Знайсці
23.09.2008 / 11:32РусŁacБел

Рэйманд Карвэр. Містэр Кава і Містэр Умелыя Ручкі

Апавяданьне. Пераклаў Павал Касьцюкевіч.

Апавяданьне. Пераклаў Павал Касьцюкевіч.

Перабачыў я ўсякае рознае. Аднойчы я быў па дарозе да маёй маці, хацеў застацца ў яе некалькі начэй. Але падняўся на апошнюю прыступку, гляджу — яна на канапе цалуецца з мужчынам. Дзьверы наросхрыст. Тэлевізар лапоча. Вось такое, напрыклад, я бачыў.

Перабачыў я ўсякага. Аднойчы пайшоў я да маткі, хацеў там пару начэй паначаваць. Падняўся на апошнюю прыступку, бачу — яна на канапе з мужыком цалуецца. Дзьверы наросхрыст. Тэлевізар ля-ля-ля. Вось такое, напрыклад, я бачыў.

Маёй маці 65. Яна сталы сябра клюбу знаёмстваў. І ўсё адно было жорстка. Я стаяў, трымаючыся рукой за парэнчы, і глядзеў, як той мужчына яе цалуе. Яна цалавала яго ў адказ, і тэлевізар лапатаў. Цяпер неяк лягчэй. Але ў тыя дні, калі мая маці бавілася з мужчынам, я сядзеў бяз працы. Мае дзеці як звар’яцелі, і жонка ехала з глузду. Яна таксама бавілася з мужчынам. Хлопец, зь якім сустракалася мая жонка, быў беспрацоўным авіякасьмічным інжынэрам. Яна пазнаёмілася зь ім на спатканьнях групы ананімных алькаголікаў. Ён таксама выбіўся з розуму. Яго звалі Рос, і ён меў шэсьць дзяцей. Ён цягнуў нагу з-за кулі, якую схапіў ад сваёй першай жонкі.

Ня маю паняцьця, пра што мы думалі ў тыя дні.

У гэтага хлопца зьявілася — і на той момант ужо пасьпела сысьці — другая жонка, але пальнула ў яго менавіта першая, бо ён не плаціў ёй алімэнтаў. Цяпер я зычу яму ўсяго найлепшага. Рос. Ну і імейка! Але тады ўсё было па-іншаму. У тыя дні я ўзгадваў зброю. Я часта казаў жонцы: «Я, мусіць, прыдбаю які «сьміт-энд-вэсан». Але так і не прыдбаў.

Рос быў невысокі мужычок. Але ня дужа каб. Ён насіў вусы і заўжды апранаў пуловэр з гузікамі.

Ягоная жонка запраторыла яго ў турму. Ужо другая. Праз дачку мне зрабілася вядома, што мая жонка заплаціла за яго заклад. Маёй дачцэ, Мэлёды, ён таксама не спадабаўся. У сэнсе заклад. Ня тое каб Мэлёды клапацілася пра мяне. Аніхто з нас, ні мая жонка, ні нават я, яе не абыходзілі. Проста гутарка ішла пра не абы якія грошы, і расклад быў такі: на колькі больш адыдзе Росу, на столькі ж паменее ў Мэлёды. Дык Рос трапіў у ейны чорны сьпіс. Да таго ж ёй былі не даспадобы ягоныя дзеці і факт, што іх так многа. Але ў прынцыпе, сказала Мэлёды, Рос — нармальны дзядзька.

Аднойчы ён нават ёй гадаў.

Гэты Рос дні навылёт нешта рапараваў цяпер, калі ў яго не было сталай працы. Але я бачыў ягоны дом звонку. Жудасны гармідар. Паўсюдна хлам’ё. Два пакарабачаныя «плімуты» на падворку.

Калі іхныя гулькі толькі пачыналіся, жонка сьцьвярджала, што Рос зьбірае калекцыю старасьвецкіх аўтамабіляў. Яна так і сказала — «калекцыю старасьвецкіх аўтамабіляў». Але ж яны былі звычайным ламаччам.

Ён быў у мяне на прыцэле, гэты містэр Умелыя Ручкі.

Аднак у нас з Росам было шмат супольнага. І ня толькі адна жанчына. Да прыкладу, ён ня здолеў адрамантаваць тэлевізар, калі той уздырдыганіўся і перастаў паказваць. І я таксама ня даў таму тэлеку рады. Гук ёсьць, а карцінкі няма. Калі мы хацелі даведацца навінаў, дык сядалі наўкол і слухалі.

Рос і Мірна пазнаёміліся, калі Мірна спрабавала кінуць піць. Яна тады хадзіла на групавыя сустрэчы, мусіць, тры-чатыры разы на тыдзень. Я калі-нікалі таксама хадзіў туды. Але ж у той час, калі Мірна пазнаёмілася з Росам, дык не, і браў на грудзі па сямсот пяцьдзясят у дзень. Мірна ішла на сваю сустрэчу алькаголікаў, а потым завітвала да містэра Ўмелыя Ручкі, каб згатаваць яму ежу і прыбрацца. Ад ягоных дзяцей у гэтым пляне было мала карысьці. У доме містэра Ўмелыя Ручкі ніхто ніколі нават пальцам не паварушыў, за выняткам маёй жонкі, калі яна туды прыходзіла.

Усё гэта адбылося ня дужа даўно, гады тры таму. Здурнець можна, што тады дзеялася.

Я пакінуў маю маці на канапе з мужчынам і паехаў трохі пакатацца. Калі вярнуўся дамоў, то Мірна згатавала мне каву.

Для гэтага яна пайшла на кухню, а я счакаў, покуль не пальецца вада, і палез за пляшкай пад падушку.

Думаю, можа, Мірна ўзапраўды кахала таго мужыка. Але ён раз-пораз хадзіў налева — да дваццацідвухгадовай зь імем Бэвэрлі. У яго, у гэтага містэра Ўмелыя Ручкі, справа ішла спорна, як на невысакаватага мужычка з зашпіленым на ўсе гузікі пуловэрам.

Яму было гадоў трыццаць пяць, калі надышла ягоная ліхая часіна. Яго выкінулі з працы, і ён стаў зазіраць у бутэльку. Пры кожнай нагодзе я пакепліваў зь яго. Але цяпер я гэтак больш не раблю.

Хай дабраславіць і ўсьцеражэ вас Бог, містэр Умелыя Ручкі.

Ён казаў Мэлёды, што распрацоўваў палёты на Месяц. Ён казаў маёй дачцэ, што за панібрата з астранаўтамі. Ён сказаў ёй, што пазнаёміць яе з астранаўтамі, калі тыя прыедуць у горад.

У іх такі даволі прыстойны завод, там, дзе раней працаваў на космас містэр Умелыя Ручкі. Я бачыў. Буфэты самаабслугоўваньня, абедзенныя кабінкі для начальства і да таго падобныя рэчы. Каваматы «Mister Coffee» ў кожным кабінэце.

Містэр Кава і містэр Умелыя Ручкі.

Мірна казала, што Рос цікавіцца астралёгіяй, аўрамі, Кнігай Перамен — усім такім. Не сумняюся, што гэты Рос быў кемлівы і цікавы хлопец, як большасьць нашых былых сяброў. Я сказаў Мірне, што ў адваротным выпадку ён ня быў бы ёй такі дарагі.

Мой бацька памёр у сьне, п’яны, восем год таму. Гэта было ў пятніцу апоўдні, і яму было пяцьдзясят чатыры. Ён прыйшоў з працы, зь лесапільні, дастаў зь лядоўні кілбасак на сьнеданьне і выжлукціў літар віскі.

Мая маці сядзела зь ім за адным сталом на кухні. Яна спрабавала напісаць ліст да сваёй сястры ў Літл Рок. Урэшце бацька ўзьняўся і пайшоў спаць. Маці гаворыць, што ён ніколі не жадаў добрай ночы. Але тым разам, зразумелая рэч, была ўжо раніца.

— Зорачка, — сказаў я Мірне, калі яна вярнулася дадому, — давай трошкі паабдымаемся і потым ты зладзіш нам файную вячэру.

Мірна адказала:

— Рукі памый.

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера