Знайсці
02.06.2023 / 08:446РусŁacБел

«Прастаялі ўсю ноч у чарзе, каб даведацца, што на мяжы нельга выпісаць страхоўку». З якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы праз скасаванне «Зялёнай карты»

Тэрмін дзеяння абавязацельстваў па ўзаемным прызнанні «Зялёнай карты» скончыўся 1 чэрвеня. Але беларускія страхавыя кампаніі перасталі афармляць полісы гэтага тыпу яшчэ 17 мая. Зараз выехаць за мяжу могуць толькі тыя аўтамабілі, што застрахаваныя ў замежных страхавых. Як высветлілася, зрабіць гэта няпроста.

Фота: «Наша Ніва»

«Едзьце праз іншы пункт пропуску»

Спачатку задавалася, што звычайныя аўтааматары будуць толькі ў плюсе, бо еўрапейскія полісы таннейшыя за беларускія. Але набыць страхоўку можна не на ўсіх пунктах пропуску.

Напрыклад, людзі, якія па некалькі гадзін стаялі ў чарзе на выезд з Беларусі праз пункт пропуску «Лоша», былі вымушаныя разварочвацца і ехаць на іншы памежны пераход, дзе такая магчымасць ёсць.

«Беларускі пагранічнік перад тым, як запусціць на тэрыторыю тэрмінала, спытаў, ці ёсць у нас страхоўка для ўезду ў Літву. Натуральна, што яе ў нас не было, бо мы разлічвалі, што купім яе ў самім пункце пропуску на літоўскім баку», — кажа суразмовец.

Беларускі памежнік паведаміў падарожнікам, што ім няма сэнсу заязджаць на тэрмінал, бо без страхоўкі іх не прапусціць літоўскі бок, а аформіць страхоўку ў гэтым пункце пропуску немагчыма.

«У выніку мы амаль цэлую ноч правялі ў чарзе, каб даведацца, што не зможам патрапіць у Літву. Наш пагранічнік параіў нам ехаць праз «Катлоўку» або «Каменны Лог», бо там поліс можна набыць на самой граніцы».

Набыць страхоўку на мяжы з Літвой можна ў чатырох з шасці пунктаў пропуску. Апроч «Лошы», страхоўку немагчыма зрабіць у пункце пропуску «Відзы».

Трапіць у Польшчу яшчэ складаней. У адзіным пасажырскім пункце пропуску «Брэст — Тарэспаль» выпісаць поліс таксама нельга.

«Разварочваюць прама на мосце»

Па словах чытача, палякі не пускаюць у Польшчу, калі ў кіроўцы няма страхоўкі на аўтамабіль.

«Прама на мосце разварочваюць у Беларусь», — кажа мужчына.

Апроч некаторых пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы, застрахаваць аўтамабіль можна непасрэдна на тэрыторыі ЕС. Але такі варыянт падыходзіць толькі тым, хто ўжо знаходзіцца там.

Таксама некаторыя літоўскія страхавыя кампаніі гатовыя аформіць поліс анлайн. Страхоўка на 15 дзён каштуе 28 еўра, хоць яшчэ нядаўна яе прадавалі па 21 еўра. Поліс на 30 дзён каштуе 36 еўра, цана на яго апошнім часам не змянялася.

Але могуць узнікнуць складанасці з аплатай. Беларусам даводзіцца прасіць знаёмых, якія жывуць у Літве, каб тыя аплацілі поліс са свайго літоўскага рахунку, бо страхавыя не прымаюць пераводы з беларускіх карт. Некаторыя беларусы кажуць, што разлічваліся за літоўскія страхоўкі праз Paysend.

Набытая ў Літве страхоўка падыходзіць для ўсіх краін ЕС.

З Польшчай сітуацыя, прынамсі, пакуль выглядае больш складанай, бо пасля таго, як наплыў ахвотных афармляць полісы анлайн павялічыўся, польскім страхавым кампаніям забаранілі афармляць полісы ў анлайн-фармаце на аўто, зарэгістраваныя ў Беларусі і Расіі.

Але некаторыя чытачы кажуць, што калі ёсць знаёмыя страхавыя агенты, то застрахаваць аўтамабіль без прысутнасці можна. Але натуральна, што такі варыянт дасяжны далёка не для ўсіх.

Цэны на страхоўку ў Польшчы розныя. Поліс на 30 дзён прадаюць ад 160 злотых (каля 35 еўра).

Для параўнання, беларуская «Зялёная карта» на 15 дзён каштавала 30 еўра, а на 30 дзён — 50 еўра. 

Чытаце таксама: 

Польшча закрыла мяжу для прычэпаў на беларускіх і расійскіх нумарах — як гэта адаб'ецца на Беларусі?

МЗС Беларусі паабяцала «асіметрычны адказ» Польшчы на санкцыі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
18
Панылы сорам
20
Ха-ха
12
Ого
12
Сумна
28
Абуральна
74
10
Фандэрляйн/адказаць/
02.06.2023
Ай-вой, бедныя! Чаго вы прэцеся сюды, калі вас усё задавальняе пад расейскім ботам у Беларусі?!
1
Казік/адказаць/
02.06.2023
Фандэрляйн, каго што задавальняе?
0
Dr. Someone/адказаць/
02.06.2023
Для інфармацыі: у Белнафтастраху ўчора мне прапанавалі страхоўку для аўтамабіля на еўрапейскіх нумарах для ўезду ў РБ за 25 еўра на месяц. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера