Знайсці
02.04.2024 / 16:4618РусŁacБел

«Жыццё ў Дубліне на аднаго каштуе мінімум 4167 еўра на месяц». Беларуска расказвае, як ужо 6 гадоў жыве ў Ірландыі

Кацярына Лысёнак упершыню з’ехала з Беларусі, калі ёй было яшчэ 16 гадоў. Тады яна паехала па праграме абмену ў ЗША на год. Цяпер жанчыне 37, яна працуе ў Google і апошнія 6 гадоў жыве ў ірландскім Дубліне. CityDog.io вырашыў бліжэй пазнаёміцца з Кацярынай і пагутарыў пра жыццё ў Ірландыі, пра пераезды і працу ў адной з самых вядомых кампаній свету. А яшчэ — пра глабальных беларусаў і тое, як яны могуць палепшыць будучыню краіны.

Пра жыццё ў Ірландыі і пераезды: «Жыллёвы крызіс сапраўды сур’ёзная праблема ў краіне»

Перад тым як застацца ў Ірландыі, Кацярына змяніла не адно месца жыхарства. Напрыклад, пасля вяртання з ЗША ў Беларусь дзяўчына правяла год у Мінску, а потым паступіла ў Міжнародны ўніверсітэт LCC у Літве. Там яна жыла наступныя 6 гадоў, скончыла бакалаўрыят і пачала працаваць у брытанскай даследчай кампаніі Euromonitor International.

— Потым я вярнулася ў Мінск прыкладна на год, каб працаваць у Promwad у сферы развіцця бізнэсу. А затым зноў пераехала ў Вільню, дзе пачала вучыцца ў магістратуры, і вярнулася ў Euromonitor.

Праз пару гадоў мой муж падаўся на пасаду ў Google Ireland. Ён пераехаў туды. Я скончыла вучобу, падала заяўку на пасаду менеджаркі па развіцці партнёрстваў у Google і далучылася да кампаніі ў Дубліне. Таму асноўнай прычынай пераезду сталі працоўныя магчымасці для нас абаіх.

Мы прапрацавалі ў Google пару гадоў, а потым звольніліся і пераехалі ў Новую Зеландыю. Спачатку я развівала запал да фатаграфіі, але мяне знайшлі рэкруцёры Yahoo NZ — і я пачала працаваць там. Мы даследавалі рэгіён, у пэўны момант вырашылі, што не хочам заставацца там доўгатэрмінова, — і я падала заяўкі на пасады ў Еўропе.

Мне пашанцавала атрымаць пасаду ў Google, далучыўшыся да іх каманды продажаў у Вялікабрытаніі і Ірландыі. Вось так мы вярнуліся ў Дублін 6 гадоў таму і пакуль застаёмся тут.

— Вы так часта пераязджалі. Мабыць, з кожным разам адаптацыя давалася ўсё лягчэй? Ці я памыляюся?

— Калі браць агулам, я жыла ў ЗША каля двух гадоў, у Літве — амаль восем гадоў, у Новай Зеландыі — два гады, а ў Ірландыі — каля васьмі гадоў у агульнай колькасці. Дарослай я пражыла ў Беларусі толькі два гады.

Эміграцыя заўсёды складаная, незалежна ад таго, колькі разоў вы пераязджаеце. Мы ўдасканалілі працэсы і ведаем, чаго чакаць, але ўсё роўна кожны раз гэта цяжкі досвед.

Я заўсёды рэкамендую людзям прачытаць больш пра цыкл адаптацыі экспатаў, каб падрыхтавацца да таго, што будзе. Тыповыя фазы цыклу адаптацыі: падрыхтоўка, «мядовы месяц», культурны шок і адаптацыя. У сярэднім патрабуецца два гады, каб прывыкнуць да новай краіны, і самыя складаныя месяцы — ад 9-га да 18-га.

Але важна памятаць, што з правільным падыходам і часам усё наладзіцца. І гэта нармальна — адчуваць сябе ненармальным і змагацца з цяжкасцямі. Эміграцыя — складаны праект.

— Раскажыце крыху пра Ірландыю: як вы самі яе адчуваеце? Ці былі якія-небудзь складанасці, з якімі сутыкнуліся?

— Ірландыя — мой трэці дом: першы — Беларусь, другі — Літва. Аднак мой досвед моцна абумоўлены працай у глабальнай тэхналагічнай кампаніі.

У нашым офісе працуе больш за 7000 чалавек — і там створаныя ўсе магчымыя ўмовы: ад медыцынскага цэнтра да банка і спартзалы. Таму мне было прасцей адразу знайсці сваю суполку сяброў, з якімі мы сябруем ужо дзесяць гадоў. Да таго ж англійская мова аказалася лягчэйшай для адаптацыі, чым літоўская, таму і з адміністрацыйнымі ды бюракратычнымі пытаннямі было прасцей справіцца.

Я не вельмі добра знаёмая з паўсядзённым жыццём у Ірландыі, але магу дакладна сказаць, наколькі прыязнай краіна аказалася да экспатаў. Цяпер у СМІ шмат навін, якія паказваюць розныя меркаванні, але амаль за 10 гадоў у Ірландыі я ніколі не чула ніводнага ксенафобскага або антыімігранцкага выказвання ў свой адрас. Часткова я тлумачу гэта гісторыяй Ірландыі, дзе амаль у кожнай сям’і ёсць свая гісторыя іміграцыі з-за цяжкасцяў у мінулым.

— Ці дорага жыць у Ірландыі? Колькі прыкладна трэба выдаткоўваць на прадукты, побыт, забавы, каб адчуваць сябе больш-менш камфортна?

— Дублін лічыцца адным з самых дарагіх гарадоў Еўропы, галоўным чынам з-за недаступнасці арэнднага жылля.

Сярэдняя арэндная плата ў Дубліне перавышае 2300 еўра. Кошт на жыллё на 88% вышэйшы за сярэдні па ЕС. Пры гэтым поўнапрацоўныя работнікі ў Ірландыі ў сярэднім зарабляюць 3683 еўра ў месяц да выплаты падаткаў. Жыллёвы крызіс з’яўляецца сапраўды сур’ёзнай праблемай у краіне.

Разліковыя штомесячныя выдаткі сям’і з чатырох чалавек складаюць 3781 еўра, адзінокага чалавека — 1093 еўра. І гэта ўсё без уліку арэнднай платы. Таксама Ірландыя мае другі самы дарагі грамадскі транспарт у Еўропе, а цэны на гатэлі і рэстараны на 29,5% вышэйшыя за сярэднееўрапейскія. Гэта дае пэўнае ўяўленне пра тое, наколькі тут дорага.

Увогуле пытанне грошай вельмі суб’ектыўнае, і ўзровень камфорту будзе залежаць ад таго, што менавіта патрабуецца, каб адчуваць сябе камфортна. Напрыклад, догляд за дзецьмі ў Ірландыі вельмі дарагі, таму вам трэба будзе дадаць у сярэднім яшчэ 1300 еўра ў месяц на дзіця за дзіцячы садок.

Калі вы жывяце ў Дубліне самі, вам спатрэбіцца як мінімум 50 000 еўра на год (4167 еўра на месяц) да выплаты падаткаў, каб жыць. Для сям’і з трох чалавек добрым заробкам была б сума ўдвая большая: каля 90 000 — 100 000 еўра.

Пра працу ў Google: «Я ніколі асабліва не цікавілася кар’ернай лесвіцай»

— Як і калі вы пачалі працаваць у Google? І як наогул вы прыйшлі ў HR?

— Я пачынала ў якасці менеджаркі па партнёрскіх адносінах у выдавецкім аддзяленні Google (Online Publishing Group). Мне давялося працаваць з рэгіёнам СНД і стаць першым чалавекам, які ўстанавіў некаторыя прэміяльныя кантракты на манетызацыю. Гэта быў цудоўны досвед.

У цэлым працэс найму ў Google вельмі празрысты і падрабязна апісаны на кар’ерным сайце: як падрыхтаваць рэзюмэ, чаго чакаць на сумоўях і гэтак далей. Там ёсць уся неабходная інфармацыя, якая можа дапамагчы ўсім кандыдатам падрыхтавацца як мага лепш.

Мая кар’ерная траекторыя ў Google зусім не лінейная, я ніколі асабліва не цікавілася кар’ернай лесвіцай. Мяне больш цікавіла адкрыццё розных магчымасцей: менавіта так я змяніла пяць камандаў у Google. Працавала ў сферы партнёрства з СНД, у account management з Вялікабрытаніяй і Ірландыяй, кансультанткай па развіцці каманды і ўнутранай трэнеркай, кіравала камандай па HR-аперацыях, а цяпер працую менеджаркай стратэгічных HR-праграм. І мне гэта вельмі падабаецца.

Я думаю, што гэта быў вельмі правільны выбар на маім шляху — пераход са свету продажаў у HR. Аднак я сумую па сустрэчах з кліентамі, камандзіроўках і бонусах ад продажаў (усміхаецца).

— А ў чым цяпер заключаецца ваша праца?

— Як менеджарка стратэгічных HR-праграм я маю дзве часткі сваёй работы: працу з людзьмі ў якасці HR-партнёркі/coach і працу з працэсамі/праектамі/change management. Гэта найлепшая камбінацыя для мяне, якая дазваляе атрымаць наймацнейшы прафесійны досвед: праца з людзьмі і развіццё адносін, праца з агульнай карцінай, аналіз даных і стратэгія.

Абодва тыпы працы маюць свае перавагі і складанасці. Пастаяннае навучанне — гэта тое, што дапамагае стаць лепш. Не думаю, што я калі-небудзь пераставала вучыцца з моманту атрымання маёй першай ступені магістаркі. Я скончыла другую магістратуру ў Дубліне, а цяпер працую над кандыдацкай дысертацыяй па лідарскім развіцці/коўчынгу. І зусім нядаўна я падала заяўку на атрыманне сертыфіката Six Sigma Green Belt для маёй работы з працэсамі і праектамі.

— Мне здаецца, ад такога тэмпу хочаш не хочаш, а будзеш адчуваць стомленасць і эмацыйнае выгаранне. Як вы аднаўляецеся?

— Па-за межамі маёй асноўнай працы я таксама працую прафесійным кар’ерным коўчам. І як коўч я вывучала, як клапаціцца пра сябе, як змяшчаць эмацыйныя нагрузкі і як развіваць механізмы пераадолення стрэсу.

Я працую са сваім супервайзерам у коўчынгу, які дапамагае мне. Але ў асноўным я засяроджваюся на тым, каб правільна закласці асновы: сон, ежа, фізічныя нагрузкі.

Акрамя таго, у мяне ўжо шмат гадоў вельмі строгія межы паміж працай і асабістым жыццём. Раней я працавала звышурочна ці па выхадных, але апошнія 10 гадоў пачынаю працу своечасова і заканчваю своечасова, пры гэтым заўсёды раблю поўны перапынак на абед. А яшчэ ў мяне ёсць каманда, якая падтрымлівае мяне: мой муж, мой сабака, мае сябры, мой тэрапеўт і мой коўч.

Пра глабальных беларусаў: «Дзякуючы сваім ведам, досведу і шырокім поглядам яны могуць істотна дапамагчы Беларусі»

— Цяпер можна пачуць словазлучэнні «глабальныя людзі», «глабальныя беларусы». Што трэба разумець пад гэтым?

— Ну, часта так называюць беларусаў, якія з’ехалі за мяжу. Але я з гэтым не вельмі згодная. Куды важней, што ў чалавека ў галаве, а не дзе ён жыве. Бо што такое глабальнае мысленне? Гэта калі ты добра разумееш і паважаеш розныя культуры, адкрыты да іншых людзей і думак, калі ўмееш прыстасавацца да новага асяроддзя.

Такія людзі спакойна працуюць з людзьмі з усяго свету, яны ўмеюць камунікаваць з іншаземцамі, разам вырашаць праблемы. Яны не баяцца разнастайнасці, любяць міжнародныя праекты і ўмеюць карыстацца сусветнымі сеткамі і рэсурсамі.

Таму глабальны беларус ці беларуска — гэта чалавек з такім вось светапоглядам, незалежна ад таго, жыве ён (яна) у Беларусі ці не.

— А як глабальныя беларусы могуць дапамагчы Беларусі палепшыць яе будучыню?

— Глабальныя беларусы дзякуючы сваім ведам, досведу і шырокім поглядам могуць істотна дапамагчы Беларусі ў самых розных сферах.

Напрыклад, у сферы адукацыі гэта можа быць супрацоўніцтва з універсітэтамі, анлайн-курсы і падтрымка рэформаў. У бізнэсе глабальныя беларусы могуць інвеставаць у стартапы, ствараць працоўныя месцы і рэалізоўваць сумесныя праекты. У палітыцы яны могуць лабіраваць інтарэсы Беларусі і падтрымліваць рэформы. У ахове здароўя гэта могуць быць кансультацыі, стажыроўкі, абмен досведам і гуманітарная дапамога. У тэхналогіях супрацоўніцтва можа ажыццяўляцца ў распрацоўцы прадуктаў, трансферы тэхналогій і адкрыцці цэнтраў даследаванняў.

Акрамя таго, глабальныя беларусы могуць спрыяць захаванню культуры, развіццю грамадзянскай супольнасці і міжнароднай салідарнасці.

Каб змены ў Беларусі трывалі, рух глабальных беларусаў павінен аб’ядноўваць людзей з розным досведам, у тым ліку моладзь і дзяцей, знаходзіць лідараў у розных беларускіх суполках і згуртоўваць іх для стварэння агульнага бачання і мэтаў. Гэты рух павінен мець моцную ідэю і брэнд, якія будуць натхняць людзей на доўгі час, а не толькі на кароткі парыў, якія будуць выкарыстоўваць сілу супольнасці.

Нам трэба прапаноўваць розныя магчымасці для ўдзелу, нам трэба адысці ад чорна-белага мыслення і заахвочваць разнастайнасць думак.

Чытайце таксама:

16 беларусак, на якіх варта падпісацца ў сацсетках, каб адукоўвацца

Гэта беларуская дызайнерка робіць незвычайныя дываны і люстэркі для інтэр'ераў: яна піша на іх ніткамі. Вось як гэта выглядае

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
20
Панылы сорам
8
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
13
0
Клерк/адказаць/
03.04.2024
Ленинец, вы читали статью, у нее несколько степеней магистра, которые она закончила в Европе. Какой сосуд?
1
Клерк/адказаць/
03.04.2024
Максим Дизайнер, посмотрите как вырос американский фондовый рынок за последние 20 лет. И крипта, это скорее спекуляции, в не инвестирование. Подтяните теорию
0
Денис/адказаць/
04.04.2024
Я 20 лет живу в Ирландии и жить здесь можно на 2000 евро на человека просто прекрасно, а на 4000 на человека, так это простите до хрена.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930