Грамадства2626

Уласнік «7 карат» расказаў, як станавіўся на калені перад палякамі і чаму нам не патрэбна інтэграцыя з Расіяй ІНТЭРВ'Ю

Аляксей Карагін — паспяховы бізнэсмен. Нейкі час ён уваходзіў у топ-200 самых паспяховых і уплывовых прадпрымальнікаў. Самы вядомы яго бізнэс — ювелірная сетка «7 карат». 

Карагін даволі актыўны і экстравагантны ў сацсетках, такі чалавек-аркестр. Ён адказаў на пытанні «Нашай Нівы» і троху паразважаў на палітычныя тэмы. 

«Наша Ніва»: Як вы б самі сябе прадставілі аўдыторыі? 

Аляксей Карагін: Я асоба, якая ўмее зарабляць фінансы і ўсім сэрцам любіць радзіму. Я вельмі хачу, каб наша краіна стала адной з самых квітнеючых. Мне ўсё яшчэ троху за трыццаць, але ўжо пяцьдзясят. У мяне няма мільёнаў на рахунках замежных банкаў, бо я лічу, што грошы павінны працаваць — усё ў абароце, таму нават не ведаю, ці мільянер я.

«Наша Ніва»: Некаторыя ў бізнэс-тусоўцы лічаць вас фрыкаватым. 

Аляксей Карагін: Я адкажу чужой цытатай. Мне ўсё роўна, што некаторыя пра мяне думаюць, бо я пра іх не думаю ўвогуле. Я жыву ярка.

«Наша Ніва»: Як пачыналі сваю справу — са шмотак? 

Аляксей Карагін: Усё пачыналася з пахвалы мамы, яна пасылала мяне па малако і часам я вельмі хутка бегаў, за гэта яна давала мне капейчыну.

Так я зразумеў, што праяўленне сябе ў чымсьці, магчыма, будзе неяк узнагароджвацца.

А ў 8 год я ўбачыў, што ў аптэцы можна здаць лекавыя травы, я сабраў і здаў. Потым, выходзячы на поле па траву, я ўзяў ужо не адзін пакецік, а з дзясятак, і даў іх такім жа пацанам, якія гулялі на вуліцы. Сказаў, што за адзін сабраны пакецік я дам ім рубель, умоўна, а здаваў я іх за два. Справа актыўна пайшла, так я ўжо зразумеў, што з дапамогай чужой энергіі можна зарабляць. Калі мне было 8 год, на мяне працавала ўжо пяць чалавек. 

У студэнцкія гады я спекуляваў з тэхнікай — купляў патрыманыя магнітафоны і перапрадаваў. Мяне не злавілі на гэтым, а неўзабаве ўвогуле ўсё легалізавалі. 

Потым пайшоў на рынак гандляваць трыкатажам: халаты, джынсы, майкі.

«Наша Ніва»: Дык першы капітал адкуль — з магнітафонаў? 

Аляксей Карагін: Не. У мяне было даляраў 100, я купіў на іх шнуркоў і паехаў прадаваць у Польшчу. Я станавіўся на калені перад палякамі і зашнуроўваў ім тыя шнуркі, гэта быў выдатны час! Я са ста даляраў меў 200! А ў Польшчы можна было купіць нейкі фотаапарат, тэхніку нейкую, тут прадаць. Мне тады хапала, так узнік першы капітал, каб заняцца рэчамі. 

«Наша Ніва»: Правалы былі? 

Аляксей Карагін: На трыкатажы троху з'явілася грошай, рэнтабельнасць была 20% на месяц. І з'явіўся МММ — ён даваў 30%. Нічога рабіць не трэба, інвестуеш і зарабляеш — прыгажосць! Мяне хлопец адзін угаварыў занесці туды грошы, я іх нёс з думкай «ну я ж не дурань нейкі, мільёны людзей нясуць, значыць, усё працуе».

Я занёс туды 100 тысяч даляраў, па пакупніцкай здольнасці гэта мо як сёння мільён. Я нават 30 тысяч яшчэ заняў, і тут усё схлопнулася… Гэта была катастрофа. 

Тым, у каго пазычаў, я аддаў джынсамі нейкімі, у мяне нічога не засталося. 

З гэтага я зрабіў выснову, што ёсць слова «удача», а ёсць слова «поспех». Поспех дасягаецца працай, а ўдача — гэта халява: казіно, карты, латарэі і гэтак далей. Я ні ў што гэта не веру і не дакранаюся да гэтага цяпер. 

У пазнейшы час уласнік крамы «Жэнеў» прывёз мяне да сябе дадому, папрасіў пазычыць 150 тысяч даляраў. Я пазычыў, а ён узяў і збанкруціў кампанію праз 3 месяцы.

Мне было непрыемна, але я дараваў і сказаў сабе — гэта быў круты бізнэс-трэнінг, які каштаваў толькі 150 тысяч даляраў.

Больш у доўг не даю нікому.

«Наша Ніва»: Як рэабілітоўваліся пасля МММ? 

Аляксей Карагін: У мяне захоўваліся каналы паставак. Я прасіў людзей пазычыць мне грошай, ніхто не даваў, толькі два чалавекі далі па пяць тысяч даляраў. Сказалі, што калі я зноў прагару і не вярну, то яны не будуць выклікаць бандытаў, а я проста страчу сяброў. І з гэтых дзесяці тысяч я за пару год падняўся зноў. 

«Наша Ніва»: Раскажыце пра бандытаў — гэта такая практыка была да іх звяртацца, каб забраць грошы? 

Аляксей Карагін: Была. Тады шмат было круцялёў, сітуацый розных.

Я таксама да бандытаў звяртаўся. Адна сям'я прафесійных махляроў уладкавала да мяне сваю дачку, якая пераканала мяне канвертаваць грошы ў іх пад добры працэнт. Раз — нармальна, два — нармальна, тры — кідок на вялікія грошы. Я паехаў з бандытамі, мне было цікава, як яны гавораць. А яны гаварылі ціха, спакойна так, цікавіліся здароўем: «А ці не баліць у вас шыя, галава? Усё добра?» Казалі, што вось цяпер, магчыма, будуць нейкія моманты, вас адвязуць у пэўнае месца… 

Але па шчырасці, гэта не дапамагло, грошы не вярнулі. 

«Наша Ніва»: Як перайшлі да металу?

Аляксей Карагін: Падчас адной з паездак у Турцыю была вельмі цікавая кампанія, дзяўчына сказала, што неяк нелегальна возіць золата і срэбра. 

Я даведаўся, якія цэны ў Стамбуле на гэта, а якія ў нас. Выходзіла выгадна, я адзін з першых атрымаў ліцэнзію на аптовы гандаль.

«Наша Ніва»: Хабар давалі?

Аляксей Карагін: Не, не даваў.

Былі пытанні, што трэба атрымаць дамову аб рэалізацыі — што нехта рэалізуе тое, што я прывязу. Але ўсе камерцыйныя структуры адмовілі мне, можа быць, бачылі ўжо канкурэнта.

Я тады пайшоў у дзяржаўныя ўнівермагі, там не было карупцыі — можа быць, нейкая каробка цукерак. Я паказаў дамовы, і мне далі ліцэнзію.

Потым гадоў дзесяць прайшло, тады з падказак маёй каманды ўжо мы самі распачалі рознічны гандаль, першую краму адкрывалі не ў сталіцы — цяпер іх 46.

Вось год таму вырашылі адкрыць вытворчасць, цяпер можам скупаць стары метал у насельніцтва і перапрацоўваць яго.

«Наша Ніва»: Небагатыя беларусы добра купляюць прадметы раскошы? 

Аляксей Карагін: Ведаеце, што датычыць ювелірных вырабаў, то жанчына заўсёды імкнецца да прыгажосці, а мужчыны атрымліваюць задавальненне ад дарэння.

Бо для іх усё роўна, ці ёсць на жанчыне завушніцы, ці не, а вось калі ён дорыць, кажа словы, глядзіць у вочы, захапляецца яе рэакцыяй… Для гэтых момантаў і купляюць. Падчас акцый у нас няма заляжалага тавару, я так скажу.

Нерэнтабельныя крамы мы зачыняем, шмат дзе іх давялося зачыніць. У Оршы вось зачынілі — вельмі слабыя продажы, хаця і добрае месца. Закрывалі ў Лідзе, Брэсце. 

А адносна крызісаў — я іх ужо шмат пражыў і шмат яшчэ пражыву. 

«Наша Ніва»: Вы казалі пра тое, што раней ездзілі прадаваць шнуркі ў Польшчу. А як так выйшла, што цяпер беларусы ледзь не па ўсё катаюцца ў Польшчу, хто можа? 

Аляксей Карагін: Гэта наступства бяздарнага кіравання палітыкай. Маё бачанне — палітыкай павінен кіраваць чалавек, які валодае лічбамі.

Чаму іншыя краіны развіваюцца? Бо там паважаюць прадпрымальніка, яго прызнаюць у грамадстве, а эканоміка на яго моліцца.

Вось толькі мы прыносім радзіме штоквартальна па мільёне даляраў. Чаму ж тады радзіма давала нам некалькі год таму сотні тысяч даляраў штрафаў за няправільны памер шрыфту? І давалі не проста штраф, а канфіскоўвалі тавар за тое, што пяцітонны сейф не прыкручаны да сцяны! 280 тысяч даляраў штрафу — гэта за што?

Я лічу, што кіраўнік дзяржавы павінен натхняць прадпрымальнікаў. Не толькі іх, а ўвогуле кожнага.

Ён мусіць культываваць бізнэс, каб людзі маліліся не на курс даляра, а на свае здольнасці. Каб ён патлумачыў, што кожнаму з нас бракуе ўпэўненасці, што трэба быць актыўнымі, спрабаваць сябе. 

«Наша Ніва»: Што б вы змянілі ў правілах бізнэса? 

Аляксей Карагін: Трэба максімальна ўсё пераводзіць на прыватныя рэйкі.

Мы ўсе памятаем узор аршанскага кіравання, калі людзей ганялі за абасраных кароў.

Ну відавочна, што калгаснік не любіць гэтую карову, яна яго абцяжарвае — нашто тады яго мучыць, навошта гэты мужык ёй займаецца? Трэба, каб ёй займаліся людзі, якія любяць кароў.

Я не хачу нікога абвінавачваць, у Лукашэнкі харызматычны характар, ён правільна зрабіў, што вынес мазгі тым кіраўнікам.

Але калі я наймаю чалавека і разумею, што ён не цягне, то я разумею, што вінаваты не ён, а я, бо ўзяў яго на работу, можа, ён лепшы ў іншым. 

Таму я лічу, што не можа быць у нас ні сацыялізму, ні камунізму, гэта нежыццяздольныя сістэмы. Усю сілу дзяржавы трэба накіроўваць на іншае, а кароўнікі бясплатна аддаць прыватнікам.

Я за жорсткі кантроль бізнэсменаў у плане падаткаў, але я супраць адміністрацыйных пакаранняў. За няправільнае захоўванне металу — сотні тысяч даляраў штрафу. За што мяне так абражаюць? Бізнэсмену ўсё роўна, дзе захоўваць яго, хоць на дрэве, гэта мая праблема захавання таварнага выгляду. Цяпер з гэтым неяк больш адэкватна, дзякуй богу, але крыўдна дагэтуль. 

Таму калі чалавек стала парушае — скажам, яму тры разы вынеслі прадпісанне, а ён не разумее — тады штрафуйце. Але калі не так паклаў мабільны тэлефон і за гэта канфіскацыя — ну гэта бязладдзе!

Усе першыя паверхі на цэнтральных і дарагіх вуліцах — Маркса, Энгельса, Незалежнасці, Машэрава, — дзе сядзяць дзяржаўныя ўстановы, прадаць з малатка, іх перасяліць на кальцавую. 

Калі каму трэба справаздачыцца ў дзяржкантроль — з'ездзіць туды, ніякіх праблем.

А як зажывуць гэтыя вуліцы і колькі грошай атрымае горад толькі ад гэтага! Шмат можна разважаць, але галоўнае — каб была эканамічная мадэль. 

«Наша Ніва»: Вы заклікаеце да поўнага рынку, але ці ўсе беларусы будуць у ім канкурэнтнымі? 

Аляксей Карагін: Гэта праблема бізнэсменаў. Калі яму трэба, ён створыць умовы і абучыць людзей, якія яму патрэбны.

«Наша Ніва»: Напачатку размовы вы казалі пра тое, што вы патрыёт — разгарніце гэта шырэй.

Аляксей Карагін: Я шмат вандрую і кожны раз праз пару дзён я ўжо ўсё — з вялікім пачуццём цеплыні вяртаюся ў Беларусь. Мне тут падабаецца ўсё. Клімат, ментальнасць людзей.

Кожную нацыю, дзе я бываў, можна ахарактарызаваць некалькімі словамі.

Гэта цэтлікі, але такое маё ўражанне: Тайланд — усміхаюцца, Масква — хітрыя, немцы — дзіка педантычныя, палякі — фанабэрыстыя. А Беларусь — гэта свет добрых людзей, я думаю.

Дзякуй Лукашэнку, што ён выкараніў тут бандытызм, у нас законная дзяржава. Я тут адчуваю сябе абароненым. Беларусам можна давяраць, гэта вельмі важна.

«Наша Ніва»: Гэта ў вас побытавы патрыятызм, бо вам тут камфортна жыць і працаваць, ці ў вас выражаныя і нейкія нацыянальныя каштоўнасці? 

Аляксей Карагін: Хутчэй першае, так. Я з вялікай павагай і ў школе вывучаў беларускую мову, і вершы дагэтуль памятаю:

«Выйсці б насустрач, стаць і прызнацца,
Вось яно блізкае, яснае шчасце…».

Мае бацькі пераехалі з Уладзіміра ў Магілёў, у Магілёве я вырас, потым вучыўся ў Мінску, але я ўжо беларус.

Я не хачу быць радыкалам у плане культуры, але падтрымліваць і казаць пра карані трэба, ад гэтага адштурхоўваецца патрыятызм.

Некаторыя палітыкі казалі, што «мы — ёсць нацыя вялікіх». Дык вось, я такога не хачу казаць, але я гатовы казаць «мы — ёсць нацыя адораных».

«Наша Ніва»: А як вы ставіцеся да ідэі інтэграцыі з Расіяй? 

Аляксей Карагін: Ніякай інтэграцыі не патрэбна! Глупства.

Калі з Расіяй так выгадна аб’ядноўвацца, то чаму такога жадання не выказваюць добрыя матэматыкі Германіі ці Францыі? Яны добра жывуць і без расійскага газу, купляюць яго па камерцыйных цэнах.

Мяне тут цешыць першая ластаўка — айцішнікі. Калі яны пакінуць у сіле свае законы, пашыраць брытанскае права на іншыя сферы, то гэта будзе прарыў, як у Сінгапуры ці Ганконгу.

Ужо цяпер я бачу, як нейкая колькасць замежнікаў едзе сюды, бо яны тут працуюць легальна, усе бізнэс-цэнтры занятыя.

Расіяне і беларусы лянівыя. Расіяне, магчыма, такія ад прыроды, таму што ўсе творчыя памкненні заўсёды там заганялі ў тупік, а беларусаў трэба проста раскатурхаць.

Сказаць: «Ты зможаш тое рабіць, то зможаш гэтае». 

Беларусь лепшая за любую з расійскіх губерній, мы нашмат больш развітыя. Апроч хіба што Маскоўскай вобласці, бо там вялізныя грошы.

Нам патрэбна не інтэграцыя, а максімальны палітычны акцэнт — «стварайце вытворчасці, прадавайце».

Каментары26

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?

Усе навіны →
Усе навіны

Мядзведзеў прыгразіў ядзернай зброяй, калі вайна прыйдзе на тэрыторыю Беларусі19

У Дзяржынскім раёне аўтамабіль урэзаўся ў апору моста і загарэўся. Кіроўца загінуў

Беларусы ўвайшлі ў топ-3 груп насельніцтва, якім найменш давяраюць палякі36

Былому прэзідэнту Беларусі да пакета гарантый дадуць падатковыя льготы48

У Беларусі збіраюцца павысіць транспартны падатак4

Чаго чакаць ад надвор'я на наступным тыдні

Ілан Маск выступіў у падтрымку Трампа на перадвыбарчым мітынгу ў Пенсільваніі3

Актывіста руху «За свабоду» будуць судзіць па шасці палітычных артыкулах. Пагражае да 12 гадоў

У баях пад Харкавам загінуў расійскі апазіцыянер Дадзін — ён ваяваў за Украіну і любіў Янку Купалу8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?

Галоўнае
Усе навіны →