Падчас спецаперацыі сілавікі затрымалі жыхара Кіева, які спрабаваў падпаліць аўтамабіль каля будынка адной з грамадскіх арганізацый.
СБУ сцвярджае, што ён таксама датычны да запалохвання прадстаўнікоў СМІ і замежных грамадзян.
Украінская спецслужба апублікавала відэа затрымання чалавека, якога назвалі агентам.
Паводле СБУ, затрыманы пакідаў пагрозы і ладзіў правакацыі ў Кіеве, таксама паведамляў пра лжывае мініраванне.
Украінскія спецслужбы таксама выявілі, што затрыманы меў дачыненне да арганізацыі несанкцыянаваных мітынгаў каля замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў.
Таксама затрыманы збіраў звесткі пра ўкраінскіх вайскоўцаў з памежных раёнаў.
Дзеянні «агента праціўніка», паводле папярэдніх звестак СБУ, былі накіраваныя на расхістванне ўнутрыпалітычнай сітуацыі ва Украіне і дыскрэдытацыю яе перад ЕС і грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Паводле следства, ён быў завербаваны праз адну з ананімных груп мэсэнджара «Telegram». Грошы за дыверсійную дзейнасць атрымліваў з-за мяжы на банкаўскую картку.
Следчыя распачалі крымінальную справу па двух артыкулах: дзяржаўная здрада і тэракт.
Шпіёнскі скандал разварочваецца на фоне няпростых стасункаў паміж Украінай і Расіяй на фоне пагрозы ўварвання расійскіх войск на тэрыторыю Украіны. Паводле заходніх выведак, яно можа адбыцца з тэрыторыі Беларусі. Цяпер у Беларусі праходзяць маштабныя вайсковыя беларуска-расійскія вучэнні. Украіна са свайго боку таксама пачала вучэнні.
Тыдзень таму беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў шпіянажы — нібыта украінскі беспілотнік 24 студзеня незаконна пераляцеў беларускую мяжу і нават праляцеў 40 км углыб Беларусі. Пасол Украіны быў выкліканы з гэтай нагоды ў МЗС. Украінскі бок назваў інцыдэнт «чарговай правакацыяй беларускіх уладаў».
Каментары