Знайсці
24.09.2008 / 11:33РусŁacБел

Літсправаздача за сто гадоў

«Галасы з-за небакраю»: анталёгія пацьвердзіла, што найважнейшым з іншамоўных паэтаў для нас па-ранейшаму ёсьць Міцкевіч. Анталёгія выявіла і вузкія месцы беларускага паэтычнага перакладу — пераклады зь літоўскай. Ня вельмі каб багата — з ангельскай. Мала, але ёсьць – з арабскай, кітайскай, японскай. Піша Павал Касьцюкевіч.

Галасы з-за небакраю: анталёгія паэзіі сьвету ў беларускіх перакладах ХХ ст. склад. М. Скобла. Менск: Лімарыюс 2008. — 896 старонак. 1000 ас.

Неяк у Рыме пры сьціжме людзей незьлічоных...

Білінгвізм беларускіх аўтараў – відавочны факт. Напэўна, ніводзін з беларускіх літаратараў яшчэ ад часоў Дуніна-Марцінкевіча ня быў аднамоўным. Тут ільга наракаць на цяжкую каляніяльную спадчыну, а можна плённа скарыстоўваць.

Міколе Гусоўскаму «неяк у Рыме пры сьціжме людзей незьлічоных» раптам закарцела растлумачыць іншаземцам пра свае чыста літвінскія перажываньні – паляваньне на зубра. Літаратурны пераклад таксама нараджаецца з думкі: «Як бы цікава гэта было нашым людзям». Перакладніку павінна хацецца расьсьмяшыць, зьдзівіць, расчуліць суайчыньнікаў тымі чужымі радкамі, зь якіх ён сам колісь пасьмяяўся, зьдзівіўся, расчуліўся. Чужымі, якімі колісь яму зрабілася сваімі. Неяк у Менску пры сьціжме людзей незьлічоных...

А яшчэ са словаў укладальніка анталёгіі паэзіі сьвету «Галасы з-за небакраю» Міхася Скоблы, пераклад — пераліваньне крыві з аднаго культурнага арганізму ў другі, своеасаблівае паэтычнае донарства. Дамамо толькі, што пераклад надае нацыянальнай культуры аб’ёмнасьць, не дазваляе ёй зьязджаць да ўзроўню субкультуры.

Сяджу за рашоткай у цямніцы гады...

Пераклад – дабраахвотная катарга. Зазіраючы ў пастылыя слоўнікі і шукаючы трапныя мэтафары, перакладнік можа прабавіць месяцы, калі не гады. Але некаторым, такім як Пятру Бітэлю, легендарнаму перакладніку, якога лёс у 1950 годзе запраторыў у сталінскі лягер, дзе ён і абеларусіў «Пана Тадэвуша», літаратурная катарга дазволіла перажыць катаргу насамрэчную. Ён пісаў на папяровых мяхах з-пад цэмэнту, а арыгінал што дзень вяртаў у хованку. У збольшага трагічнай гісторыі беларускага перакладу не абышлося і без кур’ёзаў. У 1935 годзе «Гамлет», абеларушаны Юркам Гаўруком, выйшаў без пазначэньня імя перакладніка (Юрка на той час быў арыштаваны і яго імя было пад забаронай), нібыта Ўільям наш Шэкспір тварыў адразу па-беларуску.

Анталёгія — сьвята найперш перакладніцкае. Перастваральніку тут — даніна павагі, ён узняты на ровень культурнага героя. Нездарма ў анталёгіі зьмест зроблены паводле імёнаў перакладнікаў, а не аўтараў арыгіналу. У дадатак, каб ня быць перад іншамоўным вершам, як «чмель нязграбны перад кветкай пекнай», пачаткоўца можа вывучаць няпросты мэханізм літаратурнага перакладу з саміх біяграфіяў перакладнікаў і анатацыяў, зробленых Міхасём Скоблам.

Літва! Радзіма, як здароўе, дарагая!

Анталёгія яшчэ раз пацьвердзіла, што найважнейшым з іншамоўных паэтаў для нас па-ранейшаму ёсьць Міцкевіч. Кожнае новае пакаленьне перакладнікаў, штохвіліны зазіраючы ў найноўшыя польскія слоўнікі, з падрадкоўнікамі ці без, вяртаецца да Адама, што вярэдзіць неразгаданасьцю адметнага культурнага коду. Што моцы выцягваючы свае жылы ў спробе вытлумачыць вялікага наваградца, беларускія перакладчыкі нават пераступаюць мяжу дазволенага: ходзяць чуткі, што Язэп Семяжон, які, у сваім перакладзе «Пана Тадэвуша» дадаў да паэмы 1500 абсалютна адсябешных радкоў.

Дарэчы, у зборніку багата прэзэнтаваная тутэйшая паэзія, якая выражалася не па-беларуску: ад польскамоўнага Яна Чачота да габрэйскамоўных Ізі Харыка і Гірша Рэлеса.

Анталёгія выявіла і вузкія месцы беларускага паэтычнага перакладу — пераклады зь літоўскай. Як жа мала мы ведаем пра паэзію краіны, зь якой у нас адзіныя гістарычныя сымбалі.

Зь іншага боку ў «Галасах» багата прадстаўленыя вершы тых замежнікаў, якія натхніліся беларускай рэчаіснасьцю або тутэйшымі краявідамі. Баўгарын Хрыста Бекрыеў (верш «Марк Шагал. Віцебск 1909 год») або расеец Андрэй Вазьнясенскі (вершы «Возера Сьвіцязь» і «Ода Дубу»).

Падлік галасоў з-за небакраю

Канечне, па вялікім рахунку, вершы ня лічаць як бычкоў, але...

Дык вось:

Усё ў парадку ў нас з перакладамі польскай, украінскай, нямецкай і францускай паэзіі.

Няблага — зь перакладамі расейскай, баўгарскай, сэрбскай, грузінскай і гішпанскай паэзіі.

Ня вельмі каб багата — зь ідыш, літоўскай, латыскай і ангельскай паэзіямі, а таксама зь перакладамі з клясычных моваў — лаціны і старажытнагрэцкай.

Мала, але ёсьць – з арабскай, кітайскай, японскай.

Яшчэ пра кнігу і пра яе прэзэнтацыю 24 верасьня тут.

Павал Касьцюкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера