыпова заставаліся народныя пісьменнікі Янка Брыль, Рыгор Барадулін, а яшчэ Алесь Адамовіч.

Адамовіч

«Здаецца, і сяброў вакол многа, і знаёмых, а памёр Саша — і пагаварыць не стала з кім», — сумна казаў Быкаў пра Алеся Адамовіча. Яны сябравалі сем’ямі, але больш любілі мужчынскія гутаркі сам-насам, зачыніўшыся ў кабінеце Адамовіча.

Адамовіч, дзякуючы шырокім кантактам у маскоўскіх літаратурных колах, быў для беларускіх пісьменнікаў накшталт добраахвотнага літаратурнага агента: ён «прабіў» ім не адну публікацыю ў «Дружбе народов» ці «Новом мире». А калі цябе друкуюць у Маскве, то да цябе вымушана лагодней ставіцца і мінскае ідэалагічнае начальства.

Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч. 1984 год. Фота Яўгена Коктыша.

Адамовічу трэба дзякаваць і за неацэнныя падрабязныя ўспаміны, якія пакінуў Васіль Быкаў. У 1985-м, запрасіўшы Быкава да сябе, Адамовіч пасадзіў яго перад сабой, уключыў магнітафон з мікрафонам і гукнуў: «Давай, расказвай». Тры дні яны запісвалі дыялогі — пра дзяцінства, вайну, Гродна.

Жонка Адамовіча, Вера Сямёнаўна, насіла ім у кабінет чай і часам віно. Яна ж пасля расшыфравала тыя запісаныя касеты. Дыялогі сталі асновай для кнігі ўспамінаў «Доўгая дарога дадому». Быкаў складаў яе ў пачатку 2000-х на чужыне, дзе не было як ні спраўдзіць факты, ні ўзнавіць прозвішчы — і як знайшоў тыя запісы 15-гадовай даўніны.

Быкаў і Адамовіч разыходзіліся ў стаўленні да кіно. Адамовіча кіно бясконца захапляла, ён проста жыў ім. Быкаў ставіўся да фільматворчасці прахалодна-скептычна.

Хоць «Ідзі і глядзі» Элема Клімава, паводле сцэнара Адамовіча, уразіў Быкава. «Пасля гэтага можна кіно пра вайну не здымаць», — сказаў ён.

Адзіны фільм паводле сваіх твораў, які яму спадабаўся, — «Узыходжанне» паводле аповесці «Сотнікаў». Рэжысёр Ларыса Шапіцька нават хацела назваць яго «Узнясенне», але настолькі рэлігійную назву цэнзура б не прапусціла. Рэжысёр схапіла галоўнае: многія творы Быкава чытаюцца як духоўная літаратура. У кожным сваё ўзыходжанне, змаганне са злом ва ўсёй бясконцасці яго формаў. Канфлікт праўды і сілы. Бо тым, у каго праўда, казаў Быкаў, сіла без патрэбы.

І ваўкі сытыя, і «Сотнікаў» цэлы

Цікава, што перад друкам «Сотнікава» цэнзура прычапілася, каб увесці ў твор станоўчы вобраз камуніста. Такая ўстаўка апашліла б аповесць і сфальшавала. Рэдактар Барыс Сачанка вырашыў праблему віртуозна: у дарэчным эпізодзе ўпісаў, што камуністам быў сам галоўны станоўчы герой Сотнікаў. Аповесць надрукавалі. У расійскім выданні Сотнікаў застаўся беспартыйным.

Новы жыццёвы этап

У 1977-м Быкаву было 54. У такім веку многія падбіваюць вынікі жыцця і заводзяць дачу, а ён паставіў сябе перад асабістым экзістэнцыйным выбарам. І вырашыў пачаць жыццё па-новаму. Без аніякіх тлумачэнняў ён з’ехаў жыць у Мінск, даслаўшы пасля жонцы ліст.

Справа налева: Васіль Быкаў, былая палітзняволеная Ларыса Геніюш, былы партызан Аляксей Карпюк і Данута Бічэль-Загнетава. Фота Юркі Голуба.

Пра абставіны сямейнага разладу ён піша ва ўспамінах скупа, паўнамёкам. Сыны выраслі ды абралі свае жыццёвыя шляхі — адзін служыў у Лейпцыгу, другі працаваў доктарам у Гродне. Першая жонка Быкава не разумела. Калі ў 60-х пісьменніка сталі цкаваць за праўдзівыя творы пра вайну, яна яго не падтрымала, а наадварот…

У Мінску з дапамогай драматурга Андрэя Макаёнка і сакратара ЦК па ідэалогіі Аляксандра Кузьміна — гэтага чалавека, былога ваеннага лётчыка, шмат хто ўспамінаў добрым словам, — Быкаў атрымлівае кватэру ў доўгім дзевяціпавярховым чырвоным доме на Танкавай. Праз год да яго пераязджае з Гродна Ірына Суворава.

Хоць у савецкі час пісьменнікі атрымлівалі вялізныя ганарары і маглі лёгка мець іншыя прывілегіі, Быкаў быў гранічна сціплым у побыце і адзенні. На фота: кабінет пісьменніка і дача ў Ждановічах.

Яны былі знаёмыя з канца 1940-х, разам працавалі ў «Гродзенскай праўдзе». Ірына Міхайлаўна, пісаў Быкаў, «адной з першых у рэдакцыі адзначыла мае літаратурныя спробы, выявіўшы адмысловыя веды і дасканалы літаратурны густ. …Я быў ёй удзячны за ўсё, і тая ўдзячнасць пакрысе перарасла ў сталае пачуццё. Пачуццё тое набыло пэўны характар, калі я трапіў у чорную паласу літаратурна-палітычных здзекаў… Iрына стаяла на сваім, падтрымлівала і верыла ў мой шчаслівы літаратурны лёс».

Фота Мікалая Матукоўскага.

Быкаў быў вялікім аўтааматарам

«Позна ўзяўся за руль, затое вучыў машыну, як ніхто з тых, што іх мелі з дзяцінства», — з прыхаваным гонарам пісаў Быкаў. З тэхнікай ён «сябраваў» — нездарма быў добрым артылерыстам. Першым прыватным транспартам Быкава была маторная лодка на Нёмане.

Што да аўто, дык машыны ў СССР набываліся з дзікімі праблемамі, нават калі грошы былі. Каб купіць свае першыя «Жыгулі», прыйшлося хадайнічаць перад аблвыканкамам і доўга чакаць чаргі. Пасля была «Волга», на якой яны з Рыгорам Барадуліным і жонкай Ірынай Міхайлаўнай ледзь не разбіліся пад Ашмянамі, па дарозе на літоўскі курорт Ніда на Балтыйскім моры: Быкаў у тумане не заўважыў машыну справа. Сутыкнення ўдалося пазбегнуць дзякуючы рэакцыі другога кіроўцы.

А ў Мінску праз некалькі гадоў, ізноў не прапусціўшы, Быкаў сутыкнуўся з самазвалам, які «дужа ўлупіў у правы борт». Раз машыну, якую Быкаў не паставіў на ручнік, уратавала жонка: здагнала аўто, што ўжо кацілася з горкі ў рэчку, заскочыла ды націснула на тормаз.

Першую жонку Надзею Андрэеўну праз чатыры гады пасля разводу забрала анкалогія. Быкаў на пахаванні не быў, паехаў на магілу праз тыдзень. І вось супадзенне: у Бараўлянах жонку лячыў той самы доктар Генадзь Мураўёў, які ў 2003-м паспрабуе ўратаваць жыццё Быкаву. Пісьменнік спытаецца ў доктара, ці мог яго сыход з сям’і стаць прычынай хваробы Надзеі Андрэеўны…

Помнік Быкаву на Усходніх могілках: граніт прывезлі з Фінляндыі, якая дала пісьменніку прытулак і стыпендыю ў цяжкія гады.

Тады ж, у канцы 1970-х, у Быкава наперадзе была яшчэ чвэрць стагоддзя.

Васіль Быкаў. Біяграфія

19 чэрвеня 1924 — 22 чэрвеня 2003

Народны пісьменнік Беларусі, ветэран Другой сусветнай вайны.

Ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах, пад Кіраваградам быў памылкова прызнаны забітым, родным адправілі пахаронку. Яго імя ёсць на абеліску на брацкай магіле. Удзельнічаў у вызваленні Румыніі, Балгарыі, Венгрыі, Югаславіі і Аўстрыі. Служыў у пяхоце і артылерыі, тройчы паранены.

Першыя творы напісаў у час службы на Далёкім Усходзе.

У 1947—1949, 1955—1977 жыў у Гродне, працаваў у газеце «Гродзенская праўда». З канца 1977 жыў у Мінску.

У аповесцях «Жураўліны крык» (1959), «Трэцяя ракета» (1961), «Альпійская балада» (1963), «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1967), «Сотнікаў» (1969), «Абеліск» (1971), «Дажыць да світання» (1972), «Воўчая зграя» (1974), «Яго батальён» (1975), «Пайсці і не вярнуцца» (1978) паказаў вайну без прыхарошванняў.

У аповесці «Знак бяды» (1982) праўдзіва адлюстраваў калектывізацыю ў Беларусі. Выдаў некалькі кніг публіцыстыкі і мемуары «Доўгая дарога дадому» (2002).

Усё жыццё, вайна, служба выпрацавалі ў Быкаве цвёрдае перакананне: Беларусі патрэбныя незалежнасць і еўрапейскі шлях, толькі яны могуць даць страхоўку ад паўтору жахаў мінулага. Быкаў стаў заснавальнікам Беларускага Народнага Фронту.

У 1990-я Быкаў быў катэгарычна супраць аўтарытарнага кіравання. У знак пратэсту выехаў з краіны і пяць гадоў пражыў у Фінляндыі, Германіі, Чэхіі. Але ў 2003-м, смяротна хворы, не стаў чапляцца за еўрапейскую медыцыну, а прыехаў на радзіму.

«Васіль, ты надоўга?» — спытаў у яго тады сябар, былы кіраўнік тэлебачання і пасол Беларусі пры ААН, Генадзь Бураўкін. «Назаўсёды», — адказаў Быкаў.

Пахаванне Быкава ў 2003 годзе было адзіным такім у гісторыі Беларусі. Яно ператварылася ў велічнае шэсце праз увесь Мінск. У ім узялі ўдзел дзясяткі тысяч людзей розных палітычных поглядаў, пацвердзіўшы тым самым маштаб яго асобы.

Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

@nashaniva Сёння Васілю Быкаву споўнілася б 100 гадоў. Цікавая гісторыя з яго жыцця #васільбыкаў #беларусь #нашаніва #беларускаямова #беларускітыкток #жывебеларусь #белорусы ♬ Беларусь - Без Билета

Комментарии6

  • AMIF
    19.06.2024
    Так, Быкаў прайшоў сваю доўгую дарогу дадому.
    Але ж мы выбралі шлях з аднаго ада ў другі, як пяецца ў песьні.
  • Anatol Starkou
    19.06.2024
    "Быкаў і нарадзіўся на мяжы — беларуска-беларускай. Да 1939-га мяжа ішла за два кіламетры ад яго Бычкоў."

    Гэта красіва сказана - беларуска-беларуская мяжа. Але насамрэч, вам бчб пісацелі і чытацелі, яшчэ прыйдзецца зразумець, што на Захад ад гэтых Бычкоў былі ЗЕМЛИ РОССИЙСКОЙ ИМПИРИИ. Былі, ёсць і будуць ЗАЎЖДЫ. Бо дзяржавы беларускай у 1921-м, калі па Рыжскаму дагавору ўтварылася тая мяжа, не існавала. Зразумела, што Іосіфу Вісарыёнавічу шчырае ДЗЯКУЙ за тое, што аб'яднаў у 1939 беларускую нацыю, калі далучыў тыя землі Расійскай імперыі да БССР. 
    Адсюль, вы калі-небудзь зразумееце, што не проста так узнік ваенна-палітычны Саюз РБ і РФ, з'явіліся расійскія Іскандэры з цікавай начынкай у РБ непадалёку ад Бычкоў. І абараняюць тыя Іскандэры СВАЮ РАСІЙСКУЮ ЗЯМЛЮ на Захадзе ад той даўняй беларуска-беларускай мяжы ля Бычкоў.

  • 100 год Васілю Быкаву
    19.06.2024
    Зянон Пазняк пра Васіля Быкава, яго творчасць, супраціў і шлях да нацыянальнага адраджэння. https://youtube.com/watch?v=mvZ1EyEWG3k

«Сергей» не один. Вот как КГБ предлагает заработать на слежке за белорусскими эмигрантами2

«Сергей» не один. Вот как КГБ предлагает заработать на слежке за белорусскими эмигрантами

Все новости →
Все новости

Беспилотники нанесли удар по складу боеприпасов в Карачеве Брянской области России2

Наелись публичности: люди сильно изменили свое поведение в соцсетях2

В российском Тольятти 13-летняя девочка зарезала малолетних сестер17

Палестинские журналистки получили премию Политковской. О них высказалась Алексиевич58

«Нас отбросили в март 2022 года». Z-блогеры в ярости из-за блокировки Discord5

Вольфович рассказал о новой форме призыва военнообязанных из запаса12

Что с выездом из Беларуси утром в среду?

МЧС предупредило о тумане

Под Пинском наложили арест на родительский дом руководителя «Белсата»5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Как велись тайные переговоры Байдена и Путина о войне в Украине40

Как велись тайные переговоры Байдена и Путина о войне в Украине

Главное
Все новости →