Супрацоўнік мінскага АМАП знайшоўся ў «амерыканцы»: яго затрымалі па артыкуле «Акт тэрарызму»
Як стала вядома «Нашай Ніве», у СІЗА КДБ, які ў народзе называюць «амерыканкай», знайшоўся былы інспектар аддзела спецыяльнай падрыхтоўкі Мінскага АМАП Эдуард Пестрак.
Па нашай інфармацыі, яго абвінавачваюць па артыкуле «Акт тэрарызму», па якім летам былі масавыя затрыманні.
Мама і жонка Эдуарда адмовіліся размаўляць з журналістамі, інфармацыі гэтай не пацвердзілі, але і па сутнасці нічога не сказалі.
У сацыяльных сетках мужчына не быў як мінімум з 12 жніўня.
Эдуард Пестрак нарадзіўся ў 1983 годзе. У мінскай міліцыі служыў з 2007.
Службу пачынаў у Дэпартаменце аховы, з 2009-га — у АМАП, спачатку кіроўцам, потым начальнікам аддзялення, потым — інспектарам па прафесійнай падрыхтоўцы.
Сэнс работы Пестрака заключаўся ў баявой падрыхтоўцы супрацоўнікаў — сам ён дасведчаны ўдарнік, займаўся рукапашным боем, кікбоксінгам, ММА.
Паводле нашых крыніц, затрыманне адбылося на момант службы і ў затрыманні бралі ўдзел яго вучні. Мужчыну звольнілі мінулай датай.
Каментары