Знайсці
15.04.2024 / 14:071РусŁacБел

Як у 2020 годзе самі сілавікі застрашвалі чыноўнікаў ад імя пратэстоўцаў

Прапагандысты ў 2020 годзе распавядалі жудзікі аб тым, што пратэстоўцы пагражаюць расправамі сем’ям дэпутатаў, пішуць абразы сем’ям сілавікоў, нават што сына Аляксандра Лукашэнкі хочуць выкрасці і пасадзіць у склеп. Як выявілася, самі сілавікі такім чынам даводзілі: «Лукашэнка або смерць». Ініцыятывы BELPOL, BYPOL і «Кіберпартызаны» перадалі «Белсату» дакументы з базаў крымінальнага вышуку, нумары тэлефонаў, з якіх рассылаліся пагрозы, і запісы перахопленых размоваў.

У канцы жніўня 2020 года ў Беларусі працягваліся мірныя акцыі пратэсту, хоць на той момант ізалятары ўжо былі перапоўненыя пратэстоўцамі, большасць якіх прайшлі праз збіццё і катаванні. Жорсткасць сілавікоў была непрымальная нават для некаторых вінцікаў лукашэнкаўскай сістэмы. Асобныя выказваюцца супраць гвалту.

«Спецслужбы Лукашэнкі, а можа, Аператыўна-аналітычны цэнтр, прааналізавалі сітуацыю, якая адбывалася ў грамадстве і сярод чынавенства ў тым ліку, — расказвае кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў. — І яны ўбачылі пагрозу, што чыноўнікі могуць перайсці на бок народа. І таму быў дадзены ўказ запалохаць чыноўнікаў».

У сацыяльных сетках сілавікоў і на прапагандысцкіх тэлеканалах адну за другою змяшчалі весткі пра агрэсію з боку пратэстоўцаў у дачыненні службовых асобаў. Так, 30 жніўня ў праграме «Панарама» прагучала: «Замежнымі цэнтрамі з Польшчы і Чэхіі праз асобных чальцоў так званай Каардынацыйнай рады, а таксама праз шэраг Telegram-каналаў у цяперашні час здзяйсняецца наймацнейшы ціск і на дэпутацкі корпус».

Днём раней з нумару мабільнага аператара «А1», зарэгістраванага ў той самы дзень, невядомыя разаслалі 59 SMS-паведамленняў з пагрозамі на адрас дэпутатаў, высокапастаўленых супрацоўнікаў міліцыі, суддзяў і чыноўнікаў з усёй Беларусі. З заяваю на пагрозы ў міліцыю першым звярнуўся экс-маёр міліцыі, старшыня Лельчыцкага райвыканкама Сяргей Касінскі. У даведцы па ягонай крымінальнай справе № 20124150135 (ч. 1 арт. 366 КК РБ) бачым:

«Абаненцкі нумар +375299439853 зарэгістраваны 29.08.2020 у аддзеле продажаў РУП «Белпошта» ў будынку Менскага чыгуначнага вакзалу на імя Курыловіча Аляксандра Сяргеевіча, 13.06.1971 г. н., не працуе, не судзімы, злоўжывае спіртовымі напоямі. Пры вывучэнні камераў відэаназірання чыгуначнага вакзалу, устаноўлена, што сумесна з Курыловічам А. С. знаходзіўся Анаеў Акмырат, 15.12.1962 г. н.».

Ужо 8 верасня ў Галоўным упраўленні крымінальнага вышуку дапыталі на паліграфе Курыловіча і Анаева, якія рэгістравалі нумар. Мужчынаў пакінулі на волі. Праз тыдзень, 16 верасня, Міністэрства ўнутраных справаў арганізавала брыфінг па супрацьдзеянні гвалту і пагрозаў у дачыненні дзяржслужбоўцаў.

«Мы займаемся ўжо сотнямі матэрыялаў даследчых праверак і забяспечваем аператыўнае суправаджэнне па сотнях крымінальных справаў, узбуджаных па падобных фактах, — распавядаў тады намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч. — Безумоўна, гэта праблема, і гэтая праблема набывае такі ўжо нацыянальны характар».

«Я не зайздрошчу тым маргіналам, якія адважацца сунуцца да тых чальцоў нашых сем’яў і да нашых супрацоўнікаў… мала ім не здасца, — пагражаў начальнік Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС Андрэй Паршын. — Адразу вас папярэджваю: падумайце аб сваім здароўі, што будзе з вамі, калі вы асмеліцеся закрануць кагосьці з чальцоў нашых семʼяў».

Праз некалькі месяцаў крымінальныя справы аб пагрозах і «хуліганстве» ў дачыненні да абаронцаў рэжыму пачалі ручаямі сцякацца ў Следчы камітэт. У тым ліку і справы, датычнымі да якіх праходзілі ўжо дапытаныя Анаеў і Курыловіч, а таксама пляменнік апошняга Уладзімір Цітараў.

Абʼядноўвае мужчынаў, што ў 2020 годзе яны не мелі афіцыйнай працы, а раней працавалі рабочымі ў будаўнічым сектары. Што не звычайна, дык гэта колькасць сім-картак, якія рэгістравалі на свае старыя і новыя пашпарты. У перыяд 2015—2020 гадоў Анаеў меў 260 «сімак», Курыловіч — 43 і Цітараў — 14.

«Тут магчыма, што гэтыя грамадзяне былі на сувязі з пэўнымі аператыўнікамі, — дапускае прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар. — То бок, стаялі на кантакце з міліцыяй. І пад кожную пэўную распрацоўку, магчыма, пад кожную канкрэтную справу або пэўнае заданне яны рабілі гэтую сім-карту».

Гандляры сім-картамі ўжо пасля допыту засвяціліся ў яшчэ адной крымінальнай справе. Невядомыя закінулі пяць кактэйляў Молатава на ўчастак сябрука Аляксандра Лукашэнкі — дэпутата Уладзіміра Канаплёва, які ачольвае Беларускую федэрацыю гандболу. Суседка Канаплёва ў элітным Азёрным завулку — Ірына Абельская, маці Мікалая Лукашэнкі. Блізкія да цела дыктатара хочуць хуткага раскрыцця злачынства.

Максім Свірыд, які ачольваў крымінальны вышук, завяраў, што выпрацаваў эфектыўную форму абароны дзяржаўных службоўцаў. Як Максім Аляксандравіч кансалідаваўся са Следчым камітэтам — пачуем у атрыманых ад «Кіберпартызанаў» праслухоўваннях тэлефонных размоваў яго з Наталляй Ляўчонак, намесніцай начальніка Цэнтральнага раённага аддзела СК па Менску.

Максім Свірыд, былы начальнік крымінальнага вышуку. Беларусь. 2018 год. Фота: Pravo.by

Ляўчонак: Максім Аляксандравіч, мне ўся рэспубліка скінула справы. Караева злучэння з дэпутатам. На матэрыялах справы ёсць відэа, «першамайцы» гэтым займаліся, але ў нас ніхто не прабіў. Выявілі, што ўвогуле вось гэтая справа перасякаецца… Аднаму дэпутату накіроўвалі паведамленні з двух нумароў. Адзін нумар трапляе пад Караевым [тагачасным міністрам унутраных справаў, — заўв. «Белсат»], другі нумар…

Свірыд: Наташа, я табе… Ну, гэта не тэлефонная размова! Я да цябе прыеду, раскажу. Там асобы выяўленыя, я ведаю гэтых людзей. Не тэлефонная размова. Я табе потым раскажу.

Ляўчонак: Добра. Бо мы, паходу, на іх таксама выйшлі. Я хацела ператрусы санкцыянаваць.

Свірыд: Ну пачакай, не спяшайся. Я да цябе падʼеду на гэтым тыдні, пагаворым. Не трэба нічога там пакуль санкцыянаваць.

Чуем, што ў спісе «ахвяраў» пагрозаў быў тагачасны міністр унутраных справаў Юрый Караеў. І што следчым не ўдалося «прабіць аднаго відэа». Але галоўнае, што кіраўнік крымінальнага вышуку ведае фігурантаў і стрымлівае следчыя дзеянні з прычыны, якую хоча пакінуць у таямніцы.

Чарговая размова Свірыда і Ляўчонак датаваная 3 сакавіка 2021 года.

Ляўчонак: Максім Аляксандравіч, мне рукі зусім выкручваюць…

Свірыд: Што здарылася?

Ляўчонак: Ды з нашай вось гэтай справай… Як хутчэй яго на суд накіраваць, таму што…

Свірыд: А як… да каго ў суд накіраваць? Тамсама няма фігурантаў.

Ляўчонак: Дакладна няма?

Свірыд: [смяецца] А хто табе, скажы, хто гэтае пытанне задае табе, каб у мяне было разуменне.

Ляўчонак: Гэтая справа стаіць на кантролі ў Аземшы (Сяргей Аземша — намеснік старшыні Следчага камітэту, — заўв. «Белсат».)

Свірыд: У Аземшы? Я з Казакевічам перагавару. Я думаю, што яны на гэтую тэму пагавораць.

Наталля Ляўчонак нагадала нумар справы 20121091256, заведзенай паводле арт.364 КК РБ — «Гвалт ці пагрозы гвалтам у дачыненні супрацоўнікаў міліцыі», да якой далучылі яшчэ 9 справаў.

Свірыд: Дзевяць справаў? Добра. Я Казакевіча сёння-заўтра дагавару. То бок, у Аземшы на кантролі, так?

Ляўчонак: Так, яно ў Аземшы на кантролі і на кантролі ў нас у ГУПК [Галоўнае ўпраўленне працэсуальнага кантролю Следчага Камітэта, — заўв. «Белсат».]. Вось у ГУПК у нас Амельянюк, ён увесь час гэтую справу тузае. Адмяняе там кучу ўсяго…

Свірыд: Добра, Наталля, я дакладу. Там будзем рэгуляваць гэтае пытанне.

Ляўчонак: Ну, таму што я б з вялікім задавальненнем накіравала б у суд.

Свірыд: [смяецца] Не, не накіруем мы яго ў суд. Не накіруем. Ёсць там пэўныя моманты, таму наўрад ці мы яго ў суд накіруем.

Ляўчонак: Вы мяне хвалюеце.

Свірыд: Ну, Наталля, гэта ў дзяржаўных інтарэсах.

Ляўчонак: Ну, калі ў дзяржаўных, тады згодная…

Свірыд: Гэта не ў чыіхсьці асабістых, гэта ў дзяржаўных інтарэсах.

Ляўчонак: Ах так! Тады так…

Свірыд: Добра.

Паводле слоў Азарава, гэта азначае, што Свірыд ведаў, хто рабіў тэлефанаванні. Імаверна, яны рабіліся з ягонага ведама. Але ў практыцы Азарава такім займаліся прадстаўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі, а не крымінальнага вышуку. Супрацоўнікі КДБ самі рабілі падобныя тэлефанаванні або шукалі людзей, якія рабілі б тэлефанаванні.

Жыгар тлумачыць, што такім чынам «падлівалі масла ў агонь», каб развязаць сабе рукі для больш жорсткіх рэпрэсіяў, якія выходзілі за рамкі закону. Але ж на судзе тройца «сімкавых магнатаў» магла б заявіць, што гэта рабіла міліцыя.

«Рэжымаахоўныя органы рабілі таксама фіктыўныя правакатарскія справы, — згадвае колішні супрацоўнік кафедры крыміналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Яраслаў Кот. — Справы, якіх насамрэч не адбывалася, ці такіх, якія яны зладзілі самі. А потым садзілі кагосьці за краты. Гэта для іх нармальная тэма. І з гэтым час ад часу дыктатура заўжды працуе, калі яны шукаюць нейкіх агрэсараў, нейкіх ворагаў і гэтак далей».

Базы крымінальных справаў, здабытыя Кіберпартызанамі і BYPOL, абрываюцца на сярэдзіне 2021 года. Таму не вядома, ці гэтая канкрэтная справа дайшла да суда. З дасяжнай часткі следства бачым толькі, што справы шматкроць узнаўлялі і прыпынялі згодна артыкуламі 250 і 246 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу: «Нездзяйсненне падазраванымі або абвінавачанымі таго прадугледжанага крымінальным законам дзеяння, якое высоўвалася ў падазрэнні або абвінавачванні» і «Не ўстаноўленыя асобы, якія падлягаюць прыцягненню ў якасці абвінавачанага».

Азараў разважае: калі б дайшла, гэта была б вельмі гучная справа, пра якую расказвалі б дзяржаўныя і незалежныя медыя, фігурантаў прызналі б палітычнымі зняволенымі… Але пра справу не было чуваць.

Журналісты дазваніліся да адказнай за вынікі следства Наталлі Ляўчонак. Калі дайшло да канкрэтных пытанняў, Наталля Генаддзеўна разгубілася:

«Белсат»: Вы са Свірыдам замялі справу. Ён тэлефанаваў вам і прасіў не перадаваць справу ў суд.

Ляўчонак: У мяне такое ўражанне, што вы ўвогуле не туды патрапілі.

«Белсат»: Наталля Генадзеўна Ляўчонак, я патрапіла правільна. Я чула ўсе вашыя размовы з Максімам Свірыдам, калі вы чакалі яго ў госці, і ён спачатку не прыехаў. І ўгаворваў вас не перадаваць справу ў суд, таму што і фігуранты няправільныя, і ён іх ведае, і гэта не тэлефонная размова, і гэта пытанне дзяржаўнай бяспекі… і вы не перадалі ў выніку гэтую справу ў суд.

Ляўчонак: [маўчыць]

Дазваніліся і да Аляксандра Курыловіча, з нумароў якога ажыццяўляліся рассылкі.

«Белсат»: Не здагадваецеся, паводле якой справы Вас могуць выклікаць?

Курыловіч: Здаецца, мне ўжо здавалася, што там разабраліся з гэтым. А тут раптам адкуль не вазьміся. […] Мне здаецца, я быццам бы ўжо не пры справах. Мне ж ужо нібыта сказалі, што ўжо ўсё ў парадку. Усіх знайшлі гэтых кексаў, якія былі ў гэтай справе датычныя і ўсё астатняе.

Чытайце таксама:

«Рэзідэнцыя «Усход» — самы вялікі хабар Лукашэнку». «Белпол» правёў новае расследаванне

Новы кіраўнік «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі — пра перамены, цэнзуру, Шылу, рызыку звальненняў і журналістаў-палітвязняў

Беларускія хакеры дапамагаюць расійскім спецслужбам весці кібератакі на Украіну

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
8
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
23
0
Нягеглы/адказаць/
15.04.2024
Фашысты таксама любілі правакацыі. лукашэнкаўскія служкі ведаюць з каго браць прыклад.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера