Музыка7

Эміграцыя, эксперыменты і новыя імёны. Сабралі 23 беларускія музычныя альбомы 2023 года

«Наша Ніва» зрабіла вялізную падборку з рэлізаў, якія з'явіліся сёлета. Вы дакладна знойдзеце нешта на свой густ.

Для зручнасці ўсе альбомы прыведзеныя па парадку іх рэлізу. Топ-5 «Нашай Нівы» шукайце ў самым канцы артыкула.

Асцярожна! У некаторых песнях можа быць нецэнзурная лексіка.

Syndrom Samazvanca — Vostraŭ skarhaŭ

Каляндарны год пачаўся з сакавітага рэлізу, у якім дасведчаны ў музыцы, навінах і літаратуры слухач знойдзе мноства адсылак.

Уладзь Лянкевіч за апошнія гады стварыў мноства музычных калектываў, якія маюць шмат агульнага, але ў той жа час непадобныя адзін да аднаго. Але за творчай актыўнасцю не губляецца якасць — Vostraŭ skarhaŭ дакладна можна запісаць у найлепшыя альбомы беларускай музыкі гэтага года.

Анастасія Рыдлеўская — When I can't speak

Мастачка і выкладчыца пісала песні і спявала ўсё сваё жыццё, але толькі пасля эміграцыі наважылася на запіс і выпуск альбома. Атрымаўся, магчыма, не вельмі шырока заўважаны, але даволі смелы дэбют.

Таксама сёлета выйшла некалькі сінглаў і прыгожы кліп.

When I can't speak — мінімалістычная, але не пазбаўленая цікавых кампазітарскіх і вакальных знаходак праца. 

The Superbullz — Lancuhi

Калі вас закалыхала праслухоўванне папярэдняга альбома, то новы рэліз калектыва Алеся-Францішка Мышкевіча вас добра ўзбадзёрыць.

The Superbullz — класная цяжкая музыка з сацыяльнымі тэкстамі. Яе трэба слухаць не толькі ў навушніках, пад яе варта выплёскваць агрэсію на канцэртах. 

The Tranzistorz — Outside

Агрэсіўна-дэпрэсіўны гітарны панк. Несвядомаму слухачу, магчыма, будзе складана разабраць глыбіню тэкстаў, але там бескампраміснасць, непасрэднасць і нігілізм.

Музычны журналіст Аляксандр Чарнуха вясной назваў Outside — наймагутнейшым дэбютам гэтага года. Праслухайце нашу падборку да канца і выберыце, пагаджацца з Чарнухам ці не.

Nebulae Come Sweet — De Lumière

Альбом-даўгабуд, які пачынаў стварацца яшчэ 10 гадоў таму і за гэты доўгі час паспеў стаць мемам унутры гурта. Але праз пандэмію і змены ў складзе Nebulae Come Sweet пранеслі сваю музыку і ў красавіку прадставілі шырокай публіцы.

Час і складанасці сталі своеасаблівай агранкай музычнага матэрыялу, у выніку мы маем вельмі глыбокую, прыгожую і густоўную працу. 

Іван Кірчук — Варажбіт

Лідар «Троіцы» вясной выпусціў грандыёзны альбом, які складаецца з 55 трэкаў агульнай даўжынёй 2,5 гадзіны. Па сутнасці гэта вялікі манументальны аўдыяспектакль-рытуал.

Многія з нас цяпер адчуваюць сябе адарванымі ад радзімы. Можна сабе зладзіць сеанс медытацыі шляхам уважлівага праслухоўвання працы Кірчука — адназначна павінна стаць лягчэй. Мы не адны, з намі нашы продкі, традыцыі і культура.

Extermination Dismemberment — Dehumanization Protocol 

Адразу варта папярэдзіць, што гэта вельмі цяжкая музыка, якая наўрад ці прыйдзецца даспадобы непадрыхтаванаму слухачу. Проста паверце, Extermination Dismemberment — гэта даволі вядомы ў коле аматараў Death metal калектыў, які актыўна гастралюе па Еўропе і ЗША.

Наўрад ці вы назавяце шмат айчынных гуртоў, хто можа пахваліцца такой гастрольнай геаграфіяй.

стой!стреляют — в этом что-то есть

Яшчэ адзін панк-альбом, але без сацыяльнаму падтэксту. «стой!стреляют» — гэта музыка ад моладзі для маладой аўдыторыі.

Адпаведныя і тэмы творчасці — зварот у дзяцінства, пошук сябе і жыццёвых сіл. 

Botanic Project — Музыка сфер

Плюс адзін музычны кірунак у нашай справаздачы. Адзін з вядучых рэгі-гуртоў Беларусі парадаваў сёлета прыхільнікаў новым альбомам. 

Пасля неадназначнага рэлізу «Матрица» батанікі вярнуліся ў былую форму. Альбом складаецца з дзевяці песень, якія былі напісаныя Клімам Малажавым у турме. Але па іх настроі і цеплыні вы ніколі б не здагадаліся пра гэта.

Trollwald — Trollwald

Гурт, які сабраўся на руінах самабытнага Litvintroll, нарэшце парадаваў прыхільнікаў першым альбомам. Па заходняй традыцыі дэбютнік называецца гэтак жа, як і сам калектыў.

Trollwald расказваюць страшныя гісторыі: пра троляў, лясы-балоты і праклёны. Пад шыкоўны акампанемент, галоўная разынка якога — дуда. Абавязкова паслухайце!

Zeman — Vandroŭny cyrk majho hramadskaha žyćcia 

Ветэран мінскага хіп-хоп-андэграўнду разам адкрывае ў нашай вялікай падборцы старонку эмігранцкай музыкі. Далей у гэтым тэксце будзе яшчэ не адзін альбом пра ад'езд з Беларусі і тугу па доме.

Зэман ў альбоме не падобны да сябе ранейшага — ён пасталеў, стаў больш сур'ёзным і інтравертным. Некаторыя раяць спачатку паслухаць ранейшую музыку Zeman, каб зразумець тое, што ён робіць цяпер. Але гэта ўжо на ваш густ.

TORF — Романтика не в моде

Гурт TORF з'явіўся тры гады таму, але ягоная гісторыя куды глыбейшая — большасць ягоных удзельнікаў грала ў легендарным ТТ'34, чые песні гучалі ў папулярных расійскіх фільмах і ў ратацыі музычных каналаў.

Пасля перанараджэння гамельчукі працягнулі граць цяжкі альтэрнатыўны рок, але тэксты сталі больш філасофскія і разважлівыя. А яшчэ ў TORF прыгожыя канцэптуальныя кліпы.

Leibonik — Tam

За 25 хвілін, што доўжыцца альбом, вы будзеце смяяцца, плакаць, злавацца, весяліцца і сумаваць.

Сяргей Башлыкевіч у Tam сабраў усе магчымыя рэфлексіі эміграцыі, блізкія дзясяткам тысяч беларусаў, якіх раскідала па свеце. Але адарванасць ад дому зрабіла яшчэ мацнейшым усведамленне сябе беларусамі.

«Дзе кот, там і дом». Спявак Башлыкевіч — пра жыццё ў Амстэрдаме, новы альбом і беларускую сат'яграху

Lavon Volski — Emihranty

Праз два тыдні пасля эмігранцкага альбома Leibonik свой праект Emihranty прэзентаваў і Лявон Вольскі. Ён паспрабаваў аб'яднаць традыцыі супольных альбомаў пачатку нулявых з прыёмамі N.R.M. альбома Dom Kultury, дзе паміж песнямі былі невялікія п'есы для пагружэння ў кантэкст. 

Калі Башлыкевіч прабірае глыбінёй і эмоцыямі, то Вольскі паспрабаваў узяць маштабам — ён спявае літаральна пра ўвесь свет: ЗША, Польшчу, Германію, Ізраіль, Літву і, вядома, Беларусь. У альбоме ёсць месца кавіду, Алесю Пушкіну, Дзеду Талашу і нават Алегу Газманаву. 

Музычная разнастайнасць — гэта добра, але ў гэтым музычным аліўе складана адшукаць скарбы. А яны там ёсць. Але ці шмат з вас даслухала альбом, напрыклад, да песень «Беларуская траўма» ці да апошняй «Куды і калі».

Polyn — 202022

Polyn — гэта трыа з музыкантаў Port Mone і лідара «Пятлі Прыхільнасці» ды «Касіяпеі» Ільі Чарапко-Самахвалава. Удзельнікі спрабавалі ствараць поп-музыку, але падзеі апошніх трох гадоў насыцілі дэбютны альбом безнадзейнасцю і горыччу. 

Першы трэк пачынаецца з гулу машынных сігналаў, які напаўняе трывогай і вяртае ўспаміны трохгадовай даўніны. Калі менавіта так гудзеў Мінск. І гэтае дзіўнае не вельмі камфортнае адчуванне не адпусціць вас, пакуль вы не перастанеце слухаць альбом.

ЛСП — Несчастные люди

Будзе памылкай успрымаць новы альбом ЛСП легкадумна. Гэта і тэкстава, і музычна таленавіта зробленая рэч.

У ёй пры пільным праслухоўванні можна знайсці і метафарычныя адсылкі да ўсяго, што адбывалася з намі апошнія гады, і дробныя дэталі пагружэння ў атмасферу «няшчасных людзей», зразумелыя ўсім нам: здрады, несправядлівасць, нераздзеленае каханне, зайздрасць і нават крабавы салацік.

Алег Саўчанка ўмела граецца са словамі. Сусвет, у які ён зацягвае слухача, і формай, і зместам шмат каму можа не спадабацца і падацца брыдкім. Але нельга не прызнаваць значнасці ягонай творчасці.

Syndrom Samazvanca — Radyjo Niamiha

Восенню Syndrom Samazvanca выпусцілі альбом з сямі кавераў на песні культавых гуртоў 80-90-х. Зварот да спадчыны першых незалежных гадоў і яе пераасэнсаванне паступова становіцца культурным трэндам у Беларусі.

Летась яго задаў гурт Relikt, цяпер — калектыў Уладзя Лянкевіча і фрагментарна Лявон Вольскі ў сваім праекце. Варта чакаць працягу.

Applepicker — Ещё больше песен про город и торговые центры

Applepicker — псеўданім мультыінструменталіста Мікіты Арлова, удзельніка дзясятка музычных калектываў: ад «Саюза» да «Голасу Кінчава». 

У сваіх інтэрв'ю Мікіта прызнаваўся, што амаль не слухае сучасную музыку і чэрпае натхненне ў нечаканых месцах, напрыклад, лацінаамерыканскім року 80-х. І гэты цёплы рэтра-вайб перанёсся ў ягоны сольны альбом і пераплёўся з сучаснымі рэаліямі — напрыклад, начніком у ГЦ «Ленінград» ці 107-м аўтобусам.

Palina — Ни берега, ни дна

Palina — гэта велічыня і стыль у беларускай музыцы. Любы яе рэліз становіцца падзеяй, а лонгплэяў спявачка не выпускала доўгія тры гады. Нагадваць не варта, якім быў гэты час.

«Ни берега, ни дна» — гэта шматслойны кактэйль з адчуванняў і разваг, гітар, сінтэзатараў і іншых музычных знаходак, беларуска– і рускамоўных песень, выказванняў пра бессэнсоўнасць і адначасова пра тое, што трымае і дае моцы.

Nochy — Ціхі акіян

Nochy — дуэт спявачкі Юліі Петраш і гітарыста Паўла Вялічкі, які граў у Yellow Brick Road і некалькіх гуртах Сяргея Міхалка. Пара робіць вельмі густоўны поп з трапнымі электрычнымі і фолк-устаўкамі.

У апісанні альбома ўдзельнікі Nochy расказалі, што ў ім ёсць песня, якая прадказала іхні лёс. Паслухайце і паспрабуйце разгадаць гэты рэбус.

Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra — Акно

Зміцер Вайцюшкевіч — адзін з самых стабільных (у добрым сэнсе гэтага слова) творцаў на нашай сцэне. Штогод ён радуе прыхільнікаў новымі альбомамі.

На гэты раз ён выпусціў вялікі праект на вершы выбітнага беларускага паэта Алеся Разанава. Лірыка ў ім таленавіта пераплятаецца з музыкай і набывае новую моц. 

Калі некаторыя альбомы з нашай складанкі — гэта выдатная фонавая музыка, то «Акно» дакладна патрабуе пільнага праслухоўвання.

tochka K — 1ok

Звышгрунтоўны альбом чалавека-гурта Яўгена Кучмейны з Іўя. Ягоная творчасць — вельмі самабытная, з гукамі беларускай вёскі і шаманска-магічнай энергетыкай.

Рэліз ствараўся на працягу трох апошніх год і змясціў у сабе лірычныя балады пра малую радзіму ці дзеда, а таксама злыя трэкі пра «суровы час».

«Пяты па ліку, першы па пагружэнні ў сябе», — так коратка ахарактарызаваў працу сам Кучмейна. Што тут дадаць, хіба што нічога. 

нагУаль — Duch Bahny

Самабытны беларускі гурт у дзень зімовага сонцастаяння выпусціў «Духа Багны». У нашай падборцы вельмі шмат змрочнай музыкі, і класна, што закрывае яе шаманскі рок-н-рол.

«НагУаль» сабралі альбом з песень, якія калектыў выконваў на канцэртах цягам дваццаці гадоў.

Некаторыя, у гэта складана паверыць, ніколі не мелі студыйнага запісу.

Топ-5 беларускіх альбомаў 2023 года па версіі «Нашай Нівы»:

  • Syndrom Samazvanca — Vostraŭ skarhaŭ
  • Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra — Акно
  • Polyn — 202022
  • Nebulae Come Sweet — De Lumière
  • Leibonik — Tam

А што вам спадабалася найбольш? Напішыце ў каментарах!

Чытайце і слухайце таксама: 

Вяртанні, надзеі і страты. 10 галоўных музычных альбомаў Беларусі 2022 года

Каментары7

  • Цензура нн
    25.12.2023
    Какой все таки русский язык у беларуских выканауцау. Ну или английский. Только единицы на мове.
  • ром
    25.12.2023
    кто из них способен собирать стадионы??))) никто
    но мой топ из этого списка
    1- Torf
    2-Dehumanization Protocol
    3. лсп

  • Nebulae Come Sweet
    25.12.2023
    Сапраўдны скарб для аматараў жанру

Вынеслі прысуд докшыцкаму пярэваратню ў пагонах Згірскаму1

Вынеслі прысуд докшыцкаму пярэваратню ў пагонах Згірскаму

Галоўнае
Усе навіны →