Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

На сёння большасць харчовых адкідаў ператвараецца ў метан. Аднак навукоўцы з ЗША знайшлі спосаб ператварыць гэтыя адкіды ў адзін з тыпаў парафіну, якім можна запраўляць рэактыўныя рухавікі.

Эксперты сцвярджаюць, што такое паліва скарачае выкіды парніковых газаў на 165% у параўнанні з традыцыйным палівам з выкапнёвай энергіі. Гэта лічба зыходзіць са скарачэнняў выкідаў вугляроду ад самалётаў і ад змяншэння харчовых адкідаў, якія вылучаюць парніковыя газы на сметніку, піша BBC.

Авіяцыйная прамысловасць ва ўсім свеце сутыкаецца са складаным пытаннем, як задаволіць попыт на палёты, які значна ўзрасце пасля зняцця абмежаванняў, і ў той жа час хутка скараціць вугляродныя выкіды ў гэтым сектары.

Каб стварыць экалагічнае авіяпаліва, навукоўцы перарываюць працэс ператварэння харчовых адкідаў у метан. У выніку яны атрымліваюць лятучыя тлустыя кіслоты, а не CH4.

Затым даследчыкі з дапамогай каталітычнай канверсіі змяняюць лятучыя тлустыя кіслоты на два розныя тыпы парафіну. Пасля гэтыя два тыпы змешваюцца і да звычайнага авіяпаліва дадаецца 70% такой сумесі. Атрыманае авіяпаліва значна больш экалагічнае, а больш за тое, адпавядае ўсім крытэрам якасці.

Яшчэ адна перавага такога паліва — скарачэнне колькасці сажы на 34%. Сажа спрыяе ўтварэнню кандэнсацыйнага следу самалёта, які ўтварае парніковы эфект.

Даследчыкі плануюць пашырыць вытворчасць экалагічнага авіяпаліва і правесці тэставыя палёты ў 2023 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0