Новае выданьне праграмы Belsat Music Live прысьвечанае памяці аднаго з пачынальнікаў беларускай рок-паэзіі.
24 студзеня пайшоў у іншы сьвет Міхал Анемпадыстаў. Гэта быў чалавек неверагоднай энэргетыкі, мяккі, далікатны, адукаваны, шляхетны. Дзякуючы яму і ягоным песьням шмат хто зачараваўся беларускай мовай, музыкай, гісторыяй, культурай…
Міхал — адзін з тых, хто пачаў беларускую рок-паэзію. Свае першыя тэксты ён напісаў у сярэдзіне 80-х. Першую ягоную песьню выканаў Ігар Варашкевіч у складзе гурта «Бонда» у 1986-м. У 90-х на ягоныя словы шмат песень запісала Кася Камоцкая і гурт «Новае Неба».
Свае самыя дзівосныя тэксты пра настаўніка Рагойшу, Юзіка, Казіка, Аліцыю, Адэльку ды іншых жыхароў уяўнага міжваеннага памежнага мястэчка ў сярэдзіне 90-х Міхал уклаў у «Народны альбом». Менавіта з «Народнага альбому» бярэ пачатак сольная кар’ера Зьмітра Вайцюшкевіча. Міхал прапанаваў маладому музыку, які тады выступаў на бэк-вакале ў гурце «Палац», выканаць нумар «Аргентынскае танга».
У другой палове 90-х у Міхала Анемпадыстава склаўся плённы дуэт зь Лявонам Вольскім. Пік іх супрацы —«Народны альбом», да якога Міхал напісаў тэксты, а Лявон - музыку.
Таксама ён напісаў яшчэ некалькі знакавых песень для гурту IQ48. Адна зь іх — «Сьвятло ў цемры» стала галоўным гітом гурта IQ48.
Госьці адмысловага выданьня Belsat Music Live — Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч і Лявон Вольскі — падзеляцца ўспамінамі ды сыграюць песьні Міхала.
Комментарии