Знайсці
30.05.2024 / 08:003РусŁacБел

Мазыранін назваў Лукашэнку «калгаснікам» і год жыў у Расіі, каб не арыштавалі. А пасля цішком вярнуўся…

Гісторыя беларуса, які стаў невыязным праз пераслед за каментары і спрабаваў хавацца ў Расіі.

Фота: асабісты архіў суразмоўцы

Станіслаў Іллін — мазыранін, яму 41 год. Пасля выбараў-2020 мужчына падключыўся да падпольнага руху — па начах развешваў па горадзе бел-чырвона-белыя сцягі. Аднойчы забраліся з сябрамі на вялікі мост і размясцілі там бел-чырвона-белую расцяжку, іншы раз павесілі вялікі сцяг на даху аднаго з дамоў. Дапамагала, што ў горадзе было ў той час мала камер відэаназірання — не тое, што цяпер, кажа Станіслаў.

Нягледзячы на дзёрзкія акцыі, атрымлівалася заставацца незаўважаным сілавікамі. Толькі ў верасні 2021-га на мужчыну звярнулі ўвагу — праз яго каментар у сеціве. Далі 10 сутак, а праз месяц на працы Станіслава папрасілі звольніцца — маўляў, прыйшоў запыт ад мясцовага КДБ.

19 кастрычніка 2021 года на Ілліна завялі крыміналку за «знявагу Лукашэнкі» — прычынай аказаўся каментар «калгаснік» у адрас палітыка. Праз пару дзён мужчына выехаў у Расію. Збіраўся адтуль паехаць у больш бяспечную краіну, але сутыкнуўся з забаронай на выезд — і захрас у Маскве амаль на паўтара года.

Там ён апынуўся ў спартанскіх умовах. Спачатку жыў у інтэрнаце і працаваў у калектыве, які займаўся капітальнымі рамонтамі. «Я знайшоў добрую працу, перасылаў грошы сям’і. Яшчэ вяртаўся ў Беларусь і жыў там пару месяцаў у сваячкі, потым зноў паехаў у Расію — праязджаў па чужым пашпарце. Тады мяне зарэгістравалі ў інтэрнаце, і па мяне прыехала міліцыя, бо я быў у федэральным вышуку», — згадвае мужчына.

Але маскоўскія сілавікі яго ў выніку адпусцілі — у расійскім заканадаўстве не было артыкула, аналагічнага таму, па якім пераследвалі Станіслава. Яго затрымлівалі яшчэ два разы, але ўсё роўна адпускалі.

Пасля затрымання мужчына знайшоў сабе месца ў царкве — пару месяцаў вазіў на працу залежных і сачыў за імі, каб яны не ўжывалі на працы алкаголь і наркотыкі. Змяніў яшчэ некалькі прац — напрыклад, ахоўваў дом і жыў у прыбудове да яго з душам на вуліцы.

Станіслаў разумеў, што Расія — не лепшая краіна, дзе можна хавацца беларусу, якога пераследуюць па палітыцы: «Думаў пра гэта, канешне, але куды было дзявацца? Пакуль была праца і я нідзе не свяціўся, усё было нармальна. Спадзяваўся, проста перачакаю тэрмін даўніны па гэтым артыкуле».

У канцы 2022-га Станіслаў вярнуўся ў Беларусь, каб адтуль эвакуявацца ў Польшчу. Іллін пасяліўся ў сваячкі, у якой жыў падчас мінулага вяртання, і чакаў магчымасці пабачыць двух сыноў, але за некалькі дзён да ад’езду ў хату ўварваліся сілавікі. Станіслаў згадвае, што гэта былі звычайныя аператыўнікі без дакументаў на арышт — проста прыехалі і забралі.

Фота: асабісты архіў суразмоўцы

Мужчыне далі год пазбаўлення волі, які ён правёў у калоніі №3 («Віцьба»), і выйшаў на волю 10 лістапада 2023 года. «Якой запомнілася калонія? Увогуле ніякай. Усё вельмі складана, нічога нельга зрабіць, кожны дзень напружанне і думкі, як не трапіць у ШІЗА ці не атрымаць іншых праблем.

Супрацоўнікі спрабавалі мяне на чымсьці падлавіць, бо я трошкі выступаў супраць іх. Звычайна яны заляталі ў секцыю ранкам і адразу беглі да мяне. Я пісаў шчырыя лісты, якія не даходзілі да жонкі, потым мяне папярэджвалі, каб больш такое не пісаў», — згадвае Станіслаў месяцы ў «Віцьбе».

Мужчына часам вёў сябе па-бунтарску яшчэ ў мазырскім ІЧУ — пасварыўся з кіраўніком, за што атрымаў там 10 сутак карцару і пазбаўленне перадач. Апошняе Станіслава асобна здзівіла, бо перадачы да яго і так не даходзілі.

Станіслаў згадвае выпадак, калі ён у калоніі падвярнуў нагу: ніякай дапамогі ён не атрымаў, адзінае лячэнне — адляжацца. Два тыдні ён правёў у стацыянары. 

Мужчына адзначае адно са знаёмстваў за кратамі — сустрэчу з маладым мазыранінам: «Яму 23 гады, а ў яго развіццё як у васьмігадовага дзіцяці. У яго дзевяць крымінальных артыкулаў і тэрмін 7 гадоў зняволення. Яму дапамагалі дайсці да сталовай, потым паказвалі, дзе памыць лыжку — і так кожны дзень».

Падчас калоніі Станіслава некалькі разоў адпраўлялі ў ШІЗА — у суме атрымалася 45 сутак пакарання: «Калі дзень, то спіш на бетоне, але так, каб па камерах цябе не было відаць. Увечары апусцілі ложкі — ты лёг спаць, а 6-й ранку паднялі ложкі — і ты можаш толькі сядзець на лавачцы. Калі вас там двое-трое, то ўсё добра, можна з кімсьці пагутарыць, а калі ты адзін — з’язджаеш з глузду».

Пасля вызвалення пару месяцаў атрымалася пажыць на радзіме, але ўвага сілавікоў не згасала: ноччу яны прыходзілі дахаты з праверкамі, цікавіліся зместам тэлефона. Мужчына з’ехаў у Грузію на рэабілітацыю, і своечасова — у канцы студзеня 2024-га прыйшлі да яго жонкі. У гэты раз прэтэнзія была да таго, што некалі Іллін як палітвязень атрымліваў дапамогу ад ініцыятывы INeedHelp. 

Тады Станіслаў зразумеў, што яму вяртацца ў Беларусь небяспечна. У канцы сакавіка ён паляцеў з Грузіі ў Польшчу і там папрасіў міжнародную абарону, пасяліўся ў гарадку Грыфіцэ недалёка ад Балтыйскага мора.

«Сябры па калоніі, якія ўжо павызваляліся, таксама хочуць перабрацца за мяжу — кажуць, іх душаць у Беларусі. Не ведаю, што там адбываецца, але я не хачу вяртацца», — дзеліцца мужчына.

Для Станіслава адкрылі збор на «Байсоле». Дапамагчы можна тут.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Зачыніш дзверы і пацалуеш яе, бо ёсць такая магчымасць». Як жанчыны кахаюць жанчын у калоніі

Былы вядучы БТ Аўчыннікаў расказаў пра закуліссе працы, расчараванні і дапамогу палітвязням

«Дзяўчына, з якой былі разам 6 гадоў, не захацела адносінаў». Як супрацоўнік «Беларуснафты» адседзеў 3 гады за абарону пратэстоўца

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
12
Панылы сорам
3
Ха-ха
8
Ого
3
Сумна
26
Абуральна
13
30.05.2024
К коммунизму мы идем,
птицефермы строятся,
а колхозник видит яйца,
когда в бане моется.

0
Віцьба/адказаць/
30.05.2024
А жонка, пэўна як і мая, не хоча выязджаць. З-за гэтага і ўсё праблемы. Даўна б ўжо усёй сям'ёй выехалі і не трэба было б сядзець на віцьбе.
30.05.2024
Лукашенко и его банда окончательно превратили Беларусь в фашистский концлагерь.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930