Знайсці
18.03.2023 / 22:226РусŁacБел

Гасцявы шлюб і шматмужняя жонка: дзіўныя сямейныя адносіны

Традыцыі сямейных адносін у розных народаў розныя, нават у наш час. Нашы погляды на сям'ю могуць падацца вельмі кансерватыўнымі, калі мы параўнаем іх з іншымі.

Гасцявы шлюб без абавязкаў з абодвух бакоў

У Кітаі блізу мяжы з Тыбетам жыве нявялікая народнасць масуа, якая налічвае каля 57 тысяч чалавек. Яна адметная сваім матрыярхатам: жанчына ўзначальвае сям'ю, прымае эканамічныя рашэнні, вядзе хатнюю гаспадарку, з'яўляецца ўладальніцай зямлі. Дынастыя вядзецца па мацярынскай лініі.

У сям'і масуа няма бацькі. Гэты народ практыкуе гасцявы шлюб. Ролю, падобную да ролі бацькі, выконвае тут дзядзька. Гэта значыць, брат маці дзіцяці. Ён дапамагае сваёй сястры ў выхаванні яе дзяцей.

Жанчыны народнасці масуа. Фота: Wikimedia Commons.

Партнёры жывуць у розных дамах. У іх няма супольнай маёмасці. Дзеці застаюцца ў сям'і маці. Бацька разам са сваёй маці і сёстрамі дорыць свайму дзіцяці падарункі на дзень народзінаў. А на Новы год дзіця наведвае дом бацькі для таго, каб выказаць сваю павагу.

Адносіны ўзнікаюць па сімпатыі. Пачаць іх можа як жанчына, так і мужчына. Але толькі жанчына дазваляе мужчыну наведваць яе ноччу. Адметна, што такія візіты трымаюцца ў таямніцы. Сваю каханую мужчына можа наведаць толькі пасля наступлення цемнаты. А ранкам ён абавязаны вярнуцца дахаты.

Жанчына-масуа можа адначасова знаходзіцца ў адносінах з некалькімі партнёрамі. Але такое мала хто практыкуе, аддаючы перавагу працяглым адносінам з адным партнёрам. Партнёры не патрабуюць адно ад аднаго вернасці. У іх мове не існуе слова «рэўнасць».

Масуа — не адзіны народ, дзе жанчына галоўная ў сям'і. Падобным чынам жывуць некаторыя народы Інданезіі (мінангкабау), Японіі (аянцы), Індыі (кхасі), Афрыкі (банту) або абедзвюх Амерык (куна, іракезы).

Шматмужняя жонка

Непасрэдна ў Тыбеце шырока распаўсюджана згода на так званае братэрскае шматмужжа.

Калі старэйшы брат жэніцца, то малодшыя могуць увайсці ў яго сям'ю. Браты жывуць разам і дзеляць ложак з адной жонкай. Самы галоўны, безумоўна, старэйшы з братоў. 

Калі дзяцей у сям'і няма, то браты могуць узяць яшчэ аднаго мужа для сваёй жонкі, каб не перарываўся род. У некаторых раёнах сустракаюцца выпадкі, калі мачаха становіцца жонкаю сваіх пасынкаў.

Такі шлюб найбольш распаўсюджаны ў сельскай мясцовасці і шмат у чым абумоўлены эканамічнымі прычынамі. Ва ўмовах недахопу ўрадлівай зямлі ён дазваляе захаваць цэласнасць зямельнага надзелу, які атрымлівае старэйшы сын у спадчыну. Да таго ж і выкуп за нявесту ў такім выпадку лягчэй заплаціць супольна.

Тыбецкая сям'я. Фота: https://travelask.ru/

Развод у такім шлюбе не праблема. Кожны з братоў можа ў любы момант сысці з дому. Здараецца, што такая сям'я можа разваліцца. Напрыклад, калі жанчына пачне аддаваць перавагу малодшаму з братоў і такім чынам знізіцца аўтарытэт старэйшага. У такім выпадку яна вяртаецца да бацькоў, а мужчыны дзеляць сваю маёмасць і дзяцей.

Пакуль мужа няма дома, у жанчыны ў ложку можа быць яго сябар

У народа масаі, які пражывае ў Кеніі і Танзаніі, да сённяшніх дзён распаўсюджана палігамія. Гэта абумоўлена высокай смяротнасцю мужчын-воінаў. Амаль у кожнага воіна-масаі да шлюбу ёсць сяброўка. Ён абавязаны набываць ёй упрыгажэнні, каб яна выглядала як мага лепш, калі збярэцца замуж. Але ажаніцца са сваёй сяброўкай воін не мае права, хоць яны могуць мець палавыя адносіны да дня яе шлюбу, пасля чаго бацькі прадаюць яе іншаму мужчыну.

Жанчына народа масаі. Фота: Wikimedia Commons

Пра тое, хто стане яе мужам, дзяўчына даведваецца толькі ў дзень вяселля. Мужчына можа мець столькі жонак, колькі дазваляе колькасць яго буйной рагатай жывёлы. Хатку да вяселля павінна пабудаваць сама жонка. Таму кожная жанчына мае сваё жыллё.

У народа масаі жанчына фактычна выходзіць замуж не толькі за свайго мужа, але і за ўсіх мужчын яго ўзроставай групы (якія разам з ім прайшлі абрад ініцыяцыі).

Добрым тонам у масаі лічыцца пакідаць сваіх жонак на ноч гасцям. Але рашэнне аб уступленні ў інтымныя адносіны прымае жанчына. Дзеці ў масаяў належаць мужу і лічацца яго нашчадкамі. Жанчына і сама можа прымаць у сябе каханкаў. Прыкметай таго, што ў жонкі госць, з'яўляецца кап'ё, уваткнутае перад уваходам. Дзіда дае зразумець: не турбуйце мяне, я ў ложку з вашай жонкай. У гэтым выпадку муж павінен пайсці на шпацыр, пажадана ў пошуках дома, перад якім ён таксама можа ўторкнуць у зямлю сваю дзіду (гэта павінен быць дом яго аднагодка па ініцыяцыі).

Сцерпіцца-злюбіцца

Індзейскія плямёны Амазонкі не прымаюць бясшлюбнасці. Калі хлопец ці дзяўчына дасягаюць шлюбнага ўзросту (у дзяўчынак гэта пачатак менструацыі), адбываецца шлюб. Як правіла, адносіны заключаюцца ўнутры аднаго племені, хоць сустракаюцца і змешаныя шлюбы (паміж прадстаўнікамі розных плямёнаў).

Як правіла, шлюб — вынік дамоўленасці паміж бацькамі будучых мужа і жонкі. Сам акт шлюбу не з'яўляецца нечым адметным. Вяселле не святкуецца. Муж ідзе ў хату жонкі, якая звычайна жыве з бацькамі. Там ён выконвае задачы, наконт якіх дагаварыліся бацькі, і гэтым плаціць за новае жыллё. Адсутнасць дзяцей на працягу некалькіх гадоў прыводзіць да разводу.

Калі жонка здраджвае мужу, развод даецца аўтаматычна, з патрабаваннем, каб муж, якому здрадзіла жонка, публічна абразіў палюбоўніка жонкі. 

У выпадку смерці аднаго з партнёраў заключаецца паўторны шлюб. Мужчына жэніцца з малодшай сястрой жонкі, а жанчына выходзіць замуж за малодшага брата свайго памерлага мужа.

Б'е — значыць любіць

У племені хамер, якое жыве на поўдні Эфіопіі, існуе традыцыя біцця жонак. У пэўныя дні муж, каб даказаць сваё каханне, б'е жонку бізуном. Чым больш у яе шнараў, тым яна прыгажэйшая і больш любімая.

Жанчына племені хамер са шнарамі ад збіцця. Фота: Wikimedia Commons

Мужчынам гэтага племені дазволена мець чатыры жонкі. Як правіла, жанчыны выходзяць замуж за мужчын, якія намнога старэйшыя за іх, бо дзяўчынка фармальна лічыцца нявестаю, калі ёй толькі спаўняецца 12 гадоў. Таму не дзіўна, што мужы ў такіх сем'ях паміраюць раней. Калі муж памірае, удава становіцца на чале сям'і. Яна кіруе справамі малодшага брата мужа і даглядае яго свойскую жывёлу, калі бацькі ўжо памерлі. Як правіла, удовы не выходзяць замуж другі раз.

Сямейнае становішча прадстаўніц гэтага племені можна вызначыць па абручах на іх шыі. 

Так, першая жонка павінна насіць абруч з металу і сырамятнай шкуры. Астатнія жонкі носяць жалезныя абручы. Іх колькасць азначае нумар жонкі. А вось у мужчын колькасць жонак можна падлічыць па колькасці іх завушніц.

Чытайце яшчэ:

Пот прадстаўнікоў гэтага народа зусім не мае паху. А самая страшная лаянка ў іх: «Ты зусім ні да чаго не падобны»

Сямён Цыбульскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
36
Панылы сорам
15
Ха-ха
13
Ого
43
Сумна
14
Абуральна
28
2
дочка Максима Дизайнера/адказаць/
19.03.2023
"У племені хамер, якое жыве на поўдні Эфіопіі, існуе традыцыя біцця жонак"
Дизайнер пэўна з гэтага племені
0
Гость/адказаць/
20.03.2023
Высокие отношения , очень скрепоносно.😀👆
1
Максим Дизайнер/адказаць/
21.03.2023
Гость

Не то, что у настоящих эурапейцев. Больше половины разводов. 30% смертей в трудоспособном возрасте у мужчин от токсичной мужествености, против 10% - у женщин. Каждая крестьянка, не превратившаяся в шарик от местной свинины, спит и видит, как съехать из не скрепоносной стабильности хоть безработному индусу в Италию.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930