Знайсці
14.02.2024 / 20:521РусŁacБел

Надакучылі туі? Вось з чаго яшчэ можна рабіць класныя зялёныя агароджы

Туі? Банальна… А вось што можа быць больш эфектным. Прапануем некалькі варыянтаў.

Ціс

Гэта расліна добра пераносіць абрэзку. Пры правільным яе правядзенні кусты ціса створаць прыгожую зялёную сцяну, якая не страціць свайго колеру нават зімой. Гэта расліна добра расце як на адкрытым сонцы, так і ў цені. Ціс добра сябе адчувае ў кампаніі іншых раслін і нават дрэў.

Ціс. Фота: Wikimedia Commons

Адзінай умовай хуткага і здаровага яго росту з'яўляецца ўрадлівая, злёгку вільготная глеба. Падчас засухі ціс варта рэгулярна паліваць. Асабліва вада патрэбна маладым раслінам для росту. Таму не забывайце ўвесь час увільгатняць глебу. Таксама варта памятаць, што плады ціса атрутныя.

Піхта карэйская

Гэтае вечназялёнае дрэва ў натуральных умовах можа дасягнуць 12 метраў. Яго мяккія іголкі даўжынёй да 2 сантыметраў маюць насычаную зялёную афарбоўку і падоўжаныя палосы. Калі маладое дрэва дасягае ў вышыню 1 метра, на ім утвараюцца фіялетава-пурпурныя шышкі, якія растуць вертыкальна.

Піхта карэйская з шышкамі. Фота: Wikimedia Commons

Піхта здольная расці на розных тыпах глебы, у тым ліку камяністай або пясчанай, добра пераносіць халодныя зімы і спякотнае лета.

У той жа час гэта расліна, гэтаксама як і ціс, патрабуе рэгулярнага паліву.

Кіпарысавік

Выдатнай заменай туі можа стаць кіпарысавік. Ён мае шчыльную і вузкую крону, якая добра трымае форму і не патрабуе частай стрыжкі.

Белы кіпарысавік. Фота: Wikimedia Commons

Розныя гатункі гэтага дрэва адрозніваюцца максімальным ростам, формай кроны і колерам ігліцы (ад зялёнага да сіняга). Кіпарысавік вынослівы да засухі і маразоў, але не любіць пераўвільготненых глебаў і зацененых участкаў.

Ядловец

Гэта хваёвая расліна сямейства кіпарысавых у залежнасці ад гатунку можа быць рознай формы, памеру і колеру ігліцы. Ядловец не баіцца адкрытых месцаў ды марозных вятроў, але патрабуе добрага асвятлення і не пераносіць ценю. Расліна ўстойлівая да засухі і маразоў, але не любіць пераўвільготненых і цяжкіх глебаў.

Ядловец звычайны з пладамі. Фота: Wikimedia Commons

Аднак варта памятаць, што ядлоўцы дрэнна суседнічаюць з грушамі. Рэч у тым, што ў гэтых раслін аднолькавы ўзбуджальнік іржы — грыбнога захворвання, здольнага нашкодзіць расліне.

Акрамя гэтага, большасць відаў ядлоўцу ўтрымліваюць таксічныя рэчывы. Па гэтай прычыне ядловец непажадана высаджваць там, дзе ёсць дзеці ці хатнія гадаванцы, паколькі і тыя, і іншыя здольныя паспрабаваць невядомую ім расліну на смак.

Лаўравішня

Гэта расліна з бліскучым ярка-зялёнага колеру лісцем, падобным да лісця лаўра, у залежнасці ад гатунку вырастае да 3 метраў. Лаўравішня — вечназялёная расліна. Яна ўстойлівая да вятроў, выдатна расце як на сонцы, так і ў цені, таму месца для пасадкі можна выбіраць любое.

Лаўравішня з пладамі. Фота: Wikimedia Commons

Акрамя гэтага, лаўравішня ў маі-чэрвені парадуе кветкамі з прыемным водарам. Пладаносіць у канцы жніўня. Плады можна есці, але яе насенне ўтрымлівае ў сабе сінільную кіслату і таму атрутнае. Ягады крыху спецыфічныя на смак, з іх гатуюць варэнне і сокі.

Як бачыце, замяніць туі не такое і складанае пытанне. Спадзяемся, наша падборка натхніць вас на стварэнне сваёй унікальнай агароджы.

Чытайце яшчэ:

Воцатнае дрэва і «помста суседа». Гэтая расліна ўваходзіць у моду ў Беларусі, бо яна і прыгожая, і практычная

У Барысаве высадзілі вялікую туевую алею, а яна ўся засохла ФОТАФАКТ

«Найлепшы сувенір з замежнай паездкі — не магніт ці статуэтка, а насенне». Ляснік з Жодзіна стаў фермерам і пасадзіў лесасад з экзатычнымі дрэвамі

Дваццаць знакамітых дрэваў Беларусі

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
5
15.02.2024
Ціс увесь атрутны, акрамя чырвоных пладоў. Дрэва, расце марудна, можа жыць да 4000 гадоў. Расце у Беластоку. Каштаваў, яшчэ жывы
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера