Аляксандр, Віктар і Зміцер таксама былі на заводзе ў той дзень. Яны аддалі МЗКЦ восем гадоў свайго жыцця, але іх звольнілі пасля спробы падтрымаць «Народны ўльтыматум». Мужчыны кажуць, што любілі сваю працу, але кіраўніцтва «любіла» толькі тых, хто не дэманстраваў сваю грамадзянскую пазіцыю, адрозную ад верна ідэалагічнай. Так звальнялі канструктараў, інжынераў, нягледзячы на іх прафесійныя якасці. І яшчэ задоўга да 2020 года.
– 11 жніўня я, як заўсёды, прыехаў на змену. Ужо працаваў інтэрнэт, усе былі ў курсе гвалту, што адбыўся. І я з гэтым цяжарам на душы працаваць не мог. Людзі падзяліліся на тых, каму не ўсё роўна, і тых, каму абыякава. Першыя хацелі зрабіць усё ў прававым полі: сабраць подпісы ў працаўнікоў, якія выступалі за забастоўку. Але нават апытанне адміністрацыя нам правесці не дала, вакол жа прадпрыемства дзяжурылі міліцыянеры, – згадвае Віктар.
26 кастрычніка, у дзень заканчэння «Народнага ўльтыматуму», амаль 40 працаўнікоў МЗКЦ прайшліся па заводзе з лозунгамі і заклікамі «Далучайся!».
– Для мяне гэта было прынцыпам: лепш адзін дзень страшна, чым пасля ўсё жыццё сорамна. Асабліва перад выдатнымі людзьмі з іншых цэхаў, з якімі мы пазнаёміліся ў працэсе гэтых сумных падзей і спрабавалі стварыць сваю пярвічку пры Свабодным прафсаюзе металістаў. Праўда, 26-га нас чакала суцэльнае расчараванне: калі мы ішлі па заводзе натоўпам у той дзень, прасілі далучацца – калегі проста адварочваліся. Цягам некалькіх дзён звольнілі ўсіх, хто засвяціўся, – кажа Аляксандр.
І Аляксандр, і Віктар, і Зміцер праз некалькі месяцаў знайшлі сабе працы ў прыватных кампаніях па спецыяльнасці. Ад знаёмых, што працягнулі працаваць на МЗКЦ, яны ведаюць, што ціск за «плотам» працягваецца на любога, хто хоць дзе-небудзь засвяціўся, даў каментар СМІ.
– Пры гэтым у нас няма злосці на калег і да гэтага месца ў прыватнасці. Мабыць, людзі аднойчы нешта асэнсуюць. А калі не, то не. Цяпер гэта кропка на мапе, на жаль, для нас проста былое месца працы. І сумна назіраць, што прадпрыемства разбураецца на вачах, у тым ліку таму, што па палітычных матывах адтуль звальняюць лепшых, – каментуюць суразмоўцы.