Знайсці
04.02.2024 / 10:446РусŁacБел

У Арменіі затрымалі ўхіліста ад войска з Беларусі. Яго могуць выслаць на радзіму

У Арменіі пры перасячэнні мяжы з Грузіяй сілавікі затрымалі грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава. Яму пагражае дэпартацыя на радзіму і крымінальную справу за ўхіленне ад службы ў войску. Ён знаходзіцца ў прымежным аддзеле паліцыі, 4 лютага адбудзецца суд. «Вось Так» даведаўся падрабязнасці гэтай гісторыі.

 Участак паліцыі ў горадзе Наембяран. Фота: сацсеткі

Гісторыю затрымання беларуса Яраслава Новікава распавёў актывіст Леанід Сасноўскі ў твітары. Ён паведаміў, што Новікаў да апошняга часу жыў у Грузіі — пры гэтым у роднай Беларусі на яго заведзена крымінальная справа за ўхіленне ад абавязковай вайсковай службы. 

2 лютага Яраслаў павінен быў пераехаць на час у Арменію. Аднак на армянскім баку яго затрымала прыгранічная служба мясцовай паліцыі — высветлілася, што Мінск абʼявіў мужчыну ў міждзяржаўны крымінальны вышук СНД. 

Ананімны прадстаўнік Новікава падзяліўся з «Вось Так», што Яраслаў збіраўся з Грузіі зʼехаць жыць і працаваць у Балгарыю, але не атрымаў у Тбілісі візу. Тады балгарскае прадстаўніцтва параіла маладому чалавеку вярнуцца ў Беларусь і паспрабаваць зноў ужо адтуль. З-за рызык, з якімі мужчына мог сутыкнуцца на радзіме, яму прыйшлося адправіцца ў Арменію, дзе ён планаваў паўторна падацца на візу. 

Актывіст Леанід Сасноўскі дапамог затрыманаму знайсці праваабаронцу ў Арменіі — юрыста Хельсінкскай асацыяцыі ў Арменіі Араіка Папікяна. Новікаву далі магчымасць пабачыцца з юрыстам, а таксама патэлефанаваць сваякам. У размове з «Вось Так» адвакат паведаміў, што ўмовы ўтрымання Яраслава нармальныя, «іх там кормяць», але ён купіў затрыманаму дадаткова ежы. 

У прымежным пункце паліцыі горада Наембяран на беларуса склалі пратакол і змясцілі ў пастарунак, дзе ён знаходзіцца да гэтага часу. Тэлефон у мужчыны забралі. Ананімны прадстаўнік Новікава ў гутарцы з «Вось Так» паведаміў, што тэрмін затрымання быў працягнуты да 72 гадзін з-за «марудлівасці бюракратычнай машыны». 

Беларускі бок адправіў у Арменію заключэнні следчага і пракурора аб узбуджэнні крымінальнай справы на Яраслава, а таксама аб яго вышуку. 

Адвакат Папікян распавёў, што 3 лютага па справе Новікава быў прызначаны пракурор, з якім ён ужо паразмаўляў і патлумачыў: затрыманне па заканадаўстве Арменіі «неправамерна». Таму мужчына павінен быць вызвалены. Аднак пракурор адмовіў беларусу ў дасудовым вызваленні. 

4 лютага ў 12:00 (паводле Ерэвана) адбудзецца суд над затрыманым, які вырашыць — выконваць патрабаванні Мінска па экстрадыцыі ўхіліста на радзіму ці не. Папікян «амаль упэўнены», што запыт будзе адхілены і малады чалавек выйдзе на волю. У паліцыі, сцвярджае юрыст, Новікаву сказалі, што выпусцяць яго пасля суда.

Чытайце таксама:

Ці могуць у беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, узнікнуць праблемы, як у «Бі-2»? Тлумачыць адвакат

У індыйскім аэрапорце згубілі польскі гуманітарны ДНЖ беларускі. Што рабіць у такім выпадку?

«Справы вядуцца дзясяткамі». Адвакат-міжнароднік расказаў, чаму спецслужбы еўрапейскіх краін блакуюць грамадзянства беларусам

Ніякіх Турцыі, Арменіі і Казахстана. У якія краіны не варта ехаць, калі баіцеся затрымання і экстрадыцыі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
13
04.02.2024
Андрусь, нешта на вуліцах Еравана, дзе жыве, як вы напісалі “антырасійскі народ”, не бачна ніводнага сцяга ў падтрымку ЕС, Украіны. Ніводнай налёпкі на аўто, ні графіці… Дзе вы яго сустрэлі?
04.02.2024
Астрожскі, запытайце лепш кім або чым ёсць Беларусь для Арменіі. З падтрымкай ворага свайго нібіта "саюзніка".
0
Андрусь/адказаць/
04.02.2024
А, я бачыў там такія налепкі яшчэ ў 2021 годзе. І ўсе бачылі мітынгі ў Ерэване перад пасяджэннем там АДКБ пасля ўварвання Азербайджана, на якое гэтая АДКБ забіла, хаця Арменія - чалец АДКБ, а Азербайджан з Аліевымі на чале, проста асабісты сябар пу і лу. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера