Знайсці
06.08.2023 / 20:0938РусŁacБел

«Як зразумець беларуса, калі ён такі складаны». Гутарка з аўтарам першай гісторыі Беларусі на літоўскай мове

Пра старажытную назву нашай краіны ў літоўскай мове, розныя погляды на гісторыю Беларусі літоўскіх і беларускіх навукоўцаў, асаблівасці беларускай ідэнтычнасці і тое, што ляжа ў аснову будучай Беларусі на ютуб-канале «Няпростая гісторыя» разважае Русціс Камунтавічус, аўтар першай кнігі па гісторыі Беларусі, разлічанай на літоўцаў.

Русціс Камунтавічус (Rūstis Kamuntavičius) — доктар гуманітарных навук, дацэнт Універсітэта Вітаўта Вялікага (Коўна), дырэктар Інстытута Вялікага Княства Літоўскага. Яго кніга «Gudijos istorija. Baltarusijos istorija» выйшла ў 2021 годзе.

Чаму літоўскія гісторыкі не бачаць Беларусі

Гісторык адзначае, што ў Літве няма вялікай цікаўнасці да гісторыі асобных краін. Ён не памятае, каб у пасляваенны перыяд літоўскія даследчыкі напісалі асобныя кнігі па гісторыі Польшчы ці Беларусі.

«Мы як не бачылі сваіх суседзяў, так і не бачым. Але калі гаварыць адносна беларусаў, то мы іх не бачым у гісторыі. Я рабіў даследаванне школьных падручнікаў па гісторыі. Там ёсць палякі, польская меншасць у нашай дзяржаве, спрэчкі аб Вільні ў ХХ стагоддзі, там нават латышы ёсць. Але беларусаў няма. Ну, можа Лукашэнка будзе ў самым канцы. Але ў кантэксце Расіі. А так Беларусі няма».

Адсутнасць Беларусі ў школьных падручніках і сярод навуковых інтарэсаў Камунтавічус тлумачыць тым, што краіна не мела дзяржаўнасці: «Літоўцы лічаць, што ў беларусаў не было дзяржаўнасці. Гэта даўняя навуковая традыцыя. Яны ніяк не прызнаюць. Таму не бачаць гэтай краіны і яе гісторыі. Беларусаў проста няма. Зразумела, што гісторыкі гавораць пра тое, што літоўцы і беларусы жылі разам. Але паглядзіце на нашы падручнікі. Там беларусы — шэрая маса, якую літоўцы заваявалі ў сярэднія вякі».

Акрамя гэтага, паводле слоў навукоўца, сярод літоўскіх вучоных пануе меркаванне, што ў Беларусі няма добрых гісторыкаў, асабліва калі параўноўваюць іх з польскімі.

«Тут два меркаванні. Або сярод беларускіх вучоных нацыяналісты, якія забіраюць сабе Вялікае Княства Літоўскае, або непрафесіяналы ў параўнанні з палякамі. Каб у нашыя ўніверсітэты запрашалі беларускіх вучоных — гэта нават гучыць дзіўна. А вось польскіх мы запрашаем», —

гаворыць Камунтавічус і адзначае, што да сённяшняга часу няма ніводнай кнігі беларускага гісторыка, якая б была перакладзена на літоўскую мову.

Чаму Беларусь названая Гудзіяй

На вокладцы кнігі Камунтавічуса паралельна ўжытыя два словы — Gudija і Baltarusija — якімі ў літоўскай мове ў залежнасці ад сітуацыі прынята абазначаць нашу краіну. Пры гэтым на першае месца (і большымі літарамі) вынесена менавіта слова Gudija. Ці няма ў гэтым слове нейкай негатыўнай канатацыі, якая існуе, напрыклад, адносна такіх назваў, як «маскалі» ці «хахлы»?

«Калі ты сёння на літоўскай мове гаворыш Baltarusija, то гэта Лукашэнка, гэта народ, які знаходзіцца пад дыктатурай, які не супраціўляецца, як украінцы. «Балтарусец» — не гучыць горда, не гучыць добра. Паглядзіце ў слоўнік літоўскай мовы, слова gudas там мае некалькі значэнняў. Ёсць негатыўныя і пазітыўныя значэнні. Сярод іх і «вопытны, дасведчаны», той, які ўмее рабіць. Я лічу, што чым даўжэйшая традыцыя ўжывання нейкага слова, тым больш розных нюансаў», —

выказвае свой погляд літоўскі навуковец.

Ён адзначае, што слова gudas ёсць у першым слоўніку літоўскай мовы Канстанцінаса Шырвідаса, які выйшаў на пачатку XVII стагоддзя. І гэтае слова праходзіць праз стагоддзі. Ды нават у міжваенны час, калі існавала літоўская дзяржава, на картах, якія тады выдаваліся, беларускія тэрыторыі пазначаліся словам Gudija. Слова Baltarusija да Другой сусветнай вайны ў літоўскай мове не было. Яно з'явілася ў пасляваенны перыяд:

«Пасля вайны прыходзяць саветы, якія хочуць з Беларусі зрабіць «Белую Расію». Слова Baltarusijа зʼяўляецца тады ў літоўскай мове як частка інтэграцыі Беларусі ў вялікую Расію. Слова Gudija ўвогуле выкідаецца, знікае з нашага слоўніка і аднаўляецца толькі ў канцы 1980-х гадоў. І гэтае слова і тады, і цяпер значна лепш гучыць, чым Baltarusija».

Гісторык адзначае, што ў сучаснай літоўскай мове адносна Беларусі існуе дзве афіцыйныя назвы — Baltarusija і Gudija. Падчас беларускіх падзей 2020 года абмяркоўвалася пытанне аб наданні слову Gudija першынства, але парламент прагаласаваў супраць.

«З аднаго боку, ёсць вельмі моцная інерцыя. Людзі прывыклі да слова Baltarusija, і гэта складана змяніць. Але з другога боку, слова Gudija адносна Лукашэнкі гучыць дзіка. У сваёй кнізе я ўжываю слова Gudija для нармальных, светлых перыядаў. А там, дзе ідзе савецкі перыяд, дыктатура, уключаючы Лукашэнку, я выкарыстоўваю Baltarusija. Калі разваліцца гэтая тыранія, я думаю, неабходна будзе рабіць другую спробу ў Літве і мяняць назву на Gudija».

Розныя погляды на гісторыю

Камунтавічус лічыць, што ў тым, што існуюць розныя погляды на гісторыю, ёсць вялікая каштоўнасць. «Адна-адзіная інтэрпрэтацыя ёсць толькі пры таталітарызме. Нас злучае менавіта свабода інтэрпрэтацый. У нас супольнае тое, што мы розныя. Мы столькі сотняў гадоў пражылі разам. І гэта нас робіць намі. Калі б мы ў нейкім перыядзе ў мінулым вырашылі цалкам інтэгравацца, то цяпер бы мы ўсе размаўлялі на адной мове (беларускай, польскай ці літоўскай). Але стала тое, што стала. Нам не трэба шукаць тых каштоўнасцяў, якія ёсць у таталітарных краінах. Мы свабодныя. У нас свае даты, свае інтэрпрэтацыі».

Наяўнасць розных версій гісторыі ў літоўскіх і беларускіх гісторыкаў Камунтавічус лічыць добрай падставай для развіцця крытычнага мыслення:

«Чытайце адно аднаго і думайце. Аднак з гэтым падыходам і настаўнікі павінны быць добрыя. Але я лічу, да гэтага і ідуць — каб разумець, што твой сусед мае права мець іншае меркаванне. І не трэба яго душыць і мяняць. Яго трэба заахвочваць і падтрымліваць, каб ён меў сваё меркаванне. Бо гэта самая галоўная каштоўнасць».

Нежаданне з боку літоўскіх гісторыкаў дыялогу з беларускімі, на думку Камунтавічуса, сведчыць аб тым, што «літоўскія гісторыкі не спелыя». У той жа час ён заўважае, што літоўцы, як і іншыя народы, не будуць ісці на кампраміс. «Мы самі пішам сваю гісторыю. Адзінае, што можа змяніць наш падыход, гэта дыскусія. І гэтыя ініцыятывы павінны ісці знізу».

Што адрознівае літоўцаў ад беларусаў

На погляд Камунтавічуса, літоўцы ад беларусаў адрозніваюцца нацыянальнай ідэнтычнасцю. «У Беларусі яна ёсць. Беларуская нацыя ёсць, яна здзейснілася. Але праблема ў тым, што ў яе іншая структура, чым у літоўскай або рускай. Я паспрабаваў яе дэшыфраваць. На мой погляд, сутнасць беларусаў не ў тым, што яны паміж. Напрыклад, паміж Усходам і Захадам.

Ідэнтычнасць беларусаў адрозніваецца ад ідэнтычнасці суседніх народаў. Яна пабудаваная на супрацьлегласці. Я заўсёды літоўцам тлумачу, што беларус можа адначасова ісці глядзець на танкі Другой сусветнай вайны і ехаць у Нясвіж. Беларусы могуць адбудоўваць касцёл XVIII стагоддзя, а побач можа стаяць які-небудзь Ленін.

Або, напрыклад, у самым рускім горадзе Беларусі Віцебску ўзводзяць помнік Альгерду. Беларус можа быць і католікам, і праваслаўным. У Польшчы на Беласточчыне беларусы праваслаўныя. А вось у Лідзе якраз ёсць беларусы-католікі. І яны яшчэ сябе называюць палякамі. Але яны самыя сапраўдныя беларусы. Вось такія нелагічныя, супрацьлеглыя рэчы».

Гісторык згадвае аб тым, што яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя былі тэксты, як, напрыклад, у Ігната Абдзіраловіча, якія апісвалі беларусаў:

«І там была такая ідэя, што ты іх не можаш апісаць канвенцыйнымі фармуліроўкамі. Іх трэба апісваць метафарамі, нейкімі сімваламі. І я лічу, што гэта правільны падыход. Калі ты хочаш беларусаў зразумець, то не трэба думаць, што яны не адбыліся, не саспелі ці нейкія яшчэ. У іх ёсць комплексная ідэнтычнасць, якую суседзям складана зразумець, але яна ёсць. І, магчыма, гэта адна з прычын, чаму ў беларусаў не атрымліваецца».

У адрозненне ад літоўцаў, чыя ідэнтычнасць будуецца ў апазіцыі да іншых (для іх амаль усе суседнія народы — ворагі), беларусы імкнуцца з усімі жыць у згодзе. У літоўцаў заўсёды нейкае абмежаванне, падзел на свой-чужы. А для беларусаў гэта так не працуе. Таму, лічыць, Камунтавічус, беларусам складаней сябе арганізаваць:

«Калі ты ў канфлікце з усімі, то добра зразумела, хто ты. А калі ты з усімі сябруеш, табе вельмі складана сказаць, хто ты такі. І суседзям вельмі складана сказаць, што ты за чалавек. Беларус і па-руску размаўляе, і па-польску, і таго не бʼе, і таго не. Сядзіць і есць бульбу. А хто ён такі, нікому не зразумела.

Бо ўсе суседзі іншыя. Палякі імперцы, расійцы імперцы. Літоўцы на ўсіх злосныя. Латышы таксама нешта сабе выбудоўваюць. А вы з усімі сябруеце. І нікому не зразумелыя. Але ў вас ёсць ідэнтычнасць. Вы нацыя. Але ў вас іншая ідэнтычнасць і яе складана апісаць. Было шмат спробаў, пачынаючы Абдзіраловічам і заканчваючы «Беларускай нацыянальнай ідэяй».

І ў сваёй кнізе я спрабаваў патлумачыць літоўцам, як зразумець беларуса, калі ён такі складаны. Ён — спелая нацыя, але зусім іншая, чым мы. Вельмі цікавая, супярэчлівая, развітая. Беларуская ідэнтычнасць вельмі цікавая. Вы можаце ў сваёй галаве спалучыць рэчы, якія не спалучаюцца ў ніякай іншай ідэнтычнасці ў Еўропе дакладна. Супрацьлегласці. Вы з імі вельмі цікава гуляеце».

На якой традыцыі будзе будавацца будучыня Беларусі

Літоўскі гісторык адзначае, што ў беларускай гістарыяграфіі побач з пануючай цяпер афіцыйнай ідэяй беларускай дзяржаўнасці існуе ідэя пабудовы ідэнтычнасці на традыцыях статутаў Вялікага Княства Літоўскага. «Гэта вельмі моцная ідэя. У нас у Літве далёка да такой традыцыі. Я думаю, гэта тая традыцыя, на якую будзе абапірацца будучыня Беларусі, — на праве і барацьбе за грамадзянскія свабоды. І гэта пачалося ў XVI стагоддзі».

Камунтавічус звяртае ўвагу на адрозненне ў пабудове літоўскай і беларускай гістарычных традыцый:

«У Літве мы будуем гісторыю на героях. А беларусы больш будуюць на грамадстве, на людзях, на грамадзянах. Усе ў вас уладары былі прыезджымі, пачынаючы Рагвалодам і заканчваючы саветамі. З нашага пункту гледжання ў вас вельмі цікавая гісторыя. У вас ёсць народ, нацыя, якая плоць і сутнасць вашай супольнасці. А кіраўнікі прыходзяць з-за мяжы.

Толькі Лукашэнка ламае гэтую канцэпцыю. Але беларускае грамадства, як я адзначаў, не падтрымлівае яго. Ён — нешта іншае. Гэта не звыкла для беларусаў — мець лідара. Гэта, можа, першы раз, калі беларусы самі лідара выбралі і не на таго патрапілі».

Гісторык лічыць, што ў будучыні Беларусь зможа вярнуцца да вытокаў грамадзянскага кіравання, дэцэнтралізацыі, парламентарызму і самакіравання:

«У вашым грамадстве іншыя прынцыпы. У вас традыцыі парламенцкай краіны. У вас ёсць традыцыі шляхецкай свабоды, дэцэнтралізацыі. Вы — самі ў сабе дзяржава. У вас няма іерархіі. І калі зʼявіцца магчымасць, вы створыце дзяржаву, якая будзе вельмі цікавым праектам. І яна далёка пойдзе ў развіцці».

Чытайце яшчэ:

Русціс Камунтавічус: Калі я прывожу літоўскіх студэнтаў у Беларусь, у іх шок

«Літоўцы ўсіх б’юць, а беларусы сядзяць цывілізавана ў гальштуках»

«Чаму ў Літве ВКЛ дагэтуль лічыцца літоўскай дзяржавай?»

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
67
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
7
Сумна
4
Абуральна
10
07.08.2023
[Рэд. выдалена]
0
Freddy /адказаць/
08.08.2023
Дорожкин, вот ты и пиши на татаро-монгольском, а не заимствованном. или на немецком на котором твои хозяева говорили.
0
Freddy /адказаць/
08.08.2023
Адам Иосифович , то ли дело в совейско-марксисткие времена или под расейской империей? такая жисть была замечательная. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера