Знайсці
04.04.2024 / 16:253РусŁacБел

«Лічбы на матэматыцы трэба звесці да памятных дат». Гродзенская настаўніца расказала, як цяпер працуецца ў беларускай школе

Расказваючы новую тэму, матэматыкі ў беларускіх школах павінны звесці лічбы да памятных дат — напрыклад, 3 ліпеня (Дзень незалежнасці). Настаўнікі замежнай мовы, паказваючы замежныя славутасці, павінны прыводзіць і беларускія. Да даносаў пакуль не дайшло, але абмяркоўваць палітыку і начальства калегі могуць толькі ў вузкім коле. Hrodna.life пагаварыў з настаўніцай з Гродна пра тое, як уладкаваная беларуская школьная адукацыя ў 2024 годзе.

Здымак ілюстрацыйны

Матэматыка + палітыка = ідэалогія

Калі браць працу класнага кіраўніка, адна з праблем — гэта ідэалогія. Наогул, ідэалогія цяпер прысутнічае ў кожным закутку школы. Напрыклад, «выхаваўчы патэнцыял» урока — калі ты на сваім прадмеце павінен падвесці да ідэалогіі. На матэматыцы трэба звесці лічбачкі, напрыклад, да памятных дат накшталт 3 ліпеня. На ўроку замежнай мовы ты павінен паказаць, як у краіне мовы нешта [уладкавана], і потым падвесці, як гэта добра ў нас. Паказалі славутасці, увялі новую лексіку, а потым трэба параўнаць. Крынджова выходзіць.

Раз у месяц праводзіцца ШАУ — Школа актыўнага грамадзяніна. На adu.by выходзіць метадычка — там яны скідваюць прэзентацыю, рэкамендацыі, тэкст. Ты па іх павінен правесці ўрок, сфатаграфаваць, даць справаздачу, што — «красаўчык», усё, як трэба, правёў. Былі метадычкі пра спартсменаў. Не было там ні Герасімені, ні гэтых, якія супраць. Там усё выверана — нічога лішняга не будзе. Улетку ты павінен праводзіць мерапрыемствы ў лагерах, паказваць гэтыя фільмы цудоўныя АНТ і БТ.

Фільмы з кадра АНТ пра нібыта падрыў у Гродне. Кадры аператыўнай працы. Скрыншот з АНТ

Былі мерапрыемствы, дзе расказвалі, што будзе за распаўсюд [экстрэмісцкіх матэрыялаў]. Сярод калектыву таксама праводзяцца такія мерапрыемствы. Падпісваюцца, што ты азнаёмлены, што калі гэта зробіш, то табе будзе тое і тое. Напрыклад, звольняць, па артыкуле пойдзеш. Нават калі ты суткі не сядзеў, а штрафам абышоўся, працаваць ты ўжо не будзеш. І далей ты ўжо нікуды ў дзяржструктуру не ўладкуешся.

Таму што галоўнае — гэта характарыстыка, якая выпісваецца на папярэднім месцы працы. Там адзін з пунктаў — як ты ставішся да дзяржаўнага ладу. Прапішуць, што цябе звольнілі, бо ты быў асуджаны па такім і такім артыкуле. Працадаўца паглядзіць на тваю характарыстыку і — «Давай, да пабачэння!».

Напэўна, заўсёды было гэта ўсё, толькі не ў такой жудаснай форме. Ужо пасля 2020 года пачалося. Калі ты адзін на адзін з дзецьмі, ёсць магчымасць сказаць, што гэта так, а насамрэч вось так. Але трэба гэта акуратна рабіць, таму што дзеці прыйдуць дадому і раскажуць — бацькі розныя бываюць.

Да 2020 года можна было спакойна хадзіць на працу ў «Пагоні». Дзесьці сцяжок павесіць маленькі, значок на сумку. Ніхто ні слова не скажа. І мітынгі ж былі дазволеныя. А пасля 9 жніўня рэзка — табу.

Дзень Волі-2019. Фота: Hrodna.life

«Што расказаць пра курэнне, калі кураць і мама, і тата?»

Пастаянна справаздачы нейкія: колькі мерапрыемстваў правяла па тэме. Усё гэта павінна быць запісана ў журнале. Таму што потым прыедзе пракуратура, праверыць, а ў цябе нічога няма. Ты, можа быць, і правёў, але не запісаў. Трэба проста лічыць, колькі ты павінен правесці ў месяц па гвалце [гутарак], колькі — прафілактыкі супрацьпраўных парушэнняў, колькі — пра курэнне.

Трэба, каб гэта ўсё ішло з сям'і. Калі браць, напрыклад, курэнне. Ну што я магу вучню расказаць пра яго, калі ў яго дома кураць і мама, і тата? І «электронку» яму купляюць?

Вар'ююць праверкі бясконцыя. Праверка можа заехаць у школу на тыдзень: аддзел адукацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, потым аблвыканкам, потым — міністэрства, санстанцыя, пракуратура, міліцыя. Пастаянна на стрэснячку працуеш. Калі прыязджаюць дакументацыю правяраць, ты не ўрокі праводзіш, а бегаеш і паперкі робіш.

Зразумела, што не заўсёды запоўніш журнал своечасова. Калі сем урокаў адвяла, думаеш «Ай, заўтра запоўню», а заўтра прыязджае праверка з раніцы. Як завучы працуюць, не ўяўляю. Калі ёсць праблемныя дзеці, сем'і, можна адразу страляцца.

Даносаў няма

Асабіста ў мяне ў школе даносаў не было. Настаўнікі часцей за ўсё не выходзяць за рамкі. Яны асцерагаюцца, што хтосьці з дзяцей нешта ляпне дома, і гэта можа выліцца ў страту працы. Настаўнікі нейкіх вучняў могуць абмеркаваць. Пра палітыку стараюцца не гаварыць. Калі і абмяркоўваюць, то толькі ў маленькім коле. У адкрытую сказаць — потым дойдзе наверх.

Цяпер дзеці розныя. Хтосьці ў шостым класе пачынае чымсьці цікавіцца, таму што гэта дома прагаворваецца. А хтосьці ў 11-м ходзіць, яму далі павесіць сабе гэты значок, надзеў і пайшоў.

Пра піянераў і БРСМ

У БРСМ была, была справа. Афіцыйна не сыходзіла. На другім годзе працы сказала, што я не знаходжуся, даўно не плаціла ўнёскі, і неяк адсталі. Я сказала: няхай я лічуся ў вас у статыстыцы, але плаціць нічога не буду.

Дзень Незалежнасці ў Гродне ў 2021 годзе. Фота: Hrodna.life

Дзяцей не проста прымушаюць [ісці ў піянеры і БРСМ], але кажуць, што «не паступіце, дрэнную характарыстыку напішам». Дзеці дадому прыходзяць, ну і бацькі кажуць: «Ну, фіг з ім, на, уступі». Такім чынам выбіваюцца 100% БРСМ, 100% піянераў.

Хоць ёсць бацькі, якія кажуць: «Не, уступаць не будзем», і ўсё. Класныя кіраўнікі тэлефануюць дадому, спрабуюць угаварыць. Я ніколі не прымушала, казала: «Гэта ваш выбар». Не вельмі добрая статыстыка ў мяне была. Потым напісалі заявы. Думаю, бліжэй да канца выпуску тыя, каму трэба, дапішуць.

«Старалася быць сябрам»

У класным кіраўніцтве нічога складанага няма, на самай справе. Проста шмат часу, сіл адымае. Так, праца прыкольная, цікавая. Адчуваеш сябе маладзейшай, калі маеш зносіны з дзецьмі: трэнды, TikTok.

Я была не проста настаўніцай, а старалася быць яшчэ і сяброўкай. Трэба з дзецьмі знаходзіць канэкт такі. Калі ў сем’ях выкрываюцца праблемы, калі ў іх асабістыя праблемы, яны, бывае, не ідуць да бацькоў. Калі ты настроіла іх да сябе, дзеці могуць прыйсці па параду, спытаць, як у гэтай сітуацыі зрабіць. Я ведаю, многія класныя кіраўнікі нікуды асабліва не ездзяць, ні ў паездкі, ні ў паходы. А хтосьці малады, наадварот, сам любіць рух, і дзяцей цягае.

Цяпер прымушаюць раз на два месяцы вывозіць дзяцей кудысьці. Прыходзяць разнарадкі — вось вам спіс экскурсій, арганізуйце і дайце справаздачу.

Як у 30 гадоў стаць дырэктарам

З кадрамі ў школах бяда. У Гродзенскай вобласці ў школах недахоп настаўнікаў матэматыкі і фізкультуры. Праблема дзесяцігоддзяў — сацыяльныя педагогі і педагогі-псіхолагі. Аплата маленькая, а з кожным годам «гемару» больш дадаюць. Многія год-два адпрацавалі і сыходзяць. З’язджаюць за мяжу альбо ідуць у іншую сферу, не звязаную з выкладаннем.

Па вобласці ў мінулым годзе даволі такі шмат сыходзілі людзі — 30−40 чалавек. Чуткі хадзілі, што быў чорны спіс людзей, якіх трэба звольніць.

Калі ты работнік пісьменны, цябе могуць дадаць у рэзерв кадраў. Напрыклад, цябе бачаць завучам па ідэалогіі, па выхаваўчай працы. Калі хтосьці на пенсію ідзе, табе могуць прапанаваць пасаду. Многія ўжо ў 30 гадоў дырэктары. Яны прыйшлі на адпрацоўку ў 22 гады, папрацавалі пару гадоў там, праявілі сябе. Іх паставілі завучамі, яны прапрацавалі пяць гадоў — у дакументацыі разбіраюцца. І вось, калі ласка, хтосьці на пенсію сыходзіць — малады настаўнік робіцца дырэктарам.

Пакуль ты просты работнік, ніхто асабліва цябе не правярае. Калі ідзеш на павышэнне, дасканала ўсё вывернуць.

Збіралі на бежанцаў і дзяжурылі на мяжы

Прыходзяць разнарадкі сабраць з дзяцей і работнікаў у Чырвоны Крыж, Фонд міру, АСВОД. Па жаданні, але мінімум рубель-два. Плюс балючая тэма — падпіска на выданні. Прыходзіць спіс, колькі газет трэба выпісаць. Адміністрацыя размяркоўвае. Ты ідзеш і выпісваеш, квітанцыю прыносіш. У некаторых школах збіралі на бежанцаў, калі вось гэтая праблема была. Адпраўлялі настаўнікаў на мяжу.

Што тычыцца збораў з дзяцей, цяпер ёсць бацькоўскі камітэт. Яны збіраюць нейкую суму, кладуць на рахунак школы. Кажуць дырэктару, што паклалі суму і хацелі б гэта і гэта купіць. Школа сама закупляе. Каб настаўніку непасрэдна прынеслі грошы — цяпер такога няма.

Фотаздымкі з імправізаванага іміграцыйнага лагера на беларускім баку мяжы з Кузніцы ў 2022 годзе. Фота oko.press

«Адукацыю кідаюць з боку ў бок»

Атмасфера часам непрыемная, таму што пад ціскам працуюць і выкладчыкі, і адміністрацыя. Праверкі, ідэалогіі, усялякія навіны, скарачэнне гадзін, дадаванне гадзін. Адукацыю кідаюць з боку ў бок. Кожны новы міністр адукацыі нешта новае хоча зрабіць. ЦТ увялі, гэта ўвялі, гэта не спадабалася — прыбралі. Эксперыментуюць пастаянна. Толку як такога няма, і дзеці гэта разумеюць. Усё гэта адбіваецца на працэсе, як ні круці.

Не скажу, што ўвесь час гэта. Часам бывае і нядрэнна, калі ніякай праверкі няма. Спакойна прыйшла на працу, адпрацавала ўрок у задавальненне і пайшла дадому.

Чытайце таксама:

«Плачу за вучобу, а дзіцяці залікі ставяць за ўдзел у праўладных мітынгах». Беларусы расказалі, што думаюць пра забарону на адукацыю за мяжой

Жанчына перадпенсійнага ўзросту, якая працуе настаўніцай. Склалі партрэт назіральніка на сёлетніх выбарах

«Шэрагі творчай інтэлігенцыі ачышчаюцца ад асоб, якія падрывалі асновы дзяржавы» — міністр культуры

Збіраюцца ўзмацніць адказнасць для бацькоў, якія недагледзелі за сваімі дзецьмі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
8
Абуральна
16
2
Андрусь/адказаць/
04.04.2024
Люстрацыя па вам плача
2
Прамзона/адказаць/
04.04.2024
Андрусь, ты хоць ведаеш што такое люстрацыя? Бягом у гугл
0
Андрусь /адказаць/
04.04.2024
Прамзона, ты ўсё правільна зразумеў
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930