Сацыёлаг Генадзь Коршунаў патлумачыў, чаму расіяне так падтрымліваюць вайну, а беларусы — не
Прыводзім яго допіс, прысвечаны гэтаму пытанню, цалкам.
«Адкуль такая падтрымка вайны сярод расейцаў?
Апошнія сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што грамадская падтрымка «спецыяльнай аперацыі» ў Расеі ёсць і яна вельмі высокая — 60-70%. Тут можна казаць аб блізкасці да ўлады цэнтраў, якія праводзілі даследаванні, аб праблемнасці апытанняў у таталітарных грамадствах, яшчэ аб розным… Але каментары ў сацыяльных сетках і відэа з вуліц расейскіх гарадоў хутчэй пацвярджаюць такія лічбы, чым іх абвяргаюць.
У Расіі спрабуюць высветліць, ці хочуць рускія вайны. І выглядае, што хочуць
У той жа час у Беларусі сітуацыя кардынальна супрацьлеглая. Яшчэ да пачатку вайны толькі 11-12% жыхароў краіны падтрымлівалі ідэі аб магчымым удзеле Беларусі ў вайне Расеі з Украінай (даследаванне Chatham House, збор дадзеных з 20 студзеня па 9 лютага 2022 года). Больш чым упэўнены, што цяпер такіх людзей будзе яшчэ менш.
Чаму такое супрацьлеглае стаўленне да вайны ў расейцаў і беларусаў? Пры тым, што Беларусь уключаная ў расейскае інфармацыйнае поле, а да самой Расеі да нядаўняга часу беларусы адчувалі больш станоўчыя пачуцці, чым да Украіны?
Думаецца, адно з тлумачэнняў — рознае ўспрыманне вайны. Зразумела, перш за ўсё Вялікай Айчыннай (хоць, калі паглядзець глыбей у гісторыю, тэндэнцыя будзе пацвярджацца). Так, і ў тым, і ў іншым выпадку гэтая вайна з'яўляецца адным з цэнтральных месцаў у гісторыі краіны, але ўспрыманне і сэнс там розныя.
Для абсалютнай большасці беларусаў Вялікая Айчынная вайна з'яўляецца элементам сямейнай гісторыі, не параднай, паўсядзённай. З апавяданнямі або маўчаннем бабуль, з ваеннымі магіламі ў ваколіцах і праўдай пра партызан, з фотаздымкамі разбамбаванага роднага горада, помнікам габрэйскага гета на суседняй вуліцы.
А для расейцаў… Паглядзіце, як далёка на ўсход зайшла лінія фронту — Карэлія, Ленінград, Падмаскоўе, Сталінград, Кубань. Астатняе (Урал, Сібір, Далёкі Усход) — тыл. Так, героі тылу, «усё для фронту», пахавальныя… Але сама вайна далёка, у газетах і рэпрадуктары са зводкамі з фронту. Таму на сямейнай і гістарычнай памяці для іх «вайна» — гэта не столькі персанальна-асабістае, колькі тое, што напісана ў падручніках гісторыі і паказана ў кіно. І марш на Чырвонай Плошчы ў Маскве.
***
Памятаеце такі праект — «Бессмяротны полк»? Гэта калі 9 мая арганізоўвалася шэсце людзей з партрэтамі продкаў, якія прымалі ўдзел у вайне з фашызмам. «Несмяротны полк» паўстаў у Цюмені як народная, грамадзянская ініцыятыва, не палітычная, мемарыяльная. Але потым ён пашырыўся на ўсю Расею і ператварыўся ў прапагандысцкую рэч, адміністрацыйную. Людзей сталі прымушаць да ўдзелу ў такіх шэсцях — бюджэтнікаў, студэнтаў, школьнікаў. У рэшце рэшт арганізатары, якія прыдумалі гэты праект і распаўсюдзілі яго на дзясяткі гарадоў, сышлі. Кіраўніцтва праектам перайшло да ўладаў і «Адзінай Расеі».
Расея, якая і раней прэтэндавала на манаполію ў «спадчыне перамогі», падмяла пад сябе «Несмяротны полк», экспрапрыявала гістарычную памяць. Акцыю, што ўзнікла шмат у чым як народны рух, пасля 2014 года сталі ператвараць у адміністрацыйную абавязалаўку. Напэўна, менавіта тады нарадзілася такое слова — «победобесие». Памятаеце гэтыя налепкі на аўтамабілях: «На Берлін!», «Можам паўтарыць!», «Дзяды ваявалі!..»? І георгіеўскія стужачкі.
Ні разу не чуў у Беларусі «Можам паўтарыць!» У нас казалі інакш — «Ніколі зноў!»
У гэтым прынцыповая розніца. Тое, што для адных стала нязбыўным болем, іншыя інтэрпрэтавалі як падставу для ганарлівага выпяндрожу.
Давыпендрываліся».
Каментары