Знайсці
02.10.2023 / 22:124РусŁacБел

«Немагчыма паставіць вартаўніка ля кожнага помніка». Археолаг расказаў пра нечаканыя знаходкі і праблему чорных капачоў

Нядаўняе адкрыццё трэцяй вежы Крэўскага замка прымусіла паразважаць: колькі таямніц яшчэ хавае наша зямля? Раскрыць іх дапаможа толькі дбайна прадуманая метадалогія археалагічных даследаванняў, сцвярджае супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч у другой частцы інтэрв'ю газеце «Культура».

Першую частку інтэрв'ю глядзіце тут:

«Нашы пошукі мураванкі мелі і ўтылітарную мэту». Археолаг расказаў пра сёлетняе сенсацыйнае адкрыццё на Крэўскім замку

— Ці часта здараюцца неспадзяваныя знаходкі? 

— Гэта шчасце археолага. Аднак… па шчырасці, неспадзяванкі яны да канца. Калі мы сістэмна, этап за этапам даследуем той ці іншы аб’ект, то, зразумела, да раскопак рыхтуемся, аналізуючы пісьмовыя крыніцы. І таму прыкладна разумеем, што можам адшукаць. Ды ўсё адно бадай заўжды выяўляецца нейкая новая інфармацыя, датычная гісторыі помніка. Часам яна вельмі карысная для карэкціроўкі рэстаўрацыйных работ на ім. 

— Аднак чаму археалагічныя «сюрпрызы» здараюцца ўжо падчас гэтых работ? Ім раскопкі павінны папярэднічаць… 

— У выпадку з Крэвам, у прынцыпе, усё так і было. Тыя даследаванні (я калісьці далучыўся да іх яшчэ студэнтам), якія пачаліся ў 1985 годзе і больш-менш рэгулярна ладзіліся наступныя дзесяцігоддзі, з часам сапраўды спатрэбіліся рэстаўратарам. Ды і сёння гэтая паслядоўнасць не парушаецца. Удакладню, што сёлетнія раскопкі праводзіліся не ў той частцы замка, дзе цяпер праходзяць работы, а менавіта там, дзе іх запланавалі ў будучыні. Так што мы працавалі метадалагічна правільна. 

— Мо варта было яшчэ да пачатку праектавання раскапаць усю тэрыторыю замка? 

— Так, з аднаго боку, папярэдне археалагічна даследаваць і сапраўды добра было б усё, а з іншага — гэта нерэальна. Прычым не толькі фінансава (сродкі на археалогію звычайна выдзяляюцца менавіта напярэдадні рэстаўрацыйных работ), але і тэхнічна ды метадалагічна. Такі падыход нават небяспечны для тых каштоўных элементаў, што тояцца пад зямлёй: у выніку раскопак яны становяцца безабароннымі. 

Напрыклад, летась мы адкрылі прыступкі ў тунэлі ўнутры Малой вежы. Знаходка вельмі важная: яна дае рэстаўратарам разуменне, якімі наогул маглі быць прыступкі ў Крэўскім замку. Да таго ж гэта новы цікавы экспанат. Спадзяюся, вы яго хутка ўбачыце ў шкляным футарале з сістэмай вентыляцыі. 

Але гэта ў перспектыве, а як нам трэба было дзейнічаць перад найбліжэйшай зімой? Вядома, часова закансерваваць тыя прыступкі, закрыўшы іх драўлянымі шчытамі. Нешта падобнае, дарэчы, зробім і з выяўленым падмуркам гіпатэтычнай вежы: мы ўжо папрасілі даслаць самазвал, які засыпле раскоп пяском. 

Вось таму ў сучаснай археалогіі ёсць тэндэнцыя да самаабмежавання: трэба нешта пакінуць нашчадкам — даследчыкам новай генерацыі, якія, хочацца верыць, будуць валодаць лепшай метадалогіяй і мець іншае тэхнічнае ўзбраенне. А ў наш час раскопкі варта праводзіць найперш там, дзе ёсць пільная патрэба — скажам, дзе плануюцца пэўныя работы. 

— Але ж археалагічныя знаходкі прымушаюць карэкціраваць праектную дакументацыю — што, вядома, ускладняе працэс… 

— Думаю, гэта проста непазбежна. У залежнасці ад абставін часцяком карэктуецца нават звычайная будаўнічая дакументацыя, дык што ўжо казаць пра аб’екты спадчыны? На іх у любым выпадку будуць усплываць неспадзяванкі — такі ўжо іх характар, які спалучае адбіткі розных эпох. Выявіць і асэнсаваць загадзя ўсё немагчыма. Калі вы пачынаеце кансервацыю, новыя дэталі архітэктурнай і штодзённай гісторыі непазбежна будуць адкрывацца. 

Ядро ад балісты, з якой войскі князя Свідрыгайлы ў 1433 годзе штурмавалі Крэўскі замак

Таму лепш гаварыць не пра татальныя раскопкі, а пра наладжванне аператыўных, прагматычных і асэнсаваных стасункаў паміж даследчыкамі, праектантамі і будаўнікамі. Важна, каб рэстаўрацыя была гнуткая і ўлічвала новыя знаходкі. Мне тут скардзіцца не выпадае: нашы аргументы прымаюць і архітэктары, і заказчыкі. Таму вынікі раскопак аператыўна адлюстроўваюцца ў праектнай дакументацыі і саміх работах. 

Гэта тычыцца, скажам, Малой брамы: мы давялі, што яна знаходзілася правей і вышэй, ніж меркавалі архітэктары. Уваходы ў замак звычайна злучалі з зямлёй драўляныя масты, якія можна было хутка парушыць, стварыўшы дадатковую перашкоду для ворага. І вось арка брамы гэтымі днямі выкладваецца рэстаўратарамі на гістарычным месцы. 

— Так, Крэва — выпадак асаблівы. Аднак здараюцца сітуацыі, калі будаўнікі выпадкова натыкаюцца на нейкія цікавыя артэфакты — і не ведаюць, што з імі рабіць… 

— Тое, што прадугледжвае заканадаўства. У гістарычных цэнтрах гарадоў вызначаны зоны аховы культурнага пласта, і калі нехта бярэцца за работы на гэтай тэрыторыі, ён абавязаны звязацца з нашым Інстытутам гісторыі і заключыць дамову на археалагічны нагляд. Гэта першасная мера. А калі падчас нагляду спецыялісты выявяць нешта цікавае, будаўніцтва можа быць спынена для поўнага даследавання. 

На маю думку, беларускае заканадаўства добра забяспечвае сістэму наглядаў на такіх аб’ектах. Праблема раз-пораз усплывае хіба на практыцы. Напрыклад, недзе зоны аховы яшчэ толькі ў стадыі распрацоўкі або праходзяць адпаведную экспертызу. Або будаўнікі не ведаюць, куды звяртацца, — хаця мясцовыя органы кіравання павінны мець як дакументы па занальнасці, так і спецыялістаў, адказных за ахову спадчыны. Або — будзем шчырымі — нехта не хоча тлуміць сабе галаву і адхіляцца ад графіка. 

— Урэшце варта закрануць і яшчэ адну даўнюю праблему — чорных капальнікаў. Ці часта вы з ёй сутыкаецеся? 

— Што вы, гэта сапраўдная эпідэмія! Зразумела, на тэрыторыю замка яны не сунуцца, а вось на археалагічных помніках, шчодра рассыпаных у ваколіцах такога буйнога ў Сярэднявеччы цэнтра, як Крэва, мы не раз траплялі на сляды капальнікаў. Скажам, летась выявілі жаночае пахаванне з дэфармаваным чэрапам: хутчэй за ўсё, нехта здзіраў з яго тыповы для таго часу венчык. Цалкам верагодна, што гэтае ўпрыгожанне хутка ўсплыло на чорным рынку артэфактаў. 

Аднаўленне Малой брамы, у якую быў уманціраваны бункер часоў Першай сусветнай вайны

— Чаму ж археолагі прыходзяць на такія аб’екты ўжо па слядах чорных капальнікаў? 

— Немагчыма паставіць вартаўніка ля кожнага археалагічнага помніка. Да таго ж не ўсе аб’екты ахоўваюцца. Чаму? Не ўсе яны дасюль выяўлены. Адна справа — гарадзішча альбо курган, які добра вылучаецца ў ландшафце, а зусім іншая — грунтоўныя могільнікі позняга Сярэднявечча. Гэта вельмі каштоўныя для даследчыкаў помнікі, якія выразна адлюстроўваюць працэсы хрысціянізацыі, этнічныя змены. Ды няўзброеным вокам тыя пахаванні найчасцей не пабачыш. Каб іх знайсці, патрэбныя час, матывацыя і тэхнічнае забеспячэнне — той жа металашукальнік. І тут мы банальна прайграём у колькасці: прафесійных археолагаў шматкроць менш за капальнікаў, якія вядуць на тыя могільнікі сапраўднае паляванне. 

— Ці ёсць у вас нейкае вырашэнне праблемы? 

— Нядаўна мы гутарылі са старшынёй сельсавета ды заахвочвалі яго, каб, праязджаючы па трасе, зірнуў мімаходам на археалагічны помнік: ці ўсё з ім у парадку, ці няма вакол падазроных людзей? Думаю, без шырокага ўдзелу мясцовай супольнасці мы тую праблему ніколі не вырашым. 

Чытайце таксама:

«Гэта сапраўднае шанцаванне». На раскопках у Полацку знайшлі скандынаўскую зашпільку XI стагоддзя ў форме для адліўкі

Падчас раскопак на месцы старога Менска знайшлі манету, якой 1250 гадоў

Сонечны гадзіннік адшукаўся ў Іўеўскім раёне

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
4
0
Бобр/адказаць/
02.10.2023
Учитывая, что на факультеты пединститутов низкий конкурс, низкую зарплату учителя и выезд строителей зарубеж, то за рычагами экскаваторов или черенком шуфля, будут люди с археологическим образованием. Надеюсь сидения за партами на лекциях не пройдет впустую
1
Чорны капальнік на эмірытуры/адказаць/
03.10.2023
Ліпень, ок. Давайте чакаць пакуль згніе ці плугамі парвуць артэфакты. Не ад чорных капальнікаў трэба абараняць, а ад аграрэйха ў першую чаргу.
0
Ліпень/адказаць/
03.10.2023
Чорны капальнік на эмірытуры, Гэтыя артыфакты ўжо не адно стагоддзе ў зямлі ляжаць. Калі вы не навуковец, тады чаго лезіце? Няхай нашы нашчадкі ў будучыні гэтым займаюцца. Для вас каштоўнасьцю зьяўляецца толькі тое, што можна перапрадаць зарабіўшы грошы, а ўсё астатняе - сьмецьце
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера