Знішчальнік пятага пакалення F-35 Lightning II, выпрабаванні якога ў амерыканскай ваеннай авіяцыі падыходзяць да канца, сам па сабе з'яўляецца найбольш складаным узорам баявой тэхнікі ў гісторыі. Яго часта называюць лятучым камп'ютарам, пішуць амерыканскія СМІ.
Аднак ключавой часткай гэтай машыны можна назваць шлем лётчыка, які фактычна аб'ядноўвае чалавека і машыну ў адзіную сістэму. Канешне, ён зроблены для таго, каб абараняць галаву лётчыка, аднак галоўная функцыя, якая зрабіла яго самай дарагой адзінкай лётнага рыштунку ўсіх часоў — інфармацыйная.
Лётчык F-35 здольны бачыць усё, што адбываецца вакол самалёта — гэтак, калі ён глядзіць уніз, экран шлема не паказвае яму падлогу кабіны, лётчык бачыць аблокі і ўсё тое, над чым ён ляціць. Яму дапамагаюць у гэтым камеры ў абшыўцы машыны, якія выводзяць на экран шлема інфармацыю ў залежнасці ад вуглу нахілу ці паварота галавы пілота.
«Вы можаце зазірнуць у свет праз вочы самаго знішчальніка», — кажа пілот Эл Норман, які выпрабоўвае машыну.
На экран таксама можа паступаць уся інфармацыя адносна стану самалёта — колькасць паліва, хуткасць, вышыня, магчымыя пашкоджанні і г.д.
Таксама на экран можна вывесці тактычную карту, якая паказвае размяшчэнне сваёй і варожай тэхнікі ў паветры і на зямлі.
«Камп'ютар апрацоўвае ўсю інфармацыю з сэнсараў і выводзіць на экран гатовую інфармацыю. Пілот бачыць падзеі, якія разгортваюцца вакол яго, падобна Богу — ён з вялікай ступенню верагоднасці ведае, дзе праціўнік, што ён робіць, што робяць сябры», — зазначыў генерал авіяцыі ЗША Гілмэры Майкл Хостэйдж.
Пакуль што у свеце існуе адзіны знішчальнік пятага пакалення, які стаіць на ўзбраенні і ўжо ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, — амерыканскі F-22 Raptor. Серыйная вытворчасць машыны цягнулася з 2001 па 2011 год і была спыненая, каб сканцэнтраваць выдаткі на распрацоўку і вытворчасць знішчальніка-бамбавіка F-35 Lightning II.
Цяпер амерыканская авіяцыя мае 187 знішчальнікаў F-22, яшчэ больш за сотню F-35 праходзяць маштабныя выпрабаванні ў войску і выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі пілотаў і наземнага персаналу.
Каментары