Архіў

Шчэ нэ вмэрла

Тры дні ва Ўкраіне ішла вайна нэрваў. Улады ня маюць сродкаў, каб задушыць народнае паўстаньне. Дэманстранты ня маюць досыць сілы, каб узяць пад кантроль Адміністрацыю прэзыдэнта, ЦВК і тэлебачаньне. Кучма спадзяецца, што рэвалюцыя выдыхнецца. Юшчанка чакаў, што ўлады ня вытрымаюць ціску і пашыраў «вызваленую зону» ў цэнтры сталіцы. Увечары ў сераду Цэнтравыбаркам абвесьціў Віктара Януковіча прэзыдэнтам. За часоў Краўчука-Кучмы ўладныя кланы скалацілі багацьці, якія ацэньваюцца ў 40 млрд даляраў. Яны ня могуць дапусьціць такой рызыкі для сваіх капіталаў, як заняцьце пасады прэзыдэнта некантраляваным Віктарам Юшчанкам. Украіна — на мяжы рэвалюцыі або дыктатуры.

Выйдуць, ня выйдуць?

Экзыт-пол даў Юшчанку 11-працэнтны адрыў ад В.Януковіча. Аб 11-й гадзіне раніцы зьявіліся афіцыйныя зьвесткі ЦВК Украіны, дыямэтральна супрацьлеглыя: паводле іх за Януковіча аддалі свае галасы 49,57% украінцаў, за Юшчанку — 46,57%.

Ад 9-й ранку людзі пачалі зьбірацца на Майдане Незалежнасьці. Перад імі выступіў Віктар Юшчанка і паведаміў, што запатрабаваў склікаць нечарговае пасяджэньне Вярхоўнай Рады, каб на ім дэпутаты аб’явілі недавер ЦВК.

Гарсавет Львова першым прыняў рашэньне прызнаць Юшчанку законным прэзыдэнтам і выконваць яго наказы. Гарсавет Кіева пастанавіў забясьпечыць адпаведныя ўмовы для правядзеньня масавых акцый пратэсту. Рашэньне падтрымалі 75 дэпутатаў, два ўстрымаліся.

Увечары ў панядзелак на мітынг у цэнтры Кіева сабраліся ўжо сотні тысяч чалавек. Улада гэтага яўна не чакала. Не чакала і Масква, Уладзімер Пуцін першы павіншаваў Віктара Януковіча зь перамогай на выбарах.

На 14.00 аўторка прызначана нечарговае пасяджэньне Вярхоўнай Рады. Стала ясна, што апазыцыі ўдалося пазьбегнуць сілавога вырашэньня канфлікту да пад’езду ў Кіеў актывістаў «Сілы народу» з рэгіёнаў.

Бестэрміновы страйк

У ноч з панядзелка на аўторак працягвала павялічвацца колькасьць намётаў на Храшчаціку. У Кіеў праз кардоны міліцыі і мэталічныя шыпы на дарогах прабіваюцца першыя калёны юшчанкаўцаў з аддаленых рэгіёнаў Украіны.

На ранішні мітынг на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве сабралася ўжо каля 150 тыс. чалавек. Дэпутат Мікола Таменка, давераная асоба Юшчанкі, заклікаў людзей ісьці да парлямэнту.

Апроч Кіева, адбываюцца мітынгі ў падтрымку Юшчанкі ў іншых гарадах Украіны: Харкаве (50 тыс. удзельнікаў), Жытоміры, Віньніцы (30 тыс. удзельнікаў), Адэсе, Запарожжы, Камянцы-Падольскім, Палтаве, Сумах (40 тыс. удзельнікаў), Чаркасах, Луцку, Чарнаўцах (30 тыс. удзельнікаў), Кіраваградзе, Днепрапятроўску ды Львове (100 тыс. удзельнікаў). У Чарнаўцах людзі патрабуюць ад мясцовай рады дэпутатаў падтрымаць рашэньні Львова, Кіева, Івана-Франкоўску, Віньніцы і Цярнопалю.

Бестэрміновы страйк абвясьцілі студэнты й прафэсура Кіева-Магілянскай акадэміі. Рэктар Нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту зачытаў студэнтам рашэньне аб страйку. Рэктар Кіеўскага дзяржунівэрсытэту дазволіў студэнтам прапускаць заняткі, і 5-тысячная калёна на чале з актывістамі «Пары», украінскага «Зубра», выправілася на Майдан Незалежнасьці.

Дырэкцыя аэрапорту «Барыспаль» выдзеліла два аўтобусы, каб ахвотныя работнікі маглі паехаць у Кіеў на мітынг. Дырэктара аэрапорту зьнялі яшчэ перад першым турам за нежаданьне фінансаваць кампанію Януковіча.

Спакойны як удаў

Удзень Віктару Януковічу пазваніў Аляксандар Лукашэнка і павіншаваў яго зь перамогай.

«Пуцін апынуўся ў кепскай кампаніі. Апроч яго, Януковіча павіншаваў зь перамогай толькі Лукашэнка», — адзначыла gazeta.ru.

Аналітыкі доўгія месяцы не маглі ўразумець. Чаму з тузіну прэтэндэнтаў Кучма выбраў Віктара Януковіча — аднаго з найменш прымальных, двойчы судзімага рэцыдывіста. Падзеі панядзелка—серады далі адказ. Кучмісты прадбачылі радыкалізацыю падзей і выбралі кандыдата, які ня мае тармазоў. Любы іншы паддаўся б напору паўмільённых дэманстрацый.

Для зацьвярджэньня дзённага парадку ў ВР патрэбна прысутнасьць 226 дэпутатаў. Юшчанка заклікаў людзей прыйсьці да ВР, каб змусіць дэпутатаў падтрымаць разгляд пытаньня аб выбарах.

8 вядучых Тэлевізійнай службы навін на канале «1+1» адмовіліся чытаць хлусьню ў этэры. Да іх далучыліся таксама некаторыя журналісты іншых тэлеканалаў.

Моладзевая грамадзкая арганізацыя «Пора» прызначыла на сераду, 24 лістапада, бестэрміновы агульнанацыянальны студэнцкі страйк.

Лябедзька бярэ слова

На мітынгу ў падтрымку Юшчанкі ад імя дэмакратычных сілаў Беларусі, што «тры дні таму стварылі адзіную кааліцыю», выступае лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Над Майданам — дзясяткі бел-чырвона-белых сьцягоў. Пра сваю падтрымку таксама заявіў польскі дэпутат у Эўрапарлямэнце экс-прэм’ер Ежы Бузак. Плошча вітае яго авацыямі.

Украінская апазыцыя прымае зварот да парлямэнтаў і народаў сьвету, у якім заклікае падтрымаць Юшчанку як прэзыдэнта Ўкраіны.

Гарадзкія рады па ўсёй Украіне працягвалі прызнаваць Юшчанку прэзыдэнтам. У аўторак гэта зрабілі дэпутаты Хмяльніцкага, Самбару (Львоўская вобл.), Луцку, Трускаўцу і Драгобычу (Львоўская вобл.), Вышгараду (Кіеўская вобл.), Роўна.

Адбылося пасяджэньне Вярхоўнай Рады, на якім, аднак, прысутнічаў толькі 191 дэпутат. Камуністы, ад якіх залежала наяўнасьць кворуму, адмовіліся браць удзел у рэалізацыі сцэнару, «выпісанага заакіянскімі паліттэхнолягамі».

Пры-ся-гай!

На пасяджэньні Вярхоўнай Рады Юшчанка паведаміў уласныя вынікі выбараў. Штаб Юшчанкі зафіксаваў 11 110 парушэньняў закону падчас другога туру. У другім туры ў Данецкай вобласьці колькасьць выбарцаў павялічылася на 500 тыс. «Дзе яны параджаліся за тры тыдні?» — рытарычна пытаецца Юшчанка. Тым ня менш, паводле падлікаў штабу Юшчанкі, нават з улікам гэтых фальсыфікацый кандыдат ад апазыцыі перамагае зь перавагай у 1%, у адпаведнасьці з копіямі пратаколаў «з мокраю пячаткаю».

Ход пасяджэньня быў перарваны вэтэранам украінскае палітыкі, былым дысыдэнтам Ігарам Юхноўскім, які выйшаў на трыбуну з украінскай рэліквіяй — асобнікам Астроскае Бібліі — і прапанаваў Віктару Юшчанку прынесьці прэзыдэнцкую прысягу. «Пры-ся-гай! Пры-ся-гай!» — скандуюць дзясяткі тысяч дэманстрантаў пад сьценамі Рады і ў Марыінскім парку. Сьпікер Уладзімер Літвін выгуквае «Не ператварайце ўсё ў камэдыю!» і абвяшчае пасяджэньне закрытым, тэлетрансьляцыя перапыняецца. Віктар Юшчанка кладзе руку на Біблію, прысягае «на вернасьць украінскаму народу», цалуе кнігу. Яму дораць букет аранжавых кветак, прысутныя дэпутаты сьпяваюць нацыянальны гімн. 200 тысяч ягоных прыхільнікаў трыюмфуюць, зьмінаюць шэрагі спэцназаўцаў і спрабуюць выбіць браму Рады. З акон іх вітаюць паплечнікі Юшчанкі і журналісты з аранжавымі сьцягамі. Паплечнікі самі разгубленыя — яны не чакалі такога павароту падзеяў.

Юшчанка і ягонае найбліжэйшае кола — Юлія Цімашэнка і віцэ-сьпікер Аляксандар Зінчанка — бяруць ініцыятыву ў свае рукі і прысьпешваюць падзеі. Кучмісты разгубленыя. Яны хацелі б зацяжкі часу, перамоваў. Ці падзе Адміністрацыя прэзыдэнта Ўкраіны на Банковай?

Боршч з чыстых рук

Жыхары Кіева прыносяць удзельнікам мітынгу ежу і цёплую вопратку. Асабліва кранаюць бабулькі, што прыносяць каструлі з баршчом. Сацыяліст Юры Луцэнка, камэндант намётавага стану, распараджаецца: у мэтах прадухіленьня інцыдэнтаў браць ежу толькі з рук вызначаных людзей, якія перад раздачай абавязаныя праходзіць дэзынфэкцыю.

ЗША не прызнаюць украінскіх выбараў. Міхаіл Саакашвілі зьвяртаецца па-ўкраінску з словамі падтрымкі да ўкраінскага народу.

Прэс-сакратар МЗС Маркіян Лубкіўскі заявіў пра «поўную і безагаворачную падтрымку» Віктара Юшчанкі і агучвае адпаведную заяву, падпісаную 150 дыпляматамі замежнапалітычнага ведамства.

Кіраўнікі ўсіх хрысьціянскіх цэркваў Украіны, акрамя праваслаўных Маскоўскага патрыярхату, выказалі занепакоенасьць з нагоды масавых фальсыфікацый падчас выбараў і заклікалі вернікаў бараніць справядлівыя вынікі галасаваньня. Зварот да народу Ўкраіны падпісалі патрыярх Філарэт, кардынал грэка-каталікоў Любамір Гузар, біскуп Царквы хрысьціян веры эвангельскай Міхаіл Паночка, намесьнік старшыні Канфэрэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў Маркіян Трафім’як, біскуп Хрысьціянскай эвангельскай царквы Леанід Падун.

Тымчасам на стадыёне «Дынама» адбываецца футбольны матч «Дынама»—«Рома». Гледачы, у якіх на ўваходзе сканфіскавалі ўсю аранжавую сымболіку, воплескамі сустракаюць замену чорна-белага мяча на аранжавы — чорна-белага было не відаць на сьнезе. Кіеўская каманда амаль адразу пасьля замены размочвае браму гасьцей і перамагае зь лікам 2:0.

Дэманстранты выпраўляюцца да Адміністрацыі прэзыдэнта, атачыўшы яе з трох бакоў. Там іх чакаюць пятнаццацішарагавыя кардоны данецкіх і крымскіх «барсаўцаў». Ва ўнутраным двары дзяжураць спэцгрупы ў масках з аўтаматамі.

Юлія Цімашэнка залазіць на грузавік зь пяском, што блякуе дарогу, і ўгаворвае амонаўцаў расступіцца. Яе прапускаюць у будынак Адміністрацыі. Правёўшы тамака пэўны час, яна выходзіць і абвяшчае, што Кучма гатовы весьці перамову аб перадачы ўлады. Яна кажа таксама, што ў палацы знаходзяцца ўзброеныя асобы, у тым ліку расейцы, якія гатовы страляць у людзей. «Ён падмане! Сёнь-ня!» — скандуе вуліца Інстытуцкая.

Каля 22.00 даходзяць весткі пра надзвычайнае пасяджэньне ўраду. Усе чакаюць абвяшчэньня надзвычайнага становішча. Замест гэтага дзень сканчаецца зачытваньнем на УТ-1 заявы Кучмы пра тое, што сіла супраць мірных дэманстрантаў ня будзе ўжытая, і заклікае Юшчанку й Януковіча сесьці за стол перамоваў.

Кошт арэнды кватэраў на суткі ў Кіеве вырас у тры разы ў параўнаньні зь перадрэвалюцыйным пэрыядам.

Усю ноч на Майдане Незалежнасьці заставаліся людзі. Колькасьць намётаў вырасла да 1 600. Таксама ўсю ноч працягвалася аблога будынку Адміністрыцыі прэзыдэнта. Уладам удаецца пасьпяхова блякаваць большасьць аўтадарог. Аднак у Кіеў працягваюць праточвацца людзі з правінцыі. На дарозе з Валыні да Кіева стаіць калёна з 70 машын, дарога зь Львова на Кіеў заблякаваная.

Пачынаецца з туалету

Мэр Кіева даручыў галоўнаму кіраўніцтву жыльлёва-камунальнай гаспадаркі гарадміністрацыі забясьпечыць устаноўку дадатковых сьметніц і кругласутачны вываз сьмецьця, а таксама ўстанавіць неабходную колькасьць прыбіральняў.

А 10-й раніцы аднавіўся мітынг у Кіеве, спачатку з удзелам усяго 50 тыс. чалавек. З Майдану камэндант намётавага гарадку выпраўляе групы дэманстрантаў, якія маюць заблякаваць важныя аб’екты ў горадзе. Першая група блякуе Ўкраінскі Дом, штаб-кватэру Расейскага клюбу — арганізацыі, створанай паслом Расеі В.Чарнамырдзіным для падтрымкі В.Януковіча. Людзі з Валынскай і Днепрапятроўскай абласьцей адпраўленыя блякаваць Цэнтрабанк Украіны, а з Кіеўскай замянілі тых, якія ўсю ноч блякавалі прэзыдэнцкі палац.

Кіеўскі мэтрапалітэн пачаў прапускаць людзей без жэтонаў. Людзі апускаюць грошы проста ў вялікія мэталічныя скрынкі на ўваходзе.

А 16-й пачаўся чарговы мітынг. Юшчанка зачытвае заяву М.Гарбачова: «Тое, што адбываецца ва Ўкраіне, — гэта сьведчаньне таго, што ўпала другая сьцяна». Сьпявачка Руслана абвяшчае галадоўку пратэсту.

Усе чакаюць абяцанага рашэньня Цэнтравыбаркаму. А 18.37 старшыня Цэнтравыбаркаму адэсіт Ківалаў абвяшчае Віктара Януковіча абраным прэзыдэнтам Украіны. Чатыры члены ЦВК з 15 адмаўляюцца падпісваць пратакол. Некаторыя журналісткі ў ЦВК плачуць.

Штаб Віктара Юшчанкі заявіў, што ўсе прававыя мэтады дзеяньня вычарпаныя, абвесьціў пра стварэньне Камітэту нацыянальнага паратунку і заклікаў да агульнанацыянальнага палітычнага страйку.

ЗША заявілі, што не прызнаюць вынікаў выбараў, абвешчаных Цэнтравыбаркамам. У сваю чаргу, прэзыдэнт Кучма зьвінавіціў апазыцыю ў ажыцьцяўленьні дзяржаўнага перавароту.

Ніхто не бярэцца прадказаць, чым скончыцца супрацьстаяньне ў Кіеве.

Арцём Лява, Алесь Трафіменка.

Кіеў—Менск

Каментары

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы5

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы

Усе навіны →
Усе навіны

У Лідзе затрымалі ўладальніка кавярні «Тутака»

Z-канал: Імаверна, Крыгер арганізоўваў дыверсіі ў Бранскай вобласці5

Раіла біць нагой у сківіцу кожнаму маскваротаму, называла акупацыю Марыупаля кармай — хто такая Ірына Фарыён, якую забілі ў Львове37

У Вілейскім раёне кіроўца пагрузчыка ледзь не ўрэзаўся ў пахавальную працэсію

Украіна спяшаецца стварыць ваенныя беспілотнікі са штучным інтэлектам1

Зяленскі павіншаваў Трампа з абраннем кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі і назваў яго прэзідэнтам7

30-хвілінны марынад для простага курынага шашлыка6

Як змяніць беларускія нумары на літоўскія. Што трэба і колькі каштуе працэдура?15

Ірына Фарыён памерла ў бальніцы15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы5

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы

Галоўнае
Усе навіны →