Знайсці
21.08.2008 / 09:1212РусŁacБел

Віталь Рыжкоў. Сьвятая праўда

...бацюшка Міхаіл кляне ўсіх трох імём Госпада
бацюшка Міхаіл абяцае ўсім гарачыя пуцёўкі ў Пекла
бацюшка Міхаіл адчувае сябе сьвятым дамкратам —
ён бярэ за грудкі міліцыянта і ўздымае яго вышэй да Бога... Вэрлібр.

Сёньня, Божа, іконы твае сьмяяліся.

Праваслаўны бацюшка Міхаіл Царквы Трох Сьвяціцеляў
за стырном у нецьвярозым стане спынены супрацоўнікам ДАІ
(зусім яшчэ маладзенькім, па вайсковых панятках - духам);
зь Ленінскага РУУСу - як добра, што ён недалёка -
выкліканая на асьведчаньне камісія з двух міліцыянтаў,
бацькі і сына.

бацюшка Міхаіл кляне ўсіх трох імём Госпада
бацюшка Міхаіл абяцае ўсім гарачыя пуцёўкі ў Пекла
бацюшка Міхаіл адчувае сябе сьвятым дамкратам —
ён бярэ за грудкі міліцыянта і ўздымае яго вышэй да Бога
таму складаецца ўражаньне, што ён ня хоча ў аддзяленьне

вялізны сьвятар трасе барадой
бамбіза-сьвятар не дае апрануць кайданкі
супрацоўніка царквы ледзь запхнулі ў машыну
урэшце едуць

бацюшка Міхаіл прызвычаіўся на пярэдніх месцах
бацюшка Міхаіл адчувае няёмкасьць
бацюшка Міхаіл прасоўвае нагу ў пярэднюю частку машыны
і пізьдзіць, пізьдзіць ёй кіроўцу і пасажыра-міліцыянта,
нялюбых сыноў праваслаўя, анафемскіх вырадкаў

машына спыняецца
бацюшку зьвязваюць ногі скураным рамнём
машына едзе да аддзяленьня
зрэшты, тое, што было далей, зразумела і нецікава
вобшук, допыт, складаньне актаў
бацька, сын і дух-ДАІшнік і іх адзіная воля і справа - любоў
і званок, каб хутчэй прыпынялі справу і ўсё забылі, ад некага зьверху

дзякуй, Божа, за сьлёзы ад сьмеху,
за жыцьцё і любоў, за свабоду і праўду
за званы Паднікольля і Царквы Трох Сьвяціцеляў
за своечасовыя тэлефанаваньні зьверху

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Віталь Рыжкоў, Магілёў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера