Грамадства1414

Пра крыніцы ў КДБ і Юрыя Зісера, фантастычныя раманы і слёзы жонкі: шчырая гутарка з Сяргеем Сацуком

Журналіст Сяргей Сацук — адзін з найвядомейшых беларускіх расследавальнікаў. За два дзясяткі гадоў ён паспеў перакваліфікавацца з экскаватаршчыка ў рэпарцёры, папрацаваць у БДГ і «Народнай Волі», напісаць некалькі фантастычных раманаў, пабудаваць дом, выгадаваць дачку і стаць дзедам.

Праўда, апошнім часам справы Сацука ідуць не надта: яго вінавацяць у атрыманні хабару і могуць пасадзіць, яму найхутчэй прыйдзецца прадаваць дом, каб расплаціцца з пазыкамі, а яго выданне Ej.by амаль не прыносіць грошай.

Пра ўсё гэта — і не толькі — Сацук падрабязна расказаў «Нашай Ніве».

«Наша Ніва»: Чым займаецеся цяпер, пасля выхаду з СІЗА?

Сяргей Сацук: Звычайнай сваёй рэдактарскай працай, як і раней. Дырэктарскай працай займацца не магу, бо ў межах крымінальнай справы ў мяне забралі лічбавы подпіс. То-бок падаткі я сплаціў, а людзям заплаціць заробкі не магу, не магу кантраляваць плацяжы ад рэкламадаўцаў і гэтак далей.

А так — паціху пішу артыкулы, рэдагую. Канкрэтна над нейкім расследаваннем пакуль не працую: не да таго. 

Планаў на будучыню не будую пакуль. Трэба спачатку, каб скончылася гэтая крымінальная справа. Чым яна скончыцца, не ведаю. Але, ведаючы практыку падобных спраў, магу меркаваць, што наўрад ці маю справу проста так закрыюць. Хутчэй за ўсё, нейкае дзяжурнае абвінавачванне будзе.

Можа быць, тое абвінавачанне, якое мне прад’яўляюць цяпер, пазней здымуць і заменяць на нейкае іншае: нясплату падаткаў ці штосьці іншае, не ведаю. І прызнаюць мяне ў чымсьці вінаватым для птушачкі. Штраф ці нейкае пакаранне будзе. 

Ну і, адпаведна, будучыня залежыць ад вынікаў крымінальнай справы. Сёння заснавальнікі Ej.by вярнулі мяне на пасаду дырэктара і рэдактара, да гэтага мяне замяняў іншы.

Але дырэктарства — гэта такое ўмоўнае. Сам я сябе ніколі дырэктарам не лічыў, проста камусьці трэба падпісваць фінансавыя дакументы.

А рэдактар я па дамове як ІП. Мы дамовіліся так раней з заснавальнікамі, бо дзве стаўкі мне плаціць як дырэктару і галоўнаму рэдактару не маглі. Таму я застаўся дырэктарам і сам сабе, як ёсць магчымасць, сплачваю грошы за рэдактарства. Сёння, калі не памыляюся, Сацук-дырэктар вінен Сацуку-рэдактару за год, яшчэ не разлічыўся (смяецца).

«НН»: Пасля вашага затрымання старшыня КДК Анфімаў каментаваў: маўляў, вядома, што «Ежедневник» намінальна належыць адным людзям, а па факце — іншым, то-бок вам.

СС: Ну дык тады што хочаш можна сказаць. Адным з нашых заснавальнікаў быў Юрый Зісер, то можна было б сказаць, што выданне і Зісеру належыць. Агулам у нас было 9 заснавальнікаў, але паціху яны адвальваліся. Я сам у 2016 годзе аддаў сваю долю брату-блізнюку, які таксама адзін з заснавальнікаў. Я штомесяц шмат чаго выслухоўваю ад заснавальнікаў па той ці іншай публікацыі. 

«НН»: Колькі сёння заснавальнікаў у Ej.by?

СС: Чацвёра. Яны сочаць за выданнем строга. Па расследаваннях, напрыклад, у нас жорсткае патрабаванне, каб тэксты чытаў юрыст. І за ім апошняе слова. Гэты юрыст — мой брат, і, скажу шчыра, некаторыя мае матэрыялы ён засякаў. Іх не публікавалі. 

Па гэтым расследаванні, пасля якога за мяне ўзяўся КДК, — там не толькі я над ім працаваў, было яшчэ некалькі чалавек не з рэдакцыі. А чыталі матэрыял увогуле яшчэ пяцёра. Двое з іх мелі супрацьлеглы погляд на сітуацыю, а трое былі незацікаўленыя ў пытанні. Я заўсёды стараўся, каб максімальная колькасць людзей прааналізавала матэрыял перад публікацыяй.

Я нават даслаў тэкст знаёмаму супрацоўніку ДФР, каб ён ацаніў, наколькі аб’ектыўны артыкул. Ён адказаў, што ў прынцыпе нармальна, параіў дадаць, што справа не толькі ў гэтых кампаніях. Што ёсць сем такіх кампаній, якія працуюць на рынку, і пасля мы закранём іх усе.

Таму казаць, што я пісаў штосьці па замове… Вось артыкул у СБ ці ролік на БТ — гэта замова. Яны кажуць, што я жырую на бізнэсменах — дык пад’ехалі б да майго дома і нечакана б знялі, як я «жырую»! У чым праблема? Ці пазванілі б мне хоць для птушачкі па каментар! Але і гэтага не было зроблена.

Дарэчы, калі выйшаў рэпартаж па БТ, я напісаў у адказ артыкул пра тое, як «жырую» на бізнэсменах, прывёў канкрэтныя факты свайго жыцця: што адзін мой мабільны «ўзростам» 12 гадоў, другі — 15, што ў адпачынак з сям'ёй адзін раз за апошнія 8 гадоў з'ездзілі ў паршывы трохзоркавы гатэль у Турцыі, якія маю пазыкі, як яны змяніліся за апошні год… Скінуў тэкст заснавальнікам, каб далі згоду на публікацыю. Яны прачыталі і катэгарычна сказалі, што не трэба.

Даслоўна: «Будзь ты лепш хабарнікам, чым лохам». Так і сказалі.

Вяртаючыся да працы над матэрыялам: калі я пісаў сваё расследаванне, то выдаткаваў больш часу, выслухоўваючы пункт гледжання і аргументы фігурантаў матэрыялу, чым на таго ж Мядзведскага (бізнэсмен, які нібыта перадаў Сацуку грошы — «НН»). Яны адзін раз да мяне прыйшлі — мы дзве гадзіны, напэўна, гаварылі. Я задаю пытанні, яна адказвае: «Так працуюць усе! Пра Мядзведскага напішыце!» 

«НН»: «Яна» — гэта хто? 

СС: Мая Наўбатава, уласніца кампаній, пра якія я пісаў (Мая Наўбатава — кіраўніца прадстаўніцтва TRIMA Medizintechnik GmbH. Гэтая кампанія рабіла ў Беларусі бізнэс на пастаўках расходных матэрыялаў для захоўвання, транспарціроўкі, перапрацоўкі і інактывацыі вірусаў у крыві).

Я кажу ёй: дык дайце мне матэрыял на Мядзведскага, я напішу. Наўбатава кажа: маўляў, вось у яго такія-сякія тэндары! 

Мы адкрылі тэндары разам з ёю. У Мядзведскага зніжэнне па тэндарах 25%, а ў яе 0,1%. «Яны так для галачкі робяць!». Тады параўналі цэны. У Наўбатавай цэны ў 3—4 разы вышэйшыя за цэны на расійскіх тэндарах. Кажа: «Ну калі пасядзець, то я і пра іх знайду!» Адказваю: то пашукайце, бо я не знайшоў. Абяцае: знайду і прынясу! Праз пару дзён сустракаемся зноў з ёй — нічога не прынесла.

Яшчэ такі момант: КДК абвінавачвае мяне ў «публікацыі з мэтай дыскрэдытацыі канкурэнтаў». Але ж Наўбатава з Мядзведскім не канкурэнты. Там закрытая сістэма: гэта калі пастаўляецца медустанове апарат, да якога расходныя матэрыялы падыходзяць толькі адной фірмы. І Мядзведскі прадаваў апараты і расходнікі адной фірмы, Наўбатава — другой, іншыя кампаніі — іншых. Мядзведскі і Наўбатава ні на адным лоце ў тэндарах не перасякаліся! У іх зусім іншы від узаемаадносін. Раней яны былі партнёрамі, а пасля падзялілі бізнэс.

Яшчэ цікавы момант. Калі я пісаў матэрыял, то Мядзведскі мне адразу сказаў, што напісаў заяву ў ДФР на Наўбатаву, маўляў, яна ўхіляецца ад сплаты падаткаў. А фірмы, ад імя якіх яна выступае як прадстаўнік, насамрэч належаць ёй. А Наўбатава напісала такую ж заяву на Мядзведскага! І цікава, што Мядзведскага «цапанулі», а Наўбатаву — не. Чаму? Прычым Мядзведскага вінавацілі, нібыта ён пастаўляў медтавары па кошце, часам удвая вышэйшым. Можа, і так, але яго кошты былі аналагічныя расійскім. У той жа час цэны Наўбатавай былі ў 3—4 разы вышэйшыя за расійскія — але яе ніхто і не крануў! 

Я не кажу, што Мядзведскі добры. Але чаму яго кранулі, а кагосьці іншага — не?

«НН»: Дык, можа, калі Мядзведскага, як вы кажаце, «цапанулі», то і намякнулі, што трэба даць паказанні пра «хабар Сацуку»?

СС: Не ведаю, што ён там сказаў. Я яго папярэджваў, што пасля Наўбатавай буду пісаць пра яго і яму прыйдзецца адказваць на непрыемныя пытанні. Мядзведскі запэўніваў, што яму баяцца няма чаго. І калі ў мяне з’явілася інфармацыя пра структуру па адмыванні грошай, якая належала Мядзведскаму, я спрабаваў з ім пагаварыць — глуха. І тут раз — выходзіць артыкул пра мяне ў СБ. Ага, думаю, ясна. Апошні раз я высвятляў, дзе ён, у жніўні, пасля рэпартажу пра мяне па БТ. Я думаю, што тое відэа здымаў сам Мядзведскі. Тады, у жніўні, ён нібыта быў у Аўстрыі. Дзе ён сёння, я не ведаю. 

«НН»: А тая фармулёўка з пагрозай, пра якую вы расказвалі? Што «прасцей заказаць журналіста, чым ехаць на востраў» — гэта хто вам казаў?

СС: Калі я пішу расследаванне, то ў фінале раблю так званае «генеральнае інтэрв’ю». Гэта значыць, выклікаю героя матэрыялу, даю яму магчымасць адказаць на пытанні. І часта героі адмаўляюцца ад каментаў. А без гэтага я публікую расследаванні вельмі рэдка, толькі калі на 200% усё і так ясна.

І ў той сітуацыі мне вельмі важна было атрымаць каментар Наўбатавай. Я знайшоў яе на LinkedIn, напісаў: так і так, падрыхтаваў расследаванне пра вашу дзейнасць, ведаю, якія кампаніі, колькі мільёнаў вы зарабілі, публікацыя запланаваная на 3 студзеня, але перанясу на тыдзень — дам вам магчымасць купіць квіток на самалёт, паляцець на астравы і жыць там са сваімі мільёнамі заможна. Правакацыйна напісаў, так, бо хацеў падштурхнуць яе да размовы.

І пасля мне перадалі пасланне. Што «ў Беларусі прасцей чалавека заказаць, чым ляцець на якія-небудзь астравы». Прынёс пасланне мой жа сваяк, у мяне шок быў, што ён таксама там замешаны. Як я зразумеў, паслалі менавіта яго, каб звязаць мне рукі, бо інакш я пайшоў бы і напісаў заяву ў міліцыю пра пагрозы.

«НН»: Гэта быў ваш брат?

СС: Не, іншы сваяк. Ён мяне ўгаворваў паўгадзіны: «Навошта ты туды лезеш, якая табе розніца, усе так працуюць». Я адказаў: прабач, застаюся пры сваім. Ён кажа: «Табе людзі прасілі перадаць, што яны цярпелі-цярпелі, але цярпенне скончылася. Не спынішся, то цябе пасадзяць ці прыбяруць. У Беларусі заказаць чалавека прасцей, чым набыць квіток і ляцець на астравы».

«НН»: Страшна не было?

СС: Ну я і раней атрымліваў пагрозы.

Аднойчы мне каля кватэры паставілі пахавальны вянок са стужкай, дзе напісалі «Сацук Сяргей Віктаравіч» і дату смерці. Я тады пісаў пра карупцыю ў дачыненні да памочніка старшыні КДК. Я зрабіў тады першую публікацыю — і адразу паляцелі лісты з пагрозамі, за дачкой-студэнткай пачалі паказальна амбалы хадзіць, а пасля вось той вянок мне паставілі.

Я тады заяву ў міліцыю напісаў, але там ніяк не адрэагавалі, нават адбіткі пальцаў з вянка не знялі. Тады я пайшоў у КДБ да знаёмага, патлумачыў, што таннай папулярнасці на глебе пераследу журналістаў не шукаю, я не вораг сваёй краіне. Але буду вымушаны шумець, калі вы не прымеце меры. І тады пагрозы спыніліся.

«НН»: Вы загадзя падрыхтавалі ліст, які апублікавалі пасля вашага затрымання. Такі ж ліст недзе падрыхтаваны на выпадак вашай смерці?

СС: Ну не, спадзяюся, да гэтага не дойдзе. Ведаеце, калі выйшаў яшчэ артыкул у СБ, жонка мая заплакала, кажа: пашкадуй ты мяне хаця б! Спыніся! І я спыніўся на пару месяцаў, сапраўды. 

Але ў жніўні я пайшоў на суд над намеснікам міністра аховы здароўя Ласіцкім. Паглядзеў я на той суд — і ўнутры ўсё закіпела. Там такія махінацыі, такія справы рабіліся — а пакінулі толькі дзяжурныя абвінавачванні.

Там жа быў момант: беларускія чыноўнікі прыдумалі вытворцу ў Германіі! Нібыта там завод ёсць! Я пасля гаварыў з супрацоўнікам ДФР, яны пацвердзілі: правялі праверку, ніякага завода няма і не было ніколі! Кажу: дык чаму ж справу не заводзіце? Адказваюць: ну-у, гэта трэба іх за руку злавіць, тое-сёе…

***

«НН»: «Ежедневник» сёння — гэта што? Колькі народу працуе?

СС: Сёння гэта я і яшчэ трое. Адзін дзяжурыць па сайце, другі дзяжурыць і піша СЕО-артыкулы, трэці працуе як паўнавартасны журналіст.

«НН»: Прыбытак прыносіць выданне?

СС: Не. За ўвесь час існавання выдання заснавальнікі ані разу не атрымлівалі дывідэнды. 

«НН»: Лагічнае пытанне: нашто тады вам гэта патрэбна?

СС: Першапачаткова мы пачыналі гэта як камерцыйнае прадпрыемства, канечне. Але цяпер… Калі столькі гадоў на гэта выдаткавалі, усё кінуць, здацца… Неяк не можам, хоць апошнія два гады нас душаць ужо канкрэтна. 

Я і сам, бывала, думаў: на які яно мне патрэбна? Кіну ўсё, я як ІП магу зарабляць піярам. Я гэтым і займаюся, дарэчы, паралельна з журналістыкай. Можна і на СЕО-біржах зарабіць напісаннем тэкстаў, аптымізаваных пад пошукавікі. Пішаш за паўгадзіны — 30 баксаў у кішэні маеш. Ніякага галаўнога болю, нічога. Я зарэгістраваны на шмат якіх біржах, час ад часу папісваю такія артыкулы, каб капейку зарабіць. Бо «Ежедневник» з маіх даходаў прыносіць недзе толькі пятую частку.

«НН»: А колькі зарабляеце штомесяц?

СС: Ну прыкладна… 850 даляраў недзе атрымліваецца. З іх «Ежедневник» прыносіць даляраў 200—250, гледзячы які месяц.

«НН»: Можа, тады варта было б прадаць выданне? Не разглядалі такі варыянт?

СС: У нас няма рынка, каб прадаць. У 2008 годзе да нас прыходзіў інвестар, прапаноўваў 200 тысяч даляраў на развіццё.

«НН»: Гэта хто быў?

СС: Няважна. Чалавек з тэлекамунікацыйнай галіны, скажам так. Але пасля крызісу ў таго інвестара абароты ўпалі — і ён адмовіўся. А больш прапаноў і не паступала.

«НН»: Але калі б прапанавалі добрую суму — прадалі б выданне?

СС: Калі б я быў заснавальнікам — прадаў бы, чаму не. Але ж я ўжо не заснавальнік. 

«НН»: За колькі?

СС: Шчыра — не ведаю, не магу сказаць.

***

«НН»: Як вас занесла ў журналістыку? Вы ж пасля васьмі класаў школы пайшлі вучыцца ўвогуле на экскаватаршчыка?

СС: Бацька ў мяне быў токарам на заводзе. І калі прыходзіў дзядзька-інжынер, бацька пытаўся: у цябе які заробак? Дзядзька казаў: 180 рублёў. Бацька абураўся: «І варта было ў інстытуце 5 гадоў мазгі сушыць? У мяне вунь 4 класы адукацыі, а я токарам 400 рублёў маю!» Таму думалі, навошта вучыцца, калі экскаватаршчыкі па 800 рублёў могуць зарабіць?

І пайшлі ў ПТВ з братам пасля 8 класаў. Гэта была класічная савецкая «хабза». Тады ж Барысаў увогуле быў цэнтрам крыміналу.

Мы атрымлівалі стыпендыю і праз вокны збягалі з вучэльні, бо на выхадзе ля дзвярэй дзяжурылі гопнікі, якія адбіралі грошы.

Пазней нас з братам узялі «пад крыло» мясцовыя, стала нармальна. Але ўжо тады ў нас з братам з’явілася разуменне, што гэта зусім не наша асяроддзе. Бо гэта жах! Калі прыходзяць пацаны і расказваюць: вось, мы ўчора бабу завалілі і проста на снезе яе туды-сюды!

«НН»: Згвалтавалі?

СС: Так! І расказваюць адкрыта пра гэта! Божа мой, думаю!

Ну а пасля вучэльні мы з братам пайшлі служыць. Трапілі ў радыёразведку, лавілі натаўскія сігналы. Гэта блатная частка была, дзеці чыноўнікаў у тым ліку, таму дзядухі не было, нічога такога. Са мною служыў Ігар Чаргінец, сын пісьменніка Чаргінца, служыў сын галоўнага інжынера з «Гарызонта»… Такая публіка. Іх на выхадных бацькі на «Волгах» забіралі свабодна. 

Але войска мне трохі мазгі ўставіла адназначна. Я быў шалапутам жудасным, у школе матэматыку ведаў выдатна, але паводзіны… І ў арміі яшчэ трохі па першым часе быў шалапутам, у мяне нават мянушка была «Дзёга-расп***яй».

«НН»: Дзёга? 

СС: Сярога-дзёга, неяк так трансфармавалася імя.

Але пад канец службы за розум я ўзяўся. Вырашылі з братам паступаць у палітэх пасля войска. Але за два гады веды з галавы выветрыліся, на экзаменах мы праваліліся. Брат паступіў тады ў юрыдычны тэхнікум, працаваў у міліцыі, дакладней — у ахове. 

А я ў міліцыю не хацеў. Працаваў экскаватаршчыкам і думаў, што магу зрабіць. Бо заставацца на гэтай працы не хацеў. Гэтая сфера, людзі, размовы гэтыя… Я ж і не ўжываў алкаголь, мы з братам да 30 гадоў увогуле не пілі прынцыпова. Таму было цяжка.

А тады быў пачатак 90-х, і пайшоў вал фантастычнай літаратуры. Я лавіў сябе, што чытаю вядомых аўтараў і думаю: «Ёлкі-палкі, можна ж было лепш напісаць!» Дай, думаю, паспрабую. 

Ну і сядзеў, пісаў проста ў экскаватары ў кар’еры. Прыехала машына, разгрузіў, наступная можа праз паўгадзіны прыехаць. І пакуль вольны час — сяджу, пішу ў сшытачку. Год недзе пісаў так.

Пасля мне набралі гэты тэкст на камп’ютары. А гэта першыя камп’ютары былі, за набор з мяне ўзялі 100 даляраў!

«НН»: А колькі ж вы зараблялі?

СС: Афіцыйна экскаватаршчык зарабляў даляраў 40 на месяц. Але ж былі халтуры. Напрыклад, калі працуеш у кар’еры, штодня з дзясятак-два «левых» машын грузіш пяском. Уліку ніякага няма.

Пасля я дамовіўся з майстрам, што, калі ёсць праца, — я працую. Калі працы няма, то экскаватар у маім распараджэнні. А на выхадных я браў экскаватар і паркаваў проста каля свайго дома. Людзі прыходзілі, заказвалі працу. Аднойчы выкапаў басейн за выхадныя на ўчастку — зарабіў 300 даляраў. Так што грошы былі нармальныя, з грашыма было лепш, чым сёння (смяецца).

Але ж калі я напісаў першую кнігу, то ў Мінску яе выдавецтвы адмовіліся браць. Адвёз у Маскву, мне праз два тыдні перазванілі: друкуем! І мне 2 тысячы даляраў — хоп!

«НН»: Гэта ж фантастычны раман быў, так?

СС: Так, увогуле, гэта была трылогія. Калі коратка, то пра тое, што існуе нейкая арганізацыя ў космасе, якая курыруе Зямлю.

«НН»: Касмічныя масоны?

СС: Не, яны абараняюць, каб іншыя цывілізацыі не нападалі, не ўмешваліся і каб людзі самі сябе не знішчылі. 

«НН»: А як сёння вы гледзіце на гэтыя раманы? Не сорамна?

СС: Ну, першая кніга — такая сабе, сярэдняя. А астатнія нармальныя, асабліва трэцяя.

Я з першага ганарару сабе набыў камп’ютар — аддаў шалёныя грошы, тысячу даляраў прыкладна. І за два месяцы напісаў другі раман. За яго зноў атрымаў 2000 даляраў. Думаю: ну ніхрана сабе! Звольніўся з працы, хаця і ў чарзе на кватэру быў трэцім, і дом ужо пачыналі кааператыўны будаваць… Але я падумаў: ды нафіг мне гэтыя панэлькі, куплю сабе нармальны дом!

Але пасля здарыўся крызіс 1998 года — і ўсё рухнула. І з трэцяй кнігай выйшла бяда. Як мне пасля ўжо патлумачылі: рэдактару выдавецтва трэба было адкаціць працэнт, каб не было праблем. Ад мяне адкатаў ён не дачакаўся і пачаў прыдзірацца да трэцяй кнігі. Я абурыўся, думаў, аддам у іншае выдавецтва. Так і зрабіў, але тое выдавецтва кінула цэлы шэраг аўтараў з ганарарамі — у тым ліку і мяне. За кнігу я неяк выбіў толькі 100 ці 200 даляраў. І я вярнуўся ў экскаватаршчыкі. 

Прапрацаваў на экскаватары яшчэ год. Думаю: ну, кнігі я змагу і ў старасці пісаць, на пенсіі. Цяпер буду для пісьменніцтва збіраць вобразы, характары. А з кім там экскаватаршчык сустракаецца? Ні з кім! Думаю, трэба ісці ў журналістыку!

Я паступіў на журфак, мне было пад 30 гадоў. Папрацаваў пазаштатным аўтарам у банкаўскіх часопісах. А пасля прыйшоў у «Советскую Белоруссию», прынёс аналітычны артыкул. Там намеснік галоўнага рэдактара яго прачытаў, кажа: «Стыль ёсць, пішаце добра, але журналістыка — гэта не трыбуна! Нельга тут выступаць!» Карацей, пачаў нейкую лухту несці. Я думаю: ды пайшоў ты! (Смяецца). Зразумеў, што СБ — не для мяне.

І пасля я пачаў думаць, што яшчэ ёсць? Мне падабалася БДГ, я туды напісаў некалькі матэрыялаў як пазаштатнік. Мяне ўзялі на працу, але не на эканоміку. Кажуць: пра эканоміку ёсць каму пісаць, а журналісцкія расследаванні ляжаць. Давай туды.

Я думаю: незнаёмая сфера, але ж што рабіць. Ну давайце. 

«НН»: А як з Пятром Марцавым былі адносіны ў вас? Я чуў, што скончылася ўсё нейкай сваркай, таму вы і сышлі.

СС: Не, з Марцавым былі добрыя адносіны. Сваркі не было ніякай.

Проста калі ўлада пачала душыць БДГ, пачаліся скарачэнні. І я быў адзін з тых, каго трымалі да апошняга. Але немагчыма ўжо было працаваць, бо не плацілі зарплату некалькі месяцаў. У сакавіцкую слоту некаторыя журналісты хадзілі на працу пехатою ў драных красоўках — бо не было грошай нават на праезд.

Я звольніўся — трэба было ж жыць за штосьці. Пайшоў у «Народную Волю». Там правёў паўгода. Адначасова пісаў у «Беларускі партызан», які толькі пачынаўся.

«НН»: І як?

СС: «Партызана» мне хапіла на два месяцы.

«НН»: Чаму?

СС: Бо разбэшчвала канкрэтна. Бо пішаш пад псеўданімам, можаш публікаваць што хочаш. Ніякай адказнасці. Можаш нават не правяраць нічога. І спачатку сябе кантралюеш, але з цягам часу разбэшчвае: ну навошта лішні раз званіць камусьці, правяраць, кудысьці ехаць… І я проста кінуў гэта.

У «Народнай Волі» спачатку было нармальна. Пазней паціху Іосіф Сярэдзіч пачаў указваць, што можна рабіць, што не. Напрыклад, ідзе палітычная справа, Сярэдзіч мне кажа: «Едзь у суд, сфатаграфуй суддзю і спытай, ці не сорамна яму». Я думаю: навошта гэта? Што, суддзя скажа, што яму сорамна? Не скажа. А фатаграфаваць яго ўвогуле нельга, можна нарвацца. Сярэдзіч настойвае: ты вопытны, давай!

Ну ладна. Паехаў, падмануў неяк суддзю, цішком сфоткаў, спытаў, ці не сорамна, ён сказаў, канечне, што не сорамна. Але што гэта за матэрыял атрымаўся? Фігня.

Пасля прыносіў расследаванні, а Сярэдзіч пачынаў мяне «вучыць», акцэнтаваць нейкія палітычныя моманты… 

А аднойчы судзілі Андрэя Дынько — нейкі міліцыянт быў сведкам таго, як Дынько нібыта лаяўся матам. Зразумела, што гэта быў паклёп. І Сярэдзіч даў мне заданне знайсці, дзе жыве міліцыянт, дзе жывуць яго бацькі, і спытаць у бацькоў, ці не сорамна ім за такога сына?

Я кажу: вы разумееце, якую працу трэба зрабіць, каб адшукаць тых бацькоў і задаць пытанне, адказ на які загадзя вядомы? Ці што, бацькі раптам пачнуць расказваць, што ім сорамна? Навошта гэта? 

Сярэдзіч зноў: «Так трэба, так трэба!» Я думаю: «Каму так трэба? Навошта гэта? Усе, хто ведае Дынько, і так разумеюць, што ён матам не лаецца. А гэтыя ідэі — нейкая нікому не патрэбная праца дзеля палітычных мэтаў». І я сабраўся і сышоў тады.

«НН»: Пасля вырашылі стварыць сваё выданне?

СС: Мы сабраліся разам з былымі супрацоўнікамі БДГ і зразумелі, што ўсе неяк не задаволеныя сваімі месцамі працы. Падумалі: а давайце паспрабуем сваё! Мяне абралі галоўным рэдактарам, і я адразу сказаў, што трэба ісці па ведамствах, папярэдзіць, каб нам далі нармальна працаваць.

Напрыклад, пайшоў у КДБ, патлумачыў, што ствараем новае выданне, палітычных мэтаў не маем, хочам пісаць пра эканоміку, карупцыю, рабіць расследаванні. Кажу: «Калі штосьці не так зробім, то не трэба адразу нас знішчаць, ціснуць на нас. Калі ў вас будуць адэкватныя аргументы, мы ўсё зразумеем, мы нармальныя людзі, якія проста хочуць працаваць».

Трэба было даць зразумець, што мы не ствараем новую БДГ, каб нас адразу не задушылі. Бо тады ж маглі быць праблемы праз досвед нашай працы ў Марцава — яму прапанавалі стаць кандыдатам у прэзідэнты, ён, праўда, адмовіўся. Ну і трэба было патлумачыць, што да Марцава, да палітычнай барацьбы мы не маем дачынення. 

«НН»: А Зісер адкуль сярод заснавальнікаў «Ежедневника»?

СС: Ён да нас падключыўся, бо быў у добрых стасунках з Аляксандрам Нікалайчуком. Тады яго Tut.by не меў журналістаў, навіновай службы, сядзела адна Марына Золатава, і, я так разумею, Зісер хацеў знутры паглядзець, як усё гэта стварыць.

«НН»: Зісер уклаў свае грошы ў «Ежедневник»?

СС: Не, заснавальны фонд там быў зусім сімвалічны, тыпу 100 рублёў. Зісер, як і ўсе іншыя, дапамагаў працай. Займаўся рэдактурай. 

Пасля ў нас адбыўся канфлікт. Тады «Ежедневник» выходзіў у PDF-фармаце. І я гляджу неяк: у нас штосьці не тое з рэкламай. Умоўна кажучы, аплачана два банеры, а ў газеце стаіць 10. Пачаў разбірацца, дырэктар кажа: ну памыліўся. Я праверыў: па ўсёй рэкламе такія ж праблемы. Я стаў патрабаваць тлумачэнні. Іх не атрымаў. Узнік канфлікт.

У мяне ўвогуле неяк з Зісерам стасункі не ладзіліся, мы шмат сварыліся наконт рэдактарскай працы, стаўлення да матэрыялаў… Не сыходзіліся мы ў поглядах. Хаця пазней, калі ўзнікалі нейкія канфлікты, Зісер нярэдка выказваўся ў маю падтрымку. І пасля грошы мне пазычаў на будаўніцтва дома. Я і па сёння яму вінен, каюся, хоць і абяцаў аддаць яшчэ пару гадоў таму. Апошнія тры гады ўвогуле не плачу яму, бо няма чым.

«НН»: Беспрацэнтная пазыка?

СС: З працэнтамі. 10%. Пад такія ж працэнты ён сваім супрацоўнікам пазычаў. Хай ужо Юрый Анатольевіч мне выбачае, я пастараюся неяк у найбліжэйшы час яму грошы вярнуць.

***

«НН»: З жонкай вы пазнаёміліся ўжо падчас працы журналістам?

СС: Не, яна выходзіла замуж яшчэ за экскаватаршчыка. Яна ўвогуле ніколі не хацела за журналіста выйсці! (Смяецца)

«НН»: Вы неяк згадвалі, што жонка вам пасля казала, маўляў, пайшоў бы ў СБ, хоць бы зарабляў!

СС: Так, пару разоў казала мне такое. Але я адказваў: «А ты б пайшла на панэль прастытуткай?» Бо для мяне гэта тое ж самае.

Дарэчы, у Ej.by шмат пазаштатных аўтараў было з дзяржаўных СМІ: з СБ, з БелТА. Сёння іх ужо няма, бо ў нас няма чым плаціць, а раней гэта былі вельмі каштоўныя кадры. Бо яны мелі доступ да інфармацыі, але публікаваць яе ў сваіх выданнях не маглі. Таму неслі нам.

А пасля жонка перастала мне пра СБ казаць, бо стала зразумела, што з маёй рэпутацый ужо туды і не возьмуць.

«НН»: Ці былі моманты, калі было зусім цяжка з грашыма?

СС: Увесь час. Наадварот, не памятаю, калі б з грашыма было нармальна.

«НН»: А дзе жонка працуе?

СС: Цяпер нідзе, яна інвалід. У яе праблемы з сэрцам сур’ёзныя, анеўрызма… Катэгарычна нельга перажываць, хвалявацца. Я калісьці спрабаваў яе падцягнуць у «Ежедневник» на рэкламу, там пазваніў кліент, неяк груба пагаварыў з ёй, дык прыйшлося хуткую выклікаць. 

І зараз, пакуль быў у СІЗА, было вельмі страшна: што там з жонкай? Бо ад яе звестак няма, перадачу прыносіць дачка, ліст — зноў ад дачкі… Думаю: ну ўсё, капец… Была яшчэ ў 2011 годзе гісторыя, калі доктар адкрыта сказаў: не дам гарантыю, што жонка дажыве да канца года… І ў СІЗА я сабе надумаў ужо самае горшае.

З грашыма былі цяжкія часы. І цяпер цяжка таксама. Бо панабіралі грошай: у брата, у Зісера, каб дом пабудаваць. Гэта ўвогуле першае жыллё маё. А цяпер яго прыйдзецца прадаваць.

«НН»: І ў колькі абышоўся дом?

СС: 60—65 тысяч даляраў. Гэта 120 квадратных метраў, чатыры пакоі. І тое — нам вельмі пашанцавала.

Я ў 2012 годзе хадзіў на аўкцыёны, каб купіць надзел, вельмі хацеў дом. Год хадзіў, усё маю цану перабівалі. Думаю: ну ўсё, маіх ашчаджэнняў — каля 8 тысяч даляраў — ніколі не хопіць. А пасля раптам атрымалася набыць надзел якраз за 8 тысяч каля Кургана Славы. Думаю, стаю на чарзе, падамся на льготны крэдыт, каб пабудавацца. А мне адказваюць: фіг табе, а не льготны крэдыт, вы ўжо не маладая сям’я.

Але пакуль я высвятляў з гэтым крэдытам, прайшоў год, а там ля надзелу праклалі дарогу, правялі газ — і ён падаражэў. Я ў выніку той надзел прадаў за 33 тысячы. За выйграныя 25 тысяч набыў недабудаваны дом, які мы самі даводзілі да ладу. Усё рабілі ўдваіх з жонкай, клалі ламінат нават.

Але зразумелі, што прыйдзецца прадаваць. Цяпер, праўда, прыпынілі продаж, пакуль не скончыцца мой крымінальны пераслед. Але, напэўна, прыйдзецца. Бо трэба вяртаць пазыкі. Пакуль будаваўся, толькі за электрычнасць набегла 10 тысяч рублёў, плюс тое, што пазычаў у людзей… Калі хаця б тысяч 10 даляраў з неба не зваліцца на мяне, каб самыя вострыя пытанні закрыць, то варыянтаў іншых пакуль няма.

«НН»: За колькі плануеце прадаць?

СС: Выставіў за 110 тысяч даляраў. 20 тысяч даляраў на пазыкі і трэба яшчэ купіць трохпакаёўку: бо з намі жыве дачка мая з сынам. 

Жонка плача, канечне, катэгарычна не хоча прадаваць. Я таксама не хачу, цягну да апошняга… Калі селі абмяркоўваць продаж, я кажу: трэба было мне ў 2005 годзе кватэру браць, калі КДБ мне прапаноўвалі. Жонка плача і кажа: ты ж усё роўна б там не змог жыць, спіўся б, ці штосьці яшчэ і горшае было б!

«НН»: Раскажыце падрабязней пра тую прапанову.

СС: Я тады працаваў яшчэ ў БДГ, і ў мяне кантактаў паўсюль хапала. І знаёмы з КДК распавёў, што правялі праверку ў Мінскай вобласці, і там разгром, галава губернатара злятае дакладна. А для прэзідэнта справаздачу перапісалі амаль цалкам, пакінулі толькі пару момантаў. Як казалі тады, бо з тым губернатарам вельмі сябраваў старшыня КДБ.

Я думаю: ого! Трэба зрабіць тэкст, як дураць прэзідэнта. Прашу гэтага знаёмага здабыць мне першую версію справаздачы. 

Пасля на планёрцы ў БДГ расказваю гісторыю, кажу, што здабуду тую першую версію дакумента. І ці то праслухоўвалі нас, ці хто здаваў — але праз гадзіну мне пазванілі з КДБ. Прычым з размовы было ясна: яны думаюць, што дакумент ужо ў мяне. Кажуць: вельмі просім сустрэцца. Ладна, кажу.

На сустрэчу прыйшоў падпалкоўнік КДБ — прозвішча памятаю, але агучваць не буду. Кажа мне: «Ведаю, які артыкул вы рыхтуеце. Я тут па даручэнні старшыні КДБ».

Я разумею, што той першы дакумент я ўжо ніколі не ўбачу, калі такі шухер падняўся. Але раблю выгляд, што дакумент маю. Так, кажу, артыкул рыхтую, розніца з фінальнай справаздачай уражвае.

Кадэбэшнік кажа: любыя ўмовы, каб артыкул не быў апублікаваны. Хочаце — зробім вам трохпакаёвую кватэру ў Мінску. 

Думаю: ні фіга сабе! Але кажу: не, не хачу кватэру, дайце мне дакументы па справе Ягора Рыбакова — і артыкул не выйдзе.

Тады ж судзілі за карупцыю старшыню Белтэлерадыёкампаніі Рыбакова і ўсе матэрыялы справы засакрэцілі. Усе гадалі: што ж там такое? 

На наступны дзень прынеслі мне матэрыялы з суда над Рыбаковым. Я пачаў чытаць — проста афігеў. Тады ўжо БДГ амаль заціснулі, наклад газеты быў малы, амаль ніхто не прачытаў наш артыкул пра Рыбакова. А чытаць было што! На судзе агучвалася, як кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта чорным налам у далярах перадаваў Рыбакову грошы за падрыхтоўку выкрывальных матэрыялаў супраць канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах! А Рыбакоў частку грошай клаў у сваю кішэню.

Сёння, канечне, няма магчымасці атрымаць такія матэрыялы. Знаёмыя з адпаведных структур кажуць адкрыта: Сяргей, не звані мне больш, бо прыйдзецца тлумачальную пісаць. 

«НН»: А з якіх структур было больш за ўсё зліваў?

СС: Зліваў не было, можна сказаць. У нас былі прыватныя кантакты. Раскажу гісторыю: затрымалі старшыню банка «Залаты талер». І ніхто не можа ніякай інфармацыі знайсці. Сілавікі маўчаць, і банк маўчыць.

Я творча падышоў да пытання. Выбраў дажджлівы дзень, прыйшоў у адміністрацыю банка. Кажу: я да намесніцы старшыні банка. Ахоўнік ёй набраў, паслухаў, адказвае мне: яе няма, калі будзе — невядома.

Я выйшаў на вуліцу, хаджу пад вокнамі без парасона. Мокры, соплі цякуць… Праз гадзіну вяртаюся ў банк, мне адказваюць: не, яе няма.

Зноў выйшаў на вуліцу, хаджу, мокну. Вяртаюся. Ахоўнік тэлефануе начальству, тлумачыць: журналіст ходзіць тут пад дажджом, чакае, мокры ўвесь… У выніку тая намесніца спусцілася, каб сказаць мне, што нічога я не атрымаю. Я кажу: нічога і не трэба, вы мне проста наліце кубак гарбаты, каб сагрэцца і патлумачце, ці працягвае працу банк? Бо нам, кажу, тэлефануюць укладчыкі, хвалююцца!

Яна наліла кавы і распавяла ўсё ж, што справа дырэктара да банка не мае дачынення, маўляў, кліентам няма чаго хвалявацца. Скончылася тым, што яна і пра справу распавяла, і нават дакументы паказала. 

Я падрыхтаваў матэрыял. Сілавікі паглядзелі: ага, інфармацыя ўцякла, дык чаго нам маўчаць? Тады да мяне звярнуўся маёр, які займаўся справай банкіра, і даў інфармацыю з пазіцыі УУС. 

Вось такая праца. Гэта ж не злівы.

«НН»: Былі гісторыі, калі вас выкарыстоўвалі ведамствы?

СС: Ну зразумела, што калі чалавек прыносіць інфармацыю, то ён мае свой інтарэс. Быў неяк знаёмы з прэс-службы КДБ, які прынёс матэрыялы па адной крымінальнай справе. Кажа: пішыце што хочаце, але без спасылак на нас. А там была гісторыя, што намеснік дырэктара МАЗа збег за мяжу і рабіў там выгляд, што ён прафсаюзны лідар, якога на радзіме прэсуюць. І КДБ такім чынам хацела палітычны складнік прыбраць, паказаць, што ён крымінальнік.

Я ўсё распавёў у БДГ. Мы ў выніку апублікавалі матэрыялы справы на адной старонцы, а на другой — каментар таго беглага кіраўніка.

«НН»: Вы калі-небудзь плацілі за інфармацыю?

СС: Ну толькі калі лічыць каньяк, віскі. А, была яшчэ гісторыя: я плаціў калісьці чалавеку, які скідваў мне аператыўныя зводкі сілавікоў. Але там сімвалічныя грошы былі.

«НН»: А вам што прапаноўвалі за публікацыю?

СС: Часцей, наадварот, людзі хочуць, каб публікацыі не было. Ну самае вялікае, што прапаноўвалі, — гэта тую трохпакаёвую кватэру. Калі было зразумела, што чалавек хоча прапанаваць грошы, каб матэрыял не выйшаў, я такое спыняў, да абмеркавання сумы нават не даходзіла. 

Неяк прапаноўвалі 10 тысяч даляраў, каб апублікавалі кампрамат па адной справе. Мы абмеркавалі з заснавальнікамі «Ежедневника» — і ўсе катэгарычна адмовіліся ад такой прапановы.

«НН»: А вам прапаноўвалі штосьці, каб трапіць у ваш рэйтынг бізнэсменаў? Ці, наадварот, каб там не з’яўляцца?

СС: Пасля першых рэйтынгаў было шмат званкоў: людзі патрабавалі прыбраць іх, нават пагражалі, прапаноўвалі грошы.

Адзін вядомы спартовец, які стаў бізнэсменам, набліжаным да ўлады, казаў нам: гэта ж усё не маё! Мы адказвалі: зарэгістравана на іншых, але мы маем доказы, што гэта ваша! Ён: прэзідэнт пра гэта не ведае, прыбярыце! Я вам заплачу!

А каб чалавек сам хацеў трапіць у рэйтынг, за ўвесь час быў толькі адзін выпадак. Але ён не плаціў. Мы яму прапанавалі даслаць звесткі пра сябе і свой бізнэс, каб мы ацанілі, ці варты ён рэйтынгу. Ён даслаў, і мы прааналізавалі яго актывы і ўключылі яго.

«НН»: А як вы ацэньваеце пазіцыі бізнэсменаў у рэйтынгу?

СС: Гэта больш трэба пытацца ў Вадзіма Сяховіча, гэта ён лепш адкажа. Але калі коратка, то звяртаемся да адной інвестыцыйнай кампаніі, да шэрагу бізнэсменаў. Наш топ далёкі ад аб’ектыўнасці, гэта зразумела. Прычына — закрытасць бізнэсу, ніхто не хоча гаварыць.

Зноў жа, мы паказваем не багацце бізнэсмена, а яго ўплывовасць, набліжанасць да ўлады. Бо часам тэлефануюць удзельнікі рэйтынгу і пытаюцца: «А чаму я ў вас пасля такога? Я ж за год патраціў больш, чым ён зарабіў за жыццё!» Бывае і такое.

Я прапаноўваў Сяховічу пісаць пра багацце бізнэсменаў, але ён адказвае: ты што, хочаш, каб мяне бабахнулі?

***

«НН»: А сёння за сітуацыяй з каранавірусам сочыце? Верыце Мінздароўя?

СС: Сачу, канечне. Але Мінздароўя я даўно не веру. Мне здаецца, што інфармацыя, якую яны даюць, далёкая ад аб’ектыўнасці. 

«НН»: Як ацэніце дзеянні Караніка?

СС: Я ж капаў пад яго — пра дзейнасць бальніцы, якую ён узначальваў. Але яго прызначылі міністрам, і я вырашыў пакуль спыніць расследаванне. Думаю, трэба даць чалавеку папрацаваць. Бо адшукаў бы я інфармацыю, выкаціў праз два месяцы пасля яго прызначэння міністрам… — не ведаю, мне чамусьці здаецца, што гэта было б непрыгожа, неэтычна.

Пра дзейнасць яго на пасадзе міністра… Быў момант, калі ён сказаў, што ў выніку перамоў з бізнэсам атрымалася цэны на некаторыя лекі панізіць удвая. Я здзівіўся, думаю: у нас жа ўказ прэзідэнта абмяжоўвае нацэнку, там 20% на лекі максімум, здаецца, якія ўдвая? Якія перамовы? Чаму, калі гэта праўда, з сітуацыяй яшчэ ніхто не разбіраецца?

Але пра Караніка персанальна мне казалі як пра чалавека прынцыповага і даволі талковага. Казалі, што ў бальніцы, дзе ён працаваў, ён падпісваў некаторыя сумнеўныя акты, бо не меў выбару. Сам, кажуць, чалавек прыстойны. Можа, і так. Тут жа праблема ў сістэме. У ахове здароўя ў нас створаная такая сістэма, што ці ты працуеш у ёй, ці зусім не працуеш. І баюся, што Каранік вымушаны стаць часткай сістэмы і працаваць па яе правілах, інакш яго проста сажруць — і ўсё.

Каментары14

Дзяўчыну з Баранавічаў вінавацяць ва ўдзеле ў раённым чаце. Як на яе маглі выйсці сілавікі?

Дзяўчыну з Баранавічаў вінавацяць ва ўдзеле ў раённым чаце. Як на яе маглі выйсці сілавікі?

Усе навіны →
Усе навіны

«На волі тады ніхто не думаў, што людзі будуць столькі сядзець». Гісторыя палітвязня, які прайшоў праз СІЗА, ПКТ, калонію і турму

Баптысцкаму прапаведніку Мікалаю Хілу выставілі абвінавачванне па цяжкім артыкуле1

Напярэдадні галасавання па імпічменце прэзідэнт Паўднёвай Карэі выбачыўся за ўвядзенне ваеннага становішча ў краіне

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ24

У расійскім Прыморскім краі афіцэр расстраляў 19-гадовага салдата тэрміновай службы4

«Тры-пяць разоў перакуліліся»: Аляксандр Саладуха з сынам трапіў у жудаснае ДТЗ — ФОТЫ17

Выйшаў на свабоду доктар-неўролаг Аляксандр Цялега

«Арэшнік» для Беларусі. Куды Лукашэнка ўцягвае краіну8

Беларус-дальнабойшчык знайшоў у сваім рэфрыжаратары двух нелегальных мігрантаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзяўчыну з Баранавічаў вінавацяць ва ўдзеле ў раённым чаце. Як на яе маглі выйсці сілавікі?

Дзяўчыну з Баранавічаў вінавацяць ва ўдзеле ў раённым чаце. Як на яе маглі выйсці сілавікі?

Галоўнае
Усе навіны →