Знайсці
13.08.2021 / 16:53РусŁacБел

Карагоды, «хайп у інстаграме», камень. За што ў Беларусі падлеткаў адпраўляюць у калоніі

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. І калі раней жорсткія прысуды для падлеткаў былі вынікам сапраўды сур’ёзных злачынстваў, то сёння некалькі гадоў калоніі для юнака — ужо шараговы вырак. «Наша Ніва» сабрала гісторыі асуджаных дзяцей. Большасць з іх правабаронцы прызнаюць палітвязнямі.

Мікіта Залатароў, 17 гадоў. Асуджаны на 4,5 года 

Хлопца затрымалі 11 жніўня 2020-га ў Гомелі, абвінавацілі ў масавых беспарадках, гвалце ў дачыненні да міліцыі і незаконных дзеяннях з выбуховымі рэчывамі. Па версіі следства, юнак кідаў у міліцыянтаў кактэйлі Молатава.

Хворы на эпілепсію Залатароў скрадзіўся на збіццё і ў міліцыі, і ў СІЗА, казаў, што яму не давалі лекі, але за гэта ніхто пакараны не быў. 

Па першай справе хлопцу далі 5 гадоў у выпраўленчай калоніі. А пасля яшчэ судзілі за напад на супрацоўнікаў СІЗА. Па версіі следства, наўмысна зрабіў падножку супрацоўніку, у выніку чаго той упаў на падлогу, а калі падняўся, то прыхіліў Мікіту да сцяны, але падлетак схапіў канваіра за валасы і шыю, прычыніў фізічны боль і пабоі пацярпеламу, а таксама выказаў пагрозу прымянення гвалту ў адрас супрацоўніцы СІЗА і яе блізкіх. Кожны з пацярпелых супрацоўнікаў СІЗА запатрабаваў кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў.

Мікіта Залатароў прызнаў віну, але дадаў: «Гэта быў не гвалт, а супраціў. Абразлівыя словы я вымавіў на эмоцыях». У выніку, ён атрымаў 1,5 гадоў калоніі. З улікам утрымання ў СІЗА хлопцу прыйдзецца сядзець 4,5 гады.

Падчас знаходжання ў СІЗА Залатароў скардзіўся, што знаходзіцца ў адзіночнай камеры, таму не хоча падаваць апеляцыю, каб яго хутчэй перавялі ў калонію. Таксама ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. «У зону мяне хутчэй», — перадаў словы хлопца яго бацька.

Віталь Прохараў, 17 гадоў. Асуджаны на 2 гады 

Юнака са Жлобіна абвінавацілі ва ўдзеле 10 жніўня ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў гвалце ў дачыненні да міліцыянера (арт. 364 КК). Па версіі следства, ён кінуў «не менш за адзін камень у аўтазак», чым пашкодзіў машыну на 820 рублёў. Сам Прохараў, казаў, што не рабіў гэтага, проста ляпнуў у інстаграме, што пабіў шкло ў аўтазаку, маўляў, «хацеў так папіярыцца». Суд вырашыў, што гэта не піяр, а злачынства, вырак — 2 гады выхаваўчай калоніі.

Данііл Калеснікаў, 17 гадоў. 1 год 3 месяцы калоніі

Падставай для ўзбуджэння справы стала тое, што ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года Данііл разам з бацькам Віталём Калеснікавым пайшлі ў цэнтр Жлобіна на плошчу. Яны стаялі там разам у счэпцы ў першым шэрагу, разам з іншымі асобамі выкрыквалі лозунгі. Следства лічыць, што яны перашкаджалі руху грамадскага транспарту. 

Віталь і Данііл Калеснікавы

Спачатку судзілі бацьку хлопца. Віталя Калеснікава асудзілі па арт. 339 КК (Хуліганства) і арт. 172 КК (Уцягванне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства) за бойку з мінаком, якая адбылася ўвечар таго ж дня. А пазней — таксама па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу. 

Затым прайшоў суд па справе Данііла. Пракурор патрабаваў год і 6 месяцаў выпраўленчай калоніі. Вырак суддзі Сяргіевіча — 1 год і 3 месяцы калоніі.

Пасля абвяшчэння прысуда Данііла ўзялі пад варту ў зале суда.

Максім Шатохін, 17 гадоў. Асуджаны на 3 гады калоніі

Шатохін быў затрыманы толькі ў ліпені 2021 года, да таго хлопец быў пад падпіскай. Ён фігурант масавай «карагоднай справы»: у Брэсце 9-10 жніўня жыхары вадзілі карагод на праязной частцы. Пазней на ўсіх, каго змаглі ідэнтыфікаваць пазаводзілі справы па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), ужо некалькі дзясяткаў чалавек былі асуджаныя. 

Суддзя Святаслаў Каліна, які судзіў ужо трэцюю партыю абвінавачаных, вырашыў цалкам задаволіць патрабаванні пракуратурора. Усе фігуранты атрымалі рэальныя тэрміны, Максім Шатохін — 3 гады выпаўленчай калоніі.

Сяргей Гацкевіч, 17 гадоў. Асуджаны на 3 гады калоніі.

Таксама фігурант брэсцкай «карагоднай справы». Абвінавачванне стандартнае: артыкул 293, масавыя беспарадкі. Да суда быў на волі, у сакавіку 2021 года хлопца, які вучыўся яшчэ ў 11 класе, асудзілі на 3 гады выпраўленчай калоніі і ўзялі пад варту ў залі суда.

Дзяніс Хазей, 17 гадоў. Асуджаны на 3 гады калоніі

Зноў Брэст, зноў «карагодная справа», зноў артыкул 293, зноў «масавыя беспарадкі». Другакурснік каледжа з горада Высокае быў узяты пад варту ў залі суда 10 сакавіка, калі суддзя Вера Філонік вынесла прысуд чарговым дзесяці фігурантам справы. Хазей атрымаў 3 гады выпраўленчай калоніі.

Рамантычны і сумны момант — разам з Хазеем судзілі і яго дзяўчыну, 18-гадовую Віталію Бандарэнку. Калі на яе завялі справу, дзяўчына спачатку з’ехала за мяжу, але пасля вярнулася, каб пабачыцца з каханым. Яе затрымалі. У выніку, Віталію адправілі на 4 гады ў калонію. 

Іван Пацяйчук, 17 гадоў. 3 гады калоніі

«Карагодная справа», Брэст, артыкул 293 КК. Іван да суда быў на волі, на пасяджэнні віну прызнаў часткова. Атрымаў 3 гады выпраўленчай калоніі. 

Алег Юраў, 17 гадоў. 3 гады калоніі

Таксама брэсцкая «карагодная справа». Хлопец віну не прызнаў, быў на волі пад падпіскай. На абвяшчэнне прысуду, дзе яму прысудзілі 3 гады выпраўленчай калоніі, не з’явіўся. Юрава абвясцілі ў вышук.

Максім Імхавік, 17 гадоў. 3 гады калоніі.

Брэст, карагод, 293 КК. Максім віну прызнаў часткова. Вырак — 3 гады выпраўленчай калоніі.

Аляксандр Вінярскі, 17 гадоў. 3 гады калоніі

Так, зноў брэсцкая справа аб карагодзе. Судзіў хлопца суддзя Андрэй Грушко. Вырак — 3 гады выпраўленчай калоніі. 

Эдуард Кудынюк, 17 гадоў. 3 гады калоніі

Хлопец таксама фігурант брэсцкай «карагоднай справы». Вырак суддзі Грушко: 3 гады выпраўленчай калоніі, роўна столькі, колькі прасіў пракурор. Хлопец быў пад падпіскай, яго ўзялі пад варту ў залі суда пасля абвяшчэння прысуду.

Таксама некалькіх падлеткаў пакаралі «хіміяй».

Елісей Кузняцоў, 17 гадоў. 2,5 гады хатняй хіміі

Гісторыя Кузняцова нетыповая для сённяшніх часоў жорсткіх прысудаў. Юнака вінавацілі па двух артыкулах КК: 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) і артыкуле 364 (Пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).

11 жніўня ў гарадскім парку Жабінкі ён кінуў кактэйль Молатава ў міліцэйскую машыну. Хлопец цалкам прызнаў сваю віну, акрамя таго ён напісаў яўку з павіннай і яшчэ да суда раскаяўся ў зробленым. На судзе адзначыў, што дзейнічаў тады пад уплывам эмоцый.

Справу Кузняцова разглядалі ўсяго адзін дзень. Вырак — 2,5 гады «хатняй хіміі».

Максім Бабіч, 17 гадоў. Асуджаны на 3 гады «хатняй хіміі»

Хлопца затрымалі ў кастрычніку 2020 года, абвінавацілі па «народным» артыкуле 342: удзел у мерапрыемствах, якія парушаюць грамадскі парадак. Нібыта юнак блакаваў дарогі. 

Бабіч мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, у яго парок сэрца. 22 снежня 2020 года суддзя Марына Запаснік агучыла вырак: 3 гады «хатняй хіміі».

Даніла Кандрацкі, непаўнагадовы. 1,5 гады «хатняй хіміі»

Юнака абвінавацілі ў тым, што ён у верасні 2020 года разам з сябрамі нанёс надпісы на прыпынкі і кіёск. Падчас гэтага нібыта быў п’яны. Сам Кандрацкі віну не прызнаў. Але яго прызналі вінаватым у хуліганстве, якое здзейсніла група асобаў, вырак — 1,5 гады «хатняй хіміі».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930