Грамадства22

Айцец Віктар Данілаў: Я заўсёды быў антыкамуністам

Айцец Віктар Данілаў — грэка-каталіцкі (уніяцкі) святар, чалавек незвычайнага лёсу: яму давялося прайсці праз пекла ГУЛАГу, знайшоўшы там шлях да Бога і сваё пакліканне, заснаваць у Гродне парафію Маці Божай Фацімскай, пасля чаго вярнуцца ў Расію з апошнім місіянерскім падарожжам.

Свой 85-ы дзень нараджэння а. Віктар сустрэў на Радзіме, у Яраслаўлі. За плячыма застаўся доўгі шлях: праца ў ваеннай прамысловасці падчас вайны, арышт у 1947 за «палітыку», пасля вызваленне ў 1955 разам з поўнай рэабілітацыяй, падпольнае навучаннне ў львоўскай семінарыі і рукапалажэнне ў святары, нелегальная місіянерская дзейнасць… Гарадзенцы памятаюць а. Віктара як заўзятага верніка, які ў пачатку бурлівых 90-х арганізаваў тутэйшых патрыётаў у грэка-каталіцкую парафію. Цяпер, нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, святар актыўна карыстаецца фэйсбукам і працягвае пісаць працы на рэлігійныя тэмы. Нешматслоўны, але заўжды шчыры і грунтоўны, а. Віктар пагадзіўся адказаць на пытанні.

— Айцец Віктар, вашае навяртанне падчас адседкі апісанае ў кнізе ўспамінаў «Мой шлях да Бога і каталіцкай царквы», аднак чаму ўсё ж такі грэка-каталіцтва?

— Я быў ахрышчаны ва ўсходнім абрадзе і быў жанаты. Таму ў лацінскім абрадзе ўжо быць не мог. Цяпер па хадайніцтве мітрапаліта Кандрусевіча з’яўляюся бірытуалістам — магу служыць у двух абрадах. Звязана гэта з тым, што я быў патрэбны ў Расіі.

— А чаму пераехалі ў Гродна?

— Прычына — уцёкі ад КДБ на сваёй Радзіме. Праз місіянерскую дзейнасць я не мог уладкавацца на працу для ўтрымання сям’і. Там (у Расіі — рэд.) каталікоў ненавідзелі… акрамя таго я быў на дрэнным рахунку ў КДБ, бо меў дзве палітычныя судзімасці. У Гродне каталікоў было шмат, і на гэта не так коса глядзелі.

— Як пачыналася гродзенская грэка-каталіцкая парафія?

— Для рэгістрацыі па законе патрэбна было 10 чалавек — людзі прыходзілі больш з патрыятычных пачуццяў, у Бога яны яшчэ не верылі. Пасля была праца з людзьмі, колькасць парафіянаў вырасла да 80, частка з’ехала. Пастаянных было хіба чалавек 60. Парафіі далі імя Маці Божай Фацімскай — тады гэта было модна. Яе прароцтвы натхнялі (паводле Касцёла, у м. Фаціма да дзяцей неаднаразова з’яўлялася Багародзіца, якая ў тым ліку казала пра вяртанне Расіі да веры — рэд.).

— А ці не было ў Вас праблемаў з расійскім паходжаннем, з беларускай і ўкраінскай мовамі?

— Украінскія каталікі не дурні, каб чапляцца да мяне праз мову. Яны радыя ўжо таму, што я не «маскаль», а чалавек іх маралі і поглядаў. Тое самае было і ў Беларусі, хоць некаторыя хацелі спачатку, каб я казаў па-беларуску — я пачаў рабіць пераклады, але высветлілася, што па-расійску мае казані ўсё ж больш «запальвалі», таму людзі сказалі: «Лепш па-расійску». Але ў царкоўных справах я заўсёды праводзіў беларускую традыцыю і не дапускаў «сінадальшчыны»: напрыклад у выбары іконаў, стылі жывапісу і што да «ныцця» у спевах; я заўсёды быў антыкамуністам (афіцыйнае праваслаўе і палітыка сінода лічылася за савецкім часам падкантрольнай афіцыйным уладам — рэд.).

Службу я вёў па-беларуску. Сам часцяком размаўляў на «трасянцы», на якой размаўляе большасць беларусаў. Чыстая беларуская мова мне давалася дрэнна, бо я ведаў польскую і часцяком блытаўся ў падобных словах. Па-царкоўнаславянску не служыў, бо гэтай мовы нават расійцы не разумелі.

— Чаму вы з’ехалі з Гродна і з Беларусі?

-Я вярнуўся ў Расію ў 2005-м, мне было ўжо 78 гадоў, таму я меў права на спакой. Акрамя таго на Радзіме ў мяне было два ўнукі без бацькі, які рана памёр, іх трэба было выхоўваць. І, нарэшце, Расія вызвалілася ад КПСС, і я хацеў нешта зрабіць для яе, гэта быў мой абавязак. Грэка-каталікоў на Радзіме не было, святароў, якія б ведалі расійскую мову, не хапала — мяне запрасілі. Я працаваў вікарыем, бо быў ужо хворы: перанёс інфаркт, грыжа пазваночніка пашкодзіла ногі, таму ўжо ў Беларусі я ездзіў на таксі… Старасць. Цяпер мне 85, з хаты фактычна не выходжу, інвалід 2-й групы.

— Не шкадуеце пра ад’езд?

— Не, маё вяртанне ўратавала ўнукаў: яны добрыя грэка-каталікі, хоць наведваюць лацінскія богаслужэнні. Калі яны былі ў мяне ў гасцях у Гродне, ім наш абрад грэка-каталіцкі нават больш спадабаўся, чым там лацінскі.

— За Вашымі плячыма доўгі і няпросты шлях. Калі б была мажлівасць, што б Вы змянілі ў ім?

— Першае: пайшоў бы ў манахі, не жаніўся б. Другое: імкнуўся б меней грашыць. Звычайна кажуць: «Усё, што робіцца, да лепшага», «Нет худа без добра»… Але каб так было, трэба кожную няўдачу асэнсоўваць і браць ад яе карыснае.

— З Богам, поспехаў вам!

— З Богам!

Даведка: Грэка-каталіцтва (уніяцтва) — плынь, заснаваная на царкоўнай уніі розных хрысціянскіх цэркваў з рыма-каталіцкай на ўмовах прызнання першымі верхавенства папы Рымскага і каталіцкай дагматыкі пры захаванні традыцыяў рэлігійнага культу і выкарыстання традыцыйна сакральнай ці народнай мовы ў богаслужэнні. У Еўропе існуе чатырнаццаць такіх цэркваў. У Рэчы Паспалітай уніяцтва ўзнікла пасля заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі (1596), аднак было фактычна выкаранена расійскімі ўладамі ў ХІХ ст. Адраджэнне Уніі ў Беларусі пачалося толькі ў пачатку 1990-х.

Каментары2

Што адбываецца ў Палку Каліноўскага і чаму байцы кажуць пра яго магчымае знікненне?

Што адбываецца ў Палку Каліноўскага і чаму байцы кажуць пра яго магчымае знікненне?

Усе навіны →
Усе навіны

Былая палітзняволеная: Мая сям'я патраціла за два гады $10 тысяч на адвакатаў і перадачы для мяне1

«Калі б мне плацілі — сядзела б і чытала людзям кнігі, нават за малыя грошы». Інтэрв’ю з актрысай Зояй Белахвосцік2

У возеры Свіцязь забаранілі купацца. У чым прычына?1

Mercedes урэзаўся ў Fiat, а пасля збіў двух чалавек

Трамп стаў найстарэйшым кандыдатам на пасаду прэзідэнта ЗША ў гісторыі5

Мінск апынуўся ў топе самых танных гарадоў свету — за жыллё трэба плаціць у 10 разоў менш, чым у Нью-Ёрку7

Першыя праблемы беларусаў на Алімпіядзе ў Парыжы. Весляры ўжо там, а лодкі не прапусцілі 

Топавы амерыканскі часопіс спрагназаваў, колькі беларусы заваююць медалёў на Алімпіядзе. У расіян будзе нуль

Харыс заручылася дастатковай падтрымкай для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што адбываецца ў Палку Каліноўскага і чаму байцы кажуць пра яго магчымае знікненне?

Што адбываецца ў Палку Каліноўскага і чаму байцы кажуць пра яго магчымае знікненне?

Галоўнае
Усе навіны →