Пасол Польшчы Артур Міхальскі і Літвы Андрус Пулокас пакінулі Беларусь напярэдадні ўвечары. Пасол Германіі Манфрэд Хутэрэр з'язджае сёння — ён адкліканы для кансультацый у Берлін. Пра гэта Tut.by паведамілі інфармаваныя крыніцы.
Выклік паслоў у свае сталіцы для кансультацый звязаны з дыпламатычным скандалам, які разгарэўся 2 кастрычніка, калі беларускі МЗС запатрабаваў ад пасольстваў Польшчы і Літвы ў нашай краіне скараціць колькасць дыпламатаў, якія працуюць у Беларусі. Там таксама паведамілі, што паслы Беларусі ў Польшчы і Літве з 5 кастрычніка адклікаюцца ў Менск для кансультацый, і прапанавалі Варшаве і Вільні пераняць гэты прыклад.
Літва і Польшча адразу заявілі, што не маюць намеру адклікаць сваіх паслоў у Беларусі для кансультацый. Але 5 кастрычніка кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў аб адкліканні свайго пасла ў Беларусі для кансультацый. Следам за ім такую заяву зрабіў кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Рау.
Рау ў сябе ў Твітары адзначыў, што «ў каардынацыі з Еўрапейскай службай знешніх сувязяў і краінамі — членамі ЕС прынята сумеснае рашэнне адклікаць для кансультацый некаторых з паслоў, акрэдытаваных у Беларусі». Гэта значыць, гаворка ідзе не толькі пра паслоў Польшчы і Літвы, але і іншых краін ЕС.
У Прадстаўніцтве ЕС у Мінску сітуацыю пакуль не каментуюць.
Каментары