Знайсці
28.01.2023 / 22:125РусŁacБел

«Адно з пакаранняў — змяшчэнне ў клетку на вуліцы». Былыя палітзняволеныя расказалі пра жаночую калонію

«Наша Ніва» пагутарыла з жанчынамі, якія прайшлі праз калонію №4, каб сабраць сведчанні пра ўмовы там.

Па даных праваабарончага цэнтра «Вясна» цяпер там утрымліваецца не менш за 58 жанчын, асуджаных па палітычных матывах.

Першае ўражанне

«Я выйшла, і мы пастроіліся. Першае, што я памятаю — гэта неба, і можна не трымаць рукі за спінай, гэта так крута!

Мы пераносілі рэчы часткамі, і я бегала ад адной сумкі да другой, было так класна, што можна бегаць, так шмат прасторы».

Так былая палітзняволеная Марына (усе імёны ў тэксце змененыя) апісвае прыезд у жаночую калонію № 4 пасля некалькіх месяцаў у СІЗА. У першы дзень у Гомелі дзяўчыне дазволілі прыняць душ, потым адправілі на агляд і выдалі форму. Са сваімі рэчамі яна, як і астатнія вязні, развіталася да дня вызвалення.

Калонія падзяляецца на дзве зоны — вытворчую і жылую. У вытворчай зоне знаходзіцца фабрыка і некалькі адміністрацыйных будынкаў, у жылой — баракі атрадаў, сталовая, санчастка, дом маці і дзіцяці. Адна зона аддзеленая ад іншай варотамі.

Марына расказвае пра форму: касцюм з пінжака і спадніцы-алоўка скоўвае рухі, куртка занадта тонкая для беларускай зімы.

«Нешта з бялізны можна набыць у краме. Некаторыя крадуць адзенне ці неяк выменьваюць яго ў іншых зняволеных», — дзеліцца яна.

Іншая экс-палітзняволеная, Святлана, дадае: «У калоніі ў цябе можа быць шмат дзяжурстваў: мыць падлогу, туалет, насіць бульбу, і ў цябе няма магчымасці ў нешта пераапрануцца. У некаторых атрадах ні ў якім разе нельга здымаць пінжак, бо калі гэта пабачыць нехта з супрацоўнікаў, на цябе могуць скласці рапарт за парушэнне формы адзення.

Разам з формай зняволеным выдаюць лыжку і забіраюць яе толькі ў канцы тэрміну. Яе трэба насіць з сабой, бо інакш у сталовай не будзе чым есці, таму збольшага людзі носяць яе ў кішэні».

Зверху — малюнак гомельскай калоніі, зроблены экс-палітзняволенай. Знізу — калонія на Google Maps

Праз два тыдні каранціну, калі жанчыны вучацца новым парадкам, іх размяркоўваюць па атрадах. Адна з нашых суразмоўцаў, Святлана, трапіла ў прэс-атрад, дзе на жанчын аказваецца самы моцны ціск. 

Прэс-атрад

У такі атрад звычайна пераводзілі вязняў, якіх трэба было «выхаваць», ці тых, ад каго адміністрацыі ці актыву нешта было патрэбна.

«Калі я туды прыйшла, мяне пасялілі ў [жылую] секцыю з загадчыкам гаспадаркі атрада. Там была адна дзяўчына — думаю, яна супрацоўнічала з аперамі. Так разумею, што ў яе ад іх было даручэнне «пасябраваць» і прыглядаць за мной, бо яна пастаянна прапаноўвала дапамогу і падбадзёрвала мяне, — расказвае Святлана. —

А потым я бачыла, як яна здзекавалася з іншых людзей. Там усе назіраюць адна за адной. Актыў можа выбраць ахвяру, яны пра гэта могуць нікому не казаць, але па іх паводзінах усе зразумеюць, з кім нельга кантактаваць і з кім нават можна зрабіць нешта дрэннае. Гэта не толькі вербальны гвалт, я ведаю гісторыі, як там прымянялі фізічную сілу».

Калі Святлана прыйшла ў атрад, актывісткі выбралі ахвярай дзяўчыну, якая прыехала ў калонію на месяц. Яна нібыта адмовілася выканаць просьбу адміністрацыі, і з яе пачалі здзекавацца. Да яе пастаянна прыходзіў аператыўнік, які курыраваў атрад, ёй давалі шмат нарадаў па любой падставе.

Куратарам 9-га атрада быў аператыўнік Кузняцоў, якога экс-зняволеныя называюць самым жорсткім з аператыўнікаў у калоніі.

Расказваюць, што ён любіў прыйсці ў барак і ўсё там перавярнуць, напрыклад, зваліць матрацы з усёй жылой секцыі ў кучу. Ці рабіць «кокан»: аператыўнік браў прасціну і падвязваў яе да другога паверха ложка, вельмі моцна зацягваў, каб потым жанчынам было цяжэй гэта развязаць.

З тумбачак ён ладзіў «Пізанскую вежу», якую потым, як і астатнія яго вынаходніцтвы, разбіралі самі жанчыны — ахвяру Кузняцоў выбіраў сам і пагражаў нарадамі ды ШІЗА тым, хто ёй будзе дапамагаць.

Калі ён ладзіў беспарадак, рэчы маглі разлятацца па ўсёй секцыі, і рэчы розных зняволеных змешваліся разам. «У цябе ў цэлым вельмі мала асабістай прасторы і ўвогуле чагосьці асабістага, і вось ты прыходзіш пасля працы ў секцыю, а там нібыта былі рабаўнікі. Гэта было вельмі цяжка псіхалагічна», — згадвае Святлана.

Абутак, які выдаюць у калоніі. Фота: МУС 

Экс-зняволеныя згадваюць і пра іншыя «класічныя» метады прэсінгу, гэтым разам ад зэчак-актывістак: наліваць у чаравікі ваду і хлорку, падкідваць забароненыя прадметы, спраўляць патрэбу так, каб пакідаць туалет забруджаным (і адпаведна каб ахвяра яго прыбірала).

Тлумачаць: ты прачынаешся а 6-й раніцы, маеш 20 хвілін на тое, каб наведаць туалет, апрануцца, пачысціць зубы. У апошнюю хвіліну надзяваеш чаравікі, бо трэба ўжо ісці ў сталовую, і калі яны мокрыя, нічога не можаш зрабіць, бо чаравікі ў цябе адны. У такіх чаравіках можна прахадзіць увесь дзень, у тым ліку і зімой.

Праца

У 7 гадзін раніцы зняволеныя праходзяць праверку і ідуць на працу, дзе праводзяць афіцыйна шэсць гадзін. Ёсць дзве змены: першая заканчвае працу амаль у 15 гадзін, другая — у 22, калі няма форс-мажораў накшталт згубленых нажніц. Калі нехта не даздасць нажніцы пасля змены, іх будуць шукаць усёй зменай, пакуль не знойдуць. Падкінутыя нажніцы — выдатны спосаб кагосьці падставіць.

У якіх умовах жанчыны праводзяць час на працы? Расказвае Марына: «Там вельмі брудна, даўно не было рамонту. Нядаўна паставілі вентылятары, але да таго ў цэху летам магло быць +30. Прасы награваюцца, швейныя машынкі таксама выпрацоўваюць цяпло, а ты сядзіш у пінжаку, не можаш яго зняць і павінна шыць. Зімой можа быць холадна».

Пасля працы некаторыя вязні маглі заставацца ў «разнарадкі», то-бок на дадатковую працоўную змену. Палітычным не дазвалялі рабіць гэта ў будныя дні, каб «экстрэмісткі» з розных змен не маглі размаўляць. Нядзеля — іншая рэч, у адзіны выхадны на тыдзень часта прымушалі працаваць усіх.

Фота: Tut.by

Быт

У вольны час зняволеныя глядзяць «Вектар» — тэлеканал, зроблены ў калоніі і для яе. З прыемных успамінаў: па «Вектары» на працягу нейкага часу паказвалі серыялы, у тым ліку «Ход каралевы», фільмы пра Расійскую Імперыю, «Тэслу» і «Како Шанэль», а таксама перадачы пра замежжа.

Але паралельна з гэтым былі і прапагандысцкія фільмы і перадачы, і відэа пра Наталлю Хершэ — яно нібыта павінна было матываваць асуджаных не парушаць рэжым.

Яшчэ адна экс-зняволеная, Карына, згадвае: «Калі дазволіць, іншыя асуджаныя могуць цябе прыніжаць, казаць непрыемныя рэчы ў твар, але нас неяк стараліся не чапаць. Хаця былі і тыя, хто не любіць нашых палітычных артыкулаў, і тыя, хто не прапусціць магчымасці падставіць.

Як правіла, пра іншых «экстрэмістаў» адгукаліся добра, бо звычайна «экстрэмісты» — гэта адукаваныя людзі, якія сочаць за сабой і за гігіенай, адэкватныя, з якімі можна пагаварыць».

У калоніі № 4 зняволеныя раз на тыдзень ходзяць у лазню. Ёсць і дадатковы дзень для мыцця: у некаторых атрадах у гэты дзень можна памыць галаву, у некаторых — памыцца цалкам. Лазня, успамінае Святлана, уяўляе сабой агульны душ, на які жанчынам даюць 15—20 хвілін, за гэты час трэба распрануцца, памыцца і апрануцца.

Фота: БелТА

На ежу ў калоніі жанчыны не скардзяцца. Але ў сталовай ёсць нюанс: там жывуць вераб'і, і праз гэта зняволеныя часта выходзілі адтуль з плямамі птушынага памёту на адзенні. Гэта, па іх словах, лепш, чым калі б гэты ж памёт апынуўся ў талерцы з ежай, што таксама бывае. Вераб'і могуць і спакойна есці з агульнай каструлі. Адміністрацыя спрабуе з гэтым змагацца, але нічога не дапамагае.

Пакаранні

Карына расказвае: калі адміністрацыі трэба націснуць на чалавека, яны знойдуць спосаб.

«Не абавязкова нешта парушаць, каб атрымаць спагнанне.

Яны могуць падкласці забароненую рэч (іголкі, нажніцы, таблеткі), могуць прыдзерціся, калі бірка на грудзях не так падшыта. Нават косы нельга адна адной заплятаць, бо лічыцца, што ты гэта робіш за нешта: ты ёй — косы, яна табе — цыгарэту».

Адна з экс-зняволеных расказвае, што ёй пагражалі ШІЗА, калі яна пісьмова не прызнае віну ў «злачынстве», за якое яе асудзілі. 

Суразмоўцы згадваюць: калі было прадчуванне, што сёння могуць прыйсці супрацоўнікі калоніі і зладзіць вобшук, шмат хто ішоў на працу ў разнарадку, каб ад гэтага схавацца. Усе парушэнні асабістых межаў пераносіліся вельмі цяжка.

«У мяне быў перыяд, калі я магла прыйсці на працу, зайсці ў капцёрку, а там усе мае рэчы былі перавернутыя. Яны не маюць права ладзіць вобшук без тваёй прысутнасці, а такое адбывалася часта. Табе даюць так зразумець, што нешта ты робіш не так, але яны не кажуць, што хочуць ад цябе, і ты павінен сам здагадацца. Непалітычных такія шмоны не датычыліся», — тлумачыць Святлана.

У калоніі ёсць паняцце калектыўнай адказнасці: калі вінаваты нехта адзін, то караюць увесь атрад. Самая жорсткая калектыўная кара — «скрынкі», ужываюць яе па ініцыятыве адміністрацыі нібыта для падтрымання парадку. Яшчэ яе называюць «пажарная трывога». Вось як гэта адбываецца.

Нехта з супрацоўнікаў калоніі заходзіць у атрад, строіць усіх у калідоры і абвяшчае, што зараз будуць «скрынкі». Калі яны яшчэ не прыдумалі для гэтага падставу, яны могуць яе знайсці ў працэсе. Увесь атрад ідзе ў капцёрку, выносіць адтуль на вуліцу свае рэчы. Гэта даволі цяжка, усе панікуюць — 90 чалавек бегае па ўсім будынку са скрынкамі.

Фота: sb.by

Потым трэба пачакаць, пакуль супрацоўнікі не прыдумаюць, што зняволеным з гэтымі скрынкамі рабіць. І тут зноў працуе калектыўная адказнасць, тлумачыць Святлана: «Яны выстаўляюць гэта так, нібыта носім скрынкі не па іх даручэнні, а ў гэтым вінаваты чалавек, які правініўся, і ў працэсе ўсе бурчаць і цябе ненавідзяць. Калі вы спусцілі скрынкі ўніз, іх яшчэ могуць дагледзець, могуць прымусіць хадзіць са скрынкамі кругамі вакол «Бамбея» — вялікага будынка ў цэнтры калоніі. Тады ўсе разумеюць, што з тым, хто правініўся, нешта не так, трэба быць з ім асцярожней».

Карына ўспамінае пра яшчэ адно пакаранне — змяшчэнне ў вулічную клетку. З ім сутыкалася яшчэ Наталля Хершэ, і, як аказалася, зняволеныя ўсё яшчэ рызыкуюць трапіць пад гэтае катаванне: «Аднойчы нас ледзьве не паставілі ў клетку, бо сяброўка мне зашпільвала гузік і аператыўнік палічыў, што мы лесбіянкі.

Клетка стаіць на вуліцы паміж жылой і вытворчай зонамі, у месцы, дзе часта праходзяць асуджаныя, у даўжыню яна метра паўтара.

Туды ставяць чалавека да высвятлення абставінаў, напрыклад, калі здарылася бойка, могуць паставіць і ў прафілактычных мэтах, калі быў нейкі канфлікт — маўляў, глядзіце, гэтыя людзі правініліся. Асуджаныя звычайна ставяцца да гэтага нармальна, бо ведаюць, што туды можна стаць ні за што. Адна палітычная стаяла там за тое, што адмовілася рабіць прышчэпку, могуць паставіць туды проста як жарт. Можна прастаяць там пару гадзін, калі на вуліцы мінус 20, могуць пашкадаваць і адпусціць праз гадзіну.

З часам гэта не ўспрымаеш як нешта жудаснае. Але я разумею, што на волі гэта ненармальна. Да ўсіх гэтых рэчаў прывыкаеш, яны робяцца звыклымі».

Медыцына

Былыя зняволеныя папярэджваюць, што ў калоніі лепш не хварэць. Марына расказвае: «Дапусцім, ты раніцай зразумеў, што прастудзіўся. Ты павінен дацярпець да вяртання з працы, папрасіць кагосьці, каб цябе звадзілі да лекара, прачакаць там у чарзе чатыры гадзіны. Не факт, што доктар табе дасць бальнічны, але і бальнічны цябе вызваліць толькі ад працы. Нельга ляжаць, калі табе не даюць пасцельны рэжым, а яго яшчэ трэба выпрасіць ў доктара».

Калі зняволеная не разбіраецца, што ёй трэба, атрымае самыя простыя лекі і парады: маўляў, баліць галава — больш дыхайце свежым паветрам. Таму трэба выпрошваць канкрэтныя лекі ці звяртацца да родных, каб яны даслалі лекі з волі.

Лета ў калоніі цяжка пераносіцца. Шмат у каго падае ціск, і нават калі ў чалавека няма праблем з сэрцам, яны могуць з’явіцца, бо там паўсюль асфальт, вельмі душна, і часам жанчынам прыходзіцца стаяць, у тым ліку на праверках, на пякучым сонцы. 

Смерць у калоніі

Нашы суразмоўцы былі сведкамі дзвюх смерцяў у калоніі № 4.

Пра першую з іх успамінае Карына: «Гэта было 1 верасня 2022 года. Сфармавалі новы атрад, бо вызвалілася частка будынка, куды можна было яго пасяліць і трохі разгрузіць іншыя атрады. Тады прыйшоў новы аператыўнік, нявыхаваны, і ён хацеў забраць з 7-га атрада ў новы адну пенсіянерку. Яна сядзела недзе 8—10 гадоў, і праз пару месяцаў ёй трэба было вызваляцца.

Увесь тэрмін яна адседзела ў 7-м атрадзе, і перавод быў бы для яе моцным стрэсам.

Калі пазней аператыўнік зноў спытаў, ці гатова яна пераходзіць у іншы атрад, у яе спынілася сэрца. У дадатак да стрэсу яна была ўжо ва ўзросце, мела ацёклыя ногі і рукі».

Іншая зняволеная, пра смерць якой нам расказалі, была ў адным атрадзе з Карынай. Гэта здарылася вясной 2022-га. Дзяўчына згадвае, што пра смерць гэтай асуджанай ніхто не пісаў, бо ў яе не было сваякоў і дапамогі з волі: «Яна спала ў секцыі недалёка ад мяне, мела тэрмін гадоў шэсць і большую частку з іх адседзела. У жанчыны быў цыроз печані, так разумею, праз яе мінулы лад жыцця. У медсанчастцы гаварылі, што трэба яе пакласці ў «бальнічку» пры калоніі, але так і не паклалі. Яна расказвала пра свае сімптомы, што ў яе кроў у мачы.

Аднойчы на праверцы ёй стала дрэнна, яе павялі ў санчастку, неслі пад рукі. Дзяжурны лекар падышоў да яе і сказаў несці на чацвёрты паверх у «бальнічку». Пакуль яе прымалі, яна папрасіла санітарак, іншых асуджаных, завесці яе ў туалет, бо ёй было дрэнна. На другім паверсе яе завялі ў туалет, і яна папрасіла пакінуць яе.

Праз 10 хвілін санітаркі пагрукалі ў дзверы, яна не адказвала. Яны зайшлі і пабачылі, што ёй вельмі дрэнна і ўсё ў крыві, бо яе ванітавала кроўю. Паклікалі доктара, і толькі тады ён выклікаў хуткую. Больш жанчына не вярнулася. Яе матрац вынеслі з нашай секцыі, а тапачкі аддалі на працы іншай жанчыне».

Замест заключэння

Ужо нейкі час нашы суразмоўцы знаходзяцца на волі і прывыкаюць да звычайнага жыцця. Але адна з іх, Карына, прызнаецца, што з вызваленнем для яе ўсё не скончылася. Яна і на волі працягвае адчуваць небяспеку:

«Яны ўмеюць зрабіць так, каб у чалавека была паранойя, адчуванне, што за ім сочаць, што чуюць нават сцены. Нават калі мы гутарылі сам-насам з іншай палітычнай, мы гутарылі шэптам, бо яны ведалі ўсё і пастаянна гэта дэманстравалі.

Часам, калі мы жартавалі паміж сабой, аператыўнікі слова ў слова пераказвалі гэтыя жарты.

Яны вельмі любяць неназойліва пагражаць, умеюць маніпуляваць самым дарагім, што ёсць: званкамі, спатканнямі, тым, што звязвае з нармальным жыццём».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Цяжка стаць звычайным грамадзянінам, адчуваеш сябе нейкім няўмекам». Былыя палітвязні распавядаюць пра жыццё пасля вызвалення

«Што было ў турме, застаецца ў турме». Вязні і палітвязні з «нізкім сацыяльным статусам»? Што пра гэта вядома

«Гэта сітуацыя «выбару Сафі». Пасля звароту родных палітвязняў да лідараў свету ў сацсетках пачалася дыскусія

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
17
Панылы сорам
13
Ха-ха
5
Ого
12
Сумна
23
Абуральна
90
1
баж і укж/адказаць/
29.01.2023
"але да таго ў цэху летам магло быць +30."
"Жара в Беларуси: в цехах МТЗ температура воздуха 40 градусов, окрасочная линия «БелАЗ» переведена на ночной режим работы. В такую жару, которая сейчас держится в нашей стране, почти пяти тысячам человек приходится работать на тракторном заводе в экстремальных условиях." - пісаў адна з праўластных газет у 2014

"БЕЛАЗ, прессовый цех, малярка. Температура воздуха достигает 32 градусов. Приточная система воздуха не работает, вытяжки не открываются. Контролеры пишут температуру в журнале 26 градусов. Задали вопрос начальнику, на что услышали ответ — данная температура нигде не зафиксирована. Подскажите, куда можно обратиться? Профсоюз ничем не помог», — спрашивают читатели" іншую газету ў 2022 годзе. пасля чаго газету прызнаюць экстрымістскай
0
Температура воздуха достигает 32 градусов. Приточная система воздуха не работает, вытяжки не/адказаць/
29.01.2023
зато я имела несчастие знать (косвенно соприкоснулась) "человеков", которые прекрасно нажились на БелАЗе теперь свалили в россию... а может и куда подальше... в Альпы мне их судьба неинтересна главное - что они чрезвычайно верующие "люди"... серьезно. молятся. постятся. церкви строят. крестят. но их совершенно не волнует, что в цехах Температура воздуха достигает 32 градусов. Приточная система воздуха не работает, вытяжки не открываются
0
Реалистка/адказаць/
31.01.2023
Господи, ХХІ век, Европа!!! Читаю, и такое ощущение, что это 30-года прошлого века и совок. Как такое может быть в наше время, это ужас. Не дай Бог когда-то попасть в тюрьму, лучше сразу сдохнуть(
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930