Литература55

Как Сергей Понизник пешком ходил к Евгении Янищиц из Барановичей под Пинск, ночуя у случайных людей

Успаміны пра першую дарогу да Жэні Янішчыц

У канцы лета 1965 года закончылася мая журналісцкая практыка ў газеце 120-й гвардзейскай Рагачоўскай дывізіі ва Уруччы. Узгадаю, што сяржант гэтай дывізіі ў жніўні 1963 года стаў у Львове курсантам факультэта журналістыкі Вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча СА і ВМФ. Яшчэ вясной 1965 года ўдалося выпрасіцца на стажыроўку ў «родную» мне дывізію, а па праўдзе — насыціцца радзімай.

У Львоў вырашыў вяртацца праз Баранавічы, каб потым у патрэбнай развілцы накіравацца ў бок Пінска. А на Ясельдзе знайсці Жэню Янішчыц. Зацікавілі першыя публікацыі яе вершаў у рэспубліканскім друку, захацелася ўбачыць гэтага незвычайнага самародка.

Як гэта ўсё адбывалася больш як паўсотні гадоў таму, расшыфроўваю зярняткі радкоў з курсанцкай «захаляўнай» кніжыцы.

Дзень першы

У Баранавічах — непаразуменне. На галоўнай станцыі — Палескай — цягнік не спыніўся. Завезлі на «Цэнтральную». Адтуль аўтобусам вярнуўся назад. За Баранавічамі сеў на грузавічок і паехаў да Ляхавіч. Калі праязджаў Шчару, то па абодва бакі было добра бачна, як чарнеюць байніцамі доты. Хлопец-шафёр гаворыць, што тут у часы Першай сусветнай вайны тры гады фронт стаяў:

— Па ўсёй Шчары — такія германскія бункеры!

Шафёр працаваў у леспрамгазе, і калі пілавалі ствалы дрэў, дык піла часценька ўядалася то ў калючы дрот, які завяз у камлі, а то ў асколкі…

Горад Ляхавічы стаіць на рацэ Ведзьма. Бачу, што гэта проста ручаіна з гнілымі берагамі.

— Малая то малая, — прыкмячае вадзіцель, — а летась гэтая Ведзьма чалавека ўтапіла…

На маёй зацяглай дарозе вёска Свяціца — апошні з населеных пунктаў па дарозе ад Ляхавіч да Ліпска. Мяне зацікавіла тая Свяціца вось чаму. У Львоўскім музеі ўкраінскага мастацтва паказалі Біблію Скарыны, мноства беларускіх старадрукаў, якія набыў у свой час Іларыён Свянціцкі, стварыўшы тым самым «Беларускі аддзел». Распавялі мне пра такі подзвіг вучонага яго дачка Вера Іларыёнаўна, удава Анісся Мацвееўна.

Першапачатковае прозвішча яго — Свяціцкі. Бацька Сямён Свяціцкі служыў святаром. І была згадка, што продкі яго — з ваколіц Выганаўскага возера, якое мела ў ХІХ ст. назву Свяціца. А тут мне напаткалася вёска Свяціца — даўняе ўладанне Радзівілаў.

У Ліпску мяне высадзілі. Да Залужжа — 4 км. Прайшоў спакойна. Мне параілі пазней ісці ў Тухавічы, а пасля кіравацца да 10-га шлюза. Сем кіламетраў да Тухавіч ішоў па лесе. У вёсцы дазволілі пераначаваць на гарышчы. Развітаўся з гаспадыняй хаты і маці дзетак Зінай Пацукевіч. Пачалася новая дарога.

Дзень другі

І вось я сяджу ў рыбацкай хібары. Хлопчык пакарміў мяне. Мы пакупаліся ў Агінскім канале. Маторная лодка павязе мяне бліжэй да вечара. Прыйшоў час гатаваць перакус. Я наабіраў бульбы. «А яшчэ будзе суп з гарохам», — кажа мой кармілец.

Маторкай я праехаў 10 км. Далей канал перасох. А да Целяханаў, мне сказалі, дабірацца ажно 12 вёрст. Рушыў у патрэбным кірунку. Дзесьці ў лесе заўважыў вышку. Агледзеў з яе вышыні ўсю мясцовасць. Не так далёка прыкмеціў будыніны. Рукзак скручвае плечы. Не дапамагае і процівага яму — «Спідола».

Аказваецца, першай вёскай стала перада мной Вулька-Целяханская. Побач — возера. Заначаваў у добрых людзей. Сытна пачаставалі. Адпачываў у ложку. Гаспадары заможныя. Паснедаўшы, адправіўся ў дарогу.

Дзень трэці

І вось я сяджу каля ліпы ў Цяляханах. Сто вёрст ад Баранавіч — гэта калі напрамкі… Чакаю папутку. З малодшым сяржантам-міліцыянтам даехаў да Лагішына. Далей ён ехаць не заахвоціўся — натросся ў кузаве. А я на спыненай ім машыне даязджаю да Ясельды. Адпраўляюся ў бок Парэчча, на землі Агінскіх-Скірмунтаў. Вёска цікавая, але мне сказалі, што Жэню трэба шукаць у Рудцы, у пяці кіламетрах адсюль…

Прыйшлося мне пешкі вяртацца назад. Па дарозе сустрэўся з аўтобусам, у якім, як пазней даведаўся, ехала Жэня з Рудкі ў Парэчча. А ў вёсцы Рудка я знайшоў яе дом, але Жэні там не аказалася: мы размінуліся. Мяне сустрэла яе мама — лагодная, усмешлівая жанчына. Паказала Жэніны сшыткі. Сяджу, чытаю, перапісваю… Надта ж спадабаўся яе верш «Лівень». Уразіла:

Я найшчаслівая з самых шчаслівых,

Я — у дарозе вечнай…

Пасля параўнання: «Лівень, лівень! Мой добры хлопчык…» закранула і такое: 

Сэрца ў грудзях — маленькі гармонік,

Крыху дзёрзкі і бесклапотны.

Дзяўчыне яшчэ і сямнаццаці няма, а творы вельмі «дарослыя». Перапісаў радкі з верша «Пісьмо да настаўніцы»:

Абяцаю, што ўсё асілю я,

З непрыкметным не выйду ў свет.

Верце мне, Кацярына Васільеўна,

Без трывогі і без прыкмет.

Я паспеў перапісаць у свой сшытак і такія вершы Жэні: «Хутка вернешся», «Раўчукі», «Дарогі»… У апошнім — спадзяванні аўтаркі на будучыню, у якой

…І зайграюць гармонікам

Пасівелыя вёсны.

Верыць аўтар, што прыйдзе час, калі

Раптам сэрцам адчую я,

Як не згасла каханне.

А я што РАПТАМ адчуў? Раптам убягае ў хату дзяўчынка. Спытаў спачатку, агаломшаны: «Жэня?»

Адказвае: «Так!»

Знаёмлюся: «Панізнік…»

Такая жывая, па-добраму смешная дзяўчынка стаяла перада мною. Нават не верылася, што гэта яна, Жэня, можа пісаць такія кранальныя вершы.

Вясёлая! І гаворка вясёлая між намі не спыняецца. Ад Жэні я дазнаўся пра цікавы альманах «Ясельда» і што ў газеце «Полесская правда» за 11 красавіка 1964 года пра яе пісалі як пра маладую паэтэсу, якую любяць «за открытый, восторженный характер». Пацікавіўся, а з якой нагоды пачалося ў Жэні захапленне вершамі? Дазнаўся, што ў школе рыхтаваліся правесці вечар, прысвечаны Якубу Коласу. Ёй прапанавалі прачытаць верш народнага паэта. Падумала: надта ж вялікі, цяжка будзе вывучыць на памяць. Лепш я напішу свой! Так і пачалося…

А потым мы сталі чытаць па чарзе вершы. І зараз чую яе шчабятлівы голас:

Прастора і сэрца — насцеж.

Іду, нібыта вясна.

Людзі, бярыце шчасце:

Для вас я яго нясла.

Дзявочыя вершы было надзвычай прыемна слухаць. А па-сапраўднаму таленавітыя — адчуваць на сэрцы свята. Я быў уражаны такому ўваходжанню ў паэзію. Аж зайздрасць брала ад шчаслівасці яе радкоў.

…Потым — палуднавалі. І на Ясельду! Хадзілі па беразе рэчкі з фотаапаратам і «Спідолай». Гаварылі, пераходзілі кладачку, гаварылі… Мне было вельмі нязвычна, што Жэня называе мяне на «вы». Колькі ні ўпрошваў — хоць бы што.

А пад вечар яна мяне праводзіла аж за дзве вёскі. Я узлажыў рукзак за спіну, а яна паехала на веласіпедзе дадому, у Рудку.

Потым у мяне быў Пінск, а к вечару наступага дня — Львоў. На адрас вучылішча прыходзілі пісьмы з Ясельды, а потым са Свіслачы. Студэнтка БДУ дзялілася і новымі радасцямі, і гаркотаю ад крыўдных неспадзевак. Адразу пасля прыезду з Рудкі я пастараўся перапісаць вершы Жэні і разам з фотаздымкам, дзе яна кладачку пераходзіць, паслаў у газету «Літаратура і мастацтва». 

Генадзь Мікалаевіч Бураўкін заахвоціўся яе паэзіяй, і вялікая падборка вершаў Янішчыц была ім падрыхтавана і апублікавана. На жаль, здымак-ілюстрацыя быў без подпісу. Але «кладачку тоненькую» згадвалі пазней у прэсе А. Лойка, Р. Бярозкін… Віктар Гардзей пісаў: «…Усмешлівая, шчаслівая дзяўчынка ракрыленай птушкай памкнулася кудысьці ўвысь над вясковымі кладкамі». А я і сёння ўсцешаны як «хросны бацька» той лімаўскай публікацыі.

Перад выпускнымі экзаменамі ў вучылішчы я напісаў верш, Жэні прысвечаны. Львоўскі архіў разам з паўсотняй ненадрукаваных вершаў на дзіва збярогся, і Аўгінін верш праз паўстагоддзе выплывае насуперак лістападу… 

А — Я (Аўгінні Янішчыц)

Маленькая дзяўчынка з-за ракі!

Я рады, што на свеце столькі светласці

І ясельдзянскай задумённай ветласці,

І шчырасці — у подыме рукі.

І столькі суму, зменлівых трывог,

І зманлівых сумленне выпадковасцяў…

Асцерагаешся слядоў ад подласцяў?

Пякуцца там, дзе выкінуты Бог…

Маленькая дзяўчынка з-за ракі!

Я рады, што і кладкі робяць хісткімі,

Што смех крынічны надзяляюць віскатам,

Што ходзяць гасцяваць на Саракі.

Што дзесь далёка — не ўсім дайсці, 

Як Беларусь мацнее Край — Паэзія.

Што ёсць і праславяншчына: П а л е с с е!

І ўсё, што напаткала ты ў жыцці.

Я рады, што нам столькі выбіраць

І прыбіраць, і нішчыць непатрэбнае…

А сэрцайка ўжо б'ецца не пад рэбрамі,

Калі яму паходняю палаць.

Не мне наказам шчырым паланіцца.

Мне б толькі — у спагадзе — пакланіцца:

— Усё гэта за плечы перакінь,

Маленькая дзяўчынка з-за ракі!

3.VІ.1967, г. Львоў

* * *

Яўгенія Янішчыц

(1948—1988) паэтэса. Нарадзілася ў вёсцы Рудка Пінскага раёна. Друкавацца пачала ў 17 гадоў. Скончыла філфак БДУ, працавала ў ЦК ЛКСМБ, часопісе «Маладосць». Выдала паэтычныя зборнікі «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987). Крытыкі адзначалі глыбокую пачуццёвасць і лірызм яе вершаў, залічвалі да найлепшых паэтаў пакалення. Была замужам за паэтам Сяргеем Панізьнікам (1971—1976) разам з ім жыла ў Чэхаславакіі, дзе муж служыў вайсковым карэспандэнтам. Пасля разводу жыла ў Мінску з сынам Андрэем. У 1988 трагічна загінула, выпала з акна сваёй кватэры на Старажоўскай.

Комментарии5

ГУБОПиК угрожает Максу Коржу9

ГУБОПиК угрожает Максу Коржу

Все новости →
Все новости

«Дмитриеву сказали: «Если в соцсетях не то что-то выйдет, сразу вернешься в тюрьму»19

Сергей Скрипаль впервые прокомментировал покушение на себя по приказу Путина2

Бывшему начальнику отдела Банковского процессингового центра грозит до восьми лет колонии за донаты и комментарии в Telegram

Сибиряк 66 дней дрейфовал в Охотском море на лодке: похудел на 50 килограммов, потерял брата и племянника, но выжил4

Что с выездом из Беларуси утром во вторник?

Доктор рассказал, кому нужно сейчас делать прививку от ковида

КНДР подорвала дороги, ведущие в Южную Корею5

Учитель иностранных языков из Ярославля переехал в Беларусь и сейчас работает в белорусскоязычном журнале4

Жительница Барановичей показала семейную реликвию, которой больше 170 лет ФОТО

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБОПиК угрожает Максу Коржу9

ГУБОПиК угрожает Максу Коржу

Главное
Все новости →