Улада

Хто такі Ілля Бягун, які на дзяржаўным ТБ вылівае бруд на фонды салідарнасці і штаб Ціханоўскай?

Дзяржаўныя тэлеканалы знайшлі для сябе новага інфлюенсера — гэта ў мінулым праграміст, актывіст штаба Цапкалы, палітэмігрант і ўдзельнік Круглага стала Васкрасенскага Ілля Бягун. Чым жа ён так цікавы прапагандзе? Паспрабуем разабрацца ў гэтым артыкуле.

Ілля Бягун. Фота ont.by.

Іллю 29 гадоў. Ва ўсіх сацыяльных сетках ягоным родным горадам пазначана Масква, але хлопец пры гэтым з’яўляецца грамадзянінам Беларусі. Вучыўся ў гімназіі №7 Мінска на вуліцы Захарава. Па сканчэнні школы год павучыўся ў Лондане, пасля гэтага працягнуў адукацыю ў БДУІР, аднак заканчваў у 2016 Маскоўскі тэхналагічны інстытут. Калі жыў у Маскве, папрацаваў у банку «Цінькоф», а апошнія паўтара года да выбараў быў супрацоўнікам EPAM.

У цэлым мала чым адметны праграміст, якіх у Мінску тысячы. Аднак летам 2020 Бягун перапыняе сваю кар’еру ў гэтым кірунку і сыходзіць у перадвыбарчы штаб Валерыя Цапкалы. Кажуць, што пры штабе з’яўляўся рэдка, у асноўным працу вёў аддалена. У каманду яго прывёў Андрэй Ланкін, які таксама выйшаў з ІТ-асяроддзя.

«Цапкала яго нават не ведаў, наколькі магу меркаваць, — кажа адзін з сябраў штаба Цапкалы. — Чым ён займаўся, дакладна сказаць немагчыма, хіба што Ланкін ведаў. У нас ёсць чат сябраў ініцыятыўнай групы, дык ён нядаўна казаў, што займаўся падачай скаргі ў Вярхоўны суд аб нерэгістрацыі нашага кандыдата, але гэта не так. Хіба што займаўся скаргамі ад людзей на больш нізавым узроўні, здаецца, па Ленінскім раёне Мінска».

Тым не менш, Бягун палічыў, што ў Беларусі яму можа пагражаць небяспека, таму амаль адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў з’ехаў у Літву. Магчыма, матывам для такога кроку было каханне, магчыма, іншыя прычыны, але факт застаецца фактам.

У Літве Бягун спачатку спрабаваў дапамагаць у Фондзе салідарнасці, — на той момант ён яшчэ не называўся нават BYSOL, — а менавіта аказваць падтрымку тым стачкамам на прадпрыемствах, якія сышлі ў забастоўку.

«На той момант не было яшчэ ніякай структуры, чалавек з каманды Цапкалы, добра, няхай паспрабуе дапамагчы, — расказвае кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак. — Працаваў кропкава, па страйкавых актыўнасцях». Адной з праблем тых забастовак было тое, што яны не былі структураваныя, і калі нават страйкоўцам хацелі перавесці дапамогу, то не было ясна, праз каго гэта рабіць. Зрэшты, у Фондзе салідарнасці кажуць, што і тады гэта не перашкодзіла перавесці пэўным стачкамам немалыя грошы. Але сталай супрацы з Бегуном не атрымалася.

«Я яго бачыў, можа, раз ці два ў будынку, дзе размяшчаецца наш офіс, — кажа Стрыжак. — Першы раз гэты чалавек выклікаў у мяне сумневы яшчэ ў жніўні, калі пасля стасавання з ім у аднаго з стачкамаўцаў пачаліся праблемы, але тады пра гэта неяк забыліся, бо было вельмі шмат спраў. Потым жа пачаліся гісторыі з апублікаваннем працоўнай перапіскі.

Хачу адзначыць, што Бягун яўна не застаўся абдзеленым, яму было выплачана падтрымкі ці 1500 еўра, ці 3000 еўра, дакладна не памятаю. Усё, што ён мог, ён ухапіў», — кажа Стрыжак.

Цяпер жа Бягун расказвае ў перадачы кіраўніка АНТ Марата Маркава пра цёмныя схемы, якія нібыта выкарыстоўвае BYSOL. Сам Маркаў, выглядае, проста ззяе ад такога суразмоўцы і такіх адказаў.

«Тое, што дзяржаўная прапаганда спрабуе зрабіць з мяне галоўнага ворага — гэта мяне нават цешыць крыху, — усміхаецца Андрэй Стрыжак. — Гэта значыць, што яны не ведаюць як усё пабудавана. Сістэма ж працавала і працягвае працаваць, актыўныя адносіны з дваровымі ініцыятывамі, перабудова дапамогі звольненым і гэтак далей. А што тычыцца Бегуна, то працуе цэлая сетка людзей на дыскрэдытацыю актыўнасцяў. Думаю, праз пару тыдняў будуць агучаныя і іншыя прозвішчы».

Не саромеецца Бягун расказваць і пра працу штаба Святланы Ціханоўскай. З відам знаўцы ён расказвае, хто там кім лялькаводзіць, а каго там зліваюць. Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка сказаў «Нашай Ніве», што пра існаванне Бегуна ён даведаўся толькі пару дзён таму з эфіру на АНТ. «Магу дакладна сказаць, што ён ніколі не быў у штабе Ціханоўскай. Гэта выглядае як нейкая спецаперацыя звонку, мэтанакіраваная правакацыя», — дзеліцца Франак.

Яшчэ адзін чалавек са штаба Ціханоўскай пацвердзіў «Нашай Ніве», што ў штабе Бегуна не было ніколі. «Пару разоў бачылі яго ў адным будынку. Мы знаходзімся на пятым паверсе, а фонд «Краіна для жыцця», якім кіруе Марыя Мароз, на дзясятым, вось там ён бываў». Справа ў тым, што ў «Краіне для жыцця» працавала Кацярына Канаплёва, якую звязваюць з Бегуном рамантычныя адносіны.

Чытайце пра гэта таксама: 
«Быў страх, што падарвёмся ў машыне разам са Святланай». Знаёмімся з Марыяй Мароз, якая жыве з Ціханоўскай у Вільні і кіруе новым фондам

Кацярына Канаплёва. Фота з фэйсбука.

Раней Канаплёва была актывісткай штаба Віктара Бабарыкі, адказвала за лагістыку — каго з журналістаў узяць у паездку па краіне, дзе рассяліць людзей. Потым яна таксама апынулася ў Вільні. «На падставе чаго ён можа нешта казаць? Існаваў чат «Краіны для жыцця», дзе была і Канаплёва, туды кідаліся навіны. Яго вяла Любоў Шыбаршына з Мінска, дык яна магла часам пакрытыкаваць, што Франак не тое сказаў, не тое напісаў. Можа, нешта ў курылцы на дзясятым паверсе мог пачуць таксама».

Яшчэ адна крыніца інфармацыі для Бегуна — гэта былая сакратарка Андрэя Стрыжака Святлана Галуза. Яна блізкая сяброўка Бегуна і Канаплёвай. Маючы доступ да прыватнай перапіскі Стрыжака, Галуза нарабіла шмат скрыншотаў, і цяпер яны паціху з’яўляюцца ў публічным доступе. Нічога абуральнага ў той перапісцы няма, але нават з яе дзяржпрапаганда спрабуе нешта высмактаць, хоць атрымліваецца не дужа пераканаўча.

Напрыклад, колькі шуму на розных БТ і АНТ зрабіў скрын, дзе Стрыжак, Матолька і Пратасевіч абмяркоўваюць тое, як паламаць ногі Бегуну, а ў іншым чаце ўвогуле абмяркоўваецца забойства «апальнага» праграміста. Натуральна, ніякіх замахаў на яго не было і быць не магло — але дадзены загад зрабіць «сенсацыю».

У пачатку студзеня Бягун вярнуўся ў Беларусь. Сам ён сказаў, што зрабіў гэта з асабістых прычын, трэба было рашыць пэўныя пытанні. Наколькі вядома «НН», гэта пытанне апекі дзіцяці, якое яны ніяк не могуць вырашыць з былой жонкай.

Праз нейкі час пасля вяртання Бягун прапаў, шукалі ўсім светам, але нідзе не знаходзілі. Але менш чым праз суткі хлопец адшукаўся і заявіў, што нічога з ім не адбывалася. У інтэрв’ю dev.by сам Бягун зазначаў, што інтарэсу з боку сілавых органаў да яго не было, маўляў, у іх хапае больш важных спраў. У хуткім часам хлопец з’явіўся на АНТ і на Круглым стале Юрыя Васкрасенскага.

«НН» стала вядома, што на радзіму праграміст усё ж вяртацца пабойваўся, і нават падклаў пэўную падушку бяспекі. Ён папрасіў у Юрыя Васкрасенскага гарантый, што ў Беларусі яго ніхто не арыштуе. Васкрасенскі кажа, што рашыў гэтае пытанне, пасля чаго вяртанне стала магчымым. Дарэчы, Васкрасенскі гаворыць, што гатовы дапамагчы ў пытанні бяспечнага вяртання на радзіму і іншым уцекачам, просіць звяртацца да яго.

«Да нас Бягун далучыўся, бо гэта інтэлігентны, разумны, адукаваны чалавек, які разумее, што няма іншага варыянту, апроч дыялогу. Наколькі я разумею, інтэрв’ю Маркава — гэта была ягоная ўласная ініцыятыва. Па-першае, ён хацеў данесці меседж, што можна вяртацца ў Беларусь, а, па-другое, ён абураны ўсімі тымі махлярствамі, з якім сутыкнуўся ў Вільні. У Бегуна вялікія палітычныя амбіцыі, якія ён будзе рэалізоўваць цяпер у нашай «пясочніцы», — кажа Юрый Васкрасенскі.

Цяпер Бягун сумесна з Андрэем Ланкіным працуе над стварэннем платформы «Дыялог», дзе будуць аб’яднаныя краўдфандынг, петыцыі і галасаванкі. «Справа ў тым, што нашу петыцыю на petitions.by аб палітычнай амністыі тройчы выдалялі з сайта без тлумачэння прычын, таму саспела патрэба ў сваёй пляцоўцы», — гаворыць Васкрасенскі.

Мабыць, імя Іллі Бегуна на бліжэйшы час стала прапішацца ў дзяржаўных СМІ. У сітуацыі адсутнасці кампрамата на іншы бок сыдзе любы «эксперт» у гэтым пытанні, нават калі нічога значнага і скандальнага не ведае і не можа ведаць.

Каментары

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць47

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША афіцыйна абвінавацілі Іран у падрыхтоўцы забойства Трампа

Плакат з жанчынай у чырвона-зялёным з'явіўся на матчы чэмпіянату Беларусі ў Мазыры6

Тыль Швайгер расказаў, у якім жанры зняў бы фільм пра Беларусь. Вы здзівіцеся11

Мігрант на беларуска-польскай мяжы схаваўся за прыбіральняй. Але не ўлічыў адзін нюанс ВІДЭА2

Фанаты распавялі, як змаглі арганізаваць перфоманс на матчы ў Варшаве і як змагаліся з п'янымі правакатарамі

Імаверны прэм'ер Літвы: Штучныя абмежаванні для беларусаў нелагічныя. Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы14

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА37

«Ты здзейсніла сапраўдны ўчынак». «Дынама» запісала ВІДЭА з падзякай жанчыне ў чырвона-зялёным23

Продажы новых аўтамабіляў у Беларусі зноў паставілі рэкорд2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць47

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →