Знайсці
28.08.2016 / 16:46РусŁacБел

Ва ўсіх кінатэатрах Гомельскай вобласці пакажуць фільмы, знятыя паводле твораў беларускіх пісьменнікаў

«Гомелькінавідэапракат» з 1 па 4 верасня правядзе кінаакцыю «Песняры беларускай зямлі», прымеркаваную да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 4 верасня ў Рагачове.

Падчас акцыі ва ўсіх кінатэатрах Гомельскай вобласці пройдуць паказы мастацкіх фільмаў, знятых паводле твораў беларускіх пісьменнікаў, паведаміла БелаПАН вядучы рэдактар КУП «Гомелькінавідэапракат» Святлана Тарасенка.

Сярод фільмаў, якія будуць паказаныя ў дня акцыі, — «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча, «Вазьму твой боль» паводле аднайменнага рамана Івана Шамякіна, «Цуда-востраў, або Палескія рабінзоны» паводле аповесці Янкі Маўра «Палескія рабінзоны».

Будуць таксама дэманстравацца хроніка-дакументальныя фільмы пра беларускіх паэтаў і празаікаў. Так, стужка «І кружыцца планета Куляшова» раскажа пра жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, «Пясняр з Нарачанскага краю» — Максіма Танка, «Я — дзяўчынка на шары» — Раісы Баравіковай.

2 верасня ў кінатэатры «Прамень» Рагачова запланаваная творчая сустрэча з адным з вядучых рэжысёраў-мультыплікатараў студыі анімацыйных фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм» Аляксандра Ленкіна.

«Ён працуе на «Беларусьфільме» ўжо больш за 30 гадоў, — адзначыла Тарасенка. — За гэты час ён зняў дзясяткі анімацыйных фільмаў, якія неаднаразова ўдастойваліся прызоў міжнародных і нацыянальных фестываляў. Стварэнне мультфільма падобнае чараўніцтву, а прафесія аніматара напоўненая магіяй. Уменне мультыплікатараў ажыўляць карцінкі не раз прымушала гледачоў захапляцца іх працай. У Рагачове рэжысёр прыўзніме заслону таямніцы і правядзе майстар-клас па стварэнні анімацыйнага фільма».

Завершыцца сустрэча паказам мультфільмаў, знятых паводле беларускіх казак.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера