26 мая ў холе каля кнігарні «Галіяфы» (ГЦ Няміга 3, цокальны паверх, 66 пав.) адбудзецца прэзентацыя перакладу навелы легендарнага швейцарскага пісьменніка Франца Холера «Каменны патоп». Гэта першы беларускі пераклад аўтара ў выкананні Ірыны Герасімовіч. Спецыяльны госць — вядомы рэжысёр і акцёр Юра Дзівакоў-Душэўскі.
У прадчуванні катастрофы
11 верасня 1881 года швейцарская вёска Эльм пацярпела ад страшэннага камняпаду, выкліканага парушэннем тэхналогіі здабычы шыферу. У навеле дэталёва паказана размеранае жыццё жыхароў вёскі, якое літаральна праз два дні ператворыцца ў татальны хаос.
Галоўная гераіня твору — сямігадовая Катарына Дыш — дзяўчынка, якая вельмі тонка адчувае свет. Гэтая асаблівасць робіць яе жыццё дужа няпростым, але ўрэшце і ратуе.
Падчас імпрэзы, кнігу «Каменны патоп» можна будзе набыць за зніжкай у 30%!
Франц Холер нарадзіўся ў 1943 годзе і лічыцца адным з самых значных сучасных швейцарскіх пісьменнікаў. Ён паэт і артыст кабарэ, піша аповеды і раманы, часта спалучае актуальную палітычную тэматыку з гумарыстычнай, гратэскнай фабулай.
«Франц і Рэнэ» (Холер і вядомы мім Рэнэ Келе) выхавалі не адно пакаленне швейцарскіх дзяцей, выступаючы ў дзіцячай тэлепраграме 1970-х Spielhaus. З тых часоў Холер напісаў шмат іранічных вершаў і кніг для дзетак.
На пачатку 1980-х гг. аўтар вёў сатырычную вострасацыяльную праграму на тэлебачанні, але са скандалам сышоў з праекту праз цэнзуру выпускаў аб атамнай энергіі і мілітарызме.
За сваю прыродаахоўную дзейнасць у 2001 годзе пісьменнік атрымаў прэмію Binding-Preis.
У 2015 годзе Холер стварыў маніфест у падтрымку бежанцаў з Сірыі і іншых краін, заклікаючы Швейцарыю дапамагчы гэтым людзям.
У Франца Холера шмат узнагародаў, у тым ліку Касельская літаратурная прэмія за гратэскны гумар (2002 г.), Мастацкая прэмія горада Цюрыха (2005 г.), Залатурнская літаратурная прэмія (2013 г.), прэмія імя Эліс Саламон і прэмія Ёхана Петэра Хебеля (абедзьве ў 2014 г.).
ПВУП «Галіяфы» УНП 190883852
Комментарии