Алег Граблеўскі і Сяргей Драздоўскі з «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» ўжо некалькі гадзін знаходзяцца ў Следчым камітэце. Алегу выставілі абвінавачванне па артыкуле «Махлярства», цяпер ён затрыманы на 3 сутак. Пазней стала вядома, што Сяргей пад хатнім арыштам.
Нагадаем, дырэктар «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» Сяргей Драздоўскі 2 лютага 7 гадзін правёў на допыце ў ДФР КДК. Разам з ім быў юрыст Офіса Алег Граблеўскі.
Сяргей сцвярджае, што работнікі ДФР называлі яго злачынцам і махляром. Прэтэнзіі палягалі ў тым, што Офіс па правах людзей з інваліднасцю накіраваў некалькі чалавек да адвакатаў, якія дапамагалі гэтым людзям бараніць свае правы на судах ў справах аб масавых беспарадках.
Сяргей Драздоўскі перасоўваецца на інвалідным вазку. Ён зазначае, што правесці 7 гадзін у адным памяшканні амаль без магчымасці рухацца было для яго катаваннем.
Праблемы ў гэтай ініцыятывы інвалідаў пачаліся пасля таго, як яе ўдзельнікі сталі ладзіць штотыднёвыя маршы пратэсту супраць фальсіфікацый і парушэнняў законнасці ў краіне.
Каментары