Знайсці
26.05.2024 / 19:1119ŁacБел

Чаму ў беларускай вёсцы «травы па пояс» не бывала

«На дальней станции сойду, трава — по пояс, зайду в траву, как в море, босиком…» Гэтая песня кампазітара Уладзіміра Шаінскага на словы Міхаіла Таніча стала вядомая і папулярная на ўвесь Савецкі Саюз у 1976 годзе, пасля таго, як прагучала ў знятым рэжысёрам Ігарам Дабралюбавым на кінастудыі «Беларусьфільм» дзіцячым фільме «По секрету всему свету». Яна ўся прасякнутая вясковай рамантыкай, супрацьпастаўленай «шуму гарадскому». Але ў ёй як для таго часу і на беларускія ўмовы не ўсё рэалістычна — перадусім тая славутая «трава па пояс», у якую можна нібыта заходзіць як у мора…

Воз сена. Вёска Мосар, Глыбоцкі раён. 1974 год. Фота з прыватнай калекцыі

На самай справе нічыйную траву па пояс, якую можна было б беспакарана таптаць, у беларускай вёсцы таго часу знайсці было не так проста. За кожным травяным лапікам раўніва сачылі нечыя вочы, бо перад кожным гаспадаром і гаспадыняй стаяла задача неяк пракарміць зімой уласную кароўку, накасіць на яе сена. Зайдзі ў траву — зараз жа прыбягуць гаспадары сварыцца, што топчаш. Разлічваць даводзілася толькі на сябе, бо на надта ўжо вялікае спрыянне дзяржавы спадзявацца не даводзілася. Наадварот, яна толькі ставіла палкі ў колы рознымі абмежаваннямі.

Выкручвайцеся самі

Пачалося гэта з часоў калектывізацыі на мяжы 1920- х і 1930-х гадоў. Праведзеная надзвычай жорсткімі і бескампраміснымі метадамі, яна прадугледжвала абагульненне ўсіх сельгасугоддзяў, апрача хіба толькі агародаў і садоў, што знаходзіліся пры сядзібах. Ды і тых памер абмяжоўваўся і фармальна, паводле калгаснага Статута 1935 года, не мог перавышаць паўгектара (уключаючы зямлю, на якой месціліся будынкі), а на практыцы звычайна складаў у тыя часы нашмат менш. Такім чынам, асноўная маса зямлі пераходзіла ў калектыўную ўласнасць, а фактычна рабілася дзяржаўнай.

Безумоўнаму абагульненню падлягалі таксама ўсялякія сродкі вытворчасці, у тым ліку і цяглавая жывёла. Коней у асабістай гаспадарцы калгаснікам было забаронена трымаць амаль да самага канца існавання камуністычнага рэжыму, і гэта правіла вытрымлівалася цвёрда. Забарона была знятая толькі ў 1988 годзе. А вось што тычылася іншай жывёлы, у тым ліку і кароў, то адносна іх была не забарона, а абмежаванні.

Ад пачатку бальшавікі, задумваючы калектывізацыю, з імпэтам імкнуліся абагульняць усё што можна, не пакідаючы ў індывідуальных гаспадарках фактычна нічога.

Але вельмі хутка выявілася, што з такім падыходам, пры толькі сімвалічнай плаце за працу ў калгасах, калгаснікі неўзабаве проста паўміраюць з голаду.

Таму ім было дазволена мець уласную карову, але толькі адну на сям’ю. А дзе калгаснікі накосяць на карміліцу сена пры абагульненні ўсіх палёў і лугоў, галава начальнікам не надта балела — выкручвайцеся самі. І выкручваліся як маглі: касілі на любых няўдобіцах, у лясах, на балотах, сушылі зелле з агарода і г. д. Але ўсё адно было складана, тым больш што за тую сваю кароўку, як і за ўсё іншае, уключаючы яблыні ў садзе і нават курэй, яшчэ даводзілася плаціць дзяржаве немалы падатак, асабліва ў першае дзесяцігоддзе пасля вайны. Не ўсе гэта вытрымлівалі і самі зводзілі ўсю гаспадарку да мінімуму, седзячы на нішчымніцы.

 «Ай, спасибо Маленкову…»

Калгасная сістэма, праўда, не была ўвесь час аднолькавая. У найбольш нялюдскай форме, калі калгаснікі былі фактычна прыгоннымі без аніякіх правоў, але з процьмай абавязкаў, яна існавала да смерці Сталіна ў 1953 годзе. Пасля ж ягоныя пераемнікі зразумелі, што далей так працягвацца не можа і каб вёска канчаткова не памерла і не разбеглася па гарадах, патрэбна прынамсі частковая лібералізацыя. Ужо праз некалькі месяцаў пасля смерці дыктатара, у жніўні 1953-га, з падачы новага кіраўніка дзяржавы, старшыні Савета Міністраў СССР Георгія Малянкова, на вёсцы быў больш чым у два разы зменшаны падатковы цяжар, а памер прысядзібных участкаў павялічаны аж у 5 разоў. Савецкі народ успрыняў гэта з энтузіязмам і адгукнуўся ўдзячнай прыпеўкай: «Ай, спасибо Маленкову — разрешил держать корову. А Сталину — в гробу лежать: не давал козу держать».

Палепшаныя былі і ўмовы працы ў калгасах. Дзяржава ўпершыню задумалася, каб ад калгаснікаў не толькі браць, але нешта ім за іхную працу і даваць. Павялічыўся памер выплат за працадні, пачала пашырацца і ўзмацняцца сацыяльная інфраструктура на вёсцы. Але ўсё адно без асабістай гаспадаркі калгаснікам выжыць было цяжка. Тым не менш з прыходам да ўлады Мікіты Хрушчова з ягоным валюнтарызмам і россыпам непрадуманых ідэй, якія паводле першаснай задумы мусілі прывесці грамадства да росквіту і хуткай перамогі камунізму, а на справе часта руйнавалі нават тое, што ўжо было, супраць гэтых гаспадарак пачалася арганізаваная ідэалагічная кампанія.

Кампанія тая адлюстравалася ў шэрагу твораў беларускай літаратуры, адзін з самых вядомых і знакавых з якіх — напісаная ў 1961 годзе п’еса Андрэя Макаёнка «Лявоніха на арбіце». Яе галоўны герой — працавіты і гаспадарлівы селянін Лявон Чмых, які ўсю сваю працоўную энергію аддае ўласнай гаспадарцы, у выніку чаго мае «дом… харошы, пад цынкам, двор дагледжаны, хлеў пад шыферам, свой садок, восем сямей пчол, прысядзібны ўчастак паўгектара». У калгасе ж ён адпрацоўвае толькі прадпісаны законам абавязковы мінімум працадзён. За гэта «адмоўнага» героя Лявона цягам усёй п’есы дзяўбуць у хвост і ў грыву ўсе героі «станоўчыя»: пачынаючы ад сакратара абкама партыі і канчаючы ўласнай жонкай. Бо, як выказаўся пра Лявона старшыня мясцовага калгаса Буйкевіч, «мужык ты гаспадарлівы, кемлівы… Рукі ў цябе… таксама з мазалямі. Толькі мазалі тыя ты нажыў… на сваім агародзе, у сваім садку. Не на калгаснай ферме, полі». Гэта падаецца як страшны грэх і прыкмета ідэйнай адсталасці, бо ёсць перашкодай да камунізму, які мае быць пабудаваны ўжо праз 20 гадоў.

У тым жа 1961 годзе была напісана менш вядомая п’еса — «Над хвалямі Серабранкі» Івана Козела. Яе аўтар — выхадзец з Заходняй Беларусі, куды калгасы прыйшлі толькі за дзясятак гадоў да таго, але сюжэт падобны да макаёнкаўскага. Тут апантаны развіццём і пашырэннем уласнай гаспадаркі ўжо не просты калгаснік, а калгасны бухгалтар Федзя Жыгліцкі. І ён таксама ўступае ў суцэльны светапоглядны канфлікт літаральна з усімі сваякамі і суседзямі, уключаючы ўласную жонку. Адзіны чалавек, які Федзю цалкам падтрымлівае, — родная маці, «чалавек стары, аджыўшы». Іншым жа «лепш у калгас выйсці часцей ды зарабіць болей. Там, у грамадзе, і работа відаць твая нечага».

Сімвалам нібыта разбуральных «прыватнаўласніцкіх інстынктаў» у абодвух выпадках выступаюць уласныя каровы, якіх гаспадары, нягледзячы на ціск з усіх бакоў, катэгарычна адмаўляюцца здаваць на калгасную ферму. Як тлумачыў падчас застольнай дыскусіі Лявон Чмых: «Карова — гэта мая свабода, мая эканамічная незалежнасць. Гэта — мой бастыён, мой дот!» У якім, як іранічна заўважаюць апаненты, ён збіраецца бараніцца ад камунізму.

На самай справе, аднак, такія творы былі толькі прапагандай, далёкай ад рэчаіснасці. Хоць і эканамічнае становішча калгасаў, і ўзровень жыцця ў калгаснай вёсцы пасля смерці Сталіна сапраўды даволі істотна палепшалі — не дзякуючы надта мудрай палітыцы партыі, а галоўным чынам таму, што падымацца даводзілася з глыбокага дна, — усё ж такі тая вёска, у якой можна было заможна і выгодна жыць, працуючы толькі ў калгасе і збыўшы ўсю ўласную гаспадарку, існавала як масавая з’ява толькі ва ўяўленнях і дэкларацыях ідэолагаў, а не ў рэальнасці. Можна было заяўляць, як гэта рабілася на пленуме ЦК КПСС у 1958 годзе, што «з ростам грамадскай гаспадаркі калгасаў асабістая гаспадарка калгаснікаў будзе паступова страчваць сваё значэнне. Калгаснікам стане зручней атрымліваць прадукты з калгаса, чым траціць сваю працу на іх вытворчасць у асабістай гаспадарцы». Але на практыцы гэта была манілаўшчына.

Перамога камунізму адкладаецца

Калгасная форма сельгасвытворчасці, нягледзячы на ўсе перавагі і льготы, якія ёй даваліся дзяржавай, была настолькі эканамічна неэфектыўнай, што не магла паўнавартасна пракарміць і горад, не тое што ўзяць на сябе і вяскоўцаў, якія тады яшчэ складалі большасць насельніцтва. Якраз наадварот: дробныя прысядзібныя гаспадаркі вяскоўцаў былі калгасам істотнай падмогай, бо толькі закупкі лішкаў прадукцыі з іх дазвалялі выконваць планы і хоць бы так-сяк забяспечваць грамадскія патрэбы. У тым ліку і ў малочных прадуктах.

Таму пасля адхілення ад улады Хрушчова і фактычнага адкладання канчатковай перамогі камунізму на няпэўны тэрмін гаворкі пра актыўнае змаганне з асабістымі гаспадаркамі калгаснікаў ужо не вялося. Праўда, не давалі ім і зялёнай вуліцы: захоўваліся абмежаванні і на колькасць зямлі, і на колькасць жывёлы. Паводле калгаснага Статута, прынятага 28 лістапада 1969 года, «сям’я калгасніка (калгасны двор) можа мець адну карову з прыплодам да аднаго года і адну галаву маладняку буйной рагатай жывёлы да 2-гадовага ўзросту, адну свінаматку з прыплодам да 3-месячнага ўзросту ці дзвюх свіней на адкорме, да 10 авечак і коз разам, пчоласем’і, птушку і трусоў». Прысядзібны ўчастак па-ранейшаму не мог перавышаць паўгектара.

Зрэшты, часы брэжнеўскага застою былі акурат характэрным прыкладам таго перыяду, калі строгасць законаў кампенсавалася неабавязковасцю іх выканання. На перавышэнне калгаснікамі вызначаных нормаў, калі гэта было «ў межах разумнага», а сам калгаснік не канфліктаваў з начальствам, глядзелі тады ўжо звычайна праз пальцы. І не была рэдкасцю сітуацыя, калі сям’я трымала і па дзве каровы, тым больш калі частка малака ад іх здавалася ў калгасную малачарню.

Два калгасу, трэці сабе

Іншая справа, што накасіць у патрэбнай колькасці сена не толькі на дзве, але і на адну карову было не так проста. Амаль усе ворныя землі і сенажаці па-ранейшаму належалі калгасу, а на сваіх максімум паўгектарах, ці нават і крыху больш, якія ўключалі ў тым ліку плошчу двароў і будынкаў, калгасніку хоць бы патрэбную агародніну вырасціць. Праўда, паводле таго ж калгаснага Статута, «праўленне калгаса аказвае калгаснікам дапамогу ў завядзенні жывёлы, зоаветэрынарным абслугоўванні, а таксама забеспячэнні жывёлы кармамі і пашамі». І аказвала сапраўды, толькі што звычайна на кабальных умовах.

Пастановачнае фота: артысты прыехалі да калгаснікаў, падтрымаць іх музыкай. Парадная рэальнасць хавала непарадныя будні. Беларускі дзяржаўны архіў-музей кінафотадакументаў.

Калгасы не выдзялялі калгаснікам участкаў сенажаці за так, а абстаўлялі гэтую «ласку» пэўнымі ўмовамі. Як правіла, калгаснікі выконвалі на карысць калгаса нейкую працу. Скажам, бралі дзялку буракоў ці нейкай іншай культуры, на якой мусілі рабіць увесь гадавы цыкл работ з вясны да восені: некалькі праполак, прарыванне, церабленне і здача ў калгас гатовай прадукцыі. Праца цяжкая і нудная, але за апрацаваную сотку тых жа буракоў можна было атрымаць сотку сенажаці. Дадаткова магло нешта перападаць і за здадзенае ў калгас малако і прададзеных туды ж цялят.

Магла калгасная сенажаць касіцца «на часць». Сям’я атрымлівала ўчастак травы, які мусіла ўласнымі сіламі скасіць і высушыць. І тады, у залежнасці ад дамоўленасці, нейкую — вядома, меншую — частку забірала сабе, а большую здавала ў калгас. Калі, напрыклад, дамоўленасць была на траціну, то для таго, каб забяспечыць сенам адну сваю кароўку, людзі мусілі накасіць на тры. Як жартавалі, два разы махаем касой калгасу, а трэці — сабе. У кожным разе сена, здабытае ад гешэфтаў з калгасам, атрымлівалася вельмі «трудавое».

«Што ты сівец косіш?»

Але толькі такім чынам нарыхтаваць сваёй карове сена на зіму звычайна не ўдавалася. Нават калі ты сяміжыльны і можаш фізічна перарабіць гэтулькі лішняй работы, то столькі калгаснай сенажаці табе проста не дадуць — за яе таксама канкурэнцыя, а колькасць абмежаваная. Рэшту трэба дабраць недзе ў іншых месцах.

Найчасцей тут прыходзілі на выручку нейкія ўтравелыя мясціны, якія месціліся дзесьці непадалёк ад вёскі, але не належалі калгасу. Лясы, балоты, меліярацыйныя канавы — што ў якой мясцовасці ёсць. Часта яны мелі нейкага фармальнага гаспадара ці наглядчыка, за іх адказнага, тады даводзілася дамаўляцца з ім, плаціць грошы ці ладзіць пачастунак — а часам і тое, і другое. Ляснік ласкава дазволіць выкасіць нейкую паляну ў сваім абходзе, меліяратар — абкасіць замест яго самога канаву. Трава ў такіх месцах бывае зусім не найлепшай якасці, але на гэта не надта зважаюць — абы карова хоць неахвотна, ды ела. Як у той згаданай п’есе «Над хвалямі Серабранкі»: «Што ты сівец гэты косіш, Федзя? Хіба ад яго малака дадуць каровы? — Трэба ж прахаваць чым дзве штукі зіму цэлую».

А п’еса «Лявоніха на арбіце» пачынаецца з карціны, як да калгасных стагоў на ўскраіне вёскі ноччу падбіраецца гаспадарлівы Лявон Чмых і з захаваннем усіх правіл перасцярогі спрабуе наскубці з іх посцілку сена. Што ж, для калгаснай вёскі гэта таксама будзённая з’ява. Гадамі і дзесяцігоддзямі ставячы калгаснікаў на мяжу фізічнага выжывання, шмат ад іх патрабуючы і мала што даючы ім узамен, сістэма сама прывучыла іх і нават заахвоціла да крадзяжоў у сябе. Спрычыніўшыся да фармавання своеасаблівай псіхалогіі: крадзеж у калгасе — гэта не зусім і крадзеж, гэта калі ў людзей — то крадзеш, а ў калгасе проста бярэш, яно «нічыё». Асабліва калі ў цябе праца такая, што ты да таго калгаснага сена ці сырой травы маеш непасрэднае дачыненне: возіш іх, напрыклад, ці вартуеш. Як правіла, старшыні, брыгадзіры ды іншыя калгасныя начальнікі на такое збольшага і заплюшчвалі вочы, нават калі і заўважалі. Калі, вядома, хтосьці ў крадзяжах з калгаса яўна не перабіраў меру і не рабіўся надта нахабным. Хоць можна было, вядома, і проста трапіць пад гарачую руку.

Ну і, вядома, усё лета ды восень няспынна шалясцелі косы на розных узмежках, пожнях, лянішчах, узбочынах дарог, чыгуначных насыпах, берагах вадаёмаў — ды практычна ўсюды, дзе вырасла хоць якая травіна.

Трава па пояс пры сыходзе на далёкіх станцыях была ў часы Брэжнева рэчаіснасцю толькі ў расійскім Нечарназем’і, дзе «раскрестьянивание» адбылося раней, а ў Беларусі яна стала штодзённай рэчаіснасцю толькі ў ХХІ стагоддзі, калі традыцыйная беларуская вёска састарэла ды дэпапулізавалася. І калі развіццё тэхналогій ды павышэнне агульнага ўзроўню агракультуры зрабіла магчымым нават пры захаванні не надта эканамічна эфектыўнай квазікалгаснай сістэмы ў сельскай гаспадарцы цалкам забяспечваць спажывецкія патрэбы ў тым ліку і вясковага насельніцтва без жыццёвай неабходнасці трымаць уласную карову.

Аляксандр Пашкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
93
Панылы сорам
13
Ха-ха
16
Ого
14
Сумна
38
Абуральна
49
29.05.2024
Громан, прачытаўшы напісанае вамі, ўспомніў знакамітую фразу: "калі ім не хапае хлеба, то чаму б ім не есці пірожныя"   
1
косец поневоле/адказаць/
30.05.2024
Кен, Мне тоже за 60. Но не стоит кидаться в крайности, рассказывая сказки. Помню, как сейчас, в 80-ые годы нас, городских, летом сколько раз вывозили в колхозы. Давали в руки косу и - в траву ПО ПОЯС. Обычно это были какие-то неудобицы. Как покосил - не важно. Собирал ли её кто-нибудь, не знаю. Было, что привозили в другой день на место рядом - лежала скошеная никому не надо. Косили ДЛЯ ГАЛОЧКИ. Утром людей привезли, через 8 часов увезли. Всё! Больше никому до нас нет дела. Никто из местных из-за травы за нами не бегал. Местных вообще не было видно. Брали из дому ссобойку, огурцы и пшеничную (другой не продавалось), чтобы не вернуться домой злым и голодным.
0
рассчёт -просчёт/адказаць/
01.06.2024
За правду,еслі прікінуть, сколько лу "закопал" в колхозную землю денег , то это будет самое дорогое мясо і хлеб в міре.
Так ему ПРОСТО ЛЕГЧЕ ПРАВІТЬ....Гаага всё вспомніт. И первую поездку на лыжи в Австрию.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930