Знайсці
08.04.2024 / 20:012РусŁacБел

«Знутры Беларусі вайна ўспрымаецца як нешта далёкае, нерэальнае, а звонку — як важнае і звышдраматычнае» — сацыёлаг Вардамацкі

Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі ў новым выпуску праекта «Мне таксама не падабаецца» расказаў пра тое, як змяніўся ўзровень даверу да незалежных медыя і як паменшыць інфармацыйны разрыў паміж дыяспарай і беларусамі ўнутры краіны. Асноўныя тэзісы навукоўца пераказала «Салідарнасць».

Андрэй Вардамацкі

Шэсць з дзесяці беларусаў не глядзяць тэлевізар: ці добрая гэта навіна для незалежных медыя? Ці давяраюць людзі ў Беларусі прапагандзе, чаму грамадства дэпалітызуецца, і хто перамагае ў барацьбе за ўвагу аўдыторыі?

«Верхнюю пазіцыю ў іерархіі тых СМІ, адкуль людзі атрымліваюць інфармацыю, усё ж займае тэлевізар — 41,5% рэспандэнтаў чэрпаюць навіны адтуль (гэта студзеньскія звесткі, у параўнанні з мінулым годам яны выраслі — было 30%). Затым ідзе YouTube, а далей — дзяржаўнае тэлебачанне Расіі, затым тэлеграм.

Аднак я не стаў бы меркаваць пра поспех уладаў у тэрмінах футбольнага ліку, таму што сітуацыя складанейшая. І YouTube, які ў топе крыніц інфармацыі на другім месцы, у дамінанце сваёй не дзяржаўныя медыя.

Незалежныя крыніцы займаюць досыць высокую пазіцыю, і ёсць вялікая колькасць сацыялагічных індыкатараў, якія пацвярджаюць іх значнасць. Гэта першы момант, які важна адзначыць. І другі — колькасць праглядаў, рэйтынг не азначае ўплыў.

Згадайце зборы твораў Брэжнева, якія стаялі ў пазалочаных вокладках ва ўсіх высокіх кабінетах — а з другога боку былі зачытаныя да дзірак сшыткі з вершамі Высоцкага, якія аказвалі больш уплыву, чым увесь шматфінансаваны брэжнеўскі збор твораў.

Сітуацыя такая, што Trust Index СМІ на гэты момант роўны — індэкс даверу да недзяржаўных медыя не меншы, чым да расійскіх, якія цяпер інтэнсіўна пранікаюць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Разрыў ёсць, але ён нязначны. Гэта значыць меркаванне, якое цяпер існуе — што адбыўся рэзкі абвал даверу да незалежных медыя, — не адпавядае рэчаіснасці».

Чаму беларусы ў параўнанні з расіянамі не схільныя цалкам верыць дзяржТВ? На думку Андрэя Вардамацкага, на медыяпаводзіны ўплываюць некалькі прычын — у прыватнасці, большае пранікненне інтэрнэту ў Беларусі, а таксама неадпаведнасць «інфармацыйнага прамяня», які транслюецца тэлебачаннем, менталітэту і чаканням грамадства.

«Можна казаць пра павышэнне прагляду фонава-рэфлекторнага, — адзначае сацыёлаг, — «каб проста ішло». У свой час гэтую ж функцыю выконвала радыёкропка ў сельскай мясцовасці. Гэта не звязана з глыбіннымі патрэбамі, проста фон».

Разважаючы пра тое, ці рэлевантны кантэнт незалежных медыя для беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны, эксперт таксама не выказаў аптымізму:

«Калі казаць увогуле — не. Праводзяцца рэгулярныя вымярэнні з базавым пытаннем: якія асноўныя праблемы цяпер стаяць перад краінай. Мяркуючы па апошнім вымярэнні, гэта эканамічныя пытанні — рост цэнаў, дабрабыт і г. д., а таксама рызыка прамога ўключэння Беларусі ў вайну з Украінай.

Я не кажу пра тое, маюць рацыю людзі ці не ў сваіх ацэнках, але суб’ектыўна яны ўспрымаюць найважнейшыя праблемы так.

А калі паглядзець на топ-праблем у тэматыцы недзяржаўных СМІ, то ён крыху іншы. Таму адбываецца пралёт двух самалётаў у розных паветраных калідорах, і людзі ў кожным з іх не ведаюць, што робіцца ў тым, іншым самалёце».

Зрэшты, мяркуе эксперт, ёсць і іншыя фактары, якія ўплываюць на зніжэнне рэйтынгу незалежных медыя, і справа не толькі ў блакаваннях і забаронах на «экстрэмісцкі» кантэнт.

«Гаворка пра немагчымасць практычнага выкарыстання той інфармацыі, у прыватнасці, палітычнай, якая паступае са СМІ. Хтосьці кажа, што людзі «стаміліся ад палітыкі», я б удакладніў: не тое каб стаміліся, а нічога не могуць змяніць, не могуць паўплываць на тое, што адбываецца».

Яшчэ адзін выклік для медыя, на які не ўпершыню звяртае ўвагу Андрэй Вардамацкі — працэс «каканізацыі» інфармацыйных патокаў і светапоглядаў, рознасці паміж беларусамі ўнутры Беларусі і дыяспарай.

«Упершыню гэта выявілася на прыкладзе стаўлення да вайны: «не вайне» і «няма вайны».

Знутры Беларусі вайна ўспрымаецца як нешта вельмі далёкае, нерэальнае або маленькае, а звонку — як вялікае, важнае, катастрафічнае і звышдраматычнае. Гэтая розніца бачная і па геапалітычных арыентацыях — на Еўропу альбо на РФ, эканамічнаму самаадчуванню і г. д.

Праблема ў тым, каб гэтыя коканы не «забетанаваліся», недзяржаўным медыя важна іх прабіваць».

Чытайце таксама:

Кансалідацыя без сцяга. Беларускае грамадства добра трымаецца перад расійскай прапагандай — даследаванні

«Частка нейтралаў паддаецца прапагандзе. Пачынаюць думаць, што, можа, так і трэба». Як будзе развівацца беларускае грамадства ва ўмовах татальных рэпрэсій

Старонка перагортваецца, але сітуацыя можа перарасці ў гвалтоўнае супрацьстаянне. Новае даследаванне пра беларусаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
2
0
бабруйчанін/адказаць/
08.04.2024
80 год таму ў Парыжы Празе бардэлі кафейні працавалі Аб вызваліцелях пачулі пабачылі калі побач праезджалі..Нічога дзіўнага і дзля беларусаў у рБ
1
Сатурн/адказаць/
09.04.2024
Согласен с ним. Внутри Беларуси, где я живу, людей волнует экономика и социалка, а за бугром - война, выборы, визы и палитвязни, что людям внутри почти никому не интересно.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930