MEnsk
Разам з Samsung Galaxy S20 Ultra мы пачынаем праект MEnsk. Цыкл пра горад, яго дыханне і рытм, культуру і атмасферу, пра месцы і будынкі, пра людзей. Мінчукі адкрыюць нам дыяменты, прыхаваныя ў межах асобных раёнаў сталіцы, пакажуць мясцовыя славутасці і раскажуць пра тамтэйшыя парадкі. Цяпер, калі нам усім лепш stay home, – самы час пачаць віртуальнае падарожжа па Мінску, пра які не напішуць у турыстычных гайдах.
Камера 108 Мп (f/1,8) + 48 Мп (f/3,5) + 12 Мп (f/2,2) + 0,3 Mп, TOF 3D, відэа 8K@24 fps
Франтальная камера 40 Мп (f/2,2)
8 ядраў (2×Mongoose M5 @2,73 ГГц + 2×Cortex-A76 @2,50 ГГц + 4×Cortex-A55 @2,0 ГГц)
Аператыўная памяць (RAM) 12/16 ГБ, унутраная памяць 128/256/512 ГБ
Абарона IP68
Акумулятар 5000 мА·гадз., хуткая зарадка 45 Вт, бяздротавая зарадка 15 Вт
Памеры 167×76×8,8 мм
Вага 220 г
Увесь візуальны матэрыял для праекта MEnsk мы здымалі на камеру смартфона Galaxy S20 Ultra
Трактарны,
Асмалоўка,
Каменка,
Зялёны Луг,
Шабаны...

Кожны асобна ўзяты раён – гэта цэлы мікрасусвет, дзе бурліць жыццё.

Дык уключым зум
і паглядзім
пры набліжэнні,
што там адбываецца.
Серабранка магла б называцца Маляўкамі, Шэйпічамі ці Сляпенькай, бо менавіта гэтыя вёскі існавалі ў сучасных межах раёна. Але быў абраны тапонім Срэбны Лог – спачатку маёнтак, а пасля і вёска, якая месцілася каля вуліцы Маякоўскага. Зрэшты, распазнаць Серабранку арыгінальную ўсё яшчэ можна ў захаваным сям-там прыватным сектары і дзякуючы гістарычным назвам кшталту вуліцы Маляўкі. Маштабная забудова былых палёў і балот пачалася ў БССР у 1969 годзе, і цяпер гэта выдатныя дэкарацыі для кліпаў Макса Каржа і сцэн фільма «Крышталь» Дар'і Жук.
Серабранка,
ці Сербія,
ці Серабронкс
«Салют» і дзвіж
Адно з галоўных месцаў-магнітаў Серабранкі з 1978 года (з перапынкам на мадэрнізацыю ў 2005-м) – кінатэатр «Салют». Тут нам і прызначае сустрэчу фрыстайлістка Саша Раманоўская, якая паспела пажыць з сям'ёй і злева, і справа ад праспекта Ракасоўскага.

Як толькі пачынае цяплець, менавіта сюды выпаўзаюць скейтары (у мінулым, дарэчы, месца было замацавана за скінхэдамі). На выходных тут заўсёды можна натрапіць на мабільны кірмаш, дзе ў намётах прадаўцы дэманструюць пакупнікам найлепшыя кумпякі. У сакавіку «плошча» густа засыпаецца цюльпанамі, а на Новы год тут вырастае святочная ялінка і ўзрываюцца петарды.

Новы подых гэтае месца атрымала з адкрыццём піцэрыі. Так Серабранка пачала масава есці піцу. Канкурэнцыю такому фастфуду могуць скласці хіба што кропкі з шавермай.
Асаблівыя фанаты кінатэатра могуць насіць на сабе яго мазаіку: такія світшоты выпусціў Mark Formelle у 2019 годзе.
Памятаю, як у дзяцінстве маці набыла мне на адным з такіх кірмашоў ружовага зайца, які больш падобны да свінні. Ëн да гэтага часу захоўваецца ў мяне дома. А яшчэ раней тут працавалі два фантаны, у якія залазілі як улетку, так і зімой. Аднойчы мая аднакласніца правалілася ў яго па пояс, калі лёд не вытрымаў.
«Калі кажу, што я з Серабранкі, то першая рэакцыя, якую нярэдка чую: «О, алкашы, зразумела!», – расказвае Саша. – Чамусьці у людзей ёсць уяўленне, што тут нейкая поўная дупа. Я спакойна рэагую на такія стэрэатыпы, у мяне хапае іроніі пажартаваць на гэтую тэму. Тут на самай справе хапае, як кажа мая маці, маргіналаў, але яны ніяк не ўплываюць на жыццё іншых. Мясцовых яны дакладна не чапаюць: у іх нібыта чуйка на нас. Бо, як прыязджалі сябры з іншага раёна, да іх маглі дакалупацца».
Я сама не па фастфудзе, больш па салодкім. І вось што дакладна магу параіць, дык гэта марозіва з фірмовай крамы №32 Мінскага холадакамбіната №2. Шарыкі марозіва, кававага ці з разынкамі, вам пакладуць у свежы вафельны стаканчык (не ражок!), вельмі хрусткі.
Адзін з плюсаў Серабранкі – досыць развітая інфраструктура. Па задуме, кожны жыхар, ідучы з прыпынка дадому, павінен мець магчымасць зрабіць усё неабходнае: купіць прадукты, зайсці ў аптэку і банк, якімі шчыльна засеяныя першыя паверхі дамоў. У адным двары можа суседнічаць адразу некалькі школ і дзіцячых садкоў. Прычым многія з навучальных устаноў – прывабныя для жыхароў іншых раёнаў. Чаго толькі вартая гімназія №1 імя Францішка Скарыны, якая ўвесь час існавання імкнецца падтрымліваць статус першынства. Тут якраз і вучылася Саша, якая выбівалася з агульнай карціны красоўкамі на нагах і пастаяннымі пропускамі заняткаў праз зборы.
Недалёка ад кінатэатра па адрасе Ракасоўскага, 114 стаіць дом са скульптурнай групай на тарцы. У іх пустотах любяць віць гнёзды вароны. Але мясцовая легенда кажа, што гэта – ахоўнікі Серабранкі. Ноччу яны спускаюцца ўніз і кантралююць незаўважнае нам жыццё.
Прыродныя аазісы
Парк Грэкавай, названы ў гонар адной са старшынь Вярхоўнага Савета БССР, раней меў назву самога мікрараёна, што было куды больш лагічна. Але перамены ніяк не адбіваюцца на яго галоўных функцыях: тут прыемна ездзіць на ровары, шпацыраваць з дзецьмі, выходзіць на воркаўт-пляцоўку ці назіраць за рухамі весляроў у байдарках з базы веславання, дзе раней месцілася вёска Маляўкі.
«Раней мы ў парку заўсёды набіралі ваду з пітнога фантанчыка, але апошнім часам ён не працуе. Для мяне гэта месца спакою, яно аддаленае ад трасы, тут добрая атмасфера. Менавіта таму, думаю, я прынесла сюды грака, якога падабрала неяк пад домам. Ëн пражыў у нас цэлую зіму. У птушкі было зусім дрэнна з крылом. Калі крыло зацягнулася, лётаць грак усё адно не мог. Але і ў кватэры жыць яму не пасавала, тым больш у нас былі два каты. Таму маці сказала выпусціць птушку на волю».
Бераг акультурылі, і тут стала клёва. Тофі досыць часта сустракае зайцаў, неяк нават андатру бачылі. Прырода тут адваявала сабе месца – і гэта вельмі здорава. Увогуле, каб паўстала пытанне набыцця ўласнага жытла, я б разглядала варыянт у Серабранцы. Тут спакойна і прасторна, можна быць упэўненым, што нашы зялёныя двары не запоўняцца высоткамі, як грыбамі. Хапае з нас і машын, якія займаюць месцы, прадугледжаныя для шпацыраў.
Рынкі – душа Серабранкі
Карэнны серабранец, кантэнт-мэйкер Паша Станкус, здымае на раёне свае відэамемы. Раней Паша быў эма.
У Серабранцы такое не ўхвалялі.
«Адна з самых жорсткіх сустрэч са скінхэдамі (іх было 50, нас трое) скончылася тым, што мы ляцелі на чырвонае святло, а нас даганялі палкі і камяні. А ўсё таму, што я тусаваўся са скейтарамі і панкамі і насіў чубок, ніжэйшы за падбароддзе».
У школьнікаў, расказвае Паша, маглі лёгка адабраць грошы на абед (насамрэч на сухарыкі «Кірыешкі»). Калі ты не з «той» Серабранкі – чакай канфлікт. Раней я нават не ведаў, з якой я Серабранкі. Аказалася, з шостай. А самай небяспечнай лічылася другая, каля «Салюта». Яшчэ было страшна хадзіць па адным у камп'ютарны клуб SunGate, ён ужо зачыніўся.

Сёння ты можаш выглядаць як заўгодна, нікому да цябе няма справы, нават калі ты ў ружовым швэдры ці шаліку «Дынама». «Інтэрнэт нас усіх зрабіў роўнымі», – кажа Паша. Адно з месцаў, куды ён наведваецца пастаянна, – мясцовы прадуктовы рынак.

Тут заўсёды, у тым ліку зімой, можна набыць свежую садавіну і гародніну. Дарэчы, будзе танней, чым на «Камароўцы». Перад крамамі рынак для мяне выйграе за кошт свежага паветра. Тут жа я набываю кветкі. Даю фларыстам незвычайныя замовы, і яны радуюцца, бо стамляюцца ад папулярнага набору: ружы ў цэлафане.
За хвілінаў 15 хады ад прадуктовага рынку месціцца «Свелта», дзе ўсе затарваліся (а нехта і працягвае) адзеннем. Абрамляе яго яблыневы сад. Мясцовыя папярэджваюць: перш чым у сезон набываць у прадаўцоў «хатнія» яблычкі ў пераходзе на Ракасоўскага, параўнайце іх з ураджаем ля трасы.
Па начах на паркоўцы каля рынку віруе жыццё: збіраюцца аматары падрыфтаваць, якія ўсялякімі фокусамі імкнуцца даказаць сваю крутасць перад трамваямі, што стаяць непадалёк у дэпо.

Калі ў Мінску пачалі пладзіцца сэканд-хэнды, усе ультрамодныя брэндавыя рэчы маладзёны шукалі ўжо там. Асабліва ўхваляе Паша сэканд па Ракасоўскага, 49.

«Я ганяў туды пад прывоз амаль штотыдзень, даймаючы прадавачку пытаннем: «Ці ёсць мой памер?». Я і сёння назіраю, як туды выстройваюцца чэргі з пятнаццацігадовых фэшн-аматараў Fred Perry і Henri Lloyd.

З Серабранкі, дарэчы, выйшла шмат паспяховых людзей. Напрыклад, хлопцы з маёй паралелі – Герман Паляшчук і Толя Вайсман – уласнікі буйной кампаніі Tigermilk Media».
На рынку цяпер шмат хто не працуе, не параўнаць з тым, як кіпела жыццё раней. Для мяне рынак быў галоўным месцам шопінгу. Памятаю, як маці ўпершыню дазволіла ісці самому. Дала вялікія грошы – на зімовую куртку. Даверыла сур'ёзную пакупку. Я выбраў салатава-сінюю, як у сноўбардыстаў. Маці моду не зразумела. Прыйшлося здаваць, каб набыць «нармальную».
«Пакуль у Мінску не забаранілі начнікі, тут быў вельмі папулярны. Пра яго ведалі нават людзі з іншых раёнаў. Увечары ў начнік выстройвалася вялікая чарга. У крымінальным плане было неспакойна. Я тады марыў, што вырасту і адкрыю побач кропку з шаўрмой, якая будзе прыбытковай за кошт такой плыні людзей».
«Палессе» заўсёды лічыўся раскошным супермаркетам. У мяне звычайная сям'я: тата – кіроўца, маці – таваразнаўца. Дык вось бацькі заўсёды настаўлялі: «Ідзі ў танную краму, не ў «Палессе». Туды завітвалі толькі па рэдкія прадукты кшталту ананасаў на Новы год».

Але па малочныя кактэйлі і «карзіначкі» з узбітымі вяршкамі ўсе ішлі менавіта сюды. Пасля рамонту бістро «Палессе» згубіла сваё фірмовае аблічча, што захоўвалася ажно з 1988-га – года заснавання. Цяпер тут даволі сучасна, і разам з тымі самымі бананавымі ці малочнымі кактэйлямі па 1.90 вам прапануюць круасан ці крафтавы хлеб і звараць каву. Пакуль прыватныя кавярні пад дахам гандлёвага цэнтра бясконца мяняюць гаспадароў і назвы, традыцыйнае кафэ, здаецца, будзе жыць вечна.
«Англійскі» праход каля факультэта права БДЭУ. Раней на яго сценах пісалі розныя прыпеўкі з моцнымі слоўцамі і моладзь прыходзіла іх пачытаць. Цяпер усе збольшага практыкуюцца ў красамоўстве ў інтэрнэце, а тут рэдка бывае шматлюдна.

«У Серабранцы шмат вады і зеляніны, дзіцячых пляцовак і лакацый для заняткаў спортам. Чаго толькі варты ФАК з тэніснымі кортамі і катком. На цудоўным аўтобусе №127 да цэнтра 15 хвілін. А трамваі, а тралейбусы! Хай тут пакуль і не карыстаецца попытам каршэрынг, няма лакальных бізнэсаў, я ўсё роўна гатовы паспрачацца, што гэта найлепшы раён для жыцця».
Чыжоўка,
ці Чыкага
Стваральніца рэтрытаў для дзяўчат LUNA Camp і арганічнага малака OM Milky Алена Пакаташкіна нарадзілася ў раёне станцыі метро Пушкінская, але, калі прыйшоў час шукаць з будучым мужам уласнае жытло, іх выбар выпаў на Чыжоўку.
«Чыжоўка – горад, усё астатняе – прыбудова» – пішуць у мясцовых суполках. Раён пачалі забудоўваць у 1964 годзе. Цяпер тут жыве больш за 60 тысяч чалавек, і цяжка ўявіць, што яшчэ ў 1930-я замест дарог і дамоў тут былі калгасныя палі, сады і вёскі. Назву раён атрымаў акурат ад аднайменнай вёскі, што месцілася тут.
«Спачатку мы марылі пра цэнтр, але здымаць «бабушатнікі» за вялікія грошы не хацелася. Нейкі час пажылі ў 25-павярховай свечцы на Дзяржынскага, але калі ты ні разу не сустракаешся ў ліфце з аднымі і тымі ж людзьмі, не ведаеш, з кім жывеш, – гэта не для мяне».

Алена шукала месца, дзе былі б пераважна пяціпавярховікі з мілымі, дагледжанымі дварамі і прыродай пад бокам. Такі пасыл у космас прывёў у Чыжоўку.

«Цяпер мы жывём у пяціпавярховіку, як і хацелі, і ведаем усіх суседзяў, а яны – нас. Мы ніколі не завешваем вокны нашага першага паверха і махаем адтуль усім знаёмым».

Алена кажа, што яе мэта – разбурыць стэрэатып пра тое, што тут адціскаюць тэлефоны. Людзі «Чыкага» актыўна займаюцца спортам, ладзяць суботнікі па прыборцы смецця і сябруюць вялікімі кампаніямі сабачнікаў.
«Я нават за моладдзю назіраю і дзіўлюся: калі мы ішлі тусавацца ў пад'езд, часам з півам, то яны бяруць ровары і едуць катацца».
Крамы «ЗРПТ» – рыса Заводскага раёна. Гісторыя сеткі «Завадскі райхарчгандль» пачалася яшчэ ў 1950-я. Яны, дарэчы, паспелі панасіць імя Сталіна, і толькі ў працэсе развянчання культу яго асобы былі перайменаваныя.

«Для мяне гэта – мясцовы «Цэнтральны». Тут таксама працуе буфет з чабурэкамі і піражкамі, дзе завісае мясцовая эліта. А чаго толькі варты вонкавы дызайн».

«Дзяўчынкі, вы ж веганы? Будзе ў вас падкурыць?» – цікавіцца мужчына каля крамы, не тлумачачы ўзаемасувязь першага і другога.

Алена кажа, што дзякуючы вось такім вясёлым персанажам і любіць хадзіць менавіта ў гэтую краму.
Мікрараён яшчэ не запаланіў фастфуд, таму, калі вельмі хочацца бургераў, усе едуць у «Мак» (менавіта там ці на «Мома» часцей тусуюцца падлеткі). Па шаўрму – на Аўтазаводскую. А вось салідныя юбілеі праходзяць у кафэ «Традыцыі».

Летам Алена амаль кожны дзень ходзіць па прадукты на Чыжоўскі рынак. Акрамя звычайнай гародніны і садавіны, там можна сустрэць і дзівацтвы кшталту траўкі шабельніка, якой бабулі абяцаюць вылечыць болі ў суставах.

Але, мабыць, самы вядомы персанаж тут – Міхаіл Мікалаевіч, які трымае сваю кропку ўжо 12 год. Гэта ўладальнік мясцовага «Поля цудаў», дзе можна знайсці і вайсковы абутак, і старыя гадзіннікі, і рэтрасамавары.
772 метры
экасцежкі
Гэта адно з самых любімых месцаў чыжоўцаў нароўні з паркам 900-годдзя Мінска. Людзі прыходзяць сюды пасядзець нават у дрэннае надвор'е, зацягваючы альтанкі плёнкай, каб не траплялі кроплі дажджу.
Раней участак у межах вуліц Убарэвіча, Галадзеда, Мінскага заапарка і рэчкі Свіслач быў моцна забалочаны, але яго акультурылі і ў 2018 годзе адкрылі тут экасцежку. Калі пашанцуе, там можна напаткаць вужоў, рэдкіх птушак і баброў.
Цяпер усе неабыякавыя занятыя вырашэннем пытання збору смецця, якога нямала назапасілася пасля зімы, ды і прыбаўляецца пасля ўік-эндаў.

Тут вялікае антысмеццевае кам'юніці. Гэта своеасаблівы чэлендж: узяць з сабой на шпацыр пакеты і занесці на сметніцу як мага больш бутэлек і пластыку. На першыя, дарэчы, хутка набягуць мясцовыя санітары і здадуць іх у шклопрыёмнікі, якіх на раёне шмат.
«Я асабіста займаюся ў гэтым месцы ёгай на свежым паветры. І падумваю, ці не пачаць ладзіць практыкі для суседзяў», – дзеліцца Алена.
Люблю Чыжоўку, бо гэта не каменныя джунглі. Тут вельмі развітая інфраструктура.
І заўсёды ёсць дзе прыпаркаваць машыну.
«Чыжоўка-Арэна»
Абаронца футбольнага клуба «Дынама-Мінск» Максім Швяцоў – карэнны «чыжовец». Ëн яшчэ памятае, як на месцы вядомага месца прыцягнення ўсіх аматараў хакея «Чыжоўка-Арэны» было чыстае поле. Здаецца, акурат дзякуючы арэне (ды яшчэ заапарку) гэты раён на слыху ў многіх.

«Будаўніцтва арэны выпала на мае падлеткавыя гады. Усё навокал было перакапана, таму моладзь збольшага сядзела па дварах. Мяне асабіста ад гультайства ратаваў футбол. Гуляў у яго з маленства зранку да вечара, вось бацькі і аддалі мяне ў 5 год у клуб «Дынама-Мінск». Дарэчы, менавіта на месцы «Чыжоўка-Арэны» было вялікае пясчанае поле і стары парк. Нам гэты прастор вельмі падабаўся. Бо ў дварах, здаралася, выбівалі мячом акно, і пасля нам хутка спілоўвалі браму.

Сёння мала што змянілася. Моладзь таксама канцэнтруецца па сваіх дварах. І выбіраецца ў парк, дзе можна пакатацца на ровары, узяўшы яго тут жа на пракат. Зімой тое ж самае з канькамі. Для аматараў санак тут насыпаная спецыяльная горка, з якой у несезон класна глядзець на прасторы раёна і адчуваць сябе царом хай і невялікай, але гары».
Парк імя 900-годдзя Мінска – гэта не толькі месца прыцягнення ўсіх прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, якія выходзяць сюды на зарадку і прабежку, як толькі пачынае світаць, але і кропка для спатканняў і рамантычных здымкаў. Каля аркі з чырвоным сэрцам – абавязкова. Канкурэнцыю яму складае толькі алея маладых на Ташкенцкай, 16.
Ёсць стэрэатыпы, што ў нас тут развіты бандытызм, што трупы ў Свіслач скідаюць. Так, чуў і такое. Але, мне здаецца, гэта не пра сучаснасць. Я ўвогуле згадваю толькі нейкія дзіцячыя школьныя бойкі. Але гэта было зрэдку: куды цікавей у 2007 годзе было развучваць модны тады тэктонік.

Каб даехаць да цэнтра, хапае паўгадзіны. І менавіта за гэта мясцовыя любяць свой раён: ты блізка ад гарадскога дзвіжу, але пры гэтым жывеш нібыта ў іншым, крыху больш правінцыйным і ціхім горадзе. «Горад у горадзе» – так кажуць пра Чыжоўку. З амаль пустымі вуліцамі, вялікімі прасторамі зялёных тэрыторый, бабулямі ў дварах, пустых ад машын.

За гэты спакой і нейкую местачковаць мне Чыжоўка і падабаецца. Тут можна схавацца ад гарадской мітусні. Адзіны мінус – пакуль не маем свайго вялікага гандлёвага цэнтра і кінатэатра, няма дзе кавы выпіць, каб менавіта добрай і ў несавецкім інтэр'еры. Але пляцоўку на месцы знесенага старога кінатэатра «Дружба» акурат хочуць забудаваць пад гэтыя мэты. Як мінімум, забудоўшчык абяцае «шматфункцыянальны комплекс з паркінгам».
Тэкст:
Кацярына Карпіцкая
Візуал:
Сяргей Гудзілін
ТАА «Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНН 7703608910
ТАА «Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНН 7703608910