Знайсці
05.02.2023 / 19:412РусŁacБел

За два месяцы да Макееўкі. Дзясяткі «мобікаў» з Валгаграда загінулі пасля ўдару па Новай Кахоўцы, іх родным нічога не тлумачаць

Ракетны ўдар па Макееўцы ў навагоднюю ноч, дзе загінула больш за 100 расійскіх мабілізаваных, быў не першым з такой вялікай колькасцю загінулых. Аналізуючы даты гібелі расійскіх прызыўнікоў, The Insider выявіў, што 24 кастрычніка ў раёне акупаванай Новай Кахоўкі ў Херсонскай вобласці ахвярамі аналагічнага ўдару сталі як мінімум некалькі дзясяткаў мабілізаваных.

Асабліва шмат загінулых было з Валгаградскай вобласці — менавіта ў валгаградскіх форумах і звярнулі ўвагу на дзіўную анамалію: пачынаючы з канца кастрычніка мясцовыя газеты сталі публікаваць па два-тры некралогі мабілізаваным салдатам, і пад усімі фатаграфіямі стаяла адна і тая ж дата смерці — 24 кастрычніка 2022 года.

Пра абставіны гібелі ў некралогах не паведамлялася.

У СМІ былі апублікаваныя імёны 20 мабілізаваных з Валгаграда і вобласці: усе загінулі ў гэты дзень у Херсонскай вобласці ў раёне Новай Кахоўкі (яшчэ па дваіх пацверджаная толькі вобласць — Херсонская, але без удакладнення месца). Колькі ўсяго загінула ад гэтага ўдару незразумела, але колькасць можа быць нашмат большая, бо гэтыя імёны — тое, што атрымалася выявіць толькі ў валгаградскіх некралогах.

Афіцыйных звестак аб прычынах гібелі гэтых салдат няма, але 3 лістапада ў некалькіх пабліках «УКантакце» з'явілася інфармацыя аб тым, што 24 кастрычніка ва Украіне была абстраляная калона валгаградскіх мабілізаваных, адпраўленых на фронт.

Да публікацый быў прымацаваны спіс з 20 імёнаў, усе супадаюць з тымі, што былі пазначаныя ў некралогах СМІ. У лістападзе спіс апублікаваў сакратар дысцыплінарнай камісіі Валгаградскай епархіі, намеснік кіраўніка турэмнага служэння Яўген Караваеў. Ён указаў, што месца гібелі мабілізаваных — Новая Кахоўка.

YouTube-праект ROMB змог звязацца са сваячкай аднаго з загінулых, якая пацвердзіла, што валгаградцы трапілі калонай пад абстрэл у раёне Кахоўскай ГЭС.

«27 чысла мы паехалі ў ваенкамат, нам распавялі, што загінула ўся машына — 20 хлопцаў. Куды ехалі, нам не могуць сказаць. Яны пачалі выязджаць на Кахоўскую ГЭС. Некалькі машын, 90 чалавек, і самая першая машына трапіла пад абстрэл. Што там адбывалася канкрэтна — ніхто нам нічога не сказаў. Асколкі — мяркуецца, HIMARS».

Маці аднаго загінулага сказала, што ў ваенкамаце ёй увогуле не далі ніякай інфармацыі, сказаўшы толькі: «Прабачце, так атрымалася».

Журналістам удалося звязацца з мабілізаваным, які, як сцвярджаецца, ехаў у той жа калоне, але застаўся жывы. Ён распавёў, што людзей бітком загрузілі па КамАЗах, яны сядзелі на бартах, машыны рухаліся з хуткасцю 35—40 км/г і ўвесь час спыняліся, таму аднаго ўдару хапіла для гібелі адразу 20 чалавек.

Абставіны гібелі мабілізаваных валгаградцаў спрабавалі высветліць журналісты мясцовага партала V1.ru. Аднак падрабязнасці ім так ніхто і не паведаміў. Аднамомантавая гібель двух дзясяткаў валгаградцаў уладамі была праігнараваная, пішуць СМІ.

Як паведамілі The Insider ва УСУ, толькі 24 кастрычніка і толькі ў Херсонскай вобласці ўкраінскімі войскамі быў нанесены ўдар па вялікай колькасці вайскоўцаў у Забарыне (паводле ацэнак УСУ — каля 70 загінулых), у Алешках — два накрыцці вялікай колькасці вайскоўцаў, а таксама ўдар па калоне забеспячэння з пяці грузавікоў, якія рухаліся па трасе Р-57 (папярэдне сем загінулых). Тады ж быў нанесены ўдар па базе расійскіх вайскоўцаў у пасёлку Каіры Херсонскай вобласці, яна размяшчалася на тэрыторыі мясцовага ліцэя, колькасць ахвяр невядомая.

9 лістапада Расія заявіла аб адступленні з правага берага Дняпра ў Херсонскай вобласці. 11 лістапада УСУ без бою ўвайшлі ў Херсон і вызвалілі яго.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
39
Панылы сорам
1
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
5
0
Алезic/адказаць/
05.02.2023
Чмобiкi, бяжыце з паРашкi , бо заб'юць вас ва Украiне.
0
Mafkees /адказаць/
05.02.2023
[Рэд. выдалена]
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера