Караеў пра палітвязня Латыпава: Ён планаваў развеяць ядахімікаты на баявыя парадкі АМАПа
Міністр унутраных спраў Юрый Караеў заявіў, што лідару «двара пераменаў», палітвязню Сцяпану Латыпаву, інкрымінуюцца яшчэ і эканамічныя злачынствы.
«У чым ён быў заўважаны? Пастаўка тых самых ядахімікатаў, сродкаў абароны раслін, са спробамі хабараў. Мы ўсё дакажам, — заявіў Караеў у эфіры «Беларусь 1». — Сядзеў бы ён ціха, можа, не прыцягнуў да сябе ўвагу, пакуль бы да яго не дабраліся».
«Ён увесь на далоні, гэты аматар ядахімікатаў. Дарэчы, планаваў развеяць ядахімікаты з якога-небудзь шматпавярховіка на баявыя парадкі АМАПа і ўнутраных войскаў. Ну, будзе адказваць».
Латыпава затрымалі 15 верасня ў вядомым двары дома па Смаргоўскім тракце. Затрыманне мужчыны трапіла на фота і відэа. Яго затрымалі, пасля таго як ён настойліва патрабаваў прадставіцца ад асоб без апазнавальных знакаў, якія зафарбоўвалі мурал з «дыджэямі перамен».
Каментары