У Беларусі скончыла жыццё самагубствам студэнтка з Туркменістана Гаўхер Абраева, паведамляе turkmen.news. Гэта другі падобны інцыдэнт з пачатку года.
Гаўхер нарадзілася ў 2000 годзе, вучылася ў Мазырскім універсітэце.
Дзяўчына павесілася ўвечары 28 сакавіка.
Дакладныя прычыны суіцыду нікому з аднакурснікаў і знаёмых Гаўхер не вядомыя. Яны кажуць толькі, што за тры дні да самагубства сяброўкі заспелі дзяўчыну ў пакоі інтэрната, калі яна плакала. Яна сказала, што хоча жыць, не хоча паміраць і сумуе па родных у Туркменістане.
Туркменскія дыпламаты звычайна не дапамагаюць з транспартаваннем целам памерлых грамадзян на радзіму. Іх хаваюць за мяжой сіламі суайчыннікаў. Так было і з Гаўхер.
Суайчыннікі сабралі грошы, каб арганізаваць пахаванне на мусульманскіх могілках у Смілавічах недалёка ад Мінска. На цырымоніі прысутнічала каля 50 землякоў.
Раней, у навагоднюю ноч, у Мінску скончыла жыццё самагубствам туркменская студэнтка БДУ Бягуль Наўбатава. Яна не пайшла з сяброўкамі святкаваць Новы год, патлумачыўшы, што ў яе няма курткі па сезоне. А вярнуўшыся, тыя знайшлі яе павешанай.
Як паведамляе сайт turkmen.news, Бягуль, як і большасць туркменскіх студэнтаў за мяжой, адчувала сур'ёзныя фінансавыя праблемы. Улады Туркменістана жорстка абмяжоўваюць сумы, якія бацькі студэнтаў могуць канвертаваць для адпраўкі дзецям.
Каментары